Tribuna/Футбол/Блогі/10 найлепшых песень у гісторыі ЧС: мегахіты Шакіры, самалійскі рэп і легендарны трэк Рыкі Марціна

10 найлепшых песень у гісторыі ЧС: мегахіты Шакіры, самалійскі рэп і легендарны трэк Рыкі Марціна

Што з гэтага ў вашым плэйлісце?

28 лістапада 2022, 17:36
1
10 найлепшых песень у гісторыі ЧС: мегахіты Шакіры, самалійскі рэп і легендарны трэк Рыкі Марціна

Вельмі часта песні, якія прадстаўлялі як афіцыйныя або неафіцыйныя гімны чэмпіянатаў свету па футболе, станавіліся хітамі. Мы сабралі свой хіт-парад такіх трэкаў.

Першымі афіцыйны гімн свайго чэмпіянату прадставілі італьянцы ў 1990 годзе, хоць спробы выдаць песню да ЧС пачаліся значна раней. У 1962-м у Чылі выйшаў трэк «El Rock del Mundial», які можна лічыць дэбютнай песняй, якая была спецыяльна напісаная для сусветных футбольных форумаў. Добры рок-н-рол, цалкам у стылі вясёлых 60-х. У 1978 годзе для Кубка свету ў Аргенціне музыку напісаў сам маэстра Эніа Марыконэ, хоць над назвай вырашылі не затлумляцца – трэк называецца «El Mundial». Ён з'яўляецца тыповай інструментальнай кампазіцыяй майстра. Праз чатыры гады іспанцы прыцягнулі сваю суперзорку – Пласіда Дамінга, які выканаў песню пад назвай ... таксама «El Mundial».

Але ў наш топ трапілі пераважна песні з чэмпіянатаў ад 90-х гадоў. Хоць там усё ж знайшлося месца для аднаго суперхіта з канца 70-х.

10. Anastacia, «Boom», 2002 год

У пачатку нулявых амерыканская поп-дзіва была на піку папулярнасці, хоць у 2002-м спявачку яшчэ складана было назваць зоркай першага эшалона. Галоўны хіт яе жыцця «Left Outside Alone» выйшаў толькі праз два гады. Трэк «Boom», напісаны спецыяльна да ЧС у Японіі і Карэі, хоць і не стаў сусветным суперхітом, але ўвайшоў у топ-10 некалькіх еўрапейскіх чартаў. Кампазіцыя атрымалася даволі драйвовай, а спецыфічны тэмбр спявачкі дадаў трэку разыначкі.

Амерыканка выканала яго на стадыёне перад фіналам, у якім Раналда з легендарнай прычоскай двойчы забіваў у вароты Олівера Кана.

9. Pitbull featuring Jennifer Lopez and Claudia Leitte, «We Are One (Ole Ola)», 2014 год

Афіцыйная песня чэмпіянату свету ў Бразіліі была напісаная амерыканскім рэперам Пітбулем. У якасці запрошанай зоркі выступіла Джэніфер Лопес. У запісе прыняла ўдзел бразільскі гурт «Олодум», што дадало традыцыйных барабанаў, тых самых, якія выкарыстаў Майкл Джэксан у сваім трэку «They don't Care About Us». Таксама да запісу песні прыцягнулі бразільскую спявачку Клаўдыю Лейтэ.

Песня хоць і стала камерцыйна паспяховай, а зараз мае 867 млн праглядаў на Ютубе, але падвергнулася крытыцы з боку бразільцаў праз тое, што ў ёй недастаткова прадстаўлены традыцыйныя бразільскія музычныя матывы.

8. Bob Sinclair, «Love Generation», 2006 год

У 2005 годзе французскі дыджэй Боб Сынклэрам выпусціў хіт «Love generation», які адразу ж заваяваў танцпляцы Еўропы і Аўстраліі. Француз узяў сабе псеўданім у гонар галоўнага героя фільма «Надзвычайны» з Жанам-Полем Бельмандо і стаў сапраўднай суперзоркай танцавальнай сцэны ў сярэдзіне 2000-х. Не дзіўна, што арганізатары ЧС у Германіі звярнулі ўвагу на яго светлую і энергічную кампазіцыю, таму прапанавалі зняць відэаверсію пад ЧС.

У дзень лёсавання чэмпіянату 9 снежня 2005 года, выйшаў кліп з маскотам спаборніцтваў – львом Галеа. Зараз відэа мае 150 млн праглядаў на ютубе.

7. Sakira feat Wyclef Jean, «Hips Don't Lie», 2006 год

Шакіра нібы створана для таго, каб запісваць трэкі пад ЧС па футболе. Яна рабіла гэта яшчэ задоўга да знаёмства з Жэрарам Піке. Упершыню яе песня стала неафіцыйным гімнам чэмпіянату ў 2006 годзе. Трэку дапамог адбыцца выпадак. Вайлеф Жан як раз задумаў вярнуць да жыцця легендарнае трыа 90-х The Fugees. Меламаны дакладна памятаюць гэты хіп-хоп гурт праз кавер на песню «Killing Me Softly» і бэнгер «Ready or Not». Хоць рэінкарнацыі гурта не атрымалася, але Вайлеф вырашыў, што песня «Lips Don't Lie» («Вусны не хлусяць») ідэальна пасавала Шакіры.

У версіі калумбійкі вусны ператварыліся ў сцёгны, а трэк пад назвай «Hips Don't Lie» стаў сусветным хітом. Шакіра і Жан выканалі яго на стадыёне ў Берліне перад фіналам паміж Францыяй і Італіяй. Зараз на афіцыйным відэа больш за мільярд праглядаў.

6. K’Naan, «Wavin’ Flag», 2010 год

Самалійска-канадскі рэпер K'naan упершыню стаў вядомым футбольным заўзятарам у 2006 годзе, калі яго песню «Soobax» абралі адным з саўндтрэкаў да гульні FIFA 2006. У 2009-м ён выпусціў трэк «Wavin’ Flag», які стаў адным з гімнаў ЧС-2010 у Паўднёва-Афрыканскай рэспубліцы. Цікава, што адным з прадзюсараў трэка выступіў вядомы выканаўца Бруна Марс.

Coca-Cola абрала песню для рэкламнай кампаніі чэмпіянату свету, але супрацоўніцтва атрымалася настолькі ўдалым, што яна да гэтага часу многімі ўспрымаецца, як адзін з афіцыйных гімнаў турніру. Рэліз стаў тройчы плацінавым у Канадзе, а ў амерыканскім хіт-парадзе Billboard дабраўся да 82-й пазіцыі.

5. Shakira featuring Carlinhos Brown, «La La La», 2014 год

Адным з галоўных бэнгераў таго года стала песня, напісаная спецыяльна для чэмпіянату свету ў Бразіліі. На ютубе трэк мае 1,2 млрд праслухоўванняў, а ў кліпе зняліся Леа Месі, Неймар, Сеск Фабрэгас, Эрык Абідаль, Хамес Радрыгес, Радамель Фалькаа, тады яшчэ муж Шакіры Жэрар Піке і іх агульны сын Мілан.

Хоць менавіта гэтая песня не была прадстаўлена як афіцыйны гімн чэмпіянату ў Бразіліі, але, без сумневу, яна была самым паспяховым трэкам таго чэмпіянату. Ды і ў многіх асацыюецца менавіта з ім. Да стварэння кампазіцыі далучыўся самы вядомы сонграйтер сучаснасці Макс Марцін, які працаваў з кучай зорак (калі вы да гэтага часу не чулі пра яго, то загугліце, адкрыеце для сябе шмат новага).

4. Queen, «We are the champions», 1994 год

Дамовімся: «We are the champions» – дакладна самая моцная песня, якая калі-небудзь была напісана пад уплывам спорту, але не ў кантэксце ЧС па футболе. У 1994 годзе амерыканцы трошкі зчыцерылі, калі прызначылі стадыённы хіт Queen адным з гімнаў ЧС, бо яна была створана для ўласных фанатаў, а ўжо потым стала кананічным футбольным гімнам.

Сама песня была напісана ў далёкім 1977 годзе пад уплывам футбола. Пасля канцэрту ў Бірмінгеме фаны Queen выклікалі на біс сваіх улюбёнцаў выкананнем знакамітай «You'll Never Walk Alone». Мэрк'юры і Мэй вырашылі таксама напісаць песні, якія можна было б выконваць на стадыёнах і якія магла б зацягваць публіка. Так паўстала «We will rock you» ад Дэвіда Мэя і «We are the champions» ад Фрэдзі. Цяпер ужо немагчыма ўявіць любы фінал без гэтай легендарнай кампазіцыі.

3. Dario G, «Carnaval de Paris», 1998 год

Для многіх гэты трэк асацыюецца з Лігай чэмпіёнаў, бо доўгі час яго выкарыстоўваў у сваёй рэкламнай кампаніі Ford менавіта перад матчамі ЛЧ, аднак напісаны ён быў спецыяльна для чэмпіянату свету па футболе ў Францыі. Адна з самых вядомых футбольных мелодый таксама ўзнікла зусім выпадкова.

Англійскі клуб «Шэфілд Уэнсдэй» у 1996 годзе гуляў перадсезонныя паядынкі ў Нідэрландах, дзе яго заўзятары пачулі ад фанаў «Утрэхта» цікавы чант. Аказалася, што гэта перапеў класічнай амерыканскай балады «Oh My Darling, Clementine», якую выконвалі яшчэ ў канцы XIX стагоддзя. Сама мелодыя, хутчэй за ўсё, мае іспанскае Паходжанне, а прынеслі яе ў Каліфорнію мексіканскія шахцёры.

Як бы там ні было, але ў выкананні фанаў «Шэфілда» песня заваявала папулярнасць у Англіі. Яе пачалі выконваць заўзятары іншых клубаў і нават іншых відаў спорту. У 1998 годзе брытанскае трыа Dario G выпусціла сваю версію трэка пад назвай «Carnaval de Paris». З тых часоў мелодыя непарыўна асацыюецца з футболам і з'яўляецца адным з самых вядомых гімнаў ЧС у гісторыі, а фанаты зборнай ЗША выкарыстоўвалі песню ў сваім першым матчы пасля тэрактаў 11 верасня.

2. Shakira, «Waka Waka», 2010 год

Найлепшы прыклад запланаванага хіта пад ЧС па футболе. Шакіра напісала песню «Waka Waka» («Давай, давай») спецыяльна да афрыканскага чэмпіянату з улікам мясцовага каларыту і свайго фірмовага вайбу. Песня стала сусветным суперхітом і паўплывала на асабістае жыццё спявачкі, бо на здымках кліпа яна пазнаёмілася з Жэрарам Піке.

У кліпе, акрамя рэтра-кадраў і зорак футбола, прыцягвае да сябе ўвагу харэаграфія, якая таксама закруцілася па ўсім свеце. Рухі для Шакіры прыдумала не хто-небудзь, а Надзін Рафін – вядомая танцорка, якая ставіла танцы ў фільме «Крок наперад» і ў кліпах сусветных знакамітасцяў. Песня знішчыла хіт-парады ў 2010 годзе, асабліва гэта тычыцца іспанамоўных краін, дзе трэк знаходзіўся на вяршыні тыднямі. На момант выхаду гэта быў самы камерцыйна паспяховы гімн у гісторыі ЧС. Зараз відэа кампазіцыі мае 3,3 млрд праглядаў на ютубе.

1. Ricky Martin, «Copa de la vida», 1998 год

Першая песня для ЧС па футболе, якая стала хітом ва ўсім свеце, а таксама зрабіла з пуэртарыканца Рыкі Марціна сапраўдны поп-ідалам. Велізарная роля ў поспеху песні належыць прадзюсару і сонграйтеру Дэзманду Чайлду. У свой час менавіта ён быў суаўтарам знакамітага хіта Kiss «I was made for lovin you baby». Чалавек, які пісаў рок-хіты для Kiss, Scorpions, Aerosmith, Bon Jovi, раптам перайшоў у поп-музыку. Шлях ад Эліса Купера да Селены Гомес уражвае, але ўсё пачалося з двух бэнгераў Рыкі Марціна. Спачатку выйшла «Copa de la vida» («Кубак жыцця»), а затым знакамітая «Livin’ la Vida Loca».

Просценькі прыпеў «Here we go! Ole-Ole-Ole!» падхапілі ва ўсім свеце. Акрамя таго, песня шмат у чым сфармавала трэнд на лацінаамерыканскую музыку, таму хто ведае, ці пачулі б мы «Waka Waka», калі б не песня Рыкі Марціна.

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты