Tribuna/Футбол/Блогі/Як матч «Ромы» і «Рэала» ўратаваў жыццё заўзятара рымлян з Нью-Ёрку 11 верасня 2001-га

Як матч «Ромы» і «Рэала» ўратаваў жыццё заўзятара рымлян з Нью-Ёрку 11 верасня 2001-га

Цудоўная гісторыя Энтані Дзампарэлі.

Аўтар — Бона Сфорца
12 верасня, 06:56
Як матч «Ромы» і «Рэала» ўратаваў жыццё заўзятара рымлян з Нью-Ёрку 11 верасня 2001-га

11 верасня 2001 года адбылася найбуйнейшая серыя тэрактаў у гісторыі ЗША. Загінулі 2996 чалавек, яшчэ 6 тысяч атрымалі раненні. За арганізацыяй тэрактаў стаяла арганізацыя «Аль-Каіда», якая падрыхтавала групы тэрарыстаў-смяротнікаў.

Тады чатыры групы тэрарыстаў захапілі самалёты грамадзянскай авіяцыі і скіравалі іх на розныя збудаванні. Два самалёты ўрэзаліся ў вежы Сусветнага гандлёвага цэнтра, у выніку чаго ўзнік пажар, а самі хмарачосы былі разбураны.

За гэтымі сухімі радкамі афіцыйных звестак стаяць гісторыі тысяч людзей, адным з якіх стаў Энтані Дзампарэлі — сын эмігрантаў з Італіі і гарачы заўзятар «Ромы».

Сын эмігрантаў з Італіі, які не прапускаў ніводнага матчу «Ромы»

На чале «джаларосі» стаяў Фабіа Капэла, каманда з Тоці і Батыстутай толькі што выйграла такое доўгачаканае Скудэта і рыхтавалася дэбютаваць у ЛЧ матчам з мадрыдскім «Рэалам». Заўзятары рымлян па ўсім свеце чакалі гэтага з нецярпеннем, Энтані не быў выключэннем.

Яго бацькі прыехалі ў ЗША ў 1970 годзе, хлопец рос у любові да кальчо, а не да класічных амерыканскіх лігаў. Дзампарэлі ўзгадвае, што музыка пачатку футбольнай праграмы 90 Minuto з дзяцінства захавалася ў яго памяці.

«Я вырас на гісторыях Бруна Конці, Фалькао і чэмпіёнскага сезона 1983 года. Я чуў пра душэўны боль у фінале Кубка чэмпіёнаў 1984 года супраць «Ліверпуля». І, вядома, я перажыў «цёмныя часы» 1990-х гадоў, калі «Рома» не змагла пазмагацца за Скудэта, хоць Джаніні быў вялікім капітанам, які заслугоўваў значна больш», – ўзгадваў Энтані.

Асаблівым гульцом для Дзампарэлі быў Франчэска Тоці: «Я сачыў за яго прагрэсам у Серыі А з 16 гадоў, і паколькі мы вельмі блізкія па ўзросце, я адразу адчуў да яго сімпатыю».

Чэмпіёнства «джаларосі» ледзь не звяло з розуму ўсю сям’ю, а ў вырашальным матчы супраць «Пармы» адзначыліся ўсе любімыя футбалісты сямейства: Тоці – фаварыт Энтані, Мантэла – улюбёнец бацькі і Батыстута – кумір брата.

Дзень 9/11

Больш за 13 гадоў Энтані працаваў кансультантам па бухгалтарскаму ўліку ў кампаніі Marsh&McLennan. Гэта дастаткова вядомая ў свеце страхавая кампанія, якая падчас поўнамаштабнай вайны ва Украіне будзе дапамагаць ураду Украіны страхаваць інвестыцыйныя рызыкі. Офіс Дзампарэлі знаходзіўся на 100-м паверсе (усяго 110) Паўночнай вежы.

Матч паміж «Ромай» і «Рэалам» павінен быў распачацца а 14:00 па мясцовым часе, такім чынам, то бок пасярод працоўнага дня. Энтані вырашыў, што ў такі дзень лепш наогул не ісці на працу – і патэлефанаваў начальніку, выдаўшы з сябе хворага.

«Мама крычала на мяне, каб я ішоў на працу, але я сказаў, што ў такі дзень я павінен глядзець матч «Ромы», – узгадваў заўзятар. Акрамя таго, гэта быў першы выпадак, калі рымлян транслявалі ў прамым эфіры на амерыканскім тэлебачанні па ESPN.

У 8:46 раніцы першы «Боінг» урэзаўся ў Паўночную вежу. У 9.02 яшчэ адзін самалёт уляцеў у Паўднёвую вежу. У выніку пажару ў 9.56 Паўднёвая вежа ўпала, у 10.38 адбылося падзенне Паўночнай вежы, дзе павінен быў знаходзіцца Энтані.

«Мая кампанія страціла ў той дзень 291 супрацоўніка, 10 з якіх былі маімі добрымі сябрамі. У мяне ўсё яшчэ пачуццё віны, асабліва, калі я сустракаю іх сваякоў», — дзеліцца Дзомпарэлі.

Сям’я Энтані была ўзрушаная: «Пасля трагедыі мой бацька глядзеў на мяне, як на прывід». А што калі б я быў фанатам «Мілана» ці «Ювентуса»? Цябе б ужо не было на гэтым свеце», — узгадвае ён рэакцыю свайго таты.

***

У наступным годзе «Рома» прыехала ў Нью-Йорк на таварыскі матч супраць «Рэала». Па шчаслівым збегу абставінаў, сябар бацькі Энтані заўсёды суправаджаў клубы Серыі А ў Нью-Ёрку ў якасці кіроўцы. Калі прыехалі рымляне, ён расказаў гісторыю Энтані Тамазі і Батыстуце, а яны выказалі жаданне сустрэцца з заўзятарам. Так Энтані Дзампарэлі сустрэўся са сваімі кумірамі. Але не было Франчэска Тоці, які лячыў траўму ў Італіі.

А той самы матч 11 верасня завяршыўся з лікам 1:2 на карысць мадрыдскага «Рэала» з галамі Фігу і Гуці, на якія з пенальці адказаў Франчэска Тоці. Матч пачаўся з хвіліны маўчання, а гульцы выйшлі з чорнымі павязкамі. Вінчэнца Мантэла потым ўзгадваў, што пра футбол тады ніхто не мог думаць.

Фота: CNN

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты