Tribuna/Футбол/Блогі/Бекенбаўэр – наймацнейшы лібера ў гісторыі. Ён падладзіў пазіцыю пад сябе і дамінаваў на полі

Бекенбаўэр – наймацнейшы лібера ў гісторыі. Ён падладзіў пазіцыю пад сябе і дамінаваў на полі

Падсумуем веліч.

10 студзеня, 14:14
Бекенбаўэр – наймацнейшы лібера ў гісторыі. Ён падладзіў пазіцыю пад сябе і дамінаваў на полі

Бекенбаўэр яшчэ калі гуляў, упісаў сваё імя ў вечнасць. Менавіта ён аўтар афарызму, што футбол – самая важная з няважных рэчаў. Немец за карʼеру літаральна прайшоў футбол, выйграўшы ЧС як гулец і трэнер, атрымліваючы «Залатыя мячы», выйграючы Кубак еўрапейскіх чэмпіёнаў, Еўра і збіраючы касмічную колькасць індывідуальных узнагарод.

Ён перапрыдумваў гульню проста на полі, змяняючы пазіцыі і падладжваючы іх пад сябе. Баварац пачынаў як левы хаў, затым гуляў у цэнтры поля, але па-сапраўднаму заззяў на пазіцыі лібера.

Бекенбаўэр не быў першым, хто заняў гэтую пазіцыю, але яму ўдалося надаць ёй ролю, якая дазволіла немцу двойчы стаць найлепшым гульцом Еўропы.

Веліч і падзенне лібера: ад «швейцарскага замка» да Матыяса Замера

Кананічная версія кажа, што зародак гульні з апошнім абаронцам зʼявіўся ў ідэйнага нацыста з Аўстрыі Карла Рапана. Нягледзячы на тое, што ён у 1930-х жыў у Швейцарыі і трэнаваў мясцовую зборную, Рапан падтрымліваў Гітлера, а падчас матча супраць немцаў на ЧС-38 нават сустрэў іх традыцыйным нацысцкім прывітаннем. Можна было б падумаць, што ў галаве ў такога чалавека пуста, але менавіта ён прыдумаў схему, якую пасля назвалі «швейцарскі замак».

Кажуць, што Рапану яна прыснілася, хоць сутнасць была даволі простай: трэба было нівеляваць разрыў у індывідуальным майстэрстве. У абароннай фазе ўсе каманды абараняліся персанальна, то-бок кожны меў свайго гульца. Калі ваш цэнтральны форвард класам моцна вышэй за цэнтральнага абаронцу супернікаў або крайні форвард бег хутчэй за свайго візаві, то праблем немагчыма было пазбегнуць.

Аўстрыец апусціў двух хаўбекаў у абарону, а аднаго з абаронцаў пакінуў перад галкіперам «падчышчаць» калегаў. Такім чынам паўстала схема 1-3-3-3, дзе і з'явіўся той самы «чысцільшчык». Існуе версія, што ўругвайцы падгледзелі ў Швейцарыі гэты прыём, калі атрымалі перамогу ў знакамітым «Мараканаса» і сталі чэмпіёнамі свету.

Аднак класічны лібера зʼявіўся ўжо ў Італіі, нездарма само слова з італьянскага азначае «свабодны». Ідэя «слабых» супраць «моцных» аказалася блізкай італьянскаму трэнеру Нерэа Рока, які разумеў, што гуляць у аднолькавы футбол з «Юве», «Інтэрам» і «Міланам» немагчыма, бо ў іх заўсёды будуць больш класныя футбалісты. Рока будаваў гульню «Трыестыны» ад абароны, а абаронца Івана Блазон стаў, магчыма, першым лібера італьянскага футбола. Сціплая каманда, якая яшчэ за год да таго магла вылецець, заняла другое месца пасля «Тарына».

Класікай гульні з лібера прынята лічыць «Iнтэр» Эленіа Эрэры, дзе Il grande capitano («вялікі капітан») Арманда Пікі стаў эталонам свабоднага абаронцы. «Нерадзуры» бралі тытулы адзін за адным, а Пікі і Факеці паказвалі, якім мусіць быць абаронца будучыні: Арманда ідэальна чытаў гульню і абараняўся, а Факеціі мучыў супернікаў сваімі паходамі наперад. Франц Бекенбаўэр аб'яднае ў сабе таленты абодвух.

Канец эры лібера прыйшоўся на эпоху Арыга Сакі, які яшчэ пахаваў і класічных дзясятак. У сістэме Арыга абараняцца мусілі ўсе, а важная роля ў прэсінгу адводзілася паўабароне, таму трымаць перад варотамі лішняга гульца было занадта марнатраўна. Хоць было б перабольшаннем усё валіць на Сакі. У 1990-м змяніліся правілы афсайду, цяпер форвард мог быць на адной лініі з абаронцам суперніка, ім часцей за ўсё і быў лібера. Такім чынам ствараць штучны афсайд з такім гульцом станавілася цяжэй. У 1992-м галкіперам забаранілі браць мяч у рукі пасля перадач нагой ад партнёра, таму брамнікі пачалі лепей дзейнічаць нагамі, забіраючы хлеб у лібера.

Знікненне не было аднамомантным, напрыклад, Матыяс Замер, гуляючы на пазіцыі лібера, паспеў атрымаць «Залаты мяч» 1996 года, Лотар Матэус з дзясяткі пад канец кар'еры таксама стаў лібера.

Сёння ў свеце ўжо ніхто не можа дазволіць сабе гуляць з чыстым лібера, аднак элементы гульні застаюцца. Мост ад лібера да сучаснага цэнтральнага абаронцы праклаў Неста, які ў «Лацыа» Земана атрымаў найлепшую школу занальнай гульні. Сёння уявіць цэнтрбэка без добрага першага пасу проста немагчыма, а наступным узроўнем становяцца галкіперы, якія пачынаюць атакі.

Бекенбаўэр – лібера новай фармацыі

У фінале ЧС-1966 немец гуляў усё яшчэ ў паўабароне, побач з Авератам, але ў ягонай зоне адказнасці быў Бобі Чарльтан. Хоць Бобі ў фінале не забіў, але англічане ўсё ж атрымалі перамогу. «Толькі таму, што Чарльтан быў крыху лепшы за мяне», – скажа малады баварац.

Да наступнага ЧС у Мексіцы Бекенбаўэр, натхнёны гульнёй «Інтэра», ужо будзе дзейнічаць на пазіцыі лібера і спалучаць там дасканалую абарону са свабодай Факецi ў атацы. Пасля варʼяцкага матча Італія -- ФРГ на ЧС-1970 Франц асабіста прызнаецца Факеці, што гэта ён яго натхніў на такі стыль гульні.

У немцаў ёсць тэрмін «ausputzer», што літаральна перакладаецца як «чысцільшчык», але Францу было мала проста страхаваць партнёраў і адбіраць мяч – ён тварыў. Спачатку нават у «Баварыі» ў ім бачылі ў асноўным паўабаронцу (у 1965-м мюнхенцы нават падпісалі ў абарону Дытэра Данцберга, каб закрыць пазіцыю ля варот і даць магчымасць Бекенбаўэру гуляць бліжэй да чужой штрафной, але Дытэр атрымаў працяглую дыскваліфікацыю ў першым жа дэрбі супраць «Мюнхена-1860», а Франц так і застаўся ў абароне, знайшоўшы сваё ідэальнае месца на полі). У зборнай Хельмут Шэн дазволіў Францу падобную свабоду толькі ў 1971-м, калі са зборнай завязаў Вілі Шульц.

У нейкай ступені Бекенбаўэру пашанцавала, што побач з ім у «Баварыі» і ў зборнай доўгі час гуляў Ганс-Георг Шварцэнбек па мянушцы «Ад'ютант», які быў выдатным стоперам і памочнікам Кайзера Франца.

Каб лепш зразумець веліч немца, зірніце на ягоную гульню ў фінале супраць легендарнай зборнай Нідэрландаў у фінале ЧС-1974.

У гэтым эпізодзе выдатна відаць, як пасля памылкі Аверата менавіта апошні абаронца вымушаны тушыць пажар, перарываючы небяспечны пас Нескенса.

Дакладная перадача на 30 + метраў? Вось тут распішыцеся, калі ласка.

Тыповая гульня лібера: апярэдзіў Кройфа – аддаў прама ў рукі Маеру.

А тут штрафны з фірмовай падсечкай ад Бекенбаўэра - гэтым разам Йонгблуд адвёў пагрозу.

Хоць супраць «Дуйсбурга» ў такім стылі ў свой час Франц забіў адзін са сваіх класічных галоў.

Бекенбаўэр ідэальна ўпісваўся ў ролю лібера: чытаў гульню, быў хуткім і надзвычай фізічна моцным. За больш чым 10 гадоў у «Баварыі» ён прапусціў усяго 12 сустрэч праз траўмы. Франц казаў, што яму самому не падабалася гульня ў паўабароне, бо тады 90 хвілін табе на пяткі наступае супернік. Ён імкнуўся да свабоды, а для гэтага прыйшлося перапрыдумаць пазіцыю.

У такім стылі Бекенбаўэр стаў першым абаронцам, які атрымаў «Залаты мяч» і другім немцам пасля Герда Мюлера з гэтай узнагародай. Ён настолькі асацыяваўся са словам «лібера», што ў 1973-м у Германіі нават выйшаў на экраны аднайменны псеўдадакументальны фільм з Бекенбаўэрам у галоўнай ролі. Па сюжэце ягоны таварыш і аднаклубнік атрымаў цяжкую траўму, а сам Франц нават хацеў сысці з футбола. Крытыкі разграмілі фільм за дрэнны сюжэт, акцёрскую гульню і кучу няўдалых і бессаромных рэкламных інтэграцый.

Тым не менш Франца любілі паўсюль. Нават адправіўшыся ў Нью-Ёрк, каб пагуляць за «Космас» з Пеле, застаўся зоркай, тусуючыся з Павароці, Лайзай Мінэлі і іншымі селебрыці. Вядомы выпадак, калі ягоным суседам быў вядомы балетмайстар Рудольф Нурыеў. Ён запрасіў Бекенбаўэра ў фешэнэбельны рэстаран, а перад самым дэсертам пачаў гладзіць за калена. «Прабач Рудзі, але я з іншага факультэта», – адказаў яму на заляцанні футбаліст.

***

Гары Лінекер, аўтар знакамітага афарызму пра тое, што ў футбол гуляюць 22 чалавекі, а перамагаюць немцы, выдатна ведае, што такое гуляць супраць каманд Бекенбаўэра. Напэўна, менавіта словы англiчанiна лепш за ўсё характарызуюць гэтую веліч: «Дэр Кайзер» быў самым выдатным з футбалістаў, які выйграў ўсё – з грацыяй і абаяннем.

Фота: si.com, «Баварыя»

Найлепшае ў блогах
Больш цiкавых пастоў

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты