Tribuna/Футбол/Блогі/Гэты беларус запаліў у папярэднім чэмпіянаце Польшчы, а ў гэтым сезоне сумуе. Але ўсё ж мае падставы для надзеі

Гэты беларус запаліў у папярэднім чэмпіянаце Польшчы, а ў гэтым сезоне сумуе. Але ўсё ж мае падставы для надзеі

Ці зможа Яўген Шыкаўка зноў узбадзёрыцца?

29 снежня, 11:08
Гэты беларус запаліў у папярэднім чэмпіянаце Польшчы, а ў гэтым сезоне сумуе. Але ўсё ж мае падставы для надзеі

У сезоне-2023/24 чэмпіянат Польшчы цікавіць беларускіх заўзятараў не толькі праз галявыя дасягненні Іллі Шкурына, але і праз выступ за «Карону» Яўгена Шыкаўкі.

Беларускі нападнік праводзіць у Кельцах ужо другі сезон, і хоць выніковасцю не ўражвае, але з’яўляецца важнай часткай каманды і ўжо прыносіў «Кароне» пункты, неабходныя ў барацьбе за выжыванне.

Калі глядзець проста на лічбы, то Шыкаўка мае 2+1 у 18 гульнях чэмпіянату пры 13 выхадах у стартавым складзе. Адзін з мячоў беларус адправіў у браму «Сталі» Іллі Шкурына, чым дапамог здабыць перамогу 3:2. Яшчэ адзін трапны ўдар прыйшоўся на пераможны матч супраць «Пушчы» (5:3), а асіст выпаў на гол, які прынёс нічыю супраць «Руху» (1:1). Усе выніковыя дзеянні Шыкаўкі выпалі на матчы супраць прамых канкурэнтаў у барацьбе за выжыванне.

Паказнік чаканых галоў нападніка складае 2.63, пры гэтым Яўген 15 разоў біў па браме - і толькі шэсць з гэтых стрэлаў прыйшліся ў створ. Па лічбах можна канстатаваць, што форвард не запальвае так, як у папярэднім сезоне, калі атрымаў званне найлепшага нападніка «Кароны», але тады першая палова выйшла нават горш, а футбаліст раскрыўся цалкам толькі на вясенняй стадыі чэмпіянату.

Першае, што звяртае ўвагу, дык гэта месца беларуса ў калектыве. Шыкаўка вельмі добра ў яго ўпісаўся, а таксама мае крэдыт даверу трэнера.

Калі Яўген не мог адзначыцца голам на працягу 848 хвілін, настаўнік «Кароны» Каміль Кузера казаў, што верыць у беларуса і пытанняў па выкананні тактычных заданняў да Шыкаўкі не мае - маўляў, трэба забіць, і ўсё будзе добра. І тут дарэчна ўспомніць папярэдні сезон, калі пасля цяжкага старту форвард нават думаў змяніць клуб, але пасля размовы менавіта з гэтым трэнерам застаўся і выдаў найлепшы легіянерскі адрэзак у кар’еры.

На сёння Шыкаўка выглядае ў «Кароне» сваім: актыўна ўдзельнічае ў камандных чэленджах, распавядае пра гэта ў сацсетках. Ну і ўзнагароду як нападніку года па выніках сезона-2022/23 не варта недаацэньваць - усё ж такі яе ўручаюць фанаты. Што гэта, як не індыкатар даверу?

Канешне, першая палова Экстракласы для Шыкаўкі выйшла нестабільнай і праблемнай, як агулам і для ўсёй «Кароны». Пасля апошніх матчаў перад зімовым перапынкам клуб апусціўся ў зону вылету, а другая палова чэмпіянату лягчэйшай не будзе, уліваючы, што за выжыванне змагаецца«Краковія», якая і па складзе, і па гульні мусіць быць у сярэдняй групе каманд.

Для самога Шыкаўкі вясенняя частка чэмпіянату можа стаць вырашальнай у пытанні легіянерскай кар'еры. На карысць беларуса, акрамя даверу Кузеры, грае таксама і нізкая канкурэнцыя за пазіцыю асноўнага форварду. Канкурэнт беларуса Адрыян Далмаў у 15 гульнях забіў тройчы і аддаў адзін асіст, што не нашмат лепей за 2+1 Шыкаўкі .

Можна дакладна сказаць, што Шыкаўка свае шансы атрымае, і ад таго, ці скарыстаецца ён імі, шмат у чым залежыць выжыванне «Кароны» ў Д1.

Найлепшае ў блогах
Больш цiкавых пастоў

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты