Tribuna/Футбол/Блогі/Беларускія зоркі спорту бадзёра распавядаюць пра бруд у ім: здавалі матчы, куплялі – і няма ніякай няёмкасці

Беларускія зоркі спорту бадзёра распавядаюць пра бруд у ім: здавалі матчы, куплялі – і няма ніякай няёмкасці

Як жа добра было ў Савецкім саюзе!

Аўтар — bytribuna com
29 сакавіка, 11:00
Беларускія зоркі спорту бадзёра распавядаюць пра бруд у ім: здавалі матчы, куплялі – і няма ніякай няёмкасці

Беларускія спартыўныя медыі любяць браць інтэрвʼю ў тых, хто заспеў вельмі даўнія часы – зразумела, калі аўдыторыя ў большасці сваёй даволі ўзроставая і мае вялікую схільнасць да настальгіі. А сярод успамінаў пра мінуўшчыну, якія распавядаюць спікеры, нярэдка трапляюцца аповеды пра дамоўныя матчы. Прычым распавядаюць пра іх часцяком як пра нешта натуральнае – нават без дадавання, што так рабіць не трэба, не кажучы ўжо пра раскаянне. У краінах з наяўнасцю інстытута рэпутацыі такія вясёлыя гісторыі пра дэ-факта злачынствы спарадзілі б грамадскі рэзананс, але ў рэжымнай Беларусі абыходзіцца без яго (што інстытута, што рэзанансу).

Вось нядаўна пра цалкам канкрэтныы «дагаварняк» распавёў Генадзь Туміловіч. У яркай прамове экс-брамніка зборнай Беларусі расійскі YouTube-канал «Камент шоу» зацэнзураваў усе імёны і назвы, але па дэталях матч вызначыць было лёгка. Туміловіч дадаў, што пасля «зліву» гульняў адчуваў агіду, але цалкам супраць несумленных матчаў не выступіў: дамова на абмен хатнімі перамогамі для былога футбаліста наогул «не здача», а выйгрыш па дамоўленасці – гэта «у бухгалтэрыю зайшоў, [прэміяльныя за перамогу] атрымаў – і ### [фіг] з ім».

А пры канцы сакавіка зʼявіліся новыя заявы пра беларускія каманды. 27 сакавіка на YouTube-канале «На банцы» выйшла велізарнае інтэрвʼю Георгія Кандрацьева, дзе самым цікавым было апавяданне пра расстанні з пастом галоўнага трэнера зборнай Беларусі: ні пра якія ўласныя пралікі Кандрацьеў не згадаў – толькі пахваліў сябе ды раскрытыкаваў іспанскага зменшчыка.

Аднак успомніў Кандрацьеў і пра несумленныя матчы – заявіўшы, што ў яго бытнасць гульцом звычайна паміж сабой дамаўляліся трэнеры, каб падзяліць пункты, прапанаваў распавесці пра «самы цікавы «дагаварняк», які адбыўся ў мінскім «Дынама», калі сам Кандрацьеў яшчэ быў простым віцебскім падлеткам (зрэшты, потым форвард гуляў у «Дынама» са шматлікімі ўдзельнікамі расказанай ім гісторыі).

«1972 ці 1973 год. «Дынама» Мінск ірвецца ў вышэйшую лігу. У першай лізе [Д2 СССР] гуляе ў Яраслаўлі, а там [клубу] нічога не трэба. Не ведаю, на якіх умовах, але гульцы паміж сабой дамовіліся, што Яраслаўль аддасць [матч]. Гуляюць, «Дынама» вядзе, па-мойму, 3:2. А трэнер [гаспадароў пра дагавор] не ведаў. Выпусціў маладога, той шарахнуў метраў з 30 на апошняй хвіліне. А суддзя таксама не ведае. Так бы мог нешта прыдумаць, дадаць час. Мяч на цэнтр – а ён свішча [што матч скончаны]. Вось «дамовіліся» – яшчэ на год на першую лігу», – распісваў Кандрацьеў.

Трэнер крыху памыліўся з датаваннем – у паказаных ім гадах «Дынама» гуляла ў Д1, але ў 1973-м вылецела. Так што, па ўсіх прыкметах, матч, пра які распавёў Кандрацьеў, адбыўся ў 1974-м. Тады «Дынама» змагалася за выхад назад у эліту з маскоўскім «Лакаматывам», «Крыламі Саветаў» з Самары і СКА з Растова-на-Доне. Яраслаўскі «Шыннік» жа ішоў у сярэдзіне табліцы і ў канцоўцы чэмпіянату думаў ужо пра будучае турнэ па Афрыцы, праз якое камандзе пасунулі фінальныя матчы: сустрэчу апошняга тура з «Лакаматывам» (масквічы выйгралі 5:2) правялі перад перадапошнім, у якім «Шыннік» якраз прымаў «Дынама» – за дзень да ўсіх астатніх сустрэч праграмы тура.

На момант пачатку матчу мінчукоў у Яраслаўлі ў «Лакаматыва» быў 51 пункт, у «Крылаў» і мінскага «Дынама» – па 48, у СКА – 47. Нават перамога (за якую тады давалі два пункты) нічога не гарантавала «дынамаўцам» – у «КС» была нашмат лепшая розніца мячоў. Але, вядома, страчваць пункты было ўвогуле не ў тэму. І ўжо на 4-й хвіліне лік за «Дынама» адкрыў гуляючы трэнер Эдуард Малафееў. Праўда, «Шыннік» зраўняў, а потым зрабіў гэта яшчэ раз – але на 80-й хвіліне «Дынама» павяло ў матчы ў трэці раз. А на 89-й нічыю яраслаўцам прынёс тады 21-гадовы Барыс Рыбін – сапраўды малады, а такіх у «дарослыя» справы тыпу дамоваў з супернікамі прысвячаць было не прынята. Праўда, Рыбін гуляў са старту, але ў апавяданнях бываюць недакладнасці. Вось як выглядаў выніковы пратакол той сустрэчы.

У апошнім туры «Дынама» ўдома разнесла іванаўскі «Тэкстыльшчык» 4:0 – але не дапамагло: «Лакаматыў» спакойна стаў першым, а другім пасля двух паражэнняў «Крылаў» аказаўся СКА – растоўцы выйгралі 4:1 у «Кузбаса» і 7: 2 ва «Уралмаша», дзякуючы чаму апярэдзілі мінчукоў па розніцы мячоў. «Дынама» засталося трэцім і ў эліту не выйшла.

У названым дагаворным, хоць і няўдалым матчы 50-гадовай даўніны з «Шыннікам» гулялі адразу тры будучыя коўчы зборнай Беларусі – Міхаіл Вергеенка, Сяргей Бароўскі і Эдуард Малафееў. Анатоль Багавік у 2000-х трэнаваў «Шахцёр», Уладзімір Курнеў – розныя каманды ЧБ. Ну а пра дзіўныя матчы «Дынама» гаворка вядзецца далёка не ўпершыню – тут проста папаўненне калекцыі.

Ну а 28 сакавіка на партале BetNews выйшла інтэрвʼю Канстанціна Шараверы – у дзень яго 70-годдзя. Экс-баскетбаліст у 2010-х патрапіў у вельмі непрыемную сітуацыю – як генеральны дырэктар БК «Цмокi-Мінск» быў абвінавачаны рэжымам у «крадзяжах» на некалькі сотняў тысяч долараў, атрымаў пяць з паловай гадоў і цалкам правёў тэрмін за кратамі.

Але інтэрвʼю было не пра тое, а пра гульню за мінскі РТІ ў чэмпіянаце СССР. І здарыўся яшчэ адзін аповед пра несумленны матч з 1974-га! Тады мінчукі ў перадапошнім туры Д1 СССР-1973/74 гулялі з маскоўскім ЦСКА, які датэрмінова стаў чэмпіёнам. РТІ ж быў на мяжы вылету – пройгрышы расіянам і кіеўскаму СКА аформілі б паніжэнне ў класе. Перамогі толькі над кіяўлянамі цалкам магло б хапіць для захавання прапіскі, але мінчукі відавочна вырашылі «перастрахавацца». Аповед Шараверы пра гэта поўны ўхвалення на адрас гульцоў масквічоў, якія «здалі» матч, і неразумення тых, хто гуляў усурʼёз.

«Тады ў ЦСКА гулялі нашыя [беларускія экс-гульцы РТІ Валерый] Акімаў і [Аляксей] Шукшын. [Падчас матчу гулец ЦСКА] Сяргей Бялоў выскоквае і каментуе: «Бʼю ў заднюю дужку». Далёкі адскок – і мы закідваем. [Іншы гулец ЦСКА Мікалай] Кавыркін шэпча: «Вы ж мяне адсоўвайце, а то падбяру!» Гэтыя нармальныя хлопцы. Але ж былі і тыя, хто не ведаў і секся па поўнай праграме – як жа мы з імі намучыліся », – успомніў Шаравера.

Сяргей Бялоў

Матч скончыўся «цяжкай перамогай» каманды спікера 78:76 – па словах Шараверы, пасля гэтага гульцы мінчукоў «масквічам паставілі скрыню шампанскага і нейкія пласцінкі, тады прэстыжны тавар». Так, услед за сустрэчай з ЦСКА РТІ абгуляў кіеўскі СКА – і застаўся б у эліце нават без «дагаварняка» з Масквой.

На гэтым гісторыі Шараверы не скончыліся. Распавёў ён, што аднойчы здаць матч прапаноўвалі з тбіліскага «Дынама» – але ў РТІ вырашылі, што «перад сваімі гуляюць» і таму ад грошай адмовіліся. Але гэта не значыла, што больш несумленных матчаў у гісторыі мінскай каманды не было – Шаравера распавёў, што аднойчы (мяркуючы па ўсім, у 1981-м) іх «капітальна прыхапілі» у Грузіі, і ў адплату РТІ вырашыў дамовіцца з літоўскай «Статыбай» : мінская каманда ёй прайграе, і тая замест тбілісцаў выходзіць у верхнюю частку табліцы пасля дзялення каманд, а на наступны год «вяртае доўг». Так што РТІ «аддаў» матч «Статыбе», хоць, цытата, «іх клалі пад нас са страшнай сілай, але калі ты не хочаш выйграць, ты не выйграеш».

Аднак у наступным годзе Рымас Гірскіс са «Статыбы», з якім размаўляў Шаравера, у адказ на напамін пра «доўг» адмовіўся яго прызнаваць. Далей інтэрвʼюер задаў ці то цынічнае, ці то здзеклівае пытанне: «А як жа гонар савецкага спартсмена?». «Дапусцім, ён спартсмен не савецкі, а літоўскі», – загадкава адказаў Шаравера і дадаў, што пасля такога рашэння Гірскіса разам з партнёрамі «выйшаў на пляцоўку з настроем разарваць «Статыбу» на дробныя кавалачкі» і выйграў нешта каля 30 пунктаў.

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты