Tribuna/Футбол/Блогі/Руні цяжка даецца трэнаванне – апусціў «Бірмінгем» з 6-га месца на 20-е, звольнілі праз 13 тыдняў

Руні цяжка даецца трэнаванне – апусціў «Бірмінгем» з 6-га месца на 20-е, звольнілі праз 13 тыдняў

Ад яго чакалі «ментальнасці пераможцаў», але штосьці пайшло не так.

3 студзеня, 14:50
Руні цяжка даецца трэнаванне – апусціў «Бірмінгем» з 6-га месца на 20-е, звольнілі праз 13 тыдняў

Трэнерская кар'ера легендарнага футбаліста Уэйна Руні атрымала яшчэ адзін паварот – яго звольнілі з «Бірмінгема». І гэтая гісторыя, якую ў англійскім футбольным сегменце сацсетак абмяркоўвалі ці не ўвесь дзень 2 студзеня.

Дзеля яго звольнілі трэнера «Бірмінгема», з якім ішлі на 6-м месцы. Для «ментальнасці пераможцаў»

Самастойная трэнерская кар'ера Руні не тое каб мае доўгі спіс месцаў працы – гэта лагічна, бо гуляць у футбол ён перастаў толькі ў студзені 2021-га. З 2020-га па 2022-і Руні ўзначальваў «Дэрбі», з якім вылецеў з Чэмпіёншыпа – аднак варта заўважыць, што гэта ўсё роўна хутчэй была гісторыя пра пераадоленне перашкод і барацьбу да апошняга насуперак усяму, уключна са штрафам у 21 пункт і трансферны бан.

У амерыканскім «Дзі Сі» Руні пратрымаўся амаль паўтара года (з лета 2022-га па 8 кастрычніка 2023-га) – фінішаваў 12-м ва Усходняй канферэнцыі, праляцеў міма плэй-оф і разам з кіраўніцтвам вырашыў не працягваць кантракт.

Дата расстання Руні з амерыканцамі важная – бо ўжо на наступны дзень «Бірмінгем», які ішоў шостым у Чэмпіёншыпе з 18 пунктамі ў 11 матчах, звольніў свайго галоўнага трэнера Джона Юстаса, які за сезон да таго, нягледзячы на прагнозы, утрымаў клуб у дывізіёне. А 11 кастрычніка Руні афіцыйна стаў галоўным трэнерам «Бірмінгема» – СЕO клуба Гары Кук на прэс-канферэнцыі сказаў, што той павінен прынесці клубу «ментальнасць пераможцаў»:

«Я нагадаю вам, і я нагадаю Уэйну, ягоная роля тут – быць лідарам, развіваць паспяховы, амбітны і пераможны менталітэт. Ён будзе рабіць гэта ў першай камандзе, у Акадэміі і ўва ўсіх, хто ўцягнуты ў каманды развіцця».

Выйграў 2 матчы з 15, хацеў узмацнення, пасля звальнення выпусціў уласную заяву

«Пераможны менталітэт» «Бірмінгема» пад кіраўніцтвам Руні пакажам на скрынах з дататка Tribuna.com – усталёўвайце, калі яшчэ не:

Так, вы ўсё правільна ўбачылі – 2 перамогі ў 15 матчах, гэта ўсяго 13%. З шостага месца «Бірмінгем» зваліўся аж на 20-е – пакуль што ў пяці пунктах ад зоны вылету.

Апошняй кропляй сталі 0:3 ад «Лідса» – і тое, што заўзятары на «Эланд Роад» літаральна тролілі легенду варожага ім «МЮ» крычалкамі кшталту «Уэйн Руні, цябе звольняць ранкам», «Уэйн Руні давядзе вас да вылету». Хаця і фаны «Бірмінгема» не адставалі – адзін на шляху трэнера да тунэлю пасля матча пажадаў яму «######## [з'ехаць] назад у Амерыку».

Пасля гэтай паразы Руні фактычна звярнуўся праз медыя да кіраўніцтва з меседжам пра неабходнасць узмацнення: «Я думаю, што відавочна, што нам патрэбныя новыя гульцы. Мы праходзім праз цяжкі перыяд, гэта нельга адмаўляць, і нам трэба зрабіць усё магчымае, каб выйсці з яго. Я мушу верыць у сябе. Гэта складана, у нас вельмі маладая каманда, але я мушу працягваць верыць».

Аднак 2 студзеня замест размовы пра трансферы Руні атрымаў звальненне – СЕO клуба Гары Кук прызнаў, што чаканні не апраўдаліся: «На жаль, час Уэйна з намі пайшоў не так, як планавалася, і мы вырашылі рухацца ў іншым накірунку».

Але Руні не змаўчаў – выпусціў уласную заяву, у якой трохі раскрытыкаваў рашэнне развітацца з ім і намякнуў на невялікі перапынак у далейшай трэнерскай карʼеры:

«Хацеў бы падзякаваць Тому Вагнеру, Тому Брэйдзі і Гары Куку за магчымасць кіраваць гэтым клубам і падтрымку, якую яны аказвалі мне на працягу майго кароткага перыяду працы. Футбол – гэта бізнес вынікаў, і я прызнаю, што яны былі не на тым узроўні, на якім я хацеў бы іх бачыць.

Аднак час – гэта самы каштоўны тавар, які патрэбны менеджару, і я не лічу, што 13 тыдняў было дастаткова, каб пракантраляваць неабходныя змены. Асабіста мне спатрэбіцца пэўны час, каб перажыць гэтую няўдачу. Я з 16 гадоў займаюся прафесійным футболам як гулец і трэнер. Цяпер я планую правесці час са сваёй сямʼёй, рыхтуючыся да наступнай магчымасці на сваім шляху трэнера».

Як бы там ні было, факт застаецца фактам – Opta падлічыла, што ў перыяд працы Руні ў «Бірмінгеме» клуб атрымаў найменш пунктаў (10), прайграў найбольш матчаў (9) і прапусціў найбольш галоў (30) сярод усіх каманд Чэмпіёншыпа.

Здаецца, з такім рэзюмэ трэнерская праца ў АПЛ для легендарнага футбаліста хуткім часам застанецца ў марах. Пакуль што ў яго ўсяго 41 перамога за 152 матч у новай для сябе ролі.

Фота: Ross Johnston, James Heaton/Global Look Press, «Бірмінгем»

Найлепшае ў блогах
Больш цiкавых пастоў

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты