Tribuna/Футбол/Блогі/Куды знік кітайскі футбол: каранавірус, жорсткія ўмовы і фінансавы крызіс забілі рай для легіянераў

Куды знік кітайскі футбол: каранавірус, жорсткія ўмовы і фінансавы крызіс забілі рай для легіянераў

Урок для Саудаўскай Аравіі?

21 ліпеня, 17:32
Куды знік кітайскі футбол: каранавірус, жорсткія ўмовы і фінансавы крызіс забілі рай для легіянераў

На фоне трансфернага буму ў Саудаўскай Аравіі мімаволі ўспамінаецца іншая азіяцкая краіна, якая дзесьці дзесяць гадоў таму таксама разрывала загалоўкі навін – Кітай.

Аднак часы, калі кітайская Суперліга разрывала інфапрастору, даўно прайшлі. Цяпер пра тамтэйшы футбол успамінаюць альбо з вышэйзгаданай прывязкай, альбо са з'яўленнем новай інфармацыі пра фінансавыя праблемы «Інтэра».

З чаго ўсё пачалося? Чаму не толькі каронавірус вінаваты ў тым, што топ-футбол у Кітаі памёр, не нарадзіўшыся? Што цяпер плануе Кітайскі дыктатар Сі Цзіньпін у дачыненні да тамтэйшага футбола?

Паспрабавалі адказаць на гэтыя пытанні.

Сі вырашыў ператварыць Кітай у футбольную дзяржаву яшчэ да свайго прыходу да ўлады. Прадпрымальнікі ў спробе здабыць лаяльнасць зладзілі «бум»

У 2011-м, яшчэ за год да прыходу на пасаду генеральнага сакратара ЦК Кампартыі КНР, Сі Цзінпінь прэзентаваў уласны план рэформаў у кітайскім футболе. У адрозненне ад іншых відаў спорту, там бушаваў хаос – скандалы з дамоўнымі матчамі былі рэгулярнымі, а зборная і блізка не дасягала вяршыняў, якія ў камуністычным Кітаі лічыліся б дастатковымі. План атрымаў адпаведную амбіцыйную назву – «Вялікая кітайская футбольная мара».

У 2015-м Кампартыя КНР (гэта значыць Сі – гэтыя словы фактычна сінанімічны, як і належыць аднапартыйнай дыктатуры) апублікавала падрабязную структуру рэформы. Кароткатэрміновая мэта – «палепшыць асяроддзе» ў футболе, далей – развіццё юнацкага футбола і менеджменту, канчатковая мэта – выхад на міжнародную арэну, у прыватнасці, правядзенне футбольнага ЧС.

У аснове рэформы было «малпаванне» еўрапейскага падыходу ў кіраванні асацыяцыяй у тым ліку і футболам у цэлым – гэта значыць, клубы павінны быць камерцыйнымі, федэрацыя – юрыдычна аўтаномнай, ліга – незалежнай ад федэрацыі.

Уласна, дзесьці тады ж кітайскія прадпрымальнікі ў імкненні атрымаць лаяльнасць Сі актыўна зайшлі на футбольны рынак. Так, гэта былі не Раналду і Бензема, але Оскар, Тэйшэйра, Халк і большасць іншых з гэтага пераліку таксама не дагульваць паехалі – былі яшчэ ў росквіце сіл. Караска і Мадэст дагэтуль гуляюць у топ-лігах – мінулы сезон правялі ў «Атлетыка» і «Дортмундзе» адпаведна.

Сёння ж у Кітаі застаюцца толькі рэшткі былых легіянераў. Дзіўна, але самы дарагі гулец лігі па версіі Transfermarkt – да гэтага часу Оскар, які ўсё яшчэ выступае за «Шанхай Порт» (былы «Шанхай СІПГ»).

Як Кампартыя забіла трансферны рынак Кітая: спробы даць шанец уласнай моладзі, асцярогі масавага адтоку грошай

Ліміты на легіянераў у Азіі ніколі не былі лёгкімі, і ў Кітаі ў прыватнасці – нягледзячы на тое, што праз кучу інсайдаў можа здавацца, што і тады, і цяпер яны ідуць туды бясконцым патокам.

Уласна, тады клубы маглі заявіць да пяці легіянераў, з якіх адзін мусіў быць з краіны азіяцкай футбольнай канфедэрацыі. З іх на полі адначасова маглі знаходзіцца толькі чацвёра, з якіх адзін – азіят.

Аднак у 2017-м кітайская футбольная асацыяцыя зрабіла правілы яшчэ больш жорсткімі – у кожным асобным матчы маглі прыняць удзел не больш за тры легіянеры. Акрамя таго, асацыяцыя абавязала ўносіць у заяўку па меншай меры двух кітайцаў ва ўзросце да 23 гадоў, з якіх аднаго – у асноўным складзе.

У наступным годзе – яшчэ больш абмежаванняў: памяншэнне заяўкі з 5 легіянераў да 4, і агульная колькасць легіянераў, якія ўдзельнічаюць у матчы, не можа пераважаць колькасць кітайцаў да 23 гадоў (апошнюю норму адмянілі ўжо ў 2019-м). У заяўцы быў адменены і «слот АФК».

Гэтыя крокі былі зроблены, каб даць кітайскім гульцам, асабліва моладзі, больш гульнявой практыкі і больш хуткае развіццё.

Акрамя таго, у 2018-м быў уведзены новы «падатак на трансферы», каб спыніць масавы адток сродкаў з Кітая ў «варожую» Еўропу. Цяпер пры ажыццяўленні любога падпісання з-за мяжы даражэйшага за 7 млн долараў клуб быў абавязаны ажыццявіць ідэнтычную выплату кітайскай футбольнай асацыяцыі.

Гэтыя два фактары знізілі прывабнасць лігі ў тым ліку і для мясцовага гледача – адпаведна, наведвальнасць прасела (асабліва там, дзе рэйтынгі трымаліся на зорках). Адпаведна, і прыбыткі клубаў сталі больш сціплымі – гэта прывяло да дадатковых фінансавых праблем.

Колькасць легіянераў у лізе істотна зменьшылася – фактычна, адкацілася на дабумавы ўзровень. А далей адбыўся кавід.

Пандэмійны футбол у КНР: поўная закрытасць, падзенне бізнесаў, апошнія «гайкі» ў насычэнні Суперлігі грашыма

Каронавірус і тое, як КНР з імі змагалася, ужо самі па сабе рабілі немагчымым любое развіццё футбола. Палітыка «адсутнасці кавіда», якая прадугледжвала амаль поўную ізаляцыю насельніцтва, дазваляла праводзіць турнір толькі ў «баблах» і без гледачоў.

Але ж умовы ўезду-выезду з краіны фактычна не давалі вярнуцца ў Лігу легіянерам, якія апынуліся за мяжой, такім як Паўліньё і Андэрсан Таліска. Тыя, хто быў у Кітаі, сталі фактычна закладнікамі, седзячы ў гатэлях месяцамі. Новыя гульцы не мроілі пра Кітай, нягледзячы на грошы – зборнікаў палохалі абмежаванні на падарожжы, якія ў КНР трымаліся нашмат даўжэй, чым у астатнім свеце.

Супрацоўнікі сацыяльных службаў разносяць медыкаменты грамадзянам, Красавік 2022-га

Спонсары клубаў таксама перажывалі не найлепшыя часы. Большасць з іх былі альбо кампаніямі-забудоўшчыкамі, альбо кампаніямі па рытэйлу – і ў перыяд, калі абедзве сферы фактычна «абрынуліся», футбол стаў зусім не прыярытэтнай гісторыяй.

Акрамя таго, Суперліга сама, нягледзячы на некаторае паслабленне абмежаванняў на легіянераў, у 2021-м увяла столь заробкаў. На легіянераў агулам клуб не мог выдаткоўваць больш за 10 млн еўраў на год, і не больш за 3 млн на канкрэтнага легіянера. На спаборніцтва з топ-лігами за гульцоў можна было канчаткова забыцца.

Тады ж асацыяцыя забіла і апошні цвік у камерцыялізацыю клубаў – загадала ім прыбраць назвы спонсараў з назваў клубаў. Так «Гуанчжоу Эвергранд» стаў «Гуанчжоу», «Шанхай СІПГ» – «Шанхай Порт», «Хэбэй Чайна Форчун» – «Хэбэй» і гэтак далей. А некаторыя клубы пачалі падаць.

«Цзянсу Сунін» – самая паказальная гісторыя. Клуб, які належаў Suning Group (дагэтуль валодае «Інтэрам», асноўны профіль – рознічны гандаль), узяў чэмпіёнства-2020. Аднак праз няздольнасць утрымліваць яго фінансава ўласнікі абвясцілі пра закрыццё футбольнага праекту яшчэ да старту наступнага сезону.

Прыкладна падобны лёс у той жа час спасціг яшчэ па меншай меры два клубы з дзясяткі, якая выдаткоўвала больш за ўсё грошай у перыяд «росквіту». Некаторыя засталіся, але змянілі ролі – як «Гуанчжоу», які, урэшце, пакінуў элітны дывізіён.

Гісторыя з «Хэбэем» таксама паказальная – клубу прыйшлося закрыцца, паколькі ён праз даўгі не быў здольны пакрыць не тое што зарплату гульцоў, а рахункі за святло і ваду.

Што цяпер: былое футбольнае кіраўніцтва пад арыштам, ад Кубка Азіі-2023 і ЧС-2030 адмовіліся

У 2022-м Камуністычная партыя КНР пачала расследаванне з нагоды верагоднай карупцыі ў кітайскім футболе, якая перашкодзіла дасягненню мэтаў праграмы Сі Цзіньпіна (не, не празмерныя патрабаванні чыноўнікаў і не каронавірусныя абмежаванні, ні ў якім разе - Сі ўсё рабіў правільна).

Па выніках расследавання у красавіку гэтага года з фармулёўкай «за сур'ёзныя парушэнні закону» арыштавалі васьмярых – былога галоўнага трэнера зборнай Лі Ці, прэзідэнта асацыяцыі Чэна Хуюань, генеральнага сакратара асацыяцыі Чэна Юнліяна, яго намесніка, экс-члена рады ФІФА Ду Чжаокая, віцэ-прэзідэнта асацыяцыі Ванга Дэнфэна і былога кіраўніка «Хэбэя» Мена Чжынга. Што з імі будзе – дакладна невядома.

Таксама праз каронавірусныя абмежаванні Кітай не правёў прынамсі тры спаборніцтвы, якія меўся. Гаворка пра «абноўлены» клубны ЧС, Кубак Азіі U-23 2022 і Кубак Азіі 2023. Ад азіяцкіх спаборніцтваў КНР адмовілася сама, клубны ЧС ФІФА пераносіла тройчы, пакуль не адмяніла, каб перазаснаваць яго ў 2025-м – ужо ў ЗША. Пра планы праводзіць ЧС-2030 у Кітаі таксама ўжо даўно перасталі гаварыць – пасля каронавіруса гэтую тэму, здаецца, у публічнай прасторы ўжо і не ўздымалі.

Зборная Кітая ўвесь гэты час, нягледзячы на некаторыя спробы натуралізаваць легіянераў «другога гатунку», нічога не дасягнула. У адборы на ЧС-2022, напрыклад, на апошняй (асноўнай) стадыі адбору заняла перадапошняе пятае месца ў сваёй групе, здабыўшы толькі адну перамогу і саступіўшы па меншай меры раз усім супернікам, у тым ліку і апошняму В'етнаму. Наперад прапусцілі Саудаўскую Аравію, Японію, Аўстралію і такую футбольную краіну, як Аман.

Сі пра правядзенне ЧС цяпер нічога не кажа. Аднак верагоднасць таго, што КНР вернецца да такіх планаў, існуе. Так лічыць аўтар кнігі «Спартыўная звышдзяржава: погляд інсайдэру на імкненне Кітая стаць найлепшым» Марк Дрэер. У каментары CNN ён сказаў: «Вядома, што Сі Цзіньпін з'яўляецца футбольным заўзятарам, але цяпер футбол у яго спісе прыярытэтаў – далёка ўнізе. Раней лічылася, што ён дажыве да таго, як Кітай правядзе чэмпіянат свету, але цяпер я думаю, што гэта ўсяго 50 на 50».

Фота: South China Morning Post, 手机搜狐, Ju Huanzong/Global Look Press, Reuters

Найлепшае ў блогах
Больш цiкавых пастоў

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты