Tribuna/Футбол/Блогі/11 футбалістаў XXI стагоддзя, якіх усе любяць 

11 футбалістаў XXI стагоддзя, якіх усе любяць 

У гэтых хлопцаў не можа быць хейтэраў. 

8 лютага, 04:58
11 футбалістаў XXI стагоддзя, якіх усе любяць 

Нядаўна мы выдалі рэйтынг футбалістаў ХХІ ст, якіх усё хейцяць, але ж справядліва напісаць і пра тых, каго ўсе любяць. За які клуб або зборную вы б не заўзевалi, кожны з гэтых персанажаў заслугоўвае павагі і любові.

І тут зноў не будзе Крышціяну і Месі.

11. Сон Хын Мін

У Сона, здаецца, асаблівы поціск рукі і святкаванне галоў ледзь не з кожным з партнёраў. Тут вам і Дэле Алі, а разам з Бэйлам яны паказвалі літару W у падтрымку карэйскага хлопчыка, з Мэдысанам святкаваў ўжо ў яго стылі. Карэец быў першым з партнёраў, якія падтрымліваў Алі пасля яго споведзі аб перажытым сэксуальным гвалце ў дзяцінстве.

На Радзіме ён амаль нацыянальны герой, але стаўленне да яго як да свайго хлопца. Часта можна пачуць нешта накшталт «наш Хін», як быццам ён гуляў у суседнім двары з усімі карэйцамі. А калі Сон прайшоў абавязковы курс навучання ў карэйскай арміі, то стаў яшчэ больш сваім, бо ў Паўднёвай Карэі служба не абмінае амаль нікога, аднак перамога ў Азіяцкіх гульнях дазволіла замяніць двухгадовую службу некалькімесячным курсам.

10. Давід Сільва

У сезоне 2017/18 не было ў свеце больш гераічнага гульца, чым іспанец. Пакуль у лякарні Валенсіі медыкі змагаліся за жыццё яго нованароджанага сына Матэа, Сільва выходзіў на поле, каб рабіць розніцу ў матчах за «Сіці», а затым зноў скакаў у самалёт і ляцеў да жонкі. Калі ў канцы сезону ён апынуўся на «Этыхадзе» разам з сынам, гэта быў адзін з найлепшых кадраў года. Элегантны гулец на поле, ён вялікі чалавек за яго межамі.

«Адна з прычын, па якой я вырашыў прыехаць да «Сіці», – гэта задавальненне працаваць з Давідам Сільвай. Калі я быў у Іспаніі, ён гуляў у «Валенсіі». Я трэнаваў «Барселону», але калі бачыў Давіда, думаў, што гэты хлопец – асаблівы», – не пра кожнага Пеп скажа такія словы.

«Давід Сільва – найлепшы футбаліст, з якім мне даводзілася гуляць», – гэта ўжо Аляксандр Зінчанка. Былы партнёр па зборнай Альвара Нягрэда наогул называў Сільву найлепшым гульцом у гісторыі «Сіці». У 2016-м на шоў Monday Night Football Юргена Клопа папрасілі назваць любімых гульцоў не з яго каманды. Ён вымавіў толькі адно імя: «Давід Сілва». Магчыма, самы недаацэнены гулец мінулага дзесяцігоддзя (усяго адна ўзнагарода гульца месяца ў АПЛ) карыстаўся павагай усіх партнёраў і даваў інтэрв'ю толькі для таго, каб пагаварыць пра віно, якое ён вырошчвае на Канарскіх астравах.

Адзіныя, хто можа мець крыўду на іспанца, – фаны «Лацыа», бо пасля «Сіці» пераход да рымлян ужо быў амаль аформлены, але ў апошні момант гулец зʼехаў заканчваць карʼеру ў «Сасьедад».

9. Сад'ё Манэ

Сад'ё – адзін з самых пазітыўных гульцоў у сусветным футболе, якога нават у жорсткай і канкурэнтнай АПЛ любілі ўсе. У свой час завірусілася фота сенегальца з тэлефонам з пабітым ахоўным шклом і старой правадной гарнітурай. Нават гэты апарат яму падарыў Джыні Вейналдум.

Але не толькі гэтым Сад'ё пакарыў сэрцы заўзятараў. У родным Сенегале ён проста легенда, за свой кошт адрэстаўраваў мячэць, дзе яго бацька быў імамам. Манэ глыбока рэлігійны, таму наогул не ўжывае алкаголь. У свой час свет абляцелі кадры, на якіх зорка АПЛ мые туалет у той самай мячэці.

Акрамя рэлігіі Манэ ўкладваецца і ў інфраструктуру роднага пасёлка, які нават па сенегальскага мерках знаходзіцца ў глыбокай дзірцы:

«Навошта мне дзесяць «Ферары», 20 гадзіннікаў з дыяментамі і рэактыўныя самалёты? Што гэта дасць свету? Я галадаў, працаваў у полі, гуляў басанож і не хадзіў у школу. Цяпер я магу дапамагчы.

Аддаю перавагу будаваць школы і даваць беднякам ежу ці вопратку. Я пабудаваў школу і стадыён; мы забяспечваем вопратку, абутак і ежу для людзей, якія жывуць у крайняй галечы. Акрамя таго, я даю па 70 еўра ў месяц людзям з вельмі беднага сенегальскага рэгіёну, каб унесці свой уклад у эканоміку маёй сям'і. Мне не трэба дэманстраваць раскошныя аўтамабілі, раскошныя дома, падарожжа. Я аддаю перавагу, каб мае людзі атрымлівалі трохі з таго, што дало мне жыццё», – распавядаў Манэ.

Нядаўна Манэ ажаніўся на дзяўчыне, якая не вядзе ніякіх сацыяльных сетак, як і хацеў футбаліст.

8. Лука Модрыч

Харват далёка не тыповая зорка «Рэала», бо ў яго няма гламурнай зорнасці Крышціяну, Бэйла, Бекхэма і многіх іншых гульцоў, якія праходзілі праз «Мадрыд» за апошнія дзесяцігоддзі. Але ён заслужыў павагу сваёй гульнёй і інтэлігентнасцю. «Калі прыбраць яго ў кароткія шорты, атрымаецца футбаліст з 70-х. Ён увасабляе футбольны вінтаж, які я так люблю. Лука – выміраючы вiд, які трэба абараняць», – сказаў пра яго аднойчы Хатэм Бэн-Арфа.

Гульнёй Лукі захапляюцца нават топ-футбалісты, Хорхе Вальдана казаў, што, гледзячы за футболам харвата, думаеш, што такія пасы можа аддаць кожны, але ў гэтым і заключаецца магія – той робіць футбол прасцей.

«Я ніколі не складу сімвалічную зборную гульцоў, якіх трэнаваў. Паглядзіце толькі на брамнікаў – Буфон, ван дэр Сар, Касільяс, Ноер. Ужо не магу выбраць найлепшага. З іншымі пазіцыямі будзе гэтак жа, але ў ёй дакладна будзе Лука Модрыч. Ён спалучае ў сабе выдатную тэхніку з чытаннем гульні і моцным лідарствам. Да таго ж ён выдатны чалавек», – база ад Карла Анчалоці.

7. Джанлуіджы Буфон

Джыджы не назавеш «ван клаб мэн», але для заўзятараў «Юве» ён не меншая легенда, чым Тоці для «Ромы» або Мальдзіні для «Мілана». Калі турынцы апынуліся ў Серыі Б, ён быў адным з тых, хто не пакінуў каманду, а быў з ёй да канца.

«Я з радасцю застаўся ў «Юве » пасля вылету. Гэта дало людзям надзею на тое, што ў жыцці ёсць нешта важнейшае за грошы і папулярнасць. Я б зрабіў гэта зноў», – дзяліўся нядаўна італьянец думкамі ў інтэрв'ю Жэрару Піке.

Тоці прызнаўся, што зрабіў бы ўсё, каб Буфон перайшоў у яго «Рому», калі б галкіпер вырашыў пакінуць клуб. Нават паездка ў «ПСЖ» у 40 гадоў не кінула цень на вобраз італьянца. Ён і там здолеў улубіць у сябе французскіх заўзятараў, згуляўшы зусім крыху: «Эрнэст Хэмінгуэй пісаў, што ў свеце ёсць толькі два месцы, дзе мы можам жыць шчасліва: дома і ў Парыжы. З гэтага дня гэтыя рэчы будуць часткова супадаць для мяне».

Джыджы зʼехаў завяршаць карʼеру ў «Парму», з якой пачынаў шлях у Серыі А, гуляў з дзецьмі былых партнёраў на полі і падтрымліваў украінскіх перасяленцаў у пачатку вайны. Ну як яго не любіць?

6. Андрэа Пірла

Пірла згуляў у складзе трох непрымірымых ворагаў, з такім бэкграўндам яго павінны былі б ненавідзець фаны большасці італьянскіх клубаў, але Андрэа – гэта любоў. І справа не толькі ў трох асістах на ЧС-2006. Пірла – з'ява нават для італьянскага футбола. «9 ліпеня 2006 года пасля абеду я паспаў, потым пагуляў у PlayStation, а ўвечары выйграў чэмпіянат свету», – легендарная фраза, якая характарызуе гульца.

Але нават калі на секундачку забыцца пра футбол, то у Андрэа адзін з самых стыльных акаўнтаў у футбольным Instagram. Хіба гэта фота не твор мастацтва?

5. Ікер Касільяс

Галкіпер зборнай Іспаніі – адна з галоўных прычын, чаму каталонцы і мадрыдцы, якія гатовыя былі забіваць адзін аднаго ў вочных двубоях, станавіліся маналітам у матчах за зборную. Часам яму нават прылятала за празмернае сяброўства з Хаві і Пуёлем. Нават канфлікт з Маўрынью і даволі скандальны пераход у «Порту» не азмрочыў вялікай кар'еры.

Паказнікам усеагульнай любвi стаў 2019-ы, калі 38-гадовага кіпера павезлі прама з трэнінга «Порту» з інфарктам міякарда. Тады ўвесь футбольны свет яшчэ раз успомніў, якую легендарную асобу мог страціць. Падтрымку гульцу выказала «Барселона», «Ліверпуль», Альвара Арбелоа, з якім у яго былі напружаныя адносіны, «Спортынг», вядома, «Рэал».

Пацалунак з Сарай Карбонера на ЧС-2010 стаў адным з галоўных хайлайтаў турніру. Хоць пара і разышлася, але яны разам перажылі інфаркт Ікера і рак Сары, які дыягнаставалі на ранняй стадыі.

4. Раналдыньё

Праймавы Роні гульбаніў не менш, чым Неймар або Адрыяна, трапляў у турму ў Парагваі, а пра яго оргіi хадзілі легенды. Іспанская прэса нават пісала, што ён зрабіў прапанову двум жанчынам адначасова, а яны былі не супраць дзяліць аднаго мужчыну. Кагосьці іншага ўжо б даўно назвалі ідыётам, але Раналдыньё сваёй Joga Bonita прымусіў прабачаць яму ўсё. Апладысменты на «Бернабеу» дорага каштуюць.

Відэа з трапленнямі ў перакладзіну сталі адным з першых спартыўных хітоў у гісторыі Ютуба, а бразілец стаў любімым гульцом пакалення. Ён атрымліваў задавальненне ад футбола і дарыў яго астатнім: «Я не шкадую пра мінулае. Не думаю, што ў мяне была б больш паспяховая і лепшая кар'ера, калі б я не хадзіў на вечарынкі. Я ні пра што не шкадую і ўсім задаволены. Мне пашанцавала, што Бог даў мне так шмат, і я лічу сябе шчасліўчыкам.

Калі мне прыводзяць прыклад Раналду, я адказваю, што футбаліст павінен быць шчаслівым, каб добра гуляць. І кожны сам выбірае, у чым яго шчасце».

Неймар нават пакланіўся Раналдыньё падчас адной з іх вочных сустрэч у чэмпіянаце Бразіліі.

3. Андрэс Іньеста

«Ці турбуе мяне тое, што я не выйграў «Залаты мяч»? Не, не турбуе. Я лічу, што павага важнейшая за «Залаты мяч», – заявіў Ін'еста, калі сыходзіў з «Барсы». І сапраўды, павагі ў яго заўсёды хапала. Знакамітае прысвячэнне Дані Харке пасля гола ў вароты Нідэрландаў на некаторы час нават прымірыла «Барсу» і «Эспаньёл». Іньесце тады апладзіравалі на ўсіх стадыёнах Іспаніі.

«Прабач нас, Андрэс», – напісаў галоўны рэдактар «Франс футбола». «Калі ў свеце ёсць гулец, які рэзюмуе ўсю гульню, гэта Андрэс. Для мяне Андрэс – гэта футбол. Любая спроба звесці цяжкае паняцце да нечага аднаго вядзе да несправядлівасці і недаказанасці, але калі рабіць гэты трук з футболам, то ў мяне будзе толькі адзін адказ: Андрэс Іньеста гэта і ёсць футбол. На самай справе Андрэс Іньеста – гульня, якая нават некалькі большая за футбол», – словы цяперашняга памочніка і настаўніка Гвардыёлы Хуанма Лільё.

«Андрэс – чараўнік. Гэтым ён адрозніваецца ад любога іншага футбаліста. Ён вызначыў цэлую эпоху «Барселоны» і зборнай Іспаніі», – а гэта ўжо Серхіа Рамас. І такія оды ад супернікаў можна ўспамінаць цэлую вечнасць. Іньеста не проста тварыў, мы ніколі не бачылі ад яго сімуляцыю або ціску на арбітра, чым маглі грашыць іншыя лідары «Барсы» Пепа.

Магчыма, лепш за ўсё пра яго сказаў Цьеры Анры: «Нешта мяне заўсёды ўражвала ў ім. Калі ён пройдзе перад табой у шапцы, ты яго нават не пазнаеш. Ён ніколі не прагне ўвагі. Але варта даць яму мяч – ён ператвараецца ў Супермэна».

2. Дэвід Бекхэм

Ангiчанiн ужо даўно выйшаў за межы футбола, АПЛ, «МЮ» або «Рэала», ён стаў вобразам сам па сабе. Поспех нядаўняга дакументальнага фільма Netflix яшчэ раз даказаў гэта.

Яго ўжо даўно любяць безадносна футбола, а яго вар'яцкія радыёкіраваныя навесы на галаву Эндзі Коўлу ужо мала хто ўзгадае. Ён -- зʼява. Дэвід можа пажартаваць з Джэймсам Кордэнам над сваёй культавай рэкламай ніжняй бялізны, прыйсці на шоў Элен Дэджанэрс і разбіць яйка на галаве Джымі Фэлана.

Крыш і Месі могуць мець больш падпіснікаў у сацыяльных сетках, але ці будуць яны такімі ж знакавымі пасля заканчэння футбола?

1. Н'гало Кантэ

Француз дакладна мог бы атрымаць перамогу ў намінацыі «самая сціплая зорка сусветнага футбола»

Усе выдатна памятаюць гісторыі, як ён саромеўся фатаграфавацца з Кубкам свету, пакуль партнёры яму яго не перадалі, пра тое, што гулец доўгі час ездзіў на «Міні Куперы», не купляючы дарагіх аўто, адмаўляўся атрымліваць заробак праз афшоры, і што ўвогуле можа прыйсці на вяселле да проста фанату або заначаваць у заўзятараў, шукаючы мячэць.

«Мая віна, што не ўмею казаць ні пра сябе, ні пра сваіх блізкіх, а добрая гэта якасць ці дрэннае – вырашаць вам», – казаў пра сваю сціпласць Н'гало. Адзін з першых трэнераў гульца казаў, што нягледзячы на сціпласць, вакол Кантэ заўсёды збіраецца распранальня. Калі вы не падпявалі знакамітаму чанту пра Кантэ, то ў вас няма сэрца.

Фота: Global Look Press/Shaun Boggust//SVEN SIMON, Irina R. Hipolito/Global Look Press

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты