Tribuna/Футбол/Блогі/«Барса» пераязджае на 100-гадовы стадыён з бегавымі дарожкамі. Там дэбютаваў Месі

«Барса» пераязджае на 100-гадовы стадыён з бегавымі дарожкамі. Там дэбютаваў Месі

«Камп Ноў» ідзе на рэканструкцыю.

2 чэрвеня, 03:48
«Барса» пераязджае на 100-гадовы стадыён з бегавымі дарожкамі. Там дэбютаваў Месі

У апошнія выходныя траўня «Барселона» развіталася адразу з трыма клубнымі легендамі – Серхіа Бускетсам, Жордзі Альбам і «Камп Ноў». Гульцы завяршалі свае выступы ў клубе, а на стадыён чакаюць рамонтныя працы, праз якія ён не зможа прымаць футбольныя матчы як мінімум адзін сезон (гэта па дужа аптымістычнаму сцэнару).

Рэканструкцыя хатняй арэны каталонцаў стане цэнтральнай падзеяй у праекце пад назвай Espai Barça. У рамках яго будзе праведзена не толькі абнаўленне стадыёну, але і будаўніцтва новых інфраструктурных аб'ектаў, а таксама мадэрнізацыя прылеглай да стадыёну тэрыторыі. Па задуме – новы помнік (так, гэта напэўна будзе помніць) сталіцы Каталоніі павінен стаць не толькі сучасным і тэхналагічным, але і экалагічным. Кошт праекту – 1,5 млрд еўра. І гэта яшчэ ўдалося заашчадзіць - знайсці турэцкіх падрадчыкаў, якія папрасілі значна менш, чым дасведчаныя і вядомыя кампаніі.

Чакаецца, што «Барселона» вернецца на абноўлены стадыён ужо ў сезоне 2024/25. Спачатку прэзідэнт клубу Жаан Лапорта заяўляў, што каманда згуляе першы матч пасля рэканструкцыі ў дзень 125-годдзя клубу – 29 лістапада 2024 года. Але без публічнага аб'яўлення тэрміны нязначна ссунуліся. На святкаванні чэмпіёнства Лапорта заявіў: «Пасля нашага вяртання ў снежні 2024 года, пры адсутнасці непрадбачаных абставін, у нас будзе найлепшы стадыён у свеце».

Заўзятары ўжо жартуюць: «Спадзяюся, будаўніцтва не займе столькі ж часу, як будаўніцтва Саграды Фаміліі». Храм пачалі ўзводзіць яшчэ ў 1882 годзе – работы трываюць да сёння.

Аднак нават такі прагноз ад Жаана здаецца аптымістычным. Выбар турэцкай кампаніі Limak падрадчыкам суправаджаўся інсайдамі, што яны выйгралі тэндар з парушэннем правіл. Выданне The Athletic пагаварыла з экспертамі, якія сумняюцца ў здольнасці Limak своечасова і якасна скончыць аб'ект, а таксама намякнулі, што, магчыма, кіраўніцтва каталонскага клубу проста пастанавіла сабе за мэту сэканоміць. Але гэта гісторыя для асобнага тэксту.

Сёння ж распавядзем пра стадыён «Эстадзі Алімпік Луіс Кумпаньш». Альбо «Эстадзі дэ Монтжуік». Альбо проста – Алімпійскі з Барселоны. Бо менавіта на ім сіне-гранатавыя будуць гуляць у наступным сезоне.

Падрыхтоўка арэны будзе каштаваць мінімум 15 млн еўра, заўзятары не спяшаюцца раскупляць абанементы

56-тысячны стадыён знаходзіцца ўсяго ў 5 км ад «Камп Ноу», што, здавалася б, нічога кардынальна не мяняе для заўзятараў «Барсы». Аднак ёсць адзін важны нюанс – стадыён размешчаны на ўзгорку Монтжуік, а бліжэйшая паркоўка знаходзіцца на прыстойнай адлегласці ад арэны, таму фанатам давядзецца прайсціся, каб патрапіць на трыбуны. Каб аблегчыць працэс прыбыцця на хатнія матчы «Барсы», клуб у супрацы з гарадскімі ўладамі запусціць некалькі маршрутных аўтобусаў. Таксама можна скарыстацца фунікулёрам і эскалатарамі. Але гэта пакуль не вельмі дапамагае – перадпродаж абанементаў на наступны сезоне ідзе з такім рыпам, што клубу прыйшлося пайсці на 50% зніжкі.

Цікава, што падрыхтоўка каталонскага Алімпійскага таксама нятанна абыдзецца клубу. Паводле папярэдніх ацэнак – каля 15-20 млн еўра будзе патрачана на тое, каб арэна змагла прымаць гульні Ла Лігі і Лігі чэмпіёнаў. Працы па абнаўленні пачаліся яшчэ ў снежні мінулага года. Ужо завяршыліся мантажныя працы па размяшчэнні экрана, у працэсе – замена травянога пакрыцця, сістэм дрэнажу, распранальняў, зоны для журналістаў. І яшчэ багата іншага – бо арэна шмат гадоў не прымала футбольныя матчы з такой рэгулярнасцю, з якой яна будзе павінна рабіць гэта ўжо зусім хутка.

Дарэчы, журналіст выдання As Хаві Мігель паведаміў, што разглядаецца варыянт на выпадак, калі не ўдасца завяршыць падрыхтоўку стадыёна да пачатку сезона (12 жніўня). Клуб тады папросіць лігу паставіць на некалькі стартавых тураў выключна выязныя матчы.

Нягледзячы на скептыцызм мясцовых заўзятараў, у факце сезоннага пераезду на новую арэну можна знайсці добрыя бакі. Паглядзіце, як выглядае гэты стадыён. Ёсць у ім нешта, што пераносіць у мінулае.

З узгорка, на якім стаіць стадыён, абстрэльвалі горад, а зборная Андоры праводзіла тут дамашнія матчы

Ну і давайце раскажам вам некалькі цікавых фактаў.

🟢 Стадыёну пад сотню гадоў. Яго збудавалі ў 1927 годзе, ён быў цэнтральным аб'ектам заяўкі Барселоны на правядзенне Алімпійскіх гульняў 1936 года. Каталонцы саступілі Берліну, аднак у нейкі момант МАК пачаў разглядаць варыянт пераносу спаборніцтваў у Каталонію. Але ўсе спадзяванні былі сцёртыя грамадзянскай вайной.

🟢 Сваю цяперашнюю ёмістасць (55 926 гледачы) арэна атрымала пры падрыхтоўцы да АГ-1992. Цяпер стадыён уваходзіць у шасцёрку самых вялікіх у краіне.

🟢 Поўная назва – Алімпійскі стадыён імя Луіса Кумпаньша – арэна атрымала ў 2001 годзе. Кумпаньш – былы прэзідэнт Каталоніі, забіты войскамі генерала Францыска Франка ў суседнім замку Монтжуік у 1940 годзе пасля таго, як нацысты перадалі яго дыктатару.

🟢 Стадыён знаходзіцца на вышыні 177 метраў над узроўнем мора, а таксама блізка да порта. Журналісты і заўзятары, якія бывалі там, прызнаваліся, што ўнутры арэны часта бывае халаднавата.

🟢 Як ужо было сказана вышэй, стадыён размешчаны на ўзгорку, які называецца Монтжуік. У XIX стагоддзі гэтае месца выкарыстоўвалася для абстрэлу горада – урад часоў каралевы Ізабелы II даведаўся, што ў сталіцы Каталоніі пачаліся бунты, і было загадана задушыць іх. Другой кропкай, з якой адкрывалі агонь, была гара Тыбідаба – прывітанне фанатам серыяла «Сябры».

🟢 З 1997-га па 2009-ы Алімпійскі стадыён быў хатнім для іншага мясцовага клуба – «Эспаньола». Заўзятары бела-сініх вельмі ўзрадаваліся, калі была збудавана іх новая арэна «Карнэлля-Эль Прат». Ім вельмі не падабаўся той факт, што на Алімпійскім былі бегавыя дарожкі. Што зробіш – такая праблема ўсіх арэн з падобнай назвай.

🟢 Менавіта тут Ліянэль Месі дэбютаваў у дарослым футболе. 16 кастрычніка 2004 года ён выйшаў замест Дэку на 82-й хвіліне дэрбі (выйгралі 1:0). Забіць не паспеў, але падарыў пабудове цікавы гістарычны факт.

🟢 Зборная Іспаніі правяла тут 8 матчаў (першы – у 1930-м, апошні – у 2004-м), але тройчы арэна была хатняй для зборнай Андоры (гулялі ў кваліфікацыях супраць Францыі і двойчы супраць Англіі).

🟢 У 1960-х стадыён і прылеглыя да яго тэрыторыі выкарыстоўваліся для размяшчэння бежанцаў. Пасля завяршэння грамадзянскай вайны Барселона адчула ўсплёск іміграцыі з поўдня краіны. 30 тысяч чалавек размяшчаліся на схілах, часам сушылі бялізну проста на арэне і кралі электрычнасць, падключаючыся да сетак стадыёна. Толькі напрыканцы 1970-х жыхароў перасялілі ў іншыя раёны горада.

🟢 У 2010 годзе Алімпійскі прымаў чэмпіянат Еўропы па лёгкай атлетыцы.

🟢 Арэна часта выкарыстоўваецца для канцэртаў зорак сусветнага маштабу – Maroon 5, The Rolling Stones, AC / DC, Beyonce, The Weeknd, Coldplay і іншыя.

Фота: Jacek Sopotnicki/Global Look Press, Julie Woodhouse/Global Look Press, bcncatfilmcommission, FIFA, tropter, FC Barcelona

Найлепшае ў блогах
Больш цiкавых пастоў

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты