Tribuna/Футбол/Блогі/Грошы за продаж «Чэлсі» дагэтуль не пайшлі на дапамогу ўкраiнцам. Кіраўнік фонду кажа, што іх трэба аддаць і людзям «ад Малдовы да Самалі»

Грошы за продаж «Чэлсі» дагэтуль не пайшлі на дапамогу ўкраiнцам. Кіраўнік фонду кажа, што іх трэба аддаць і людзям «ад Малдовы да Самалі»

Урад Вялікабрытаніі не згодны.

5 жніўня, 11:45
Грошы за продаж «Чэлсі» дагэтуль не пайшлі на дапамогу ўкраiнцам. Кіраўнік фонду кажа, што іх трэба аддаць і людзям «ад Малдовы да Самалі»

Увесну 2022-га Раман Абрамовіч прадаў «Чэлсі» Тоду Боэлі. Працэс фактычна кантраляваўся ўрадам Вялікабрытаніі, паколькі паміж абвяшчэннем расійскага алігарха пра продаж клуба і самiм продажам на Абрамовiча наклалі санкцыі.

Урэшце, 2,9 млрд долараў з продажу павінны былі ісці ў спецыяльна створаны фонд, які ў канчатковым выніку павінен быў перадаць грошы на дапамогу ўкраiнцам, якiя пацярпелi ад вайны, якую з 24 лютага 2022 года працягвае Расiя ва Украiне з выкарыстаннем тэрыторыi Беларусi. Але прайшло амаль паўтара года, а грошы да гэтага часу «вісяць» у Вялікабрытаніі.

Праблема была закладзена ад пачатку. Урад Вялікабрытаніі ў сваёй камунікацыі адзначаў: «Злучанае Каралеўства паклапоціцца, каб Раман Абрамовіч не атрымаў ніякай выгады ад продажу футбольнага клуба «Чэлсі», а сродкі ад такога продажу былі выкарыстаныя на гуманітарныя мэты ва Украіне. Адпаведна, Міністэрства фінансаў будзе выдаваць толькі ліцэнзію, якая гарантуе выкарыстанне паступленняў выключна ў гуманітарных мэтах ва Украіне».

Абрамовіч жа, калі звяртаўся да ЕС з просьбай зняць санкцыі і пакрыць страты перанакіраваннем 1 млн еўра ў гэты фонд, казаў пра яго так: «Фонд ахвяр канфліктаў, які ствараецца ў сувязі з продажам «Чэлсі».

Аднак Майк Пенроўз, былы выканаўчы дырэктар ЮНІСЕФ, якому ўрад паставіў задачу юрыдычна аформіць фонд, каб потым праз яго размяркоўваць сродкі, і фактычна кіраўнік гэтага фонду, кажа, што ў пагадненні аб продажы былі iншыя фармулёўкi: «Сродкі перадавалi ў фонд, каб яны маглі дапамагчы ўсім ахвярам вайны ва Украіне і яе наступстваў – гэта ўмова, якая пасля была запісаная ў дакументах, зацверджаных урадам». А ў лiк «усім ахвяр вайны» пры жаданнi можна запiсаць i расiян – i гэта прыкрая шчылiна.

Цяпер урад Вялікабрытаніі настойвае на сваёй пачатковай пазіцыі – грошы павінны быць выдаткаваныя ва Украіне. Пра гэта прадстаўнік урада яшчэ раз падкрэсліў у каментарыi The Athletic: «З моманту продажу «Чэлсі» мы выразна далі зразумець, што выдадзім толькі ліцэнзію, якая гарантуе, што атрыманыя сродкі будуць выкарыстоўвацца канкрэтна для гуманітарных мэтаў ва Украіне». Ананімны суразмоўца выдання, які працаваў ва ўрадзе, дадаў, што чыноўнікі гатовыя замарозіць грошы на гады, пакуль не пераканаюцца, што расіяне не атрымаюць які-небудзь прыбытак з іх.

У фондзе ж – свая пазіцыя. Пенроўз скардзіцца, што ўрад Вялікабрытаніі «ставіць перашкоды» для дапамогі пацярпелым – да якiх адносіць не толькі жыхароў Украіны.

«Праз год урад паведаміў фонду, што грошы будуць выплачаныя, толькі калі мы пагадзімся абмежаваць выдаткі ў геаграфічных межах Украіны. Што мы не можам разглядаць любыя запыты з-за межаў Украіны, хаця многія [па-за яе межамi] пакутуюць з-за вайны», – напісаў Пенроўз у сваёй калонцы для The Times.

Далей Пенроўз таксама скардзіцца на «ускосныя наступствы канфлікту» – маўляў, праз вайну людзі ў беднасці сутыкнуліся з «яшчэ больш цяжкімі» ўмовамі. У прыватнасці, кажа пра голад і пакуты «ад Малдовы да Самалі».

Пры гэтым Пенроўз падкрэслівае, што не плануе выдаткоўваць грошы ў РФ, Беларусь або для асоб пад санкцыямі – тлумачыць гэта тым, што «не хочацца сядзець у турме». Але ж усё гэта нагадвае спробу падмана – а пакуль грошы не атрымлiвае нiхто з тых, каму яны насамрэч патрэбныя для дапамогi.

Фота: Reuters, NBC

Найлепшае ў блогах
Больш цiкавых пастоў

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты