Tribuna/Футбол/Блогі/Матч з лікам 149:0 – не міф. Як і чаму гэта адбылося

Матч з лікам 149:0 – не міф. Як і чаму гэта адбылося

Скандальная развязка чэмпіянату Мадагаскара ў 2002 годзе.

30 снежня, 23:02
Матч з лікам 149:0 – не міф. Як і чаму гэта адбылося

Гісторыя футбола часам уражвае сваімі фактамі, некаторыя з якіх перамешаны з байкамі і выдумкамі. Бывае цяжка аддзяліць праўдзівую інфармацыю ад фальшывай або проста перабольшанай.

Напэўна вы хоць раз чулі пра футбольны матч, які скончыўся з лікам 149-0. І на першы погляд, гэта відавочная выдумка. Але не – такі матч сапраўды адбыўся. І не ў пачатку мінулага стагоддзя, як можна было меркаваць, а адносна нядаўна – у 2002 годзе.

Дзейны чэмпіён Мадагаскара «Л'Эмірн» парадаваў заўзятараў поспехам у афрыканскай Лізе чэмпіёнаў, абгуляўшы спачатку маўрыкійскі клуб «Алімпік дэ Мока» (2:0, 2:1), а затым ангольскі «Петру Атлетыка» па пенальці (у адрозненне ад другой пары, яны згулялі толькі адзін матч – у Анголе, бо ў той час у Мадагаскары адбываліся беспарадкі). Выбылі за крок да групавога этапу (2:3 па суме дзвюх сустрэч з мазамбіцкім «Кошта да Сул»), але ўсё роўна гэта было вялікім дасягненнем для мадагаскарскага футбола.

Мясцовы чэмпіянат праходзіў па наступнай схеме: 24 удзельнікі былі падзеленыя на чатыры групы па шэсць каманд, тройка найлепшых праходзіла далей, дзе былі ўжо дзве групы па шэсць каманд. Затым дзве найлепшыя каманды з гэтых груп траплялі ў фінальныя спаборніцтвы з чатырох удзельнікаў, якім трэба было згуляць паміж сабой 6 матчаў і вызначыць найлепшага.

Другі раз запар у «суперфінале» выступілі адныя і тыя ж каманды – «ЛʼЭмірн», «Адэма», «Дамена Сойвана» і «Юніён Спартыў». У 2001 годзе «ЛʼЭмірн» стаў чэмпіёнам у шчыльнай барацьбе – у чацвёртай каманды было ўсяго на два пункты меней. Іх суседзі з «Адэмы» мелі намер узяць рэванш у наступным розыгрышы. Ім гэта ўдалося – але з якiм скандалам!

У канцы сезона ўсё ішло да таго, што лёс чэмпіёнства вырашыцца ў вочным супрацьстаянні «Адэма» і «ЛʼЭмірна». Першыя выйгралі ў матчы 5-га тура (1:0 на выездзе ў «Уніан Спартыў»), набраўшы 10 пунктаў, а другія ішлі да перамогі ў матчы з «Дамоіна Сойвана», але на 89-й хвіліне атрымалі пенальці ў свае вароты – у выніку 2:2. Розніца ў чатыры пункты перад апошнім турам ператварыла матч 6-га тура ў фармальнасць, бо нават у выпадку перамогі госці скарацілі б адставанне толькі да аднаго бала ў выніковай табліцы.

На думку гульцоў і трэнерскага штаба «ЛʼЭмірны», пенальці ў іх вароты на апошніх хвілінах быў несправядлівым (на жаль, судзіць немагчыма, таму што ў інтэрнэце няма відэа), таму пасля гульні яны пачалі спрачацца з арбітрам, але гэта не дапамагло – вынік застаўся нічыйным. Арганізаваць байкот, не прыехаўшы ў госці да новага чэмпіёна, падалося занадта простым для прадстаўнікоў пакрыўджанага клуба. Яны прыдумалі больш тонкі спосаб выказаць свой пратэст.

Калі арбітр даў стартавы свісток у матчы паміж «Адэма» і «ЛʼЭмірнам», гаспадары, якія развадзiлi мяч з цэнтра поля, нават не падазравалі, што гэта будуць іх апошнія дотыкі ў тым матчы чэмпіянату. Хутка адабраўшы мяч, футбалісты «ЛʼЭмірна» пачалі спектакль – яны забівалі галы ва ўласныя вароты. З гэтага моманту мяч быў толькі ў іх ног. У выніку – 149 аўтагалоў. У суме яны забівалі кожныя 36 секунд, і арбітр іх не спыняў. Толькі ўявіце – гэта адбылося ў матчы дзвюх найлепшых каманд краіны!

Ужо на 22-й хвіліне быў пабіты сусветны рэкорд, які раней быў зафіксаваны ў матчы паміж шатландскімі клубамі «Арброт» і «Бон Акорд», якія ў далёкім 1885 годзе ў першым раўндзе Кубка краіны згулялі 36:0. Трэнер «ЛʼЭмірны» Закабэ Рацаразака хадзіў ля сваёй лавы з задаволеным тварамі.

Закабэ Рацаразака

Увесь гэты час футбалісты «Адэмы» знаходзіліся на полі і назіралі за цыркам, які зладзіў іх супернік. А вось мясцовым заўзятарам, нягледзячы на тое, што іх каманда вяла з велізарным лікам, у нейкі момант проста надакучыла на гэта глядзець, таму большасць гледачоў пачалі пакідаць стадыён і патрабаваць у касах вяртання грошай, якія яны патрацілі на квіткі.

Вось так выглядала турнірная табліца ў выніку. Паглядзіце на розніцу забітых і прапушчаных!

Даведаўшыся пра лік матчу, у міністэрстве спорту Мадагаскара раззлаваліся. Генеральны сакратар Уільям Андрыміалісан заявіў: «Гэта было смешна і ганебна. У папярэднім матчы «Л'эмiрн» лічыў сябе ахвярай судзейства, але на гэты раз усё зрабілі іх гульцы. Мы спрабуем вырашыць гэтае пытанне. Мы патрабуем ад кіраўніцтва клуба тлумачэнняў. А суддзя мусіў спыніць гульню, калі быў забіты яшчэ пяты гол».

У міністэрстве прапанавалі накласці санкцыі на прадстаўнікоў «Лʼэмірна», аднак Федэрацыя футбола Мадагаскара вырашыла...ніяк не рэагаваць. Міністр спорту Рэнэ Ндалана быў шакаваны рашэннем, таму распарадзіўся зладзіць праверку ў федэрацыі, у выніку якой была выяўлена неадпаведнасць у фінансавай справаздачнасці. Праз некалькі тыдняў Федэрацыя футбола Мадагаскара была распушчана.

У выніку галоўныя дзейныя асобы «Лʼэмірна» ўсё ж былі пакараныя. Па-першае – ўсе вынікі каманды таго сезону анулявалі. Трэнера Закабэ Рацаразака дыскваліфікавалі на тры гады – бо менавіта ён быў галоўным ініцыятарам такога байкоту. Капітан клуба Манітранірына Андрыяніяна, форвард Нікаля Ракатаарыманана і брамнік Дамінік Ракатанандрасана былі дыскваліфікаваныя, але іх пакаранне хутка змякчылі, паколькі зборнай патрэбныя былі наймацнейшыя футбалісты краіны. У складзе «Лʼэмірну» ў той дзень на полі быў яшчэ і цэнтральны абаронца Мамізоа Разафіндракота, які насіў званне капітана зборнай Мадагаскара. Ён, як і большасць партнёраў па камандзе, атрымаў папярэджанне, што ў выпадку паўтарэння падобнага будуць ужытыя жорсткія санкцыі і да іх. Што цікава - галоўны арбітр матчу не панёс ніякага пакарання.

Радо Расаанаева - былы капітан зборнай Мадагаскара, а цяпер тэхнічны дырэктар федэрацыі футбола прызнаецца, што да гэтага часу камунікуе з Мамізоа Разафіндракота, які і пераняў у яго павязку ў нацыянальнай камандзе. Расаанаева ў каментары выданню The Athletic распавёў: «Калі я задаю Мамізоа пытанне пра той матч, ён бянтэжыцца. Але не таму, што яго каманда зрабіла, а таму, што менавіта ён быў капітанам зборнай пасля мяне. Ён ведае, што нельга рабіць такія рэчы».

Мамізоа Разафіндракота і Кола Турэ

Мамізоа гуляў за Мадагаскар да 2011 года, пасля ўдзелу ў ганебным матчы спакойна выходзіў на поле супраць такіх гульцоў, як Яя і Кола Турэ ў кваліфікацыях. Трэнер Рацаразака памёр у 2021-м. Брамнік Ракатанандрасана, які прапусціў рэкордныя 149 галоў, цяжка перажываў страту былога коўча, з якім паспеў завязаць сяброўства. Ён памёр зусім нядаўна – у лістападзе 2023-га.

А што наконт «Л'эмiрна» ў цэлым? Праз год яны выйшлі ў фінал Кубка Мадагаскара, дзе саступілі «Леапард дэ Трансфут» (0:1), а ўжо ў 2006-м клуб быў расфармаваны.

Але ён назаўжды застанецца ў гісторыі футбола.

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты