Tribuna/Футбол/Блогі/Ямаль паставіў два новыя рэкорды – гэтым разам у зборнай Іспаніі. А год таму святкаваў перамогу над іспанцамі з Марока

Ямаль паставіў два новыя рэкорды – гэтым разам у зборнай Іспаніі. А год таму святкаваў перамогу над іспанцамі з Марока

Дэтальна знаёмім з зоркай Насрауі Эбана.

Аўтар — Бона Сфорца
11 верасня, 13:58
Ямаль паставіў два новыя рэкорды – гэтым разам у зборнай Іспаніі. А год таму святкаваў перамогу над іспанцамі з Марока

Ламін Ямаль уварваўся ў дарослы футбол увесну – і ўжо пабіў процьму рэкордаў. Ламін стаў самым маладым дэбютантам у гісторыі «Барселоны», самым маладым чэмпіёнам Ла Лігі ў гісторыі, самым маладым гульцом стартавага складу «Барсы», самым маладым аўтарам рэзультатыўнага дзеяння ў Ла Лізе ў XXI стагоддзі.

Але на гэтым юнак не спыніўся. У пачатку верасня ён атрымаў выклік у зборную Іспаніі, хоць мог гуляць за родную краіну свайго бацькі – Марока.

8 верасня 2023 года Ламін пабіў ажно 2 рэкорды «Фурыі Рохі»:

🔶 стаў самым маладым гульцом у гісторыі зборнай;

🔶 стаў самым маладым бамбардзірам у гісторыі зборнай.

16 гадоў і 57 дзён – новы арыенцір для абодвух рэкордаў. Гэта нешта неверагоднае, бо раней за іспанскую зборную ніколі не выходзілі футбалісты ва ўзросце да 17 год.

У гульні адбору на Еўра-2024 супраць Грузіі на 74-й хвіліне малады вінгер зрабіў лік 7:1 на карысць сваёй каманды, расстраляўшы браму Мамардашвілі пасля паса Уільямса.

А пасля матчу Ямаль сказаў:

«Я адчуваў сябе дастаткова камфортна з самага пачатку. Я выйшаў на поле ў канцы першага тайма і гуляў да канца. Усё зрабіў Ніка Уільямс. Ён вывеў мяне сам-насам з брамнікам, а я проста ўдарыў па мячу туды, куды загадалі мае цела і душа».

Дык хто ж ён такі – гэты Ламін Ямаль?

Ямаль – сын Ракафонды. Кантракт з Мендэшам і экстравагантны бацька

Адразу скажам, што Ламін Ямаль – гэта падвойнае імя, якое хлопцу далі бацькі, а прозвішча Насрауі Эбана не такое мілагучнае, каб наносіць яго на футболку. Маці гульца родам з Экватарыяльнай Гвінеі, а бацька з Марока – цалкам звыклая карціна для раёна, дзе вырас гулец.

Ракафонду – адно з самых густанаселеных месцаў не толькі ў Каталоніі, але і на ўсім міжземнаморскім узбярэжжы. Дзесяткамі гадоў тут сяліліся эмігранты з розных краін, але самай вялікай з’яўляецца, вядома, мараканская дыяспара. Ямаль з дзяцінства ўбіраў у сябе дух гэтага раёна і ўжо зараз з’яўляецца голасам Ракафонды ў свеце.

Свае галы ў моладзевай камандзе Ламін святкаваў жэстам «304» — апошнія лічбы ў паштовым індэксе раёна (08304). «304» з’яўляецца і на бутсах гульца побач са сцягамі Экватарыяльнай Гвінеі і Марока, а таксама ініцыяламі LY.

Сёння тыя лічбы паказваюць усе хлапчукі раёна, іх можна сустрэць у графіці і нават на сметніцах – Ламін усё яшчэ ведае, аб чым шэпчуцца вуліцы Ракафонда.

Родны раён гульца вельмі не любяць ультраправыя партыі ў Іспаніі, называючы яго «мультыкультурнай звалкай». Бацька Ямаля ў траўні нават учыніў бойку каля агітацыйнага намёту правай партыі Vox. Падчас нападу ў намёце знаходзілася Моніка Лора, якая балатавалася на пасаду мэра горада Матара, да якога адносіцца раён Ракафонду.

У рапарце паліцыі гаварылася, што бацька Ямаля з сябрамі закідваў палатку яйкамі, а таксама некалькі гадзін запар абражаў агітатараў. У нейкі момант у яго нават пачалася бойка з адным з ахоўнікаў, у справу ўмяшалася паліцыя. Бацька футбаліста атрымаў штраф 546 еўра, але віну прызнаваў неахвотна.

Маці Ямаля куды менш канфліктная жанчына (прынамсі публічна), часта падкрэслівае сувязь сына з яе Радзімай і нагадвае, што вазіла малога Ламіна ў Экватарыяльную Гвінею. Шэйла Эбана сцвярджае, што яе сын сапраўдны гвінеец.

Ужо ў 7 гадоў Ямаль абіраў паміж моладзевымі камандамі «Барсы» і «Эспаньёла», аддаўшы перавагу ўсё ж «блаугранас». З гэтага моманту пачаўся ягоны паступовы ўздым праз каманды Ла Масіі. Пры гэтым вельмі часта Ямаль гуляў супраць старэйшых футбалістаў, дэманструючы выключны ўзровень. У 12 гадоў гульня Ямаля заварожвала, было зразумела, што падрастае сапраўдны дыямент.

Першым агентам гульца стаў легендарны «маленькі Буда» Іван дэ ла Пенья – легенда «Барсы» 1990-х. Сярод яго кліентаў, напрыклад, Хаві, але ўтрымаць Ямаля было нялёгкай задачай. Вялікае сямейства футбаліста не толькі з цікавасцю назірае за дэбютнымі гульнямі свайго дзіцяці, але і разлічвае як мага хутчэй манетызаваць ягоны талент.

У красавіку перад бацькоўскім домам Насрауі Эбана з’явілася Яго Агенцкая Вялікасць Жоржэ Мендэш. Такія людзі не прыходзяць з пустымі рукамі, таму партугалец адразу ўручыў бацькам футбаліста чэк на 2,5 мільёна еўра толькі за тое, што іх сын адразу ж пяройдзе пад ягонае крыло.

Пасля гэтага Мендэш пачаў старую як свет выніковую агенцкую гульню: бацька Ламіна, аказваецца, ужо даўно з’яўляецца фанатам мадрыдскага «Рэала», таму нягледзячы на ўсе фінансавыя складанасці, Лапорце давядзецца тут і цяпер прапанаваць гульцу новы кантракт, інакш у Мадрыдзе ўжо гатовыя прыняць юнака да сябе.

Перад пачаткам летняга тура па ЗША Ямаль працягнуў кантракт з «Барсай» да лета 2026 года.

Шалёны дэбют у «Барселоне», скандалы ў маладзёжцы

Ямаль гуляе на пазіцыі правага вінгера ў «Барселоне», шмат у чым такі імклівы ўзлёт у аснову адбыўся дзякуючы дыскваліфікацыі Рафіньі, але не трэба думаць, што гэта тыповы флангавы гулец.

У моладзевых камандах Ямаль часта гуляў чыстага форварда і ўтоеную дзявятку. Статыстыка ў Ла Масіі гаворыць сама за сябе — 357 галоў у 249 матчах. Дзякуючы таму, што працоўная нага ў яго левая, Ламін часта ссоўваецца ў цэнтр, дзе стварае небяспеку браме суперніка. Так адбылося ў матчы з «Вільярэалам», дзе ён двойчы ледзь не забіў, а пасля аднаго з ягоных ўдараў адзначыўся Роберт Левандоўскі.

Аднак не варта забываць, што нягледзячы на вялікі талент і гульню побач з дарослымі майстрамі, ён усё яшчэ прос1та юнак з усімі ўласцівымі для гэтага ўзросту наступствамі. У лютым яго нават выгналі са зборнай U-17. Прычынай назвалі парушэнне дысцыпліны, але, як даведаліся іспанскія журналісты, Ямаль разам з Хесусам Фартэа з «Рэала» і Даніэлем Муньясам з «Атлетыка» арганізавалі тэлефонны розыгрыш псіхолагу Федэрацыі футбола і пагражалі яму з невядомага нумара.

Яшчэ адным скандальным момантам у пакуль нядоўгай біяграфіі гульца, з’яўляецца святкаванне перамогі зборнай Марока над зборнай Іспаніі на ЧС-2022. Пры гэтым Ямаль быў у футболцы менавіта афрыканскай зборнай.

Іспанцы спяшаліся загуляць яго за нацыянальную зборную, а сам Ламін пасля сустрэчы з прадстаўнікамі Марока ўсё ж вырашыў гуляць за Іспанію. У свой час падобная сітуацыя была з Мунірам, але тады гулец «блаугранас» правёў толькі адну гульню за «Фурыю Роху», не зайграў у «Барсе», а затым дамогся магчымасці пагуляць за Марока.

«Я заўсёды гуляў за Іспанію, пачынаючы з U-15, і мне заўсёды было ясна, што я хачу выступаць за Іспанію. Выйграць Еўра, выйграць чэмпіянат свету і ўсё што магчыма», – заявіў гулец пасля выкліку ў дарослую зборную Іспаніі.

Дасведчаныя партнёры па камандзе ўжо паспелі выказаць сваё захапленне талентам: «Калі я ўбачыў, як гуляе Ламін Ямаль, то не мог паверыць, што яму ўсяго 16 гадоў», - сказаў Родры.

«Ламін Ямаль – фантастычнае дзіця. Прыемна бачыць хлапцоў з такой упэўненасцю ў сабе, і відаць, што ён валодае асаблівым талентам. У распранальні я сказаў яму, што дэбютаваў у зборнай яшчэ да яго нараджэння», – падзяліўся ўражаннямі Сесар Аспілікуэта.

Трэнер зборнай Луіс дэ ла Фуэнтэ таксама хваліць юны талент: «Ламін здаваўся мне вельмі добрым, калі я глядзеў на яго па тэлебачанні, але, працуючы з ім, ты яшчэ больш разумееш яго патэнцыял. Ён здаецца яшчэ найлепшым».

Гэта сапраўды талент. Паглядзім, як пайдзе далей.

Фота: FC Barcelona; Selección Española de Fútbol

Найлепшае ў блогах
Больш цiкавых пастоў

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты