Tribuna/Футбол/Блогі/За «Хайдэнхайм» хочацца заўзець! Выйшлі ў эліту голам на 90+9-й, трэнер у камандзе ўжо 16 гадоў

За «Хайдэнхайм» хочацца заўзець! Выйшлі ў эліту голам на 90+9-й, трэнер у камандзе ўжо 16 гадоў

Сёлета даюць бой топам у эліце нямецкага футбола.

19 студзеня, 23:59
За «Хайдэнхайм» хочацца заўзець! Выйшлі ў эліту голам на 90+9-й, трэнер у камандзе ўжо 16 гадоў

Бундэсліга ў гэтым сезоне дарыць нямала нечаканасцяў – леверкузенскі «Баер» без паражэнняў упэўнена лідзіруе ў чэмпіянаце, «Штутгарт» змагаецца за Лігу чэмпіёнаў, «Унiён» звалiўся адразу да межаў зоны вылету.

Але цiкавае i знаходжанне навiчка лігі «Хайдэнхайма» на дзевятай пазіцыі ў табліцы. Расказваем пра сціплы калектыв, на які мала хто звяртае ўвагу.

«Хайдэнхайм» мог бы быць найстарэйшым клубам Германii

У цяперашні час каманда гуляе ў вышэйшым нямецкім дывізіёне пад назвай «1. FC Heidenheim 1846», хоць на працягу ўсёй гісторыі клуба ў яго былі дзясяткі назваў, якія пастаянна змяняліся, а разам з імі нявызначанымі былі як год заснавання футбольнага клуба, так і яго колеры.

Спартыўны клуб «Хайдэнхайм» узнік яшчэ ў 1846 годзе, але яго асноўным відам спорту на пачатковых стадыях была гімнастыка. Пасля ў клубе з“явілася футбольная секцыя, якая з часам стала клопатам для гімнастаў – з-за пастаянных канфліктаў інтарэсаў футбольны клуб павінен быў пастаянна мяняць назвы, шукаць новых людзей, якія былі б гатовыя займацца яго развіццём, і амаль перманентна знаходзіцца ў падвешаным стане.

«Хайдэнхайм» мог бы быць найстарэйшым футбольным клубам краіны, аднак з-за пастаянных зменаў новая гісторыя клуба пачалася ў 2007-м. Менавіта тады футбольная секцыя адлучылася ад спартыўнай асацыяцыі Хайдэнхайма і пачала рухацца аўтаномна – як самастойны футбольны клуб, які, праўда, захаваў за сабой юрыдычныя правы называцца спадчыннікам заснаванай у 1846 годзе мясцовай арганізацыі.

Каманда ўпершыню ў гісторыі гуляе ў Бундэслізе – выйшлі ў эліту пасля вар'яцкай канцоўкі

У 2007-м «Хайдэнхайм» гуляў у Д5, але меў вялікія амбіцыі. Ужо ў 2009 годзе клуб у якасці чэмпіёна Паўднёвай рэгіянальнай лігі стаў удзельнікам прафесійнага трэцяга нямецкага дывізіёна. Каманда адразу ж стала сур“ёзным выпрабаваннем для многіх супернікаў, «абкаталася» і ўжо ў сезоне 2013/14 стала чэмпіёнам Д3, з чым выйшла ў другую Бундэслігу.

У адной з самых непрадказальных ліг у еўрапейскім футболе «Хайдэнхайм» дэбютны сезон скончыў на восьмым месцы, потым былі пятымі і нават трэцімі, але ў кампаніі 2019/20 прайгралі брэменскаму «Вердэру» ў пераходных матчах за павышэнне ў класе з-за прапушчаных галоў на выездзе.

Прарыўным для каманды стаў сезон 2022/23, у якім «Хайдэнхайм» абсалютна дакладна найграў на павышэнне – усяго пяць паражэнняў на працягу сезона, найлепшая розніца забітых-прапушчаных і ў канчатковым выніку найбольшая колькасць ачкоў (разам з« Дармштатам») і заслужанае чэмпіёнства.

Але ўсё было так проста. Вось так выглядала турнірная табліца другой Бундэслігі за тур да завяршэння мінулага сезона.

«Хайдэнхайм» гуляў на выездзе з «Рэгенсбургам» і павінен быў перамагаць, каб не зваліцца ў зону пераходных матчаў. Супернiк ужо вылецеў у Д3, але жа на пачатку другога тайму павёў 2:0. Праз хвіліну гаспадары забілі аўтагол, але лік 2:1 пратрымаўся аж да пачатку кампенсаванага часу.

У паралельным матчы «Гамбург» мінімальна атрымаў перамогу над «Зандхаўзенам» – гульцы, трэнерскі штаб і заўзятары, якія масава выбеглі на поле, ужо святкавалі сваё доўгачаканае вяртанне ў Бундэслігу.

Але на 90+3-й хвіліне «Хайдэнхайм» зраўняў лік з пенальці, а на 90+9-й забіў трэці мяч, які гарантаваў камандзе прамы выхад у Бундэслігу. Больш за тое, «Дармштадт» у паралельнай гульні згарэў 0:4 ад «Гройтэр Фюрта», таму вар“яцкая перамога 3:2 прынесла хайдэнхаймцам чэмпіёнства.

«Гамбург» жа зазнаў расчараванне, а ў пераходных матчах прайграў «Штутгарту» – яшчэ адзiн урок, што не трэба радавацца заўчасна.

Галоўная зорка – трэнер, якi 16 гадоў у камандзе

У элiце «Хайдэнхайм» ужо адабраў ачкі ў «Барусіі» ў Дортмундзе, прайграў «Баварыі», але двойчы забіў на «Альянц-Арэне», абыграў «Уніян» дома і ўзяў 10 з 12 магчымых ачкоў у Бундэслізе ў апошніх чатырох матчах.

Ні зорак, ні вядомых футбалістаў у камандзе няма. Лідары каманды – выхаванец «Дортмунда» Ян-Ніклас Бэстэ і Цім Кляйндзінст, другі найлепшы бамбардзір у гісторыі клуба.

Менавіта яны сталі аўтарамі галоў у кампенсаваны час у вышэйзгаданым матчы з «Рэгенсбургам», а сёлета робяць усё магчымае, каб «Хайдэнхайм» затрымаўся ў эліце. На рахунку левага вінгера Бэстэ – 5+9 (адзін з найлепшых асістэнтаў Бундэслігі ў бягучым сезоне), а цэнтрфорвард Кляйндзінст запісаў на свой рахунак 6+3.

Сярод іншых прыкметных гульцоў «Хайдэнхайма» – экс-гульцы дубля дортмундскай «Барусіі» Патрык Майнка (капітан каманды) і Ленард Мэлоўні, а таксама арандаваны ў «Вердэра» правы вінгер Эрэн Дзінкчы.

Зрэшты, ключавая фігура ва ўсім клубе – галоўны трэнер Франк Шміт.

Шміт кіруе «Хайдэнхаймам» з таго самага 2007-га, калі клуб быў фактычна зноўку заснаваны. Як раз пад кіраўніцтвам цяпер 50-гадовага спецыяліста каманда перамагала ў трэцім дывізіёне ў 2014-м, у мінулым сезоне заваявала гістарычнае чэмпіёнства ў другой Бундэслізе і цяпер ідзе дзевятай у турнірнай табліцы наймацнейшага нямецкага дывізіёна.

Вядома, пакуль ніхто не гарантуе «Хайденхайму» нават пазбягання вылету ў бягучым сезоне, аднак за такія каманды з такімі гісторыямі хочацца заўзець.

Фота: Sebastian Widmann/REUTERS, Tom Weller, Henry Langer/picture alliance/Global Look Press, 1. FC Heidenheim 1846

Найлепшае ў блогах
Больш цiкавых пастоў

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты