Tribuna/Футбол/Блогі/0 галоў у АПЛ, бойкі і крытыка ў адрас Контэ – што атрымаў «Тотэнхэм», калі заплаціў 58 млн за Рышарлісана

0 галоў у АПЛ, бойкі і крытыка ў адрас Контэ – што атрымаў «Тотэнхэм», калі заплаціў 58 млн за Рышарлісана

Хайлайты бразільца ў Лондане.

13 сакавіка 2023, 21:15
0 галоў у АПЛ, бойкі і крытыка ў адрас Контэ – што атрымаў «Тотэнхэм», калі заплаціў 58 млн за Рышарлісана

Яшчэ памятаеце летняе трансфернае акно? Тады «Тотэнхэм» не пакінуў «Эвертану» выбару, акрамя як прадаць Рышарлісана – заплацілі за яго 58 млн еўра. Яшчэ 11 мільёнаў могуць быць выплачаныя як бонусы.

Гэты пераход увайшоў у дзясятку самых дарагіх у акно (разам з Рафіньям ў «Барсу»), а Эрлiнга Холанда, для параўнання, «Сіці» купіў толькі на 2 млн еўра даражэй (без уліку розных бонусаў і агенцкіх выплат). Таксама Рышарлісан разам з Рафіньям стаў пятым самым дарагім гульцом летам – пасля Дарвіна Нуньеса, Аляксандра Ісака і ўсё таго ж Холанда.

Цяпер большая частка сезону ззаду, а Рышарлісан забіў за клуб усяго два галы. Абодва – у матчы першага тура ЛЧ з «Марселем» 7 верасня (!) 2022 года.

У АПЛ – 0 галоў.

Наколькі ўсё дрэнна: правёў ужо 26 матчаў (але толькі 8 у аснове ў АПЛ), не можа ўпісацца ў тактыку

За гэты сезон Рышарлісан правёў ужо 26 матчаў – 18 разоў з'яўляўся на полі ў АПЛ, 6 разоў у ЛЧ, па адным разе – у Кубку Англіі і Кубку лігі. Нельга сказаць, што бразілец стаў асноўным: згуляў толькі 28% даступнага часу ў АПЛ і 51% – у ЛЧ.

Важна адзначыць, што ў аснове бразілец у аснове выходзіў не вельмі часта: 4 разы ў Лізе чэмпіёнаў, 8 у АПЛ ды адзін раз у Кубку Англіі. Таксама ён паспеў зрабіць чатыры асісты – праўда, апошні да 11 сакавiка i матча з «Форэстам» быў яшчэ 1 кастрычніка супраць «Арсенала».

Відавочная праблема – Рышарлісану проста няма месца на полі. Калі ў «Эвертане» ён гуляў і на флангу, і цэнтральнага нападаючага (на апошняй пазіцыі нават часцей), то ў «Тотэнхэме» гэтая роля – сюрпрыз-сюрпрыз – занятая Хары Кейнам, які ўжо забіў 20 галоў у гэтым сезоне. Таму бразільцу ў новым клубе дасталася толькі 5 матчаў на гэтай пазіцыі, а большасць іншых – у ролі правага ці левага вінгера.

А тут яшчэ і Антонiа Контэ змяніў тактыку: цяпер паняцця вінгера ў гульні каманды фактычна няма, пад Кейнам гуляюць Сон, які праводзіць не найлепшы сезон, але свае 9 мячоў забіў, і Дзеян Кулушэўскі, які амаль заўсёды працуе на максімум. Рышарлісан да гэтай пазіцыі прывыкае цяжка.

Перашкодзілі і траўмы: з-за пашкоджання галёнкі і падкаленнага сухажылля ён сумарна прапусціў 11 матчаў. Але пры гэтым усім бразілец ідзе да свайго найгоршага сезону пасля пераезду ў АПЛ: у першы сезон у «Уотфардзе» ён забіў усяго 5 галоў, з тых часоў – не менш за 11.

Чым займаўся ў гэты час: бойкі, правакацыі, жорсткія прыёмы

Паралельна бразілец раз за разам урываўся ў загалоўкі вірусных відэа – з-за сваіх паводзін на полі. Вось толькі некалькі выпадкаў.

Улез у бойку яшчэ ў перадсезонным матчы з «Севілляй».

Не адбіў кулачок свайму партнёру па зборнай Габрыэлю Марцінэлі (потым папрасіў прабачэння).

І гэта была не адзіная правакацыя з таго матчу.

Памятаеце, як заўзятар «Тотэнхэма» ударыў брамніка «Арсенала» Аарана Рэмсдэйла пасля ўсё таго ж матчу? Гэтаму папярэднічалі прыставаннi Рышарлісана да кiпера.

Рышарлiсан здзекаваўся з гульцоў «Нотынгем Форэст» і атрымаў жорсткі адказ.

Байцоўскім прыёмам паспрабаваў пакласці брамніка «Мілана» Майка Меньяна.

Быкаваў на Хакіма Зіеша, груба яго штурхнуўшы пасля таго, як той сфаліў на Рышарлісане.

Мантаваў тыктокі пра сябе.

А калі трэба было забіваць (як у матчы, калі ў выніку клуб вылецеў з Кубка Англіі ад «Шэфілда») – выконваў вось гэта.

Дададзiм атрыманую жоўтую картку за знятую футболку падчас святкавання свайго «першага гола» ў АПЛ за лонданскі клуб. Гол адмянілі з-за афсайду.

Пасля вылету з ЛЧ наехаў на Контэ, але Антоніа з ім пагадзіўся. Адзін аднаго нядоўга засталося цярпець

Пасля вылету з ЛЧ ад «Мілана» Рышарлісан даў разгромны каментарый пра тое, што яго сезон ідзе не так, а ў гэтым вінаваты галоўны трэнер «Тотэнхэма».

«Я не разумею сітуацыі, калі я сяджу ў запасе. У мяне ўсё наладжвалася, мы атрымалі перамогу над «Вест Хэмам» і «Чэлсі». І тут ён [Контэ] пасадзіў мяне ў запас. Я выйшаў усяго на 5 хвілін супраць «Вулверхэмптана».

Калі я спытаў, чаму так, то ён нічога не адказаў. І сёння ён пакінуў мяне на лаўцы. Я не магу гэтага зразумець. Паглядзім, што ён скажа заўтра, але дурняў тут няма. Я прафесіянал, працую кожны дзень, таму што хачу гуляць.

Гэты сезон – лайно. Я не гуляю. У мяне была траўма. Гатовы аддаваць жыццё, калі выходжу на поле. Я добра правёў два матчы і лічу, што павінен быў выйсці ў стартавым складзе», – сказаў бразілец.

Дарэчы, за апошнія 20 хвілін супраць «Мілана», на якія з'явіўся Рышарлісан, ён нанёс 0 удараў па варотах, здзейсніў 1 няўдалую абводку, 10 разоў дакрануўся да мяча, тройчы яго страціў і, як ужо згадвалі вышэй, спрабаваў пакласці Меньяна.

Контэ нечакана пагадзіўся з бразільцам: «Я бачыў яго інтэрвʼю. Ён не крытыкаваў мяне. Ён сказаў, што яго сезон – лайно. І меў рацыю, таму што яго сезон не складваецца добра».

Зрэшты, адзін аднаго наравістай парачцы нядоўга засталося цярпець. Усё ідзе да таго, што Контэ пакіне каманду ўжо летам – пра гэта паведаміў Фабрыцыа Рамана. А Sky Sports нават называе спіс патэнцыйных замен: Раберта дэ Дзэрбі, Томас Франк, Томас Тухель, Луіс Энрыке і Марку Сілва. Апошняга Рышарлісан амаль дакладна будзе хацець бачыць больш за іншых – партугалец падпісаў яго ў «Уотфард», а затым забраў з сабой у «Эвертан».

Аднак не факт, што бразілец будзе яшчэ ў клубе: ESPN паведаміў, што ім, а таксама Душанам Улахавічам цікавіцца мадрыдскі «Рэал». Абодвух разглядаюць як патэнцыйную замену Карыму Бензема, а Карла Анчалоці, маўляў, застаецца вялікім фанатам Рышарлісана яшчэ з часоў іх сумеснай працы ў «Эвертане». Але тут яшчэ трэба, каб італьянец сам застаўся ў мадрыдскім клубе.

Фота: скрыншоты, Reuters/Lee Smith

Найлепшае ў блогахБольш цiкавых пастоў

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты