Tribuna/Футбол/Блогі/Гадавая табліца АПЛ: «Віла» здзiвiла, «МЮ» – у топ-5, «Чэлсі» горшы за «Фулхэм»

Гадавая табліца АПЛ: «Віла» здзiвiла, «МЮ» – у топ-5, «Чэлсі» горшы за «Фулхэм»

Сюрпрызаў дастаткова.

1 студзеня, 18:06
Гадавая табліца АПЛ: «Віла» здзiвiла, «МЮ» – у топ-5, «Чэлсі» горшы за «Фулхэм»

Англiская прэм'ер-ліга ўжо даўно асацыюецца са святамі – пакуль у большасці іншых еўрапейскіх топ-чэмпіянатаў працягваецца невялікая паўза, на палях АПЛ ідуць баталіі як на наступны дзень пасля Каляд, так і 31 снежня і 1 студзеня. А цяпер самы час падвесці вынікі 2023-га.

Так выглядае турнірная табліца пасля ўсiх матчаў за 2023 год.

🔺 Першае месца «Ман Сіці», вядома ж, нікога не здзівіць, але што «Астан Віла» будзе другой – ну хто такога чакаў? Велізарны рэспект калектыву Унаі Эмеры, які цяпер займае другое месца ў турнірнай табліцы АПЛ.

🔺 Нядаўна пачало здавацца, што мемы пра «Арсенал» і чацвёртае месца ўжо даўно неактуальныя, але пасля паразы ад «Фулхэма» ў апошні дзень года гісторыя падкрэсліла сваю цыклічнасць. А «кананіры» яшчэ і аформілі комба – апусціліся на чацвёртае месца не толькі ў табліцы бягучага сезона, але і за ўвесь 2023-ы.

🔺 На пятым месцы «Манчэстэр Юнайтэд». «Манкуніанцы» спарадзiлі вакол сябе такую аўру, што іх перамогі нібыта праходзяць міма ўсіх і ўсяго, а запамінаюцца толькі няўдалыя матчы, страты ачкоў і паразы. Зрэшты, каманда Эрыка тен Хага, аказваецца, правяла год у АПЛ лепш, чым «Тотэнхэм» і «Ньюкасл».

🔺 Рок-н-рольны ці нават драм-н-бэйсавы «Брайтан» Раберта Дэ Дзербі – сапраўдная каманда-свята! Усяго 11 паражэнняў у чэмпіянаце за каляндарны год, 82 галы (трэці паказчык пасля «Сіці» і «Арсенала») і абсалютна заслужанае сёмае месца ў спісе. Прайм-тайм для ўсіх заўзятараў «чаек».

🔺 Мы прывыклі, што «Чэлсі» – адна з найлепшых англійскіх каманд, прадстаўнік «вялікай шасцёркі» АПЛ і гранд еўрапейскага футбола. Але сённяшні «Чэлсі» – проста трынаццатая каманда прэм'ер-лігі па выніках года.

🔺 Статыстычна найгоршая каманда АПЛ, якая правяла ўвесь год у эліце англійскага футбола, – «Крыстал Пэлас». Каманда Роя Ходжсана, хоць і не зʼяўляецца аўтсайдарам у Лізе, згуляла найбольшую колькасць нічыіх у 2023-м (14) і з 44 ачкамі ў 42 матчах займае аж сямнаццатае месца ў табліцы.

🔺 «Лестэр» – найлепшая каманда з тых, хто правёў у АПЛ усяго паўгода, а «Шэфілд Юнайтэд» – найгоршая.

Фота: Martin Rickett/PA Images

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты