Tribuna/Футбол/Блогі/«Ліверпуль» утрая часцей за іншых прымушаюць граць у 12:30 суботы пасля паўз на зборныя. Клоп лютуе

«Ліверпуль» утрая часцей за іншых прымушаюць граць у 12:30 суботы пасля паўз на зборныя. Клоп лютуе

Хутка зноў ранні матч – з «Сіці».

Аўтар — Бона Сфорца
24 лістапада, 11:17
«Ліверпуль» утрая часцей за іншых прымушаюць граць у 12:30 суботы пасля паўз на зборныя. Клоп лютуе

13-ы тур АПЛ стартуе з матча, які можна лічыць цэнтральным ледзь не ва ўсім сезоне – «Манчэстэр Сіці» прыме «Ліверпуль», які адстае ад каманды Пепа толькі на адзін пункт.

На поле будзе горача, але вонкавыя фактары таксама будуць мець значны ўплыў. Як мінімум таму, што менавіта гэты матч адбываецца ў суботу ў 12:30 па Лондане (15:30 па Мінску).

Што цікава – месяц таму каманда Клопа таксама гуляла першы матч пасля паўзы на зборныя. І гэта было важнае дэрбі супраць «Эвертана». Чаму «Ліверпуль» так часта гуляе раннія сустрэчы пасля міжнароднага акна? Распавядаем.

«Ліверпуль» гуляе традыцыйна дрэнна ў ранніх суботніх матчах – у мінулым сезоне не выйграў ніводнага

Матчы ў 12:30 выглядаюць дадатковым і вельмі непрыемным выпрабаваннем для шматлікіх каманд.

Уся справа ў парушаным графіку падрыхтоўкі, які негатыўна ўплывае на нервовую сістэму. Што, у сваю чаргу, мае адбітак, напрыклад, на паказніках хуткасці гульцоў і стабільнасці рэакцыі на поле.

Усё гэта вядзе да праблем і з фізічным станам.

Звычайна праблемы з раннімі матчамі з’яўляюцца, калі на тыдні гульцы ўжо ўдзельнічалі ў іншых спаборніцтвах – ці то еўракубкі, ці матчы зборных. І ў такіх выпадках павялічваецца рызыка траўмавання.

«Поўнае аднаўленне пасля матча можа заняць да 72 гадзін. Узровень цягліцавых траўмаў значна вышэй, калі інтэрвал паміж гульнямі меншы за гэты прамежак часу, – распавядаў доктар Джоэл Мэйсан з Йенскага ўніверсітэта ў Германіі. – Застаюцца вельмі абмежаваныя магчымасці працы над прадухіленнем траўмаў падчас трэнаванняў паміж матчамі».

Юрген Клопп – самы гучны супернік такога календара і паўтарае сваю незадаволенасць з года ў год.

«Я люблю вячэрнія матчы ў суботу, таму што апоўдні я хачу толькі снедаць, а не гуляць у футбол».

Калі ў 2020 годзе ў матчы з «Брайтанам» «Ліверпуль» прапусціў гол у кампенсаваны час (1:1), а Джэймс Мілнер атрымаў траўму цягліцы, то трэнер сарваўся на вядучага BT Sport Дэса Кэлі:

«Я не ведаю, як часта мне давядзецца пра гэта казаць. Гэта вы абралі 12.30, гэта вашая віна! Пасля матча серады гульня ў суботу ў 12.30 небяспечная для футбалістаў».

У сезоне-2022/23 ранні суботні матч ператварыўся для «Ліверпуля» у смяротнага ворага – ніводнай перамогі, у чатырох матчах каманда нават не змагла забіць:

У новым сезоне «Ліверпуль» ужо гуляў два суботня матчы – і з вялікай цяжкасцю адолеў «Вулвз» (3:1). Асабліва складана было ў першым тайме, калі адразу некалькі гульцоў выглядалі цяжкімі і безуважлівымі. А потым перамог «Эвертан» у кастрычніку (2:0), але гэта сапраўды быў не найлепшы матч каманды Клопа ў сезоне.

Але гэтыя гульні – прыкмета яшчэ большай праблемы для «Ліверпуля». Гаворка пра матчы ў суботу ў 12.30 адразу пасля міжнароднай паўзы.

«Ліверпуль» утрая больш за іншых гуляе ранні суботні матч пасля паўз на зборныя – клуб папулярны ў транслятараў

«У нас чатыры паўзы на зборныя да канца сакавіка. Пасля двух з іх мы будзем гуляць матч у 12.30 у суботу. Гэта нейкі жарт! У нас жа гульцы з Паўднёвай Амерыкі», – дзівіўся Клоп. А пасля гэтай цытаты яшчэ і матч з «Ман Сіці» перанеслі таксама на 12.30 – па просьбе паліцыі.

Першы такі матч з «Вулверхэмптанам» у гэтым сезоне стаў выпрабаваннем для каманды, таму што адразу некалькі гульцоў – Алісан, Дыяс, Нуньес, Мак Алістэр – яшчэ ноччу ў чацвер знаходзіліся ў Паўднёвай Амерыцы на матчах сваіх зборных. Ім трэба было вытрымаць міжкантынентальны пералёт і пасля аднаго лёгкага трэнавання ў пятніцу выходзіць на матч у суботу.

Той жа Алексіс Мак Алістэр правёў, мабыць, свой найгоршы матч у тым туры – а «Ліверпуль» пасля прайгранага першага тайма ўратаваўся толькі пасля глабальнай перабудовы ад Клоппа ў перапынку.

І вось гэтая праблема для «Ліверпуля» становіцца ўжо нейкай глабальнай. Калі палічыць колькасць ранніх суботніх матчаў пасля міжнародных паўзаў, то перавага «чырвоных» выглядае ўжо занадта трывожнай:

Адкуль такі разрыў? Усё зводзіцца да выбару асноўнага транслятара. У Вялікабрытаніі забаронена паказваць па тэлебачанні матчы ў прамежак з 14.45 да 17.15, каб заахвоціць заўзятараў хадзіць на матчы ніжэйшых ліг.

Таму суботні першы матч трэба правесці максімальна рана, каб паспець да тэлевізійнага блэкаўта. Зрэшты, не меншую ролю адыгрывае і тое, што матч у 12.30 вельмі цікавы для азіяцкага рынку, дзе АПЛ пастаянна набірае абароты – Кітай, Ганконг і Сінгапур.

Некалькі мінулых сезонаў каманды на гэты слот прызначаў BT Sport, а з гэтага года пытаннем займаецца TNT Sports. І гэты транслятар яшчэ і зрабіў дадатковую фішку, дазволіўшы фанатам галасаваць, якія б матчы яны хацелі ўбачыць.

Наяўнасць вялізнай фанбазы «Ліверпулю» тут толькі шкодзіць. Тэлебачанне ўвесь час бачыць у матчах «чырвоных» занадта вялікі патэнцыял – хоць нават тут складана растлумачыць, чаму «Ліверпуль» настолькі пераўзыходзіць і «Ман Сіці», і «Ман Юнайтэд», і іншых топаў.

Але што зараз дакладна зразумела – клубы ніяк не могуць паўплываць на тэлевізійны рынак, які прыносіць вялізныя даходы. «Назва тэлеканала цяпер іншая, але нічога больш не змянілася. Ім усё гэтак жа насраць на нашае меркаванне», – саркастычна адрэагаваў Клоп на каляндар гэтага сезона.

Скаргі тут не дапамогуць. Але пазітыўная нота напрыканцы – Клоп абдымае карэспандэнта Sky Sports, які спецыялізуецца на «Ліверпулі», і смяецца:

«Дзякуй за 12:30»

Фота: Goal.com, «Ліверпуль»

Найлепшае ў блогах
Больш цiкавых пастоў

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты