Tribuna/Футбол/Блогі/Форвард «Штутгарта» – найлепшы бамбардзір топ-ліг ужо з 10 галамі. Вы наўрад ці чулі пра яго

Форвард «Штутгарта» – найлепшы бамбардзір топ-ліг ужо з 10 галамі. Вы наўрад ці чулі пра яго

Серу Гірасі мае тры дублі і адзін хет-трык, набіў больш Кейна і Холанда.

Аўтар — Бона Сфорца
26 верасня, 17:27
Форвард «Штутгарта» – найлепшы бамбардзір топ-ліг ужо з 10 галамі. Вы наўрад ці чулі пра яго

Новая галоўная зорка Бундэслігі Хары Кейн забіў 7 галоў у пяці матчах, Віктар Баніфасе, пра які мы пісалі ў тэксце пра леверкузенскі «Байер», адзначыўся 6 галамі, аднак ні Кейн, ні Баніфасе не на першым месцы ў табліцы бамбардзіраў нямецкага чэмпіянату.

Гонку нечакана ўзначальвае форвард «Штутгарта» Серу Гірасі, які ва ўсё тых жа пяці сустрэчах вызначыўся 10 разоў. Проста цяпер ён з’яўляецца найлепшым бамбардзірам сярод футбалістаў топ-5 еўрапейскіх ліг.

Гірасі ўжо тройчы аформіў дубль, аднойчы — хет-трык, а да найлепшага бамбардзіра БЛ мінулага сезона засталося толькі 6 галоў

Серу Гірасі стаў гульцом «Штутгарта» летам-2022, калі ў апошні дзень трансфернага акна прыехаў за статусам асноўнага футбаліста на правах арэнды з «Рэна». У французскім клубе ён нярэдка вызначаўся выніковымі дзеяннямі (25+4 у 81 матчах), але праз прайграную канкурэнцыю правёў у сезоне 2021/22 на полі толькі 30% матчаў Лігі 1.

Нягледзячы на тое, што «швабы» адкрыта няўдала пачалі кампанію 2022/23 (першую перамогу атрымалі ажно ў дзясятым туры), Гірасі ў каманду ўпісаўся даволі нядрэнна – забіў 6 галоў у 13 матчах, у якіх прымаў удзел. Пасля, праўда, траўмаваўся і прапусціў амаль два месяцы, але нават пасля вяртання працягнуў забіваць і скончыў сезон з 11 галамі ў 22 матчах.

Улетку «Штутгарт» выкупіў Гірасі за 9 млн еўра, а 27-гадовы нападаючы аддзячыў за давер – забівае ў кожным (!) матчы яшчэ з апошняга спарынгу з «Шэфілд Юнайтэд». Чаму мы наогул згадваем таварыскія матчы, спытаеце вы? А таму, што Серу адзначыўся адразу трыма галамі ў вароты клуба АПЛ – і гэта ўражвае.

Афіцыйныя матчы пачаліся для французскага гвінейца таксама рэзультатыўна. У гульні Кубка Германіі супраць «Балінгена» Гірасі аформіў 1+1 («Штутгарт» перамог 4:0), а затым пачаў сваю феерыю ў Бундэслізе:

Яго найменш выніковы матч у бягучым сезоне – «усяго» адзін гол у вароты «Лейпцыга». Астатнія – дублі «Бохуму», «Фрайбургу» і «Дармштадту» (у матчы з апошнімі яшчэ і асіст аддаў), а «Майнц» ён засмуціў тройчы.

Паказчык xG Гірасі спыніўся на адзнацы 4,3, а ў сярэднім ён наносіць 4,4 удары за матч – з аднаго боку, звычайная статыстыка для форварда каманды, якая гуляе першым нумарам. З іншага, 10 забітых мячоў і ў сярэднім адзін гол на 43 хвіліны сведчаць пра фантастычную рэалізацыю, якая і трансфармуецца ў рэзультатыўнасць.

«Бохуму» Серу забіваў пасля шыкоўных уцёкаў паміж абаронцамі:

Забіваў і ўдарамі з-за межаў штрафной:

І галавой:

І нават здзекаваўся з галкіпера «Дармштадта», элегантна перакінуўшы яго пры выхадзе адзін у адзін:

Цікава, што Гірасі застаецца забіць усяго 6 галоў, каб паўтарыць паказнік найлепшых бамбардзіраў Бундэслігі мінулага сезона Нікласа Фюлькруга і Крыстафера Нкунку. А да канца чэмпіянату застаецца ажно 29 матчаў.

***

Анамалія гэта ці пік формы нападаючага, але перыяд у «Штутгарце» (25 галоў у 34 матчах за каманду) – найлепшы ў ягонай кар’еры. Гірасі меў нядрэнныя адрэзкі на Радзіме ў складзе «Ам'ена» і «Рэна», але, напрыклад, у «Ліле», «Асэры» і «Кёльне» (так-так, ён ужо гуляў у Германіі) у Сэру не пайшло.

«Штутгарт» – адно з адкрыццяў сезона Бундэслігі. Пакуль прайгралі толькі аднойчы і ідуць трэцімі

Выніковасць Гірасі зусім не здзіўляе на фоне агульнага выступлення «Штутгарта». У красавіку клуб звольніў Бруна Лабадыю і прызначыў 40-гадовага Себасцьяна Хёнеса галоўным трэнерам – і тут панеслася.

Хёнес ніколі не быў выдатным футбалістам (яго можна назваць хіба што легендай другой каманды «Герты»), але ўжо трэнаваў моладзевыя каманды «Лейпцыга» і «Баварыі», а затым атрымаў прапанову ад «Хофенхайма», які трэнаваў на працягу двух сезонаў.

У «Штутгарце» Хёнес ужо паспеў выратаваць каманду ад вылету перамогай над «Гамбургам» у пераходных матчах. У цэлым Себасцьян прасоўвае ідэю атакуючага футбола і гульні першым нумарам, і за 18 матчаў пад яго кіраўніцтвам каманда перамагла 11 разоў і забіла 46 мячоў.

У гэтым сезоне «швабы» дэманструюць дужа відовішчны футбол з багаццем галоў (адзіная параза таксама была не сумнай) – па 5:0 у хатніх матчах з «Бохумам» і «Фрайбургам», перамогі 3:1 над «Майнцам» і «Дармштатам» і 1:5 ад «Лейпцыга». Сапраўдная асалода для нейтральных фанатаў.

Цяперака «Штутгарт» ідзе трэцім у Бундэслізе, маючы ў актыве 12 пунктаў. Наперадзе – толькі «Баварыя» і «Баер». Леверкузенцы маюць столькі ж забітых (17), у мюнхенцаў пасля перамогі 7:0 у апошнім туры толькі на адзін мяч больш.

Заўзятары «швабаў» з аптымізмам глядзяць на каляндар – у наступных пяці матчах каманда Хёнеса сустрэнецца з «Кёльнам», «Вольфсбургам», «Уніянам», «Хафенхаймам» і «Хайдэнхаймам», таму шансы папоўніць запас пунктаў перад больш сур’ёзнымі супернікамі добрыя. Асабліва, калі ў атацы ззяе Серу Гірасі.

Фота: THOMAS KIENZLE/AFP/Global Look Press, скріншоти з огляду матчів на ютуб-каналі Бундесліги, Alexander Hassenstein/Getty Images

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты