Tribuna/Футбол/Блогі/Белінгем – будучы ўладальнік «Залатога мяча». Экс-партнёры скардзяцца на яго, але гэта толькі падкрэслівае яго геніальнасць

Белінгем – будучы ўладальнік «Залатога мяча». Экс-партнёры скардзяцца на яго, але гэта толькі падкрэслівае яго геніальнасць

Пачытайце пра не па гадах спелую зорку.

Аўтар — Бона Сфорца
23 верасня, 20:44
Белінгем – будучы ўладальнік «Залатога мяча». Экс-партнёры скардзяцца на яго, але гэта толькі падкрэслівае яго геніальнасць

France Football абвясціў спіс усіх футбалістаў, якія прэтэндуюць на «Залаты мяч» па выніках мінулага сезона – і ў ім ёсць 20-гадовы Джуд Белінгем. Англiчанiн правёў шыкоўны сезон за дортмундскую «Барусію», аформіў пераход у «Рэал» і ў новым клубе пачаў так, што не снілася і самому Крышу.

Калі не сёлета, то ўжо хуткім часам Белінгем будзе не проста намінантам на «Залаты мяч», а сярод галоўных прэтэндэнтаў на ўзнагароду. Прычын для гэтага ўжо дастаткова.

У мінулым сезоне Белінгем афіцыйна стаў гульцом сусветнага класа. Тады ён уласнаручна цягнуў «Дортмунд», а зараз атрымаў новую ролю ў «Рэале» – і працягвае ззяць

Заўзятары «Дортмунда» дагэтуль вельмі шкадуюць, што Белінгем не змог згуляць у вырашальным матчы з «Майнцам» у апошнім туры Бундэслігі мінулага сезона. Тая сустрэча павінна была прынесці «чорна-жоўтым» доўгачаканае чэмпіёнства, але каманда Эдзіна Тэрзіча расклеілася, згуляла ўнічыю 2:2 страціла салатніцу ў апошні момант.

Праблемы ў тым матчы можна было прадбачыць, але няўдзел у ім Джуда (траўміраваў сваё хранічна хворае калена) пазбаўляла каманду рашэння. У «Барусіі» яшчэ ў першым крузе было дастаткова такіх гульняў, і менавіта англiчанiн быў тым, хто неаднаразова станавіўся месіяй для каманды – то пераможнымі галамі (так было на выездзе з «Айнтрахтам»), то вырашальнымі асістамі (у хатнім матчы з «Аўгсбургам»), ці проста дамінантнай гульнёй у цэнтры поля, якая не дазваляла суперніку будаваць хоць нешта на полі (як, напрыклад, у Берліне ў матчы з «Гертай»).

Сезон-2022/23 афіцыйна зрабіў з Белінгема футбаліста сусветнага класа. У 19 гадоў ён уласнаручна цягнуў каманду і здабываў для яе вынік у вельмі няпростыя часы, неаднаразова быў яе капітанам, у Лізе чэмпіёнаў адзначыўся галамі ў чатырох стартавых паядынках.

У «Дортмундзе» Джуд быў тыповай васьмёркай і выконваў ролю «бокс-ту-бокс», што не перашкодзіла яму дэманстраваць у тым ліку выніковы футбол – за 42 матчы ва ўсіх турнірах ён вызначыўся 14 галамі і 7 выніковымі перадачамі.

Сярод гэтых галоў, напрыклад, былі і такія шэдэўры:

Пераход у мадрыдскі «Рэал» менавіта ўлетку 2023-га – ідэальны таймінг для маладога футбаліста, пра якога гавораць як пра аднаго з найлепшых цэнтральных паўабаронцаў свету.

«Каб дасягнуць высокіх мэт, кожнаму футбалісту павінен дапамагаць чулы трэнер, які можа даць адказы на важныя пытанні: «Што я бачу ў гэтым гульцы?», «Што ён можа прынесці камандзе?», «Калі я аддаю перавагу маладосці над досведам?». Надзвычай дасведчаны Карла Анчалоці знайшоў бы правільныя адказы», – пісаў пра Белінгема ў сваёй калонцы Філіп Лам і фактычна прадказаў фантастычны старт англiчанiна ў новым клубе.

Здавалася б, што яшчэ больш уражлівага можа паказаць неверагодна спелы і разумны не па гадах Джуд, які ўжо замацаваўся і ў зборнай Англіі?

Вопытны Анчалоці, як і казаў Лам, знайшоў правільныя адказы на гэтае пытанне. У новым сезоне «Рэал» Карла гуляе пераважна па схеме 4-3-1-2, у якой Джуду дасталася месца атакуючага хаўбека – адразу за спіной двух цэнтрфорвадаў. І гэта вылілася ў высокую рэзультатыўнасць англiчанiна на старце сезона. Белінгем за чатыры матчы набіў 5 мячоў і адзначыўся 1 асістам. Адразу ў трох гульнях – супраць «Альмерыі», «Сельты» і «Хетафэ» – ён фактычна прынёс сваёй камандзе тры ачкі вырашальнымі дзеяннямі.

Час на адаптацыю ў адным з найвялікшых клубаў у гісторыі? Джуду не трэба.

«Я не быў падчас адаптацыі ў камандзе такіх гульцоў, як Раналду ці Рамас, але з таго часу, як я тут, я ніколі не бачыў такой хуткай адаптацыі, як у Джуда. Не толькі на полі, дзе патрэбныя вельмі высокія вынікі, але і ў распранальні, у адносінах з партнёрамі па камандзе», – распавёў гулец «Рэала» Дані Карвахаль.

Джуд – лідар як на полі, так і ў распранальні, хаця яму ўсё яшчэ 20

Калі вы бачылі хаця б адзін матч з удзелам Белінгема, то дакладна заўважылі, як ён не толькі вельмі ўпэўнена і спрытна працуе з мячом, але і ўвесь час мае зносіны з партнёрамі – падказвае, актыўна жэстыкулюючы, падбадзёрвае, экспрэсіўна дэманструе эмоцыі. Джуд увесь час зараджае фанатаў, просіць ад іх яшчэ больш падтрымкі і дзякуючы гэтаму знаходзіцца ў цэнтры ўвагі.

У дадатак да фенаменальных якасцяў на полі ў Белінгема яшчэ і поўны парадак у галаве. Чыста ў футбольным плане – гэта вялікая перавага над іншымі футбалістамі, якая дазваляе дзейнічаць вольна. Не адзін вялікі футбаліст «выехаў» на ментальнасці пераможцы і праяве лідарскіх якасцяў – усё гэта ў Джуда ёсць, але, напрыклад, у «Дортмундзе» згуляла з ім злы жарт.

У сярэдзіне жніўня з’явілася інфармацыя, што распранальня «Барусіі» зусім не сумуе па англiчанiну – паводле інфармацыі Bild, аднаклубнікам не падабалася, што Джуд прымушаў іх заўсёды ісці да заўзятараў пасля матчаў (нават пасля няўдалых), а таксама адкрыта крытыкаваў на футбольным полі.

Чуткі пацвердзіў новы капітан дортмундцаў Эмрэ Джан:

«Я думаю, што любы трэнер быў бы шчаслівы, калі б Белінгем быў у яго складзе. Але пры гэтым у распранальні маглі б узнікаць праблемы. Ён паказваў, што ён лепш за іншых, але не заўсёды мог даказаць гэта на полі. Аднойчы я сказаў яму, што яго паводзіны непрымальныя. Маладога гульца без вялікіх тытулаў не будуць успрымаць так, як яму хацелася».

У Германіі пасля гэтай інфармацыі з’явілася нямала гарачых абмеркаванняў. Адны заўзятары абараняюць клуб і згаджаюцца, што Белінгем неаднаразова пераходзіў мяжу, іншыя ж крытыкуюць менавіта «Дортмунд» – маўляў, менавіта з-за таго, што ў камандзе мала (а цяпер – няма) такіх футбалістаў, «Барусія» і замацавала за сабой званне «заўсёды другой каманды краіны».

Сам Джуд ад гэтых размоваў ніяк не пацярпеў – ён працягвае быць на полі сапраўдным лідарам і дэманстраваць сваю ўпэўненасць у любых момантах. Як, напрыклад, у яго ўжо фірмовым святкаванні:

Белінгем можа выйграць «Залаты мяч» яшчэ і таму, што эпоха Месі і Раналду заканчваецца

Iснуе яшчэ адна прычына, чаму Белінгем у бліжэйшыя гады можа ўзяць «Залаты мяч».

У эпоху Месі і Раналду нямала футбалістаў прэтэндавалі на самую прэстыжную індывідуальную ўзнагароду, але фактычна не мелі шанцаў супраць пратаганістаў сусветнага футбола, калі яны былі ў сваім прайме. Аргентынец можа забраць «ЗМ» і сёлета, але яго часы, як і часы Крышціяну, сыходзяць у мінулае.

Сярод новых зорак сусветнага футбола і будучых уладальнікаў узнагароды часцей за ўсё ўспамінаюць Эрлінга Холанда і Кіліяна Мбапэ. Але іх цяжка назваць новымі Месі і Раналду – абсалютнымі дамінатарамі ў футболе наўпрост цяпер.

Па стылі гульні і легендарнай пяцёрцы на форме «Рэала» Джуда зараз актыўна параўноўваюць з Зінедзінам Зіданам. Зізу выйграў свой мяч у 26 (яшчэ гульцом «Юве»).

У Белiнгема дакладна яшчэ ёсць час.

Фота: Joachim Bywaletz/DeFodi Images/Global Look Press, Diego Souto/REUTERS, Joe Prior/Visionhaus

Найлепшае ў блогах
Больш цiкавых пастоў

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты