Tribuna/Фігурнае катанне/Блогі/Адну з наймацнейшых трэнерак абвінавачваюць у аб'юзе фігурыстаў. Ад яе сыйшло нямала зорак, але ёсць і новыя, нягледзячы на суд

Адну з наймацнейшых трэнерак абвінавачваюць у аб'юзе фігурыстаў. Ад яе сыйшло нямала зорак, але ёсць і новыя, нягледзячы на суд

У 2019 годзе на Міэ Хамаду падавалі ў суд, а фанаты абураныя яе прызнаннем.

Аўтар — Бона Сфорца
29 снежня 2022, 12:00
Адну з наймацнейшых трэнерак абвінавачваюць у аб'юзе фігурыстаў. Ад яе сыйшло нямала зорак, але ёсць і новыя, нягледзячы на суд

Японская трэнерка Міэ Хамада ўжо працяглы час працуе як з вядомымі фігурыстамі, так і з «неаграненымі брыльянтамі». У апошні раз з такога «брыльянта» вырасла ледзь не самая магутная юніёрка гэтага сезона, але, тым не менш, спецыялістка часта падпадае пад крытыку. Справа ў абвінавачваннях у аб'юзе ў дачыненні да ўласных вучняў. 

Хамада выхавала нямала зорак, а ў 2022 у яе кар'еру ўдыхнула новае жыццё магутная юніёрка Мао Шымада 

Міэ Хамада – вядомая асоба для заўзятараў фігурнага катання. Пад яе кіраўніцтвам каталіся чэмпіён свету і бронзавы медаліст Алімпіяды Вінсэнт Чжоу (прыпыніў кар'еру праз вяртанне ва ўніверсітэт), чэмпіёнка фіналу Гран-пры і пераможца Чэмпіянату чатырох кантынентаў Рыка Кіхіра, чэмпіёнка Гран-пры, Японіі і пераможца ЧЧК Сатока Міяхара, шматразовыя японская і карэйская чэмпіёнкі Аяка Хасода і Янг Ю, чэмпіёнка свету сярод юніёраў Марын Хонда і іншыя. Паказальна, што Кіхіра, Міяхара і Хонда пакінулі групу Хамады ў разгар кар'еры, аналагічнае рашэнне прыняла і Мана Кавабэ. 

Але апошнім часам імя трэнеркі на слыху дзякуючы яе малодшым вучаніцам - Мао Шымадзі, Хані Ёшыдзі, Аюмі Шыбаямі і Ікуры Кушыдзі. Усе чатыры дзяўчынкі бралі медалі кожнага этапу юніёрскіх Гран-пры гэтага сезона, а двое з іх адабраліся ў фінал серыі. Там перамогу здабыла ўжо знакамітая ў свае 13 гадоў Мао Шымада, якая ў гэтым сезоне не цярпела паражэнняў. Канкурэнцыя ў групе і на нацыянальным узроўні зрабіла сваю справу, таму, у выніку, на сёння сярод аднагодкаў у Мао няма канкурэнтаў. 

У ISU не пакінулі без увагі поспех вучаніц Хамады. Японка стала адной з прэтэндэнтак на ўзнагароду трэнеру сезона, але ў каментарах пад паведамленнем у інстаграме са спісам намінантаў знайшлося нямала абураных фанатаў. Усе яны пішуць падобныя рэчы – аб'юз, судовы пазоў і гэтак далей.  

«Чысціню» метадаў Хамады ставяць пад сумнеў, ёй дагэтуль прыгадваюць скандал, які дайшоў да суда  

За поспехам групы Хамады хаваюцца рэгулярныя абвінавачванні ў жорсткім абыходжанні. Насамрэч, гэтая гісторыя зусім не новая, бо яшчэ ў 2019 годзе на Миэ Хамаду падалі ў суд. Пазоўнікам стаў калега спецыялісткі і былы фігурыст, чэмпіён свету сярод юніёраў і Японіі Набунары Ода. На той момант Ода толькі што пакінуў пост трэнера ў клубе пры ўніверсітэце Кансай, дзе ён працаваў разам з Хамадай. Ва ўніверсітэце яго звальненне растлумачылі недахопам часу, а пазней – непаразуменнем паміж трэнерамі. Аднак японец абнародаваў паведамленне ў асабістым блогу, дзе шчыра расказаў пра праўдзівую прычыну звальнення.  

«Праўда ў тым, што я пакутаваў ад цкавання, а менавіта маральнага цкавання на катку. Гэта паўплывала на маё здароўе, а таксама на тое, што я не мог з'явіцца на лёдзе цягам трох месяцаў. За гэты час я таксама не мог атрымаць ніводнага шчырага адказу з боку ўніверсітэта», – напісаў Ода.  

Поўны тэкст паведамлення можна знайсці тут.

У сваім паведамленні Ода не называў ніякіх імёнаў, пісаў толькі пра факт цкавання. Аднак неўзабаве пасля абнародавання паведамлення з'явілася рэакцыя Міэ Хамады, дзе яна глабальна адмаўляла абвінавачанні. Ужо пасля гэтага і стала вядома пра пазоў у суд, асноўнымі патрабаваннямі якога стала сума памерам 11 мільёнаў іен. У чым, уласна, выяўлялася цкаванне – паводле слоў Оды, Хамада ігнаравала яго прапановы пра працу, зневажала, што прывяло да нярвовага зрыву, пазней гэта паўплывала і на фізічны стан здароўя Набунары.  

Калі паглыбляцца і прымаць да ўвагі чуткі, то гаворка ішла пра аб'юз не толькі ў выглядзе зневажэнняў ці моўных абраз, але і фізічны гвалт у дачыненні да вучняў. Напрыклад, Хамада нібыта магла сабе дазволіць назваць фігурыстку тлустай і цягаць за валасы проста ў час трэніроўкі. Цяпер судовае расследаванне працягваецца і, што не менш важна, японка падала на экс-калегу сустрэчны пазоў за паклёп.

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты