Tribuna/Футбол/Блогі/Брамнік «ПСЖ», якога затаптаў конь, хоча вярнуцца да канца сезона. Пасля рэанімацыю ён схуднеў на 20 кг

Брамнік «ПСЖ», якога затаптаў конь, хоча вярнуцца да канца сезона. Пасля рэанімацыю ён схуднеў на 20 кг

Серхіа Рыка даў першае інтэрв'ю пасля траўмы.

Аўтар — Бона Сфорца
27 верасня, 04:58
Брамнік «ПСЖ», якога затаптаў конь, хоча вярнуцца да канца сезона. Пасля рэанімацыю ён схуднеў на 20 кг

У канцы траўня ўвесь свет абляцела жудасная навіна: галкіпер «ПСЖ» Серхіа Рыка зваліўся з каня і атрымаў чэрапна-мазгавую траўму. Футбаліст знаходзіўся ў коме, а па сеціву ўжо папаўзлі параўнанні са страшнай траўмай Міхаэля Шумахера.

Галкіпер правёў у шпіталі 82 дні (36 з якіх у рэанімацыі), а ў сярэдзіне жніўня яго выпісалі. Выглядае, што гэта будзе гісторыя са шчаслівым канцом.

Інцыдэнт адбыўся ў горадзе паломніцтва. Рыка адмыслова папрасіў для гэтага адпачынак

Усё пачалося ў апошнія тыдні вясны, калі парыжане амаль гарантавалі сабе чэмпіёнства, Серхіа вырашыў папрасіць кіраўніцтва пра адпачынак, каб здзейсніць паломніцтва ў Эль-Расія на свята Рамерыя. Справа ў тым, што андалусіец з’яўляецца адданым каталіком і членам Братэрства Адкуплення, куды ў свой час яго прывяла маці. Гэта даволі распаўсюджаная з’ява, бо ў гэтых краях дзейнічае каля 127 рэлігійных братэрстваў.

Пасля матчу са «Страсбурам», калі чэмпіёнства афіцыйна апынулася ў кішэні парыжан, кіраўніцтва дазволіла галкіперу адправіцца ў Іспанію. Эль-Расія – невялікая вёска, насельніцтва якой складае каля 1500 чалавек. Аднак на свята сюды едуць каталікі з усяго свету, сёлета іх было каля 1,5 мільёна, а цэны на жытло дасягалі 10 тысяч еўра за суткі.

Дата была абраная не выпадкова, бо мясцовыя вераць, што на 50-ы дзень пасля Страснога тыдня мясцовы пастух знайшоў у дупле выяву Дзевы Марыі, пасля чаго туды панесліся дзясяткі, сотні, а зараз ужо амаль мільёны паломнікаў. Дзея пачынаецца ў ноч з нядзелі на панядзелак, а большасць удзельнікаў прыязджае ў мястэчка на конях. Эль-Расіа нагадвае тыповае мястэчка з вестэрнаў, бо тут наогул няма асфальтаваных дарог, а падчас свята алкаголь прадаюць 24 гадзіны на суткі. Галоўная падзея свята – урачыстае шэсце з драўлянай фігурай Дзевы Марыі.

Расказваюць, што пад шумок сюды едзе вялізная колькасць прастытутак з усёй Іспаніі і Афрыкі – нічога антырэлігійнага, толькі бізнес. Арэнда жылля – космас, купіць нешта для немясцовых таксама нерэальна, бо кошты на старэнькія домікі стартуюць ад мільёна еўра. Ад цыганскіх будак проста разбягаюцца вочы. Эль-Расія знаходзіцца на тэрыторыі нацыянальнага парку, з цэнтральнай вуліцы можна нават убачыць ружовых фламінга, якія жывуць непадалёк на балотах. Сярод мінусаў – турысты, якія бескантрольна паляць вогнішчы.

Пасля падзення схуднеў на 20 кілаграмаў і кожны тыдзень губляў 30% мышачнай масы

Серхіа Рыка прыбыў на месца, а пятай раніцы, ён паехаў наведаць сяброў у адным з будынкаў. Паводле інфармацыі The Athletic, у 7:00 раніцы ён пад’ехаў да дома свайго таварыша на кані. А восьмай выйшаў з хаты, хацеў ехаць далей, але праз дарогу ашалеў запрэжаны асёл, які нейкім чынам вырваўся на волю. Сведкі кажуць, што на асла напужала машына, якая збірала смецце.

Гэта завяло каня Серхіа, які стаў на заднія ногі, а затым скінуў вершніка. Апускаючыся, конь ударыў пярэднімі нагамі галкіпера, які ўжо ляжаў на зямлі. Удар прыйшоўся па галаве і шыі, як пазней стала вядома, калі б удар быў на паўсантыметры ніжэй мужчына загінуў бы на месцы.

Першую дапамогу Рыка, які ляжаў без прытомнасці, аказалі двое міначак, якія былі медсёстрамі. Праз 30 хвілін прыбыла хуткая, а ўжо ў 10:00 яго верталётам даставілі ў лякарню ў Севільі.

У клубе адразу выказалі падтрымку, а Вераці і Маркіньяс нават сабраліся ехаць у Севілью, аднак праз стан партнёра вырашылі гэтага не рабіць. Побач з роднымі шмат часу быў Карлас Салер, прыязджаў таксама прэзідэнт «Севільі», з якім футбаліст сябраваў сем’ямі. Кіліян Мбапэ прысвяціў гол «Клермону», паказаўшы гульнявы швэдар Серхіа, а «ПСЖ» і «Севілья» выходзілі на свае матчы ў футболках з падтрымкай гульца.

Стан Серхіа пастаянна мяняўся, а праз інтубацыю ў яго развілася пнеўманія. Гулец моцна саслаб – страціў 20 кг, а кожны тыдзень у рэанімацыі забіраў у яго 30% цягліцавай масы. Размовы пра завяршэнне кар’еры былі цалкам сур’ёзнымі. Пакуль у яго былі праблемы з вымаўленнем, іспанец пісаў вельмі чуллівыя пасланні сваёй жонцы: «Добрай раніцы, дзетка. Няма сумневаў у тым, што я абраў бы менавіта цябе яшчэ тысячу разоў. Ты мой самы вялікі скарб. Кахаю цябе ўсім сэрцам»

Не памятае моманту няшчаснага выпадку і хоча вярнуцца да канца сезона

Да брамніка прыехаў нават уладальнік «ПСЖ» Насер Аль-Хелайфі, а клубнае тэлебачанне ўзяло інтэрв’ю ў гульца. Вось асноўныя тэзы з яго:

«Шчыра кажучы, я не памятаю ні моманту інцыдэнту, ні наступныя дні, калі я ляжаў у коме ў шпіталі. Я спаў, быў без прытомнасці. Але пасля таго, як прачнуўся і пачуўся лепш, я памятаю ўсё астатняе ідэальна. Цяпер спадзяюся, што змагу атрымаць зялёнае святло ад медыкаў, каб аднавіць заняткі спортам, гэта тое, што я больш за ўсё люблю і да чаго больш за ўсё хачу вярнуцца».

«Першае, пра што падумаў – гэта футбол. Мне пашанцавала, што ў мяне не было праблем з мозгам, праблем з памяццю ці падобных рэчаў. Таму маёй першай думкай было, ці змагу я зноў гуляць у футбол. Я ляжаў у сваёй бальнічнай палаце на ложку, не маючы магчымасці рухацца, вакол мяне былі кабелі і кропельніцы, і першае, пра што падумаў: «Ці змагу я зноў гуляць у футбол?» Гэта нават было першае пытанне, якое задаў лекарам.

«Паколькі я не памятаю ні падзення, ні часу, калі я спаў, я б сказаў, што я на самой справе не ўсведамляў сур’ёзнасці здарэння. Затым мне сказалі, што ўся мая сям’я і сябры былі ў шпіталі, што яны ўсе вельмі хваляваліся і што калі прыходзілі да мяне, дык некаторыя плакалі».

«У найбліжэйшыя некалькі дзён я прайду некалькі новых тэстаў, і мы ўбачым, ці папраўляюся я належным чынам. Спадзяюся, мы атрымаем добрыя навіны і што лекары дадуць мне больш свабоды. Спадзяюся, што змагу крыху заняцца спортам або прынамсі пачну крыху фізічна рыхтавацца, каб падумаць пра вяртанне ў каманду ў Парыжы. Мая мэта – вярнуцца ў каманду да канца сезона».

Пакуль няма стоадсоткавай гарантыі, ці зможа гулец вярнуцца на поле, але ён ужо прыклаў вялізныя намаганні, якія вартыя павагі. Аль-Хелайфі гатовы працягнуць кантракт з гульцом, як толькі медыкі скажуць, што ён можа гуляць далей.

Фота: silvias-trips.com, PSG, RocíO Ruz/Global Look Press

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты