Tribuna/Авто/мото/Блоги/Гоначная псіхапатыя НЕ ВАЙНЕ!/Драмы Куартарара і Мілера, гол прэстыжу ад Рынса і Suzuki і іншыя шматлікія падзеі Гран Пры Аўстраліі

Драмы Куартарара і Мілера, гол прэстыжу ад Рынса і Suzuki і іншыя шматлікія падзеі Гран Пры Аўстраліі

Эх, пандэмія, што ж ты, подлая, нарабіла! На два гады пазбавіла нас трасы Філіп Айлэнд на аўстралійскай выспе Філіпа. Яна заўсёды ўпрыгожвала чэмпіянат MotoGP і нарэшце зрабіла гэта ізноў у мінулыя выхадныя.

17 октября 2022, 17:43
Драмы Куартарара і Мілера, гол прэстыжу ад Рынса і Suzuki і іншыя шматлікія падзеі Гран Пры Аўстраліі

Фота: motogp.com

Эх, пандэмія, што ж ты, подлая, нарабіла! На два гады пазбавіла нас трасы Філіп Айлэнд на аўстралійскай выспе Філіпа. Яна заўсёды ўпрыгожвала чэмпіянат MotoGP і нарэшце зрабіла гэта ізноў у мінулыя выхадныя.

Расійскія фашысты працягваюць сваю злачынную вайну з Украінай. Сёння Кіеў і іншыя ўкраінскія гарады былі ізноў атакаваныя іранскімі дронамі-камікадзэ, ад якіх загінулі мірныя жыхары. Імаверна, запускалі машыны смерці і з тэрыторыі Беларусі, якую тутэйшы дыктатар аддаў свайму расійскаму гаспадару.

Крытычна важным будзе не даць збегчы яму ад адказнасці, калі Узброеныя сілы Украіны разбяруцца з галоўнай пагрозай. Здраднік беларускага народа цяпер катуе яго і дапамагае катаваць украінскі. Яго кракадзілавыя слёзы, якія ён абавязкова будзе ліць у будучыні, не павінны нікога падманваць.

Вольная і незалежная Беларусь патрэбна ўсяму свету не меней, чым вольная і незалежная Украіна. Задача ўсяго свету зараз у тым, каб дапамагчы двум народам у іх нацыянальна-вызваленчай барацьбе з саўковай імперыяй. Украінцы і беларусы даўно даказалі сваю належнасць да еўрапейскай сям’і і годнасць ёй. Слава Україні! Героям Слава! Верым! Можам! Пераможам! Жыве Беларусь!

Адным з заўважных памочнікаў Украіны ў яе змаганні з расійка-фашыскімі захопнікамі з’яўляецца далёкая Аўстралія, якую многія з нас успамінаюць не надта часта. Ну, хіба што акрамя гоначных аглядальнікаў, якім вядомыя славутыя аўта- мотаспартыўныя традыцыі гэтай краіны. Аўстралійскіх гоншчыкаў было і ёсць шмат ва ўсіх катэгорыях, дый трасамі яе лёс не абдзяліў.

Філіп Айлэнд – адна з іх, і чэмпіянат MotoGP, як і Формула 1 вясной да Альберт Парку ў Мельбурне, даехала пасля 2019 года толькі ў гэтым. І калі б кожная з тых, што не адбыліся ў 2020-м і 2021-м, была такой, як учарашняя, то і ўсе мінулы і пазамінулы сезоны былі б зусім іншымі.

Цікавым гэты этап быў яшчэ да свайго пачатку, бо два галоўныя прэтэндэнты на чэмпіёнскі тытул – яго пакуль што дзейсны ўладальнік з Monster Energy Yamaha MotoGP Фабіа Куартарара і яго канкурэнт з Ducati Lenovo Team Франчэска Баньяя ў чэмпіянаце ідуць практычна ўшчыльную. Праз няўдачу француза на папярэднім этапе ў Тайландзе, прычынай якой, па яго ўласным прызнанні, была памылка з ціскам у шынах у складаных надворных умовах, італьянец скараціў сваё адставанне ад яго да двух ачкоў.

Сезон фактычна пачаўся нанова, але Эль Д’ябла і Пэка нібы абмяняліся ролямі, і цяпер збірае няўдачы і памыляецца Фабіа, якому шанцавала амаль усю першую палову сезона. Пры гэтым шанцы адыграцца ў Аўстраліі ў яго былі, і кваліфікаваўся ён нядрэнна – чацвёртым. Так, Баньяя ўсё роўна быў вышэй, але ўсяго толькі на адну пазіцыю.

Пры гэтым на старце італьянец не толькі не апярэдзіў шасціразовага чэмпіёна прэм’ер-катэгорыі з Repsol Honda Team Марка Маркеса, які стартаваў другім, і ўладальніка поўлу з Prima Pramac Racing Хорхе Марціна, а наадварот, адкаціўся крыху назад. Праўда, амаль адразу Франчэска адыграўся і вярнуўся ў першую тройку. І хаця ўгнацца за Марцінам і Маркесам у яго спачатку не надта атрымлівалася, яго праблемы не ішлі не ў якое параўнанне з тымі, з якімі сутыкнуўся яго канкурэнт па чэмпіянаце.

Куартарара таксама стартаваў не бліскуча, адразу адкаціўшыся на сёмую пазіцыю. А на чацвёртым кругу праз памылку на тармажэнні перад паваротам Мілера Фабіа наогул праваліўся на дваццаць другую пазіцыю. Але і гэта выглядала для яго белай паласой на фоне падзення ў павароце Southern Loop на адзінаццатым кругу, на якім удзел Куартарара ў гонцы на Філіп Айлэндзе скончыўся.

Прэтэндэнтам на перамогу на Гран Пры Аўстраліі быў і той, для каго ён хатні і ў чый гонар адзін з паваротаў Філіп Айлэнда і названы. Напарнік Баньяі па завадской Ducati Джэк Мілер стартаваў восьмым, але на першых кругах быў ці не самым хуткім на трасе, і на пятым кругу ўжо насядаў на Пэка ў спрэчцы за трэцюю пазіцыю.

На дзявятым кругу, праўда, ён дзве пазіцыі страціў, прапусціўшы наперад гоншчыка Aprilia Racing Алейша Эспаргара і маладога італьянца з Mooney VR46 Racing Team Марка Безэкі, толькі і ў яго выпадку гэта была белая паласа. Тым больш крыўдна, што самога сябе Джэку вінаваціць няма ў чым, бо ён сам пацярпеў ад памылкі малодшага брата Марка Маркеса Алекса, які выступае за LCR Honda Castrol.

Іспанец урэзаўся ў аўстралійца ззаду ўсяго на тым жа самым дзявятым кругу, усяго праз два павароты пасля названага ў гонар Джэка. Гонка на гэтым скончылася для іх абодвух, і хаця абышлося без фізічных траўм, маральныя аказаліся надзвычай балючымі, асабліва для Мілера. Да гонару Алекса Маркеса, ён прыйшоў у боксы Ducati, каб папрасіць прабачэння за сваю прыкрую неасцярожнасць.

Пасля таго, як напарнік выбыў, ініцыятыву паспрабаваў перахапіць Баньяя. На пятнаццатым кругу ў павароце імя Міка Дуэна, яшчэ аднаго славутага аўстралійскага мотагоншчыка, пяціразовага чэмпіёна MotoGP, Франчэска абагнаў… Алекса Рынса! Гоншчык Team Suzuki Ecstar стартаваў толькі дзясятым, але за першыя кругі праціснуўся да Топ-3.

Пры гэтым група лідараў складалася гэтым разам значна болей, чым з трох гоншчыкаў. Барацьба за перамогу і подыум Гран Пры Аўстраліі заслугоўвае цэлай кнігі. На пятнаццатым кругу, напрыклад, Баньяя абагнаў Рынса ў павароце Мілера, а Маркес – у павароце Дуэна. Франчэска пры гэтым захапіў лідарства, бо Марцін кругам раней дапусціў памылку і адкаціўся на пятую пазіцыю.

Рынс у сваю чаргу суайчынніка з Хонды паспяхова контратакаваў акурат праз два кругі. Пры гэтым на васямнаццатым кругу Марка Маркеса абагнаў быў і Марцін, які сам страціў лідарства, памыліўшыся чатырма кругамі раней. Да іх барацьбы за ніжнюю ступень подыуму потым далучыўся і Безэкі, разам з якім Баньяя на дваццаць першым кругу абагнаў Рынса ў павароце Southern Loop, а Маркеса – у павароце Мілера.

Аднак ужо праз круг Рынс ізноў паспяхова атакаваў Марка, на гэты раз у павароце імя двухразовага чэмпіёна MotoGP Кэйсі Стоўнэра. Яшчэ праз тры кругі ён абагнаў і Безэкі, якога, разабраўшыся з Марцінам, хутка апярэдзіў і Маркес. Марк ў сваю чаргу на дваццаць шостым і перадапошнім кругу пакінуў ззаду Рынса, але той адказаў у павароце Стоўнэра і вярнуўся на другую пазіцыю.

Баньяю іспанцы атакавалі ўжо ўдвух на апошнім кругу ў Southern Loop. Атрымалася гэта ў абодвух, у выніку чаго Рынс атрымаў перамогу, заадно падарыўшы яе камандзе Suzuki ў яе апошнім сезоне ў MotoGP. Маркес заняў другое месца, Баньяя задаволіўся трэцім. І проста для разумення шчыльнасці барацьбы: першая сямёрка на фінішы, якую замкнуў Марцін, умясцілася ў межах 0,9 секунды.

Сказаўшы, што Баньяя трэцім месцам задаволіўся, я не схлусіў, таму што з улікам чарговай няўдачы Куартарара менавіта Франчэска цяпер узначальвае чэмпіянат з 233 ачкамі, на чатырнаццаць апярэджваючы Фабіа, які апусціўся на другую пазіцыю. Трэцюю па-ранейшаму займае Алейш Эспаргара, які на Філіп Айлэндзе фінішаваў дзявятым і мае 206 ачкоў. Ducati Lenovo Team узначальвае камандны залік, маючы 412 балаў. Aprilia Racing займае другую пазіцыю з 328 ачкамі, калектыў Red Bull KTM Factory Racing, у якога 295 ачкоў, замыкае першую тройку.

Да канца чэмпіянату застаецца ўсяго два этапы, і на абодвух абавязкова будзе горача незалежна ад надвор’я. Прычым бліжэйшы – таксама доўгачаканы Гран Пры Малайзіі на трасе Сепанг – пройдзе ўжо ў бліжэйшы ўік-энд.

Другие посты блога

Все посты