Tribuna/Футбол/Блогі/18 месяцаў таму ў яго выявілі рак, ён ледзь не прапусціў КАН, а ў выніку забіў пераможны ў фінале

18 месяцаў таму ў яго выявілі рак, ён ледзь не прапусціў КАН, а ў выніку забіў пераможны ў фінале

Алер – герой Кот-д’Івуара.

13 лютага, 11:40
18 месяцаў таму ў яго выявілі рак, ён ледзь не прапусціў КАН, а ў выніку забіў пераможны ў фінале

У Кот-д'Івуары скончыўся Кубак Афрыканскіх Нацый, пераможцам сталі гаспадары.

Турнір падарыў нямала нечаканасцяў – такія каманды, як Алжыр, Туніс і Гана, вылецелі яшчэ на стадыі групавога этапу, а Камерун, Сенегал, Марока і Егіпет развіталіся з марамі пра трафей у 1/8-й.

Зрэшты, у фінале паміж сустрэліся дзве магутныя афрыканскія зборныя – гаспадары з Кот-д'Івуара секліся з Нігерыяй і дзякуючы вырашальнаму голу на 81-й хвіліне падарылі выдатнае свята мясцовым заўзятарам – упершыню за 8 гадоў (турнір праводзяць кожныя 2 гады) перамаглі на КАН.

Героем нацыі стаў 29-гадовы цэнтрфорвард Себасцьян Алер – менавіта ён зрабіў лік 2:1 на карысць сваёй каманды і, у рэшце рэшт, стаў аўтарам пераможнага гола. А ўсяго 18 месяцаў таму яму дыягнаставалі рак яечка, з-за чаго ён мог увогуле завяршыць футбольную кар'еру.

Алер вярнуўся на поле яшчэ год таму, але ў гэтым сезоне наступствы хваробы даюць пра сябе ведаць

Пра фантастычнае вяртанне Себасцьяна на поле мы пісалі яшчэ летась – тады ў яго атрымалася перамагчы злаякасную пухліну літаральна за паўгода (толькі ўдумайцеся!). У студзені ён вярнуўся на поле і стаў адным з тых гульцоў, чыя выніковасць дапамагла дортмундскай «Барусіі» нечакана вярнуцца ў барацьбу за чэмпіёнства ў Бундэслізе.

Зрэшты, яго 9+5 у 19 матчах да завяршэння сезона аказалася недастаткова для таго, каб падняць срэбную Салатніцу над галавой – у апошнім туры здарыўся той самы матч з «Майнцам», у якім «Дортмунду» трэба было толькі перамагаць.

Алер тую сустрэчу праваліў – спачатку адпусціў ва ўласнай штрафной пляцоўцы Ганшэ-Ольсена, які адкрыў лік пасля падачы з кутняга, а пасля не рэалізаваў 11-метровы, які мог вярнуць «чорна-жоўтых» у гульню. Нічыя 2:2 перакрэсліла патэнцыйна неверагодную гісторыю вяртання івуарыйца на поле пасля цяжкай хваробы.

Ужо ў першым матчы новага сезона Себасцьян аформіў дубль у Кубку Германіі, але пасля гэтага для яго пачаўся суцэльны жах.

Па-першае, Алер знаходзіўся ў жудаснай форме – вельмі квола выглядаў на футбольным полі, не зрабіў ніводнага выніковага дзеяння ў стартавых матчах сезона ў Бундэслізе, а пасля «Барусія» яшчэ і падпісала вельмі сур'ёзнага для яго канкурэнта – Нікласа Фюлькруга (самы выніковы гулец дортмундцаў у гэтым сезоне). Даволі хутка івуарыец прысеў на лаву і сумарна згуляў за нямецкі клуб усяго 450 хвілін у сезоне.

Прычына спаду вельмі простая – арганізм Алера даў слабіну пасля яго адносна хуткага вяртання на футбольнае поле і надзвычайна сур'ёзных нагрузак у другой палове мінулага сезона.

Падчас зімовага трансфернага акна з'яўляліся чуткі, што цэнтрфорвардам дортмундцаў быццам бы цікавіцца «Бешыкташ», а «Фулхэм» быў гатовы ўзяць яго ў арэнду да завяршэння сезона. Праўда, па інфармацыі The Athletic, Алер сам адхіліў усе прапановы.

Спадзевы былі на Кубак Афрыкі – у зборнай Себасцьян яшчэ праяўляў прыкметы жыцця і нават забіў у трох матчах запар увосень. Але і тут усё ледзь не завяршылася жахам. Непасрэдна перад вылетам на КАН Алер атрымаў пашкоджанне, праз якое ледзь не прапусціў турнір. 29-гадовы форвард прапусціў усе матчы групавога этапа і вярнуўся толькі на стадыі плэй-оф – але стаў героем сваёй зборнай.

Спачатку дапамог Кот-д'Івуару прайсці Сенегал – рэалізаваў 11-метровы ў пасляматчавай серыі пенальці:

Пасля забіў адзіны мяч у паўфінале супраць ДР Конга:

А ў вырашальным матчы з Нігерыяй вызначыўся пераможным голам:

Самыя цёплыя фатаграфіі пасля матча – шчаслівы Себасцьян з трафеем:

Прадказаць такую развязку было абсалютна немагчыма, але футбол ізноў напісаў прыгожую гісторыю. Алер не выйграў чэмпіёнства з «Дортмундам» (пакуль што?), але, прайшоўшы скрозь велізарную колькасць праблем, стаў менавіта тым, хто прынёс сваёй нацыянальнай камандзе адзін з найважнейшых трафеяў.

«Мець магчымасць стаяць тут перад вамі і размаўляць пра фінал Кубка Афрыканскіх Нацый, у якім прыме ўдзел мая зборная – цудоўны для мяне момант. Думаю, мне спатрэбіцца яшчэ шмат гадоў, каб усё ўсвядоміць», – казаў Алер яшчэ да сустрэчы з Нігерыяй.

Алер падняў трафей над галавой, але самую вялікую перамогу свайго жыцця ён ужо здабыў у мінулым годзе.

Фота: Harry Langer/DeFodi Images, Sia KAMBOU, FRANCK FIFE/ AFP/Global Look Press

Найлепшае ў блогах
Больш цiкавых пастоў

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты