Tribuna/Футбол/Блогі/Заставацца ў «Тотэнхэме» – cтрата часу для Кейна. Пераход у «МЮ» – самы лагічны варыянт

Заставацца ў «Тотэнхэме» – cтрата часу для Кейна. Пераход у «МЮ» – самы лагічны варыянт

Пра каго нагадвае шлях бамбардзіра.

7 траўня, 05:10
Заставацца ў «Тотэнхэме» – cтрата часу для Кейна. Пераход у «МЮ» – самы лагічны варыянт

У жніўні 2021-га Хары Кейн прапусціў некалькі трэніровак «Тотэнхэма». Англiйская прэса ўспрыняла гэта як доказ таго, што капітан клуба і зборнай патрабуе трансферу ці хаця б нейкіх зменаў. Тады нічога не адбылося, хоць «Ман Сіці», па чутках, быў гатовы выкласці 100 мільёнаў фунтаў за гульца. Сам футбаліст пасля запэўніў, што застаецца профі, а пропуск трэніровак быў выкліканы асцярожнасцю пасля вяртання з адпачынку.

На той момант у гульца заставалася 3 гады дзейнага кантракту. Цяпер – адзін. І, шчыра кажучы, для футбаліста такога ўзроўню няма ніякага сэнсу заставацца ў «Тотэнхэме». Ён аддаў гэтаму клубу ўсё што мог (і нават больш). Нямала і атрымаў, гэта таксама дакладна. Але працягваць знаходжанне тут будзе вельмі дзіўна. Вядома, Хары можа дапрацаваць кантракту, але для чаго?

Яшчэ адзін сезон прывіднай барацьбы за чацвёрку? Не бачна, каб «шпоры» мелі патэнцыял абысці ў наступным сезоне тыя пяць клубаў, што апярэджваюць іх у табліцы цяпер. Але нават калі ўявіць, што «шпоры» вернуцца ў топ-4 – ці будзе гэта дастатковай матывацыяй для Кейна, каб застацца? Ён, вядома, заб'е яшчэ два-тры дзясяткі галоў за сезон, трохі павялічыўшы свой адрыў ад усіх патэнцыйных праследавацеляў у пераліку найлепшых бамбардзіраў у гісторыі «Тотэнхэма». Але цяжка паверыць, што гульцу такога калібру не хочацца хоць бы раз у карʼеры сапраўды пазмагацца за чэмпіёнства.

Вядома, Кейн ужо быў і другім у 2017-м, і трэцім за год да і праз год пасля таго, але колькі часу ў тых сезонах «шпоры» рэальна прэтэндавалі на тытул? Нават у 2016-м, калі праваліліся наогул усе фаварыты, «Лестэр» трымаў каманду Хары на адлегласці, а тая ў канцы прымудрылася яшчэ і «Арсенал» прапусціць наперад. Тады можна было цешыць сябе думкай, што касцяк каманды яшчэ малады, набудзе вопыт і вось тады… Але канкурэнты таксама на месцы не стаялі. І таму нават у сезоне, калі «Тотэнхэм» выйшаў у фінал Лігі чэмпіёнаў, шанцаў на тытул у яго не было.

З тых часоў сітуацыя лепш не стала. Дысананс паміж узроўнем гульні, які Кейн дэманстраваў на працягу многіх гадоў, і яго трафейнымі дасягненнямі вялiкi. У рэшце рэшт, мы ж гаворым не пра яркіх, але па вялікім рахунку мясцовых героях накшталт Мэта Ле Цісье, а пра чалавека, які прэтэндуе на сапраўды гістарычныя дасягненні. Гары ўжо найлепшы бамбардзір у гісторыі «Тотэнхэма» і зборнай Англii, да аналагічнага дасягнення ў АПЛ яму засталося 52 галы.

Пытанне толькі, за якую каманду.

Бос «Тотэнхэма» Даніэль Леві ніколі не быў вядомы залішняй сентыментальнасцю. Адзін з самых жорсткіх перагаворшчыкаў АПЛ разумее, што летам будзе апошні шанц неяк зарабіць на Кейне. І нават цяпер знойдуцца жадаючыя выкласці за Хары хай не 100, але 50-60 мільёнаў дакладна. Ці будуць яны лішнімі для клуба? Не. Вядома, будзе вырашаць Леві не сам – яго часта памылкова называюць уладальнікам клуба, забываючы пра тое, што кантрольны пакет акцый «шпор» належыць зусім іншаму чалавеку – Джо Льюісу. Той у свае 86 гадоў не тое што не турбуецца пра лёс «шпор», але яго цалкам задавальняе клуб як актыў. А актывы павінны прыносіць грошы, з гэтым усё проста. І калі ўжо ў наступным сезоне амаль звыклых даходаў ад Лігі чэмпіёнаў не плануецца, то чаму б не кампенсаваць гэта дзякуючы трансферу гульца, на якога ёсць попыт?

Гісторыя не ўнікальная. Успомнiць Робіна ван Персі летам 2012-га. Галандзец забіў тады 30 галоў у АПЛ, быў прызнаны найлепшым гульцом сезону, але «Арсенал» адстаў ад другога месца на 15 ачкоў, а ад першага – на 19. Пераход у «Юнайтэд» – і ван Персі ўжо праз год прывёў каманду Алекса Фергюсана да тытула пераможцаў АПЛ.

Можна прыгадаць i трансфер Габрыэля Бацiстуты з «Фіярэнціны» у «Рому». «Ваўкі» ў сезоне-1999/00 фінішавалі толькі на радок вышэй за «фіялак» (6 супраць 7). Аргентынец у тым розыгрышы пабіў клубны рэкорд па колькасці забітых галоў, але шанцаў на тытул у Фларэнцыі проста не было. Тыя 36 мільёнаў еўра, якія выклалі тады за 31-гадовага форварда, калі ўлічваць інфляцыю, будуць нават большай сумай, чым згаданыя вышэй патэнцыйныя 50-60, што можа атрымаць «Тотэнхэм». Але, як і ў выпадку з ван Персі, трансфер прынёс маментальны вынік: «Рома» стала чэмпіёнам.

Тытулы – гэта тое, што рана ці позна пачынае хацець нават самы верны гулец. Гісторыя з вялікай выдуманай рэплікай «Дзе твой медаль АПЛ?» таму так і распаўсюдзілася, што выглядала максімальна праўдападобнай. Не толькі таму, што яе нібыта пачуў Стывен Джэрард, але і таму, што «сказаў» яе той самы ван Персі, які чакаў столькі гадоў на гэты тытул у «Арсенале».

Каманда, якая праверне трансфер Кейна летам, атрымае надзвычайны буст да вынікаў. І калі глядзець на патэнцыйных прэтэндэнтаў, то выглядае так, што самым лагічным кандыдатам выглядае той самы «Юнайтэд», які калісьці спакусіў і ван Персі. У iншых вялiкiх клубаў i так добра з форвардамi: у «Ліверпуля» ёсць Дарвін і Гакпо, у «Сіці» – Холанд і Альварэс, у «Рэала» – Бензема, у «Барселоны» – Левандоўскі (і жаданне вярнуць Месі), у «ПСЖ» – Мбапэ. Не iншых клубаў ёсць iншыя моманты, як бардак у «Чэлсi», напрыклад.

Карацей, «Манчэстэр Юнайтэд» выглядае максімальна лагічным прэтэндэнтам. Выніковасць Рэшфарда пасля сыходу Раналду – прыемны бонус, але цэнтрфорвард тут усё роўна патрэбны. Не паліятыў у выглядзе Вегарста, не чалавек, які фізічна не вытрымлівае 90 хвілін і даступны толькі паўсезоны, як Марсіяль, а хтосьці, хто гатовы даваць вынік адразу. Таму што пры ўсім таленце таго ж Рэшфарда, патэнцыяле Санча, Антані і Гарнача, мець чалавека, для якога 25+ галоў за сезон з'яўляецца нормай – гэта зусім іншая справа. Эрыксен можа нямала пра гэта расказаць партнёрам па сярэдняй лініі ў «Юнайтэд».

«Дʼяблы» маюць грошы, дастаткова моцны склад, добрага трэнера, а чаго не маюць – дык гэта тытула чэмпіёна за апошняе дзесяцiгоддзе. Так, іх могуць бянтэжыць успаміны, што пасля першага сезону той жа ван Персі пачаў гуляць горш – пасля 26 галоў у чэмпіёнскім сезоне забіў 12 і 10 у двух наступных. Але Кейн выглядае досыць універсальным гульцом, каб не баяцца спаду. Нават са стратай хуткасці, што рана ці позна адбудзецца, ён усё яшчэ застаецца класным асістэнтам. Зрэшты, нават калі ён выдасць толькі адзін класны сезон, але верне чэмпіёнства ў чырвоную частку Манчэстэру, хіба гэты тытул не будзе каштаваць таго?

Найлепшае ў блогах
Больш цiкавых пастоў

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты