Tribuna/Футбол/Блогі/Не адчулі страту Кейна і маюць крутога трэнера: новы «Тотэнхэм» – у лідарах АПЛ

Не адчулі страту Кейна і маюць крутога трэнера: новы «Тотэнхэм» – у лідарах АПЛ

Сон стаў нападаючым, капітанам і атрымаў новага топ-партнёра.

Аўтар — Бона Сфорца
6 лістапада, 04:47
Не адчулі страту Кейна і маюць крутога трэнера: новы «Тотэнхэм» – у лідарах АПЛ

Вернемся на імгненне ў 12 жніўня. Менавіта ў гэты дзень найлепшы бамбардзір у гісторыі «Тотэнхэма» Хары Кейн афіцыйна аформіў свой пераход у «Баварыю», а да старту лонданскага клуба ў новым сезоне прэм'ер-лігі заставалася крыху больш за суткі.

Калі б у вас на той момант пацікавіліся, на якім месцы «шпоры» будуць пасля 10-га тура АПЛ з укікам страты Кейна і прызначэння на пасаду галоўнага трэнера для большасці наўнэймнага Энджа Пастэкоглу, то які быў бы ваш адказ?

Пакуль думаеце, нагадаем: «Тотэнхэм» узначальвае па страчаных пунктах турнірную табліцу чэмпіянату Англіі.

• 10 матчаў

• 8 перамог

• 2 нічыіх

• 0 параз

• 22 забітых галы

• 9 прапушчаных

Фантастычны старт сезона!

«Наўнэйм» Пастэкоглу – галоўная прычына, чаму «Тотэнхэм» сёння першы ў АПЛ

Памятаеце «мёртвых» гульцоў «Тотэнхэма» пасля перадсезоннай падрыхтоўкі ў Антоніа Контэ?

У кантэксце вынікаў такі трэнавальны падыход працаваў вельмі нестабільна – Контэ пакінуў лонданцаў, калі каманда была ў топ-4, але прапускала 40 галоў у чэмпіянаце і вылецела з іншых турніраў. Атмасфера ў распранальні была жудаснай – італьянец адкрыта крытыкаваў сваіх футбалістаў і пасварыўся з усімі лідарамі, а ягоныя гульцы патрабавалі гульні ў больш атакуючы футбол.

Працягваць супрацу ў такіх умовах было немагчыма. Контэ сышоў, але пад кіраўніцтвам Крысціяна Стэліні і Раяна Мэйсана «Тотэнхэм» наогул упаў на восьмае месца і праляцеў міма еўракубкаў.

Улетку «шпоры» зноў пачалі – запрасілі аўстралійскага трэнера Энджа Пастэкоглу, які за тры сезоны з «Селтыкам» выйграў пяць трафеяў.

Пастэкоглу – абсалютная супрацьлегласць Контэ ва ўсіх момантах, якія тычацца трэнавальнага працэсу і каманды ў цэлым.

Лепш за ўсё яго як чалавека і трэнера апісвае відэа па трэнаванні «Селтыка», на якім Эндж кіраваў камандай з мікрафонам:

Па-першае, перадсезонную падрыхтоўку ў «Тотэнхэме» ён амаль адразу пачаў з камандных практыкаванняў з мячом і заявіў, што яго не цікавіць уся гэтая «бегатня», пасля якой ягоныя гульцы выглядаюць перагружанымі. Эндж прасоўвае камбінацыйны і атакуючы футбол, які павінен падабацца заўзятарам.

У той жа час найважнейшую ролю для яго гуляе пазітыўны вайб унутры каманд. Пастэкоглу стварае сямейную атмасферу ў распранальні і знаходзіць агульную мову з усімі гульцамі з дапамогай размоў не толькі пра футбол, але і пра звычайныя жыццёвыя тэмы. Пры гэтым трэнавальны працэс цікавы і разнастайны, таму ўсе футбалісты, якія гулялі ў яго, толькі засыпаюць яго кампліментамі.

«Ён выдатны менеджар і выдатны чалавек, – распавядае былы падапечны Энджа і экс-гулец «Тотэнхэма» Джо Харт. – Мне 35, футбол мог бы ўжо надакучыць мне, але дакладна не пад ягоным кіраўніцтвам. Ён прымушае мяне хадзіць на працу кожны дзень, вучыцца, я атрымліваю ад гэтага толькі радасць».

Знаходжанне «Тотэнхэма» на першым месцы ў АПЛ – гэта поспех. Нягледзячы на тое, што высновы рабіць яшчэ рана, поспех у разуменні Пастэкоглу – калі фанаты атрымліваюць асалоду ад каманды і з нецярпеннем чакаюць наступных матчаў. А ў фанатаў «шпор» сёння такія ж адчуванні.

Улетку «Тотэнхэм» істотна і якасна абнавіўся – накупіў новых гульцоў на 250 млн еўра

У летняе трансфернае акно «Тотэнхэм» істотна абнавіў склад.

Па-першае, каманду пакінулі Клеман Лангле і Арно Данджума, якія ў мінулым сезоне гулялі ў Лондане на правах арэнды. Выхаванцы акадэміі ці проста маладыя футбалісты масава паехалі ў арэнду (таксама ў спісе Рэгілон і Ндамбеле), а Лукас Моўра сышоў свабодным агентам.

Павысіць трансферны бюджэт дапамаглі продаж Давінсана Санчэса ў «Галатасарай», Хары Уінкса ў «Лестэр» і, канешне ж, Хары Кейна ў «Баварыю» – «Тотэнхэм» сумарна зарабіў 116 млн еўра, каб рэінвеставаць іх у новых футбалістаў.

Кантэкстуальная замена Кейну – Брэнан Джонсан, які прыйшоў за 55 млн еўра з «Нотынгем Форэста». Такім чынам, Сон афіцыйна стаў цэнтрфорвардам, а той жа Джонсан або Рышарлісан з гэтага часу гуляюць на левым флангу нападу.

Сумарна 70 млн еўра «шпоры» выдаткавалі на паўнавартасныя трансферы Пэдра Пора і Дзеяна Кулушеўскі, за больш як 46 млн еўра падпісалі Джэймса Мэдысана, яшчэ 40 млн еўра за цэнтральнага абаронцу Мікі ван дэ Вена атрымаў «Вольфсбург», амплуа новага асноўнага галкіпера дасталася Гульельма Вікарыё, які прыехаў за 19 млн еўра са сціплага «Эмпалі», а Манор Саламон прыехаў на правах вольнага агента.

Эндж Пастэкоглу адразу сфармаваў у камандзе новую іерархію. Пасля сыходу Кейна капітанам стаў Сон, а Крысціян Рамера і навічок Мэдысан – яго намеснікамі.

Шматгадовы першы нумар «Тотэнхэма» Уго Льярыс працягвае трэнавацца з камандай, але ўжо не будзе гуляць за яе. Эрык Даер таксама згуляў у гэтым сезоне 0 хвілін, хаця ў апошні час трапляе ў заяўку.

Юны Дэсціні Удоджы – новы асноўны левы фулбек (цяпер, праўда, траўмаваны), нягледзячы на больш вопытных і зорных гульцоў на ягонай пазіцыі. Іў Бісума і Пап Матар Сар, якія не адыгрывалі важную ролю ў камандзе Контэ, сталі безальтэрнатыўна асноўнымі ў цэнтры поля, у той час як П'ер-Эміль Хёйб'ерг прысеў на лаўку запасных.

Увогуле, выглядае новы «Тотэнхэм» так:

Большасць з гэтых рашэнняў Постэкоглу лічыліся непапулярнымі яшчэ ў пачатку сезона, але той працягвае стаяць на сваім і рассейваць сумневы.

А яшчэ ў «Тотэнхэме» з'явіўся новы топ-дуэт – Мэдысан удала замяніў Кейна – Сона

На працягу апошніх сезонаў Сона і Хары Кейна называлі «новымі Лэмпардам і Драгбой» у прэм'ер-лізе – паўднёвакарэец і англічанін адчувалі адзін аднаго на ўзроўні падсвядомасці і цешылі прыхільнікаў як яркай гульнёй, так і выдатнай выніковасцю.

Заўзятары літаральна ўлюбіліся ў гэты тандэм, але Кейн разбіў сэрцы, прыняўшы запрашэнне «Баварыі». Зрэшты, мясцовыя фанаты ўжо неўзабаве сталі сведкамі стварэння новага топ-дуэта ў камандзе – Кейна і Сона надзвычай удала замяніў крэатыўны Джэймс Мэдысан, які забраў дзясятку Хары пасля ягонага сыходу.

Разам Сон і Мэдысан ужо выдалі 17 (!) рэзультатыўных дзеянняў у бягучым сезоне АПЛ:

Пастэкоглу неаднаразова хваліў Мэдысана на працягу сезона: «Мы наогул не рызыкавалі, калі падпісвалі яго, таму што Джэймс – футбаліст сусветнага ўзроўню. Наш стыль добра пасуе яму, а ён робіць нашу каманду лепшай».

Сам Мэдысан таксама задаволены сваёй гульнёй і атрымлівае асалоду ад трэнавальнага працэсу пад кіраўніцтвам аўстралійца: «Ён выдатны матыватар, які дае гульцам поўную свабоду дзеянняў на футбольным полі, а мая гульня аб'ектыўна выйшла на новы ўзровень. Думаю, я ў найлепшай форме за сваё жыццё».

Фота: Premier League, John Walton/PA Images, Charlotte Wilson/Offside

Найлепшае ў блогах
Больш цiкавых пастоў

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты