Tribuna/Футбол/Блогі/Брытанскі прэм'ер – фанат «Саўтгемптана». Аднойчы прынёс у школу тэлевізар, каб глядзець футбол

Брытанскі прэм'ер – фанат «Саўтгемптана». Аднойчы прынёс у школу тэлевізар, каб глядзець футбол

Рышы Сунак і ягоная сувязь са спортам.

14 студзеня, 02:44
Брытанскі прэм'ер – фанат «Саўтгемптана». Аднойчы прынёс у школу тэлевізар, каб глядзець футбол

42-гадовы лідар Кансерватыўнай партыі Рышы Сунак – першы прэм'ер Каралеўства індыйскага паходжання, а таксама самы малады кіраўнік брытанскага ўрада за дзве сотні гадоў.

Расказваем, за якую каманду ён заўзее і якую сувязь мае са спортам.

Заўзее за «Саўтгэмптан», віншаваў ільвіц з перамогай на Еўра, любіць крыкет

Футбольныя сімпатыя Сунака – не сакрэт. Ён нарадзіўся ў Саўтгемптане і ягонае сэрца належыць клубу з роднага горада.

Больш за тое – ён з'яўляецца вялікім прыхільнікам «святых». У ягонага бацькі быў абанемент на стадыён. На 18-годдзе Рышы атрымаў у падарунак картку з аўтографамі ўсёй каманды. Для хлопца гэта стала «адной з самых дарагіх рэчаў».

Аднойчы ў Сунака спыталі, якой сферай дзейнасці ён бы займаўся, калі б не пайшоў у палітыку.

«Я вялікі футбольны заўзятар і я з Саўтгемптана. Думаю, што калі б я мог кіраваць «Саўтгемптанам», я быў бы вельмі шчаслівым мужчынам», – прызнаўся палітык.

Ягоны любімы гулец – легенда «святых» Мэт Ле Цісье (у яго было прозвішча «Бог» і амаль уся карʼера прайшла ў «Саўтгэмптане»).

Не часта, але часам Сунак піша ў Twitter пра сваю любімую каманду. Напрыклад, у лістападзе 2020-да клуб паўднёвага ўзбярэжжа на час узначаліў табліцу Прэмʼер-лігі. Вядома, Рышы адрэагаваў на гістарычную падзею.

«Гэта заняло 32 гады, але чаканні таго каштуюць. Цяпер будзем спадзявацца, што так будзе працягвацца і далей», – напісаў зорны фанат і далучыў скрын табліцы.

А ў жніўні гэтага года Сунака спыталі пра серыю няўдалых матчаў каманды і калі гэты перыяд завяршыцца. Палітык пераблытаў суперніка «Саўтгэмптана». Брытанскія СМІ адразу ўчапіліся за гэта, маўляў, Рышы не вельмі пільна сочыць за камандай.

«Я буду непапулярны, калі скажу гэта тут. Але ўсё пачнецца з перамогі над «Манчэстар Юнайтэд» у гэтыя выхадныя», – сказаў Сунак. Насамсправе «святыя» збіраліся гуляць з «Лестэрам».

А так эмацыйна Сунак радаваўся і святкаваў перамогу зборнай Англіі на жаночым Еўра.

«Вялізныя віншаванні для львіц з перамогай на Еўра. Яны не проста выйгралі турнір, яны заваявалі сэрцы ўсёй краіны. Які цудоўны дзень быць фанатам Англіі».

У інтэрв'ю The Sun ён распавёў, што самымі першымі ўспамінамі пра міжнародны футбол для яго быў Еўра-96. Гэты час Рышы апісвае як «маё футбольнае сталенне». У 16 ён прынёс тэлевізар у школу, каб паглядзець матчы.

«У школе я быў некалькі абыякавым, але футбол стаў маім захапленнем. Я кантрабандай пранёс у школу партатыўны тэлевізар, каб мець магчымасць глядзець гульні, калі мы павінны былі рабіць хатняе заданне.

На жаль, мяне злавілі. Мой партатыўны тэлевізар быў канфіскаваны, і ў мяне было шмат праблем. Але, азіраючыся назад, гэта быў прыемны момант».

А цяпер футбол – гэта таксама частка ягонай палітычнай кампаніі. Ён выступае за фінансаванне цэнтраў футбола для моладзі і развіцця масавага футбола. Абяцае восем тысяч новых палёў па ўсёй Брытаніі. «Нам трэба знайсці Мэта Ле Цісье заўтрашняга дня. Вось пра што ідзе гаворка».

Рышы таксама любіць крыкет і скачкі. З жонкай ён нават валодае стайняй у Лондане. Таксама ў іх удома жыве лабрадор па імені Нова.

Брытанская прэса пісала, што Сунак выступіць ледзь не з «маніфестам правоў жанчын», калі стане прэм'ер-міністрам. Але крыніцы з кансерватыўнай партыі паказваюць, што гэты маніфест будзе ўтрымліваць і забарану транссэксуалаў у спорце.

Багацейшы за караля, не ўжывае алкаголю, фанат «Зорных войнаў»

Рышы – сын мігрантаў індыйскага паходжання. Ягоная бабуля і дзядуля нарадзіліся ў Пенджабе, а бацькі пераехалі ў Англію з брытанскіх калоній Усходняй Афрыкі ў 1960-х гадах.

Бацькі Сунака былі прадстаўнікамі працоўнага класа і працавалі ў сферы медыцыны: бацька – лекарам агульнай практыкі, а мама валодала аптэкай.

Сваім дзецям яны далі якасную і дарагую адукацыю. Сунак вучыўся ў Оксфардзе і Стэнфардзе. Там ён пазнаёміўся з будучай жонкай – дачкой Індыйскага мільярдэра.

Сунак не выдае сваё багацце, але ў брытанскіх СМІ яго называюць багацейшым за караля. Паводле спісу багачоў Sunday Times, былы банкір Сунак і ягоная жонка – спадчынніца індыйскай бізнэс-імперыі свайго бацькі Акшата Мурці – маюць багацце блізу 830 млн долараў.

Кароль Чарльз атрымаў у спадчыну большую частку багацця сваёй маці. Перад смерцю каралева Лізавета II мела прыкладна 420 млн долараў. Брытанцаў некалькі турбуе пытанне, ці зможа такі заможны чалавек, які жыве ў сваёй бурбалцы, зразумець праблемы шараговых людзей.

Сунак запэўнівае: «Гэта самы вялікi прывілей у маім жыцці – мець магчымасць служыць партыі, якую я люблю, і адплаціць краіне, якой я многім абавязаны».

Рышы практыкуе індуізм, таму сваю прысягу ў парламенце складаў на экзэмпляры Бхагавад-Гiты. А згодна з правіламі індуізму, палітык не ўжывае алкаголь і не есць ялавічыну.

«Што тычыцца культурнага выхавання, я пайду ў храм на выходных – я індуіст. Але я таксама пайду на гульню саўтгемптанскага футбольнага клуба ў суботу – можна рабіць усё, і тое, і іншае», – казаў Сунак.

А яшчэ ў Рышы па ўласных словах «вялікі фанат Зорных войнаў» з прыстойнай калекцыяй светлавых мячоў.

І яшчэ некалькі фота прэм'ер-міністра, якога ўжо называюць новым палітычным сэкс-сімвалам брытанак.

Фота: Twitter Рышы Сунака

Найлепшае ў блогах
Больш цiкавых пастоў

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты