Tribuna/Футбол/Блогі/Мунір, Дэўлафеу і іншыя «новыя Месі» з акадэміі «Барсы», якія так і не выйшлі на топ-узровень

Мунір, Дэўлафеу і іншыя «новыя Месі» з акадэміі «Барсы», якія так і не выйшлі на топ-узровень

Фаці наступны?

Аўтар — Бона Сфорца
6 верасня, 15:50
Мунір, Дэўлафеу і іншыя «новыя Месі» з акадэміі «Барсы», якія так і не выйшлі на топ-узровень

Пераход Ансу Фаці ў арэнду ў «Брайтан» і з’яўленне новага каталонскага праспекта Ламіна Ямаля прымусіла зноў пагутарыць пра «новых Месі», якіх у «Барселоне» за апошнія гады было нямала.

Большасць з іх, нягледзячы на талент, не сталi зоркамі сусветнага ўзроўню. Нехта проста не пацягнуў узровень, кагосьці зламалі псіхалагічныя праблемы і траўмы, бо такія нагрузкі ў раннім узросце вытрымліваюць не ўсе. Успомніць хаця б Педры, які ў 18 гадоў быў вымушаны згуляць 73 матчы за сезон.

У гэтую падборку не ўвайшлі гульцы з іншых пазіцый, якім таксама выдаваліся вялізныя авансы: Рыкі Пуч, Рафінья Алькантара, Хаві Сіманс. Мы сабралі топ-5 выхаванцаў «Барселоны», якім сурочылі славу Месі (таленавітых вінгераў у каталонцаў было вельмi шмат, таму сюды не ўвайшлі персанажы тыпу Ісаака Куэнкі ці Крысціяна Тэльi).

Гай Асулін (32 гады, без клуба)

У другой палове 2000-х у «Барсе» толькі і чакалі, калі ўжо ён пяройдзе ў першую каманду. Ассуліна называлі «ізраільскім Месі», прычым не толькі па манеры гульні, але і па прычосцы. На радзіме ў яго так верылі, што дазволілі дэбютаваць за дарослую зборную Ізраіля ў 16 гадоў, калі гулец яшчэ не згуляў ніводнага афіцыйнага матчу ў дарослым футболе.

У «Барселоне» Б, якую трэніраваў Пеп Гвардыёла, Асулін быў сапраўдным лідарам i забіў 23 галы за 67 паядынкаў. За першую каманду Гай згуляў толькі адзін матч у Кубку, потым працягваў гуляць за «Барсу Б» ужо пад кіраўніцтвам Луіса Энрыке. Але ў адным з таварыскіх матчаў яго заўважылі скаўты «Сіці» i прапанавалі лепшы кантракт. Асулiн паехаў у Манчэстэр – i не згуляў за першую каманду нi хвiлiны.

«Магчыма, калі б «Сіці» тады ўзначальваў Гвардыёла, я б атрымаў свой шанц. Ён заўсёды казаў, што я яму падабаюся як гулец, але з-за шалёнай канкурэнцыі ў мяне няма гульнявых хвілін. Манчыні наогул не давяраў моладзі», – скардзіўся Асулін.

Пазней Гай вярнуўся ў Iспанiю, але без поспехаў – i ў 2016-м даехаў да іспанскага Д3. Там забiваў у стылі Месі, але гэта ўжо мала каго цiкавiла. Цяпер Асулiн без клуба, а апошні раз гуляў у італьянскай Серыі D.

Джавані дас Сантас (34 гады, завяршыў кар'еру)

У 2007 годзе часопіс World Soccer выйшаў са спісам самых перспектыўных гульцоў свету. Джавані заняў там ганаровае 5-е месца, ніжэй за мексіканца апынуліся Тоні Кроас, Хуан Мата, Карым Бензема, Серхіа Агуэра і Гарэт Бэйл (ладна, першым ў тым спiсе ўвогуле быў ганец Садзік Адамс, пра якога вы наўрад цi чулi). У «Барсе» зайграў Месі – падобнага чакалі і ад дас Сантаса, які знешне вельмі нагадваў Раналдзінью.

Падчас перадсезоннага туру ў 2006-м Джыа забіў у першым жа матчы, аднак на дарослым узроўні аказаўся хутчэй зоркай хайлайтаў, чым моцным гульцом. «Барса» прадала яго ў «Тотэнхэм», а лонданцы паганялі мексіканца па арэндах. Ён выйграў Алімпіяду-2012, але ў еўрапейскім футболе зоркай так і не стаў.

З 2015 года дас Сантас гуляў у Амерыцы, пераехаўшы спачатку ў «Лос-Анджэлес», а затым у родную Мексіку. У ліпені 2023-га Джыа канчаткова завязаў з футболам.

Мунір Эль-Хададзі (28 гадоў, «Лас-Пальмас»)

Мараканец уразіў усіх у юнацкай ЛЧ, забіўшы 11 мячоў у 10 матчах у сезоне-2013/14. У фінале ён паклаў два ў вароты «Бенфікі», а ўжо летам трэніраваўся з Месі, Іньестай і Неймарам. У стартавым туры Ла Лігі юны талент выйшаў замест траўміраванага Нея ў аснове i ў другім тайме эфектна паклаў мяч у вароты «Эльчэ». Мунiра адразу выклікалi ў зборную Iспанii – матч супраць Паўночнай Македоніі так і застаўся адзіным.

Калі ў цябе ў канкурэнтах трыа Месі – Суарэс – Нэймар, то разлічваць на аснову амаль немагчыма. Мунір здабыў трэбл з «Барсай», хоць і гуляў не вельмі шмат, а ў наступным сезоне ўстанавіў свой рэкорд у Ла Лізе з каталонцамі: 15 матчаў, 3 галы і 3 асісты. Затым яго адправілі ў арэнду ў «Валенсію», а далей прадалі ў «Севілью». Там ён стабільным гульцом асновы так і не стаў, таму яго кар’ерны дауншыфт працягнуўся ў «Хетафе», а гэты сезон форвард пачаў у «Лас-Пальмасе».

Яму ўсяго 28, але акрамя яскравага пачатку і дубля ў вароты «Лестэра» на дарослым узроўні цяжка ўзгадаць яшчэ нешта.

Жэрар Дэўлафеу (29 гадоў, «Удынезэ»)

Жэрар з 9 гадоў займаўся ў акадэміі «Барсы» i дайшоў да 27 галоў у Сегундзе за другую каманду клуба, што выглядала вельмі перспектыўна. The Guardian паставіла Дэўлафеу ў топ-10 маладых гульцоў свету.

Далей былi арэнды – досыць добры сезон у аснове «Эвертана», потым «Севілья». Пасля гулец аказаўся ў «Мілане», дзе паказваў вельмі добры футбол – настолькі, што ў Каталоніі вырашылі вярнуць выхаванца. Але ў сезоне-2017/18 ён адгуляў толькі 10 матчаў за «Барсу».

Апошнія тры сезоны іспанец гуляе ва «Удынезэ», дзе з'яўляецца адным з лідараў каманды. Былы вінгер знайшоў сябе на месцы дзясяткі і стаў адным з самых крэатыўных футбалістаў Серыі А. У пазамінулым сезоне ён забіў 13 галоў, устанавіўшы ўласны рэкорд у дарослым футболе. Але гэта не топ-узровень.

Боян Кркіч (33 гады, завяршыў кар'еру)

Кркiч – кананічны выпадак і, магчыма, галоўная ахвяра высокіх чаканняў. Футбаліст выдатна адгуляў ЧС U-17, дзе забіў 5 разоў, але ярлык «новага Месі» згуляў з ім злы жарт. Хоць ён сапраўды быў вельмі перспектыўным – у моладзевых камандах набіў аж 423 галы.

Некалькі сезонаў ён быў у абойме, але да стабільнага месца ў аснове справа так і не дайшла. Нарэшце «Барса» адпусціла яго ў «Рому», дзе свой праект пачынаў Луіс Энрыке. Але нават легенда каталонцаў не дапамагла Бояну раскрыцца на поўную.

У траўні 2023-га гулец завяршыў кар’еру, але перад тым падтрымаў Ансу Фаці, ад якога таксама былі вельмі вялікія чаканні: «Я перажыў тое, што адчувае Фаці. Цяжка змагацца з ярлыком «новы Месі». Ты з гульца ператвараешся ў персанажа».

Былы гулец дадаў, што ён у свае 17 год не разумеў усяго маштабу таго, што адбывалася вакол яго.

Фота: Goal.com, Barcelona, Global Look Press

Найлепшае ў блогах
Больш цiкавых пастоў

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты