Tribuna/Футбол/Блогі/7 футбалістаў, якія, хутчэй за ўсё, пакінуць «Чэлсі» летам

7 футбалістаў, якія, хутчэй за ўсё, пакінуць «Чэлсі» летам

Будучыня яшчэ адзінаццаці пад вялікім пытаннем.

26 сакавіка 2023, 20:00
7 футбалістаў, якія, хутчэй за ўсё, пакінуць «Чэлсі» летам

Летняе трансфернае акно яшчэ не пачалося, але мы ўжо ведаем аднаго з галоўных ньюсмейкераў – ім стане лонданскі «Чэлсі».

На працягу сезону «пенсіянеры» выдаткавалі больш за 600 млн еўра на новых футбалістаў, але стварыць збалансаваны склад па шэрагу прычын так і не ўдалося. Зараз з камандай трэніруюцца больш за 30 футбалістаў, што, па словах галоўнага трэнера Грэма Потэра, негатыўна ўплывае на трэніровачны працэс, таму відавочна, што многія пакінуць каманду пасля бягучага сезону.

Сабралі спіс найбольш верагодных кандыдатаў.

Яшчэ нядаўна яго лічылі адным з найлепшых галкіпераў свету, а ўжо сёння ён – адзін з галоўных прэтэндэнтаў на тое, каб пакінуць «Чэлсі».

31-гадовы брамнік быў безальтэрнатыўна асноўным у Томаса Тухеля, а пад кіраўніцтвам Грэма Потэра спачатку прысеў на лаўку запасных, саступіўшы месца ў старце Кепе, а пасля атрымаў непрыемную траўму, праз якую прапусціў ужо некалькі месяцаў.

Па дадзеных СМІ, сенегалец яшчэ ў лютым адмовіўся падпісваць новы кантракт з лонданскім клубам, а магчымым месцам працягу яго кар'еры лічаць Італію – «Ювентусу» цікавая яго кандыдатура ў якасці замены Войцэху Шчэнснаму.

Улетку 2022-га iспанец быў вельмі блізкі да таго, каб пакінуць «Чэлсі» – здавалася, што яго пераход у «Барселону», якой быў так патрэбны правы абаронца, быў проста непазбежным. Але бакі не змаглі дамовіцца пра кантракт, а Аспі ў выніку падпісаў новы з «пенсіянерамі» да 2024 года.

У гэтым годзе Сесар ладна дапамог лонданцам – закрываў пазіцыю справа, калі быў траўмаваны Рыс Джэймс, і падчышчаў у цэнтры абароны, калі выпаў Уэслі Фафана.

Але ў дачыненні да новага сезону ёсць вялікія пытанні. На правы фланг у дапамогу Джэймсу «Чэлсі» набыў фулбэка «Ліёна» Мало Гюсто, у цэнтры абароны ёсць Фафана, Бадзіяшыль, Кулібалі, Сілва і (пакуль) Чалоба, у тройцы цэнтрбэкаў таксама, аказалася, можа згуляць Кукурэлья, таму будучыня ветэрана Аспілікуэты выглядае туманнай. Магчыма, за ім зноў прыйдзе «Барса».

На вялікі жаль, у апошні раз мы бачылі апорнiка на футбольным полі яшчэ ў пачатку сезону. У сярэдзіне жніўня ў матчы з «Тотэнхэмам» ён траўміраваў падкаленнае сухажылле, а працэс рэабілітацыі не пайшоў па плане – адбыўся рэцыдыў.

Кантэ прапусціў чэмпіянат свету і да гэтага часу не вярнуўся на футбольнае поле, хоць ужо трэніруецца з камандай і павінен хутка адсвяткаваць свой камбэк на полі.

Зрэшты, француз усё яшчэ не працягнуў свой кантракт з «Чэлсі», які заканчваецца ў канцы гэтага сезону. Ёсць інфармацыя, што ён хоча застацца, бо любіць і горад, і клуб, але перамовы ў пачатку сезону не былі паспяховымі, а па стане на канец сакавіка бакі ўсё яшчэ не дамовіліся пра новае пагадненне.

Калі ў рэшце рэшт не атрымаецца, то «Ювентус», «Атлетыка», «Тотэнхэм» ды нават «Аль-Наср», якія цікавіліся паслугамі футбаліста на працягу сезону, могуць прапанаваць свае ўмовы прадстаўнікамі НʼГало.

Адзін з найлепшых выхаванцаў акадэміі «Чэлсі» з 6 гадоў знаходзіцца ў структуры лонданцаў, прайшоў арэнды ў Нідэрландах і чэмпіёншыпе і стаў адным з найважнейшых футбалістаў каманды, якая выйграла ЛЧ, Суперкубак УЕФА і клубны чэмпіянат свету.

Але ў гэтым сезоне ў Маўнта праблемы не толькі на футбольным полі (толькі 3+6 ва ўсіх турнірах), але і па-за ім. Кантракт 24-гадовага атакуючага хаўбека з «пенсіянерамі» разлічаны да лета 2024-га, аднак бакі актыўна працавалі над яго працягам на працягу гэтага сезону.

Цяперашні заробак Маунта ў «Чэлсі» – 80 тысяч фунтаў на тыдзень, клуб, паводле некаторых звестак, прапануе футбалісту 180, але ён хоча больш, праз што перамовы прыпынілі. Калі дамовіцца не атрымаецца, «Ліверпуль», «Ман Сіці» і «МЮ» актыўна назіраюць за развіццём падзей.

Узімку футбалiст ледзь не пайшоў у «ПСЖ». Французскі клуб падрыхтаваў усе дакументы аб яго арэндзе, футбаліст пагадзіўся на ўмовы, але ў апошні дзень трансфернага акна ўсё сарвалася – на паперах не было подпісу ад прадстаўнікоў лонданцаў.

Па дадзеных L'Equipe, першапачаткова парыжскі клуб атрымаў ад «сініх» памылковы дакумент, юрысты лонданскага клуба выправілі памылку і даслалі кантракт паўторна, аднак без неабходнага подпісу. Калі ў «Чэлсі» стала вядома і пра гэтую памылку, то яны адправілі пагадненне паўторна, але зноў без подпісу.

Sky Sports паведамлялі, што мараканец быў гатовы сам заплаціць за арэндную здзелку, а калі даведаўся, што пераход сарваўся, то быў надзвычай разʼюшаным.

У другой палове сезону ён пачаў гуляць трохі больш (галоўная прычына – траўмы канкурэнтаў), але яго сыход летам амаль непазбежны. Прэтэндэнтамі на яго падпісанне лічаць «ПСЖ», «Ньюкасл», «Мілан» і «Рому».

Можна ўпэўнена сказаць, што 80 млн, якія «Чэлсі» выдаткаваў на яго трансфер восенню 2020-га, немец ужо апраўдаў – прынёс «пенсіянерам» перамогу ў ЛЧ, забіўшы самы важны гол у сваёй кар'еры ў фінале супраць «Ман Сіці». Але ў агульным у яго проста не ідзе ў «Чэлсі». Па-першае, з-за таго, што большую частку сваёй карʼеры ў Лондане ён вымушаны гуляць цэнтрфорварда/ілжывую дзявятку, хаця зʼяўляецца атакуючым хаўбекам. Па-другое, здаецца, у немца ёсць ментальныя праблемы – нядаўна ён прызнаўся, што няўдалая серыя каманды на футбольным полі негатыўна ўплывае на яго асабістае жыццё.

Паводле інфармацыі журналіста The Athletic Мэта Лоу, Кай – у спісе футбалістаў, якія могуць сысці летам (асабліва на фоне пераходу Крыстафера Нкунку), але галоўнае пытанне заключаецца ў тым, куды ён пойдзе. Акрамя «Баварыі», не было ніякіх чутак, якія злучаюць немца з якім-небудзь іншым клубам.

Прыехаў у «Чэлсі» ў апошні дзень летняга трансфернага акна і быў жаданым узмацненнем атакі для Томаса Тухеля (з якім разам працаваў у «Дортмундзе») – а праз 7 дзён нямецкага спецыяліста звольнілі. Пад кіраўніцтвам Грэма Потэра ў П'ера-Эмерыка ўсё пайшло наперакасяк. Інсайдэры распавядалі, што ўвосень у Абамеянга былі праблемы са стаўленнем да працы, праз што ён нават не трапляў у заяўку.

У апошні час Потэр хваліць нападаючага і ўсё яшчэ называе «важным гульцом», але ў 2023-м габонец згуляў у АПЛ толькі 123 хвіліны, а апошні раз выходзіў у старце яшчэ ў пачатку лістапада ў матчы з «Арсеналам».

У яго няма будучыні ў клубе, таму летам ён пакіне «Чэлсі». Яшчэ ў лютым ім актыўна цікавіўся «Лос-Анджэлес», але клубы не змаглі дамовіцца нават наконт арэнды. Таксама хадзілі размовы пра магчымае вяртанне ў «Барсу» і пераход у «Мілан».

***

Лёс вышэйпералічаных футбалістаў таксама паўплывае на будучыню Трэва Чалобы, Бэна Чылуэла, Рубена Лофтуса-Чыка, Конара Галахера і Крысціяна Пулішыча – усім ім таксама не гарантавана будучыня ў лонданскім клубе ў наступным сезоне. Каллум Хадсан-Адоі і Рамелу Лукаку, верагодна, таксама пакінуць клуб.

Ясна адно – «Чэлсі» чакае сапраўды турбулентнае лета.

Фотоа: Joe Prior, Dave Howarth/Global Look Press, Darren Walsh/Chelsea FC, Evening Standard

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты