Tribuna/Футбол/Блогі/Адкуль узяліся ўсе мянушкі «Чэлсі»? І чаму яны не «арыстакраты»

Адкуль узяліся ўсе мянушкі «Чэлсі»? І чаму яны не «арыстакраты»

А «пенсіянеры» – гэта даніна павагі ветэранам.

Аўтар — Бона Сфорца
18 студзеня 2023, 13:34
Адкуль узяліся ўсе мянушкі «Чэлсі»? І чаму яны не «арыстакраты»

Украiнскi навічок «Чэлсі» Міхаіл Мудрык пасля падпісання кантракту напісаў у сваім твітары: «I am a blue 💙». Гэта адзін з варыянтаў, як можна называць гульцоў ці фанатаў лонданскага клуба. Але ён не адзіны.

Вось якое паходжанне маюць усе мянушкі «Чэлсі» i чаму «арыстакраты» – не самы карэктны варыянт.

«Сінія»

Англiйскія СМІ і самі заўзятары «Чэлсі» называюць каманду The Blues – «сінія». Гэта правераная часам класіка і моцная асацыяцыя менавіта з гэтым клубам. Тут усё проста – з самага пачатку свайго заснавання ў 1905 годзе «Чэлсі» зрабіў гэты колер сваім базавым. Эмблема была сіняга колеру, а гульцы насілі сінія цішоткі.

Але ёсць нюанс – гэта быў ітанскі блакітны, які насілі спартсмены Ітанскага каледжа. А першы прэзідэнт клуба граф Кадаган не толькі быў выпускніком Ітана, але і выкарыстоўваў гэтае адценне як частку сваёй айдэнтыкі. Праз некалькі гадоў «Чэлсі» перайшоў на больш цёмнае адценне Royal Blue.

Гэтая назва таксама знайшла адлюстраванне і ў песнях, звязаных з «Чэлсі» – «Blue is the Color», «Blue Day», «Blue Tomorrow». А калі каманда выйграе дэрбі, фаны кажуць, што Лондан – сіні.

«Пенсіянеры»

Тут гісторыя больш складаная. Калі быць зусім дакладным, то перакладаць The Pensioners лепш як «ветэраны».

Гэтая мянушка зʼявілася дзякуючы першай эмблеме клуба, на якой быў намаляваны ветэран з каралеўскага вайсковага шпіталя, размешчанага ў лонданскім раёне Чэлсі. Ён стаў месцам, дзе могуць спакойна дажываць свой век самотныя ветэраны розных войнаў і ваеннаслужачыя. Паводле адной з версій, фанаты «Чэлсі» выбралі гэтую эмблему з дапамогай мясцовай газеты.

У 1952 годзе клуб хацеў стаць больш сучасным, таму адмовіўся ад эмблемы з пажылым ветэранам. Псеўданім таксама пачаў губляць актуальнасць, яго няпроста ўбудаваць у крычалкі і песні, але «Чэлсі» беражэ сваю сувязь з ветэранамі. У іх ёсць спецыяльныя білетныя квоты на хатнія матчы, а мужчыны ў чырвоных мундзірах удзельнічаюць у клубных мерапрыемствах. Напрыклад, выходзяць на поле разам з гульцамі і ладзяць ганаровы калідор для каманды пасля перамогі ў чэмпіянаце.

Гэты нік ні ў якім разе не нясе ў сабе негатыву ці тролінгу, а наадварот выказвае павагу да ваенных і традыцый, якія так шануюць у Англіі.

«Арыстакраты»

Гэтая гламурная назва стала папулярнай на постсавецкай прасторы, калі клуб набыў расійскі алігарх Раман Абрамовіч. Мянушка магла ўзнікнуць з-за размяшчэння клуба ў элітным і заможным раёне Лондана Чэлсі. А стадыён «Стэмфард Брыдж» размяшчаўся на землях, якія належалі графам Кадаганам.

У Англіі і сярод заўзятараў «Чэлсі» ён не выкарыстоўваецца, а хутчэй выклікае раздражненне. Не адносіцца да гістарычных і агульнапрынятых мянушак.

З Абрамовічам звязана яшчэ адна назва – «Сhelski» («Чэлсi» + «рускi»). Ёй карысталiся фаны iншых каманд, выражаючы сваю непавагу. Але фан-шопы клуба нават прадавалі сувеніры з такой назвай.

«Таксісты»

Такую рэдкую мянушку могуць выкарыстоўваць праціўнікі або хэйтэры каманды. Існуе дзве версii зʼяўлення мянушкі. Першая – каля клубнай базы знаходзіцца вялікая паркоўка для кэбаў. Другая – традыцыя «Чэлсі» раздаваць перад статуснымі матчамі бела-блакітныя сцяжкі, якія нагадваюць «шашкі» на машынах таксі.

«Прастытуты»

Яшчэ адна ненавісніцкая мянушка «Чэлсі» – rent boys. Выраз rent boy азначае мужчыну, які за грошы аказвае сэксуальныя паслугі геям, то бок займаецца прастытуцыяй. Фанаты канкурэнтаў скандуюць так, каб абразіць каманду і яе заўзятараў. Гэта лічыцца гамафобным. Раней Футбольная асацыяцыя Англіі проста асуджала гэта, але нядаўна напісала клубам, папярэджанні, што яны могуць быць пакараныя за такія спевы сваіх фанатаў.

Мянушка rent boys стала папулярнай пасля прыходу Абрамовіча, які купляў гульцоў за вялікія грошы, таму заўзятары іншых каманд бачылі ў фінансах адзіную матывацыю для пераходу футбалістаў. Але таксама хадзілі чуткі, што ў 1980-х гадах падчас паліцэйскага рэйду аднаго з хуліганаў «Чэлсі» злавілі ў ложку з тым самым rent boy. Гэта падхапілі таблоіды, а потым і канкурэнты. Акрамя таго, раён каля «Стэмфард Брыдж» быў месцам, дзе збіраліся сапраўдныя rent boys.

Найлепшае ў блогах
Больш цiкавых пастоў

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты