Tribuna/Футбол/Блогі/Зборная абазначыла інтарэс да форварда з Экстракласы пасля 5 гадоў ігнору – у дзень, калі мігранты штурмавалі польскую мяжу

Зборная абазначыла інтарэс да форварда з Экстракласы пасля 5 гадоў ігнору – у дзень, калі мігранты штурмавалі польскую мяжу

Нечаканае супадзенне.

Аўтар — Pam-pam
14 траўня, 04:16
1
Зборная абазначыла інтарэс да форварда з Экстракласы пасля 5 гадоў ігнору – у дзень, калі мігранты штурмавалі польскую мяжу

Беларуская федэрацыя футбола апублікавала пашыраны спіс зборнай на таварыскія матчы з Ізраілем і Расіяй. У ростар, які складаецца з 40 прозвішчаў, трапіў і гулец, які выступае ў «недружалюбнай» па версіі рэжыму Лукашэнкі Польшчы.

Не, Карлас Алос, які ў жніўні 2023-га заявіў, што не мае абмежаванняў пры выбары гульцоў, звярнуў увагу не на аднаго з лідараў бамбардзірскай гонкі Экстракласы Іллю Шкурына. Пакуль гаворка ідзе толькі пра цікавасць на адрас Яўгена Шыкаўкі, які выступае ў «Кароне».

Увага з боку трэнера зборнай не дзівіць, бо форвард праводзіць цудоўную другую палову сезона – забіў 5 мячоў і сумарна ўжо перасягнуў свой найлепшы паказнік па галах у польскай Экстракласе за адзін гульнявы год. У чэмпіянаце-2023/24 легіянер меў шэсць мячоў у 31 сустрэчы.

Свой першы выклік у зборную Шыкаўка атрымаў у 2018 годзе. У той час такі крок галоўнага трэнера Ігара Крывушэнкі хоць і выглядаў лагічным (футбаліст узначальваў бамбардзірскую гонку чэмпіянату), але быў досыць рызыкоўным, бо яшчэ нядаўна гэты хлопец працаваў мерчэндайзерам на «Слодычы».

Дэбютным для Шыкаўкі стаў таварыскі матч з Фінляндыяй – нападнік выйшаў у старце, пару разоў ударыў міма варот і ўжо на 46-й хвіліне адправіўся на лаўку.

А вось падчас кастрычніцкага збору таго ж года Крывушэнка гульца, які раздзірае ўнутраны чэмпіянат, «праігнараваў», спаслаўшыся на «рашэнне трэнерскага штаба».

Свой адзіны афіцыйны матч за зборную Беларусі Шыкаўка (на той момант быў гульцом грэцкай «Ларысы») правёў летам 2019-га ў кваліфікацыі чэмпіянату Еўропы супраць Паўночнай Ірландыі – згуляў 58 хвілін, пасля чаго быў заменены, а зборная саступіла, прапусціўшы на апошніх хвілінах сустрэчы 0:1.

Не выклікаў у зборную Шыкаўку і Міхаіл Мархель, які змяніў на трэнерскай пасадзе Ігара Крывушэнку. Форвард, у якога на той момант не вельмі клеіліся справы ў Грэцыі, казаў, што ставіцца да гэтага з паразуменнем.

Але і ў далейшым імя беларускага нападніка не ўсплывала ў кантэксце зборнай – ні калі ён вярнуўся ў Беларусь, ні калі выступаў у Казахстане, ні даволі доўгі час, калі ён гуляў за «Карону».

Супадзенне, вядома, але ў дзень, калі Карлас Алос назваў Шыкаўку ў ліку іншых прэтэндэнтаў на выклік у зборную, з беларускага боку арганізавалі чарговы «падарунак» для суседзяў. Амаль паўтары сотні мігрантаў спрабавала штурмаваць мяжу з Польшчай. Каб іх спыніць, польскім памежнікам прыйшлося звярнуцца да дапамогі вайскоўцаў. Але, як мы ведаем, Карлас Алос не давярае таму, што пішуць у інтэрнэце, так што, магчыма, нават не паверыць, што такое было.

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты