Tribuna/Футбол/Блогі/«Гэй, таўстун! Цяпер ты пяройдзеш у цэнтр, а я буду пасаваць табе з флангу». Сяброўства Месі і Суарэса – легендарнае

«Гэй, таўстун! Цяпер ты пяройдзеш у цэнтр, а я буду пасаваць табе з флангу». Сяброўства Месі і Суарэса – легендарнае

Ізноў будуць у адной камандзе.

24 снежня, 02:01
«Гэй, таўстун! Цяпер ты пяройдзеш у цэнтр, а я буду пасаваць табе з флангу». Сяброўства Месі і Суарэса – легендарнае

Сяброўства Месі і Суарэса даўно стала прыкладам для іншых, калі дзве зоркі і два альфа-гульца выдатна ўжываюцца ў камандзе і па-за полем. Іх браманс падарыў «Барсе» нямала незабыўных матчаў, але менавіта гэтае сяброўства называюць адной з галоўных прычын правалу Грызмана ў «Барселоне».

На днях стала вядома, што былыя партнёры зноў уз'яднаюцца ў ЗША ў адной камандзе. «Інтэр Маямі» абʼявіў пра пераход уругвайскага нападніка. Дагавор разлічаны да канца 2024-да. Па інфармацыі журналіста Фабрыцыа Рамана, там ёсць опцыя падаўжэння яшчэ на год.

«Вельмі рады прыняць гэты новы выклік з «Інтэр Маямі». Мне не церпіцца пачаць, і я гатовы працаваць, каб увасобіць у рэальнасць мару пра атрыманне шматлікіх тытулаў з гэтым выдатным клубам. Я з аптымізмам гляджу на тое, чаго мы можам дасягнуць разам з нашымі супольнымі амбіцыямі.

Пакуль я буду насіць колеры «Інтэр Маямі», я буду рабіць усё магчымае для таго, каб даставіць радасць выдатным заўзятарам, пра якіх я так шмат чуў. З нецярпеннем чакаю сустрэчы з выдатнымі сябрамі і гульцамі, а таксама сустрэчы са сваімі новымі таварышамі па камандзе і трэнерамі», – сказаў Суарэс.

А мы вырашылі ўзгадаць яркія моманты сяброўства двух геніяў.

Леа назваў Суарэса «таўстуном» – гэта стала пачаткам трыа MSN

Перад трансферам у «Барселону» далёка не ўсе верылі, што ўругвайцу ўдасца без праблем загуляць побач з Месі і ў новай для сябе схеме. «Спачатку я думаў, што не ўпішуся ў стыль «Барселоны». Ён прадугледжвае цiкі-таку, а супернікі не пакідаюць прастору для адкрывання. Мне цяжэй гуляць у такой камандзе. Я сапраўды перажываў з гэтай нагоды», – Луісіта ў інтэрв'ю Джэймі Карагеру.

Спачатку Суарэс быў занадта альтруістычным, ён выбіраў пас там, дзе раней мог бы прабіць. Аднойчы падчас матчу ЛЧ супраць «Аякса» Луіс Энрыке расставіў Суарэса і Неймара па флангах, а Леа пакінуў на пазіцыі «ілжывай дзявяткі». Аднак трыа не працавала як след, і Месі звярнуўся да уругвайца пасярод матчу: «Гэй, таўстун! Цяпер ты пяройдзеш у цэнтр, а я буду пасаваць табе з правага флангу».

Луіс кажа, што гэта стала зараджэннем трыа MSN, а насмешлівае слаўцо «Gordo» стала своеасаблівым мемам у камандзе. Так Суарэс павіншаваў Месі з чарговым «Залатым мячом», а калі уругваец гуляў за «Атлетыка» і спрабаваў заваліцца на пенальці ў вароты «Барсы», Піке сказаў яму «Давай, таўстун, не з##### і мяне». Але пасля матча ўсе ўжо міла размаўлялі.

Месі і Суарэс аб'ядноўвае матэ – яны пілі яго паўсюль

У уругвайцаў ёсць традыцыя: каб завесці з кімсьці сяброўства, трэба з ім выпіць. Але піць, у адрозненне ад многіх еўрапейцаў, лацінаамерыканцы ў такіх выпадках прапануюць гарбату. Прынята лічыць, што напой матэ паходзіць з Парагваю, аднак яго таксама лічаць сваiм аргенцінцы, уругвайцы і жыхары паўднёвых раёнаў Бразіліі. Было б перабольшаннем сказаць, што Суарэс прывучыў Месі да гэтага бадзёрлівага ўзвару, але з прыходам Луісіта матэ стаў галоўным напоем у камандзе.

Калабаса (кубак) і бамбіля (жалезная трубка) сталі пастаяннымі спадарожнікамі гэтага дуэта. Адмысловай прыкметай сяброўства лічыцца момант, калі адна калабаса перадаецца паміж таварышамі па крузе. У кагосьці з іх (часцей у Суарэса) пад рукой быў тэрмас з напоем, а яшчэ для гэтага напою не абавязкова шукаць трэцяга.

Пілі па дарозе на стадыён:

Пілі ў самалёце:

Маглі выпіваць проста на стадыёне:

Звычайна гэта выглядала так:

Забілі здзеклівы пенальці ў вароты «Сельты»

У 2016-м «Барса» атрымлівала чарговую перамогу над «Сельтай», нічога асаблівага - лік на табло быў 3:1 на карысць «блаўгранас». Чаго б не павесяліцца? На 81-й хвіліне Леа ідзе прабіваць пенальці, але замест удару каціць убок. Туды ўжо прыбег уругваец, які здзекліва расстраляў галкіпера. Хутчэй за ўсё, VAR сёння адмяніў бы гэты гол, бо ў момант удару-пасу Суарэс знаходзіўся бліжэй да брамы, чым трэба, але ў той момант каталонцам гэта сышло з рук.

Трэнер «Сельты» Эдуарда Берыца пасля матча ўсё ж сказаў, што гол быў забіты справядліва, а Неймар жартаваў, што забіваць павінен быў ён, але Суарэс яго апярэдзіў. Такое лепей проста ўбачыць.

Жонкі футбалістаў мелі агульны бізнес і застаюцца ў выдатных стасунках

Антанела Ракуца і Сафія Бальбі сталі не толькі сяброўкамі, але і бізнес-партнёркамі. Сяброўства сем'ямі часам прыводзіць да нечаканых наступстваў, але не ў гэтым выпадку. У 2017 годзе жанчыны адкрылі буцік у Барселоне, які наведала і сямʼя Сеска Фабрэгаса. Гэта была крама абутку ад люксавага аргенцінскага брэнда Sarkany. Аднак бізнэс праіснаваў усяго два гады, Рыкі Саркані заявіў, што цяпер у жанчын удвая больш дзяцей, чым калі яны адчынялі краму, таму часу на такі бізнес застаецца мала.

Цікава, што для вядзення бізнесу жанчыны заснавалі кампанію Roccbal 109, назва якой складаецца з першых літар прозвішчаў і гульнявых нумароў мужчын.

Леа хацеў сысці з «Барсы», калі каталонцы паказалі на дзверы Суарэсу

Лета-восень 2020-га сталі сапраўды балючымі для заўзятараў «Барсы». Не толькі таму, што кавід магутна ўдарыў па фінансах «блаўгранас», але і таму, што Луіса Суарэса, па сутнасці, выгналі з каманды. Гэта быў удар для абодвух гульцоў, а Месі нават напісаў у сваім Instagram адзін з самых адкрытых тэкстаў у жыцці.

«Я разумеў, што ты сыйдзеш, але сёння ўвайшоў у распранальню – і канчаткова ў гэтым упэўніўся. Як цяжка будзе не дзяліцца з табой паўсядзённымі справамі як на полі, так і за яго межамі. Мы будзем па табе вельмі сумаваць. Мног такога, што ніколі не забудзецца.

Дзіўна будзе бачыць цябе перад сабой у іншай футболцы. Ты заслужыў годны сыход за свае дасягненні: ты адзін з найважнейшых гульцоў у гісторыі клуба, які дабіўся важных рэчаў як з камандай, так і індывідуальна. Ты не заслужыў, каб выгналі цябе так, як яны гэта зрабілі. Але праўда ў тым, што сёння мяне нічога не здзіўляе», – сказаў Леа.

Сам уругваец тады ацэньваў сітуацыю так: «Я думаю, мяне хацелі прыбраць з «Барсы» праз Месі. Магчыма, іх турбавала тое, што я блізкі сябар Ліянэля. Аднак я не магу знайсці ніякіх падставаў, каб яны думалі, што гэта шкодзіць камандзе».

Як бы там ні было, Месі сышоў з «Барсы» толькі праз год, уругваец адпомсціў «блаўгранас», узяўшы тытул з «Атлетыка».

Гэтым летам Луісіта ўжо прызнаваўся, што яны марылі скончыць кар'еру разам, яны вельмі падобныя: амаль аднаго ўзросту, абодва сямейныя людзі, у адрозненне ад Неймара, і абодва любяць матэ. Няўжо гэтага замала, каб запаліць, як калісьці, у «Інтэр» Маямі?

Фота: Global Look Press/Daisuke Nakashima

Найлепшае ў блогах
Больш цiкавых пастоў

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты