Tribuna/Бокс/Блогі/Уайт адкрыў прамоўшн па аплявухах. У ЗША не ў захапленні, нейрабіёлаг – рашуча супраць

Уайт адкрыў прамоўшн па аплявухах. У ЗША не ў захапленні, нейрабіёлаг – рашуча супраць

А яшчэ Дэйна хацеў набыць такі турнір у расіяніна.

Аўтар — Бона Сфорца
4 лютага 2023, 05:33
Уайт адкрыў прамоўшн па аплявухах. У ЗША не ў захапленні, нейрабіёлаг – рашуча супраць

Дэйна Уайт – кіраўнік UFC, а з нядаўніх часоў і Power Slap. Другое – серыя турніраў, дзе двое спартсменаў, стоячы адзін насупраць аднаго, па чарзе б'юць аплявухі. Часцяком адзін са спартсменаў адпраўляецца ў накаўт.

Уайт намагаецца зрабіць з андэграўнд-забавы паўнавартасны від спорту. Супраць ужо выступіў нейрабіёлаг.

Уайт сачыў за турнірамі па аплявухах з 2017-га. А пасля 2020-га сустракаўся з расіянінам наконт пакупкі турніру

У пачатку лістапада 2022 года Дэйна абвясціў пра адкрыццё новага прамоўшна Power Slap. У рамках турніру два спартсмены ўстаюць адзін насупраць аднаго перад стойкай і па чарзе б“юць аплявухі. Галоўная мэта – накаўтаваць саперніка, але перамагчы можна не толькі так. Таксама можна здзейсніць менш парушэнняў правілаў (гэта ў асноўным датычыцца плошчы, якой наносіцца ўдар, i адварочвання галавы) або дачакацца адмовы візаві. Абараняцца ці ўхіляцца ад аплявух нельга. Удзельнікі па чарзе прымаюць удары, пакуль супрацьстаянне не скончыцца.

Гэта не новая забава. Андэграўндныя турніры па аплявухах праводзяцца даўно па ўсім свеце, але ў фармат больш-менш спартыўных супрацьстаянняў выйшлі некалькі гадоў таму. Сам Дэйна кажа, што сочыць за турнірамі з 2017-га:

«Я вельмі рады запуску Power Slap. Я працую над гэтым з 2017 года. Калі я ўбачыў некалькі кадраў аплявух у сацыяльных сетках, то імгненна захапіўся. З першага дня, калі я гэта ўбачыў, я адчуў, што гэта можа быць вялікім. Я ведаў, што трэба зрабіць, каб зрабіць гэта сапраўдным спортам, як мы зрабілі з ММА».

У 2019-м такі фармат запусціў расійскі блогер Аміран Сардараў. Але ўвогуле ўсё выглядала як андэграўнд-шоу, хоць і з больш прыемнай карцінкай. На яго турнірах цяжкавагавікі з вагой 120+ кг маглі біцца з легкавагавікамі, а падбор пар вёўся ў разліку на хайповую шыльду, а не спартыўны складнік.

Праз год расійскі блогер захацеў прасунуць свой кантэнт у ЗША. Нічога дзіўнага ў тым, што супрацоўнічаць з расійскім турнірам паспрабаваў менавіта Дэйна Уайт. Аднак яны не дамовіліся.

Па словах Сардарава, Уайт хацеў купіць правы на ўсе відэазапісы турніраў і права праводзіць іх самастойна ў далейшым. Але прапанаваў не такую суму, на якую Аміран разлічваў.

На гэтым Дэйна не спыніўся, а стварыў лігу разам з Ларэнца Ферціта і Крэйгам Піліджанам у партнёрстве з UFC і Endeavour. А таксама намагаецца зрабіць з паўпадпольнага турніру па аплявухах спорт.

«Мы адобрылі турніры з Атлетычнай камісіяй штата Невада з пэўнымі правіламі, рэйтынгамі і вагавымі катэгорыямі. Power Slap створаны для сучаснага спартыўнага фаната», – распавёў Уайт.

Калісьці Дэйна зрабіў такое з UFC – ператварыў «баі без правіл», дзе не было вагавых катэгорый, вызначанай амуніцыі і нават пальчатак у спорт, які глядзяць і які прыносіць мільёны. Але аплявухі – больш небяспечныя для здароўя, чым могуць здацца на першы погляд.

Перад першым турнірам Power Slap у ЗША фанаў спалохаў вынік фіналу іншага прамоўшна з аплявух

Першы турнір Power Slap перанеслі з 11 на 18 студзеня, а перад ім, 16 студзеня, у Лас-Вегасе правёў турнір румынскі прамоўшн RXF Slap Fighting. У фiнале кікбаксёр Аляксандру Горшчыца сустрэўся з Сорынам Комсай. Другому прыляцела шмат, але ён перамог. Твар Комсы надзьмуўся ад удараў так, што на гэта было балюча глядзець. За перамогу ён атрымаў тытул і пяць тысяч еўра.

А вось – яго твар – постфактум.

Супраць турніру выступае нейрабіёлаг. Ён сцвярджае, што ўдзельнікі пасля магутных удараў ніколі не будуць такімі, як раней

Крыс Навінскі – былы гулец у амерыканскі футбол і баец WWE. На адным з турніраў па рэслінгу ўдар каленам у падбародак скончыў яго кар'еру. Крыс атрымаў страсенне мозгу, трапіў у бальніцу, а ў свайго лекара даведаўся пра наступствы страсення мозгу і тое, што яго ў асноўным няправільна разумеюць у спорце. Цяпер Навінскі з'яўляецца сузаснавальнікам і генеральным дырэктарам Concussion Legacy Foundation – некамерцыйнай арганізацыі, якая змагаецца за памяншэнне страсенняў мозгу і імкнецца палепшыць жыццё пацярпелых.

Ён адрэагаваў на першыя накаўты на турніры Power Slap:

«Гэта так сумна. Звярніце ўвагу на позу пры першай чэрапна-мазгавой траўме. Ён ніколі не зможа быць такім, як раней. Дэйне Уайту і [транслятару турніраў] TBS павінна быць сорамна. Што далей? «Хто можа выжыць пасля ўдару нажом»?»

Навуковыя даследаванні пацвярджаюць, што ўдары, якія выклікаюць страсенне мозгу, могуць прыводзіць да хранічнай траўматычнай энцэфалапатыі – стану, калі таў-бялок раз'ядае жыццёва важныя структуры ў мозгу. Уздзеянне таў на мозг можа прывесці да рэзкіх змен настрою, адсутнасці кагнітыўнай дасведчанасці, дэпрэсіі, падвышанай рызыкі суіцыдальнасці і наогул пацягнуць за сабой хваробу Альцгеймера.

Пры гэтым немагчыма разлічыць, які менавіта ўдар па галаве можа пацягнуць за сабой вызваленне таў у мозгу. Гэта можа быць як удар, які прывёў да накаўту, так і проста акцэнтаванае трапленне.

І калі ў ММА ці боксе спартсмены хаця б маюць права абараняцца, а львіная доля трапленняў мякчэе дзякуючы тэхніцы абароны, то ў турнірах па аплявухах гэта забаронена. Больш за тое, любы намёк на абарону, як адвод галавы, караецца правіламі. Адпаведна, магчымасць атрымання таў-бялка ў мозг павялічваецца ў разы.

Фота: Power Slap

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты