Tribuna/Футбол/Блогі/У Дані Алвеса ўсё дрэнна. Ён ужо ў вязніцы, пагражае да 12 гадоў, жонка хоча разводу, а былы клуб – 5 млн долараў

У Дані Алвеса ўсё дрэнна. Ён ужо ў вязніцы, пагражае да 12 гадоў, жонка хоча разводу, а былы клуб – 5 млн долараў

Яго сукамернік – экс-ахоўнік Раналдыньё.

Аўтар — Бона Сфорца
9 лютага 2023, 06:21
У Дані Алвеса ўсё дрэнна. Ён ужо ў вязніцы, пагражае да 12 гадоў, жонка хоча разводу, а былы клуб – 5 млн долараў

Дані Алвеса арыштавалі па падазрэнню ў сэксульным гвалце. Спачатку не былі цалкам зразумелыя маштабы справы, але цягам некалькіх тыдняў з'явілася шмат дэталей і заяваў. Стала відавочна, што ў найтытулаванейшага футбаліста ў гісторыі ўсё вельмі кепска.

Абвінавачванне сцвярджае, што бразілец згвалтаваў дзяўчыну ў прыбіральні. Сам гулец тройчы мяняў сведчанні

Напрыканцы снежня 2022 году Дані Алвес наведаў начны клуб Sutton у Барселоне. Там нібыта і здарыўся выпадак, праз які футбалісту пагражае значны тэрмін зняволення.

Далей – версія абвінавачвання. Паводле дзяўчыны, якая сцвярджае, што стала ахвярай Алвеса, у тую ноч яна з сяброўкамі была ў танцавальнай зоне клуба, пакуль некалькі мужчын не запрасілі іх да VIP-зоны. Дзяўчаты пагадзіліся. Пакуль яны стасаваліся з хлопцамі, якія іх запрасілі, да іх падыйшоў афіцыянт і паведаміў, што адзін з кліентаў запрашае іх далучыцца да сябе. Спачатку дзяўчаты адмовілі, але пасля некалькі просьбаў пагадзіліся – і пайшлі да століка таго кліента. За ім сядзелі два мужчыны, адным з якіх быў Алвес (іншы – сябар Дані Алвеса). Пазней дзяўчаты даведаліся, што гэта футбаліст. Алвес пачаставаў іх шампанскім і пачаў фліртаваць з імі і дакранацца.

У нейкі момант Дані схапіў адну з іх за руку і паднёс да свайго пеніса, незважаючы на адмову. Пасля футбаліст паклікаў дзяўчыну за сабой, тая пайшла, але калі пабачыла, што яны зайшлі ў прыбіральню, вырашыла выйсці, але Алвес зачыніў дзверы. Яна апісвала, што Дані прымусіў яе адчуць «жах» і трапіць у «атмасферу дамінавання». Паводле дзяўчыны, бразілец сеў на ўнітаз і прымусіў яе сесці на яго зверху, а пасля гэтага паваліў дзяўчыну на падлогу і прымусіў задаволіць яго аральным чынам, нягледзячы на тое, што ахвяра зноў адмаўлялася. Пасля чаго Алвес ударыў яе і згвалтаваў.

Дзяўчына выходзіла з клубу ў слязах. Супрацоўнікі ўстановы спыталі, у чым прычына. Яна распавяла, менеджар клуба выклікаў паліцыю, а ахвяру накіравалі ў лякарню, дзе зафіксавалі траўмы, характэрныя для выпадкаў згвалтавання. Сам жа Алвес, паводле аднаго з супрацоўнікаў установы, пасля выхаду з прыбіральні замовіў выпіўку на бары, а далей пакінуў памяшканне, праігнараваўшы дзяўчыну, якая сядзела і рыдала на яго шляху.

Цяпер – версія Алвеса. Дакладней, версіі. Так, бразілец за гэты час ужо тройчы мяняў свае сведчанні. Бразілец прызнаў, што быў у клубе у тую ноч. Але спачатку паведаміў, што не ведае дзяўчыны, якая абвінаваціла яго. Другі раз футбаліст заявіў, што бачыў дзяўчыну, але не кантактаваў з ёю. Ну а ў трэцяй – кантактаваў, але не па ўласнай волі. Маўляў, яна накінулася на яго, калі ён пайшоў у прыбіральню. Ён сцвярджае, што сэкс быў, але па ўзаемнай згодзе, а змену сведчанняў адвакаты тлумачылі жаданнем бразільца утаіць здраду ад сваёй жонкі.

Хаця спачатку, яшчэ на свабодзе, Алвес у эфіры аднаго з каналаў дужа пераканаўча адмаўляўся: «Так, я быў там з іншымі людзьмі і атрымоўваў задавальненне. Хто ведае мяне, той ведае, што я люблю патанцаваць. Я танцаваў, насалоджваўся, не ўтаркаючыся ў асабісты прастор іншых людзей. Я не ведаю, хто гэтая жанчына. Калі заходзіш у прыбіральню, няма патрэбы пытацца, хто там ёсць. Я ніколі не ўрываўся ні ў чый асабісты прастор. Як бы я зрабіў гэта з дзяўчынай ці жанчынай? Не, Божа».

Яму пагражае ад 4 да 12 гадоў турмы. Ахвяра адмовілася ад кампенсацыі, адвакаты называюць расследаванне «прадузятым»

Алвеса абараняюць адразу два адвакаты – Міраіда Пуэнтэ і Крыстабаль Мартэль. Другі ў мінулым годзе прадстаўляў інтарэсы Ліянэля Месі, Карлеса Пуёля і Жазэпа Бартамеу. Акрамя таго, Мартэль абараняў "Барселону" ў справе пра трансфер Неймара. Адвакаты бразільца лічаць, што паказанні ахвяры варта праверыць яшчэ раз, паколькі на відэазапісах з ВІП-зоны начнога клубу бачна, што дзяўчына шла ў прыбіральню адна, а яе сяброўкі і іншыя прысутныя ў ВІП-зоне звярнулі ўвагу на працяглую адсутнасць футбаліста і імавернай ахвяры. Намёк на сэкс усё ж па ўзаемнай згодзе. Акрамя таго, вядома, што Мартэль і Пуэнтэ падалі апеляцыю на рашэнне суду пра зняволенне без права выхаду пад задатак. Адвакаты гатовыя даць гарантыі, што на час расследвання Алвес застанецца ў Барселоне.

Зараз вядома, што дзяўчына, якая з’яўляецца пацярпелай у гэтым расследаванні, адмовілася ад кампенсацыі — яна хоча, каб Алвеса пасадзілі ў турму. Іспанскі закон прадугледжвае ад 4 да 12 гадоў пазбаўлення волі за згвалтаванне. Звычайна такія справы не вырашаюцца хутка, таму папярэдне ўтрыманне бразільца пад вартай можа цягнуцца да двух гадоў.

Наўпрост зараз здаецца, што футбаліст усё ж такі атрымае тэрмін. Суддзя першай інстанцыі ў дакуменце пра арышт футбаліста напісала, што «доказаў таго, што зранку 31 снежня ў Sutton было згвалтаванне, больш чым дастаткова». Такі настрой суддзі выклікаў негатыўную рэакцыю адваката бразільца. Яны назвалі расследванне «прадузятым» і раскрытыкавалі рашэнне суддзі.

Паралельна з тым пракуратура просіць суд не вызваляць Дані Алвеса пад заклад, засцерагаючыся магчымых уцёкаў футбаліста з краіны. Паведамляецца, што суд ухваліць рашэнне найбліжэйшымі днямі.

Алвес-футбаліст дакладна скончыўся. «Пумас» скасавалі з ім кантракт і патрабуюць 5 млн $

Што можна ўжо зараз сказаць практычна з поўнай упэўненасцю – футбольная кар'ера Алвеса завершаная. 39-гадовы ветэран і так здзіўляў сваім доўгажыхарствам у футбольным плане, а з пачаткам гэтай гісторыі стала зразумела, што на полі мы ці наўрад калі-небудзь яго ўбачым. На наступны дзень пасля арышту гульца «Пумас», за які бразілец выступаў з ліпеня мінулага года, скасаваў кантракт. Гэта сам па сабе сумны факт для Алвеса, але на гэтым справа не скончылася.

Мексіканскі клуб зараз патрабуе ад Дані кампенсацыю ў памеры 5 млн $ – за парушэнне ўмоў кантракту. Справа ў тым, што ў дамове быў пункт, які прадугледжвае пакаранне за праблемы з допінгам, за ўдзел «у любым скандале, які стане здабыткам грамадскасці» або ў «любым дзеянні, якое лічыцца злачынствам па заканадаўстве краіны, у якой яно мела месца». Трэцяе падыходзіць пад выпадак з Алвесам, таму ў клубе патрабуюць кампенсацыі.

Гэта не адзіныя фінансавыя праблемы бразільца, з якімі ён сутыкнуўся пасля пачатку судовага разбору. Як паведамляе El Confidencial са спасылкай на афіцыйныя дакументы, у Алвеса запазычанасць 2,25 млн еўра – за нявыплату падаткаў. Акрамя таго, Муніцыпальныя ўлады ўжо наклалі арышт на яго долю ў асабняку, 50% правоў на які належыць былой жонцы футбаліста. Таксама бразілец валодае кватэрай плошчай 60,5 квадратных метраў, арышт на якую быў накладзены яшчэ ў сакавіку мінулага года.

Ну і нікога не здзівіць інфармацыя, што шэраг фундатараў проста спынілі супрацу з гульцом пасля арышту.

Дані ўжо ў турме – камера на 6 квадратаў, зарплата 100 еўра ў тыдзень, раздае аўтографы

І ўсе гэтыя навіны – на фоне змены ўмоў жыцця для Алвеса. Так, ён ужо знаходзіцца ў турме. Бразілец, праўда, ужо паспеў пабываць у дваіх вязніцах: Дані перавялі з адной у іншую дзеля яго ж бяспекі (з Brians 1 у Brians 2, дзе трымалі былога прэзідэнта «Барселоны» Сандра Роселя). У першай яму даводзілася б хадзіць у агульную душавую, а камера ў турме, у якой экс-футбаліст знаходзіцца зараз, мае асобны душ. Таксама паведамлялася, што сукамернікам Алвеса стаў…былы ахоўнік Раналдзіньё. Што характэрна – яго клічуць Каўціньё і ён таксама абвінавачаны ў здзяйсненні згвалтавання.

Калі ў «Пумас» бразілец зарабляў 300 тысяч еўра ў месяц (хоць у судзе сцвярджаў, што толькі 30), то зараз – усяго 400 еўра. Першыя турэмныя грошы ён патраціў на чатыры банкі тунца, чатыры бутэлькі энергетыка, шэсць ёгуртаў, шампунь і дэзадарант. І нават паспявае гуляць у футбол. Праўда, калі яшчэ ў снежні партнёрамі па камандзе былі Неймар, Рышарлісан і Казэміра, зараз Алвес ганяе мяч са зняволенымі. Дарэчы, многія іншыя зняволеныя прыходзяць паглядзець за гульнёй Дані.

Іспанскія выданні паведамлялі, што адаптацыя Алвеса ў новым месцы адбываецца «узорна». Адзін са зняволеных дзяліўся назіраннямі: «Ён сядзіць у 13-м блоку разам з Каўціньё, маім сябрам. На днях начальнік турмы і яго намеснік вывелі яго, паказалі спартовую пляцоўку. Алвес паводзіць сябе нармальна. Яму не стварылі асаблівых умоў і асаблівага стаўлення да яго няма. Па ім відаць, што яму вельмі сумна. Жыццё тут вельмі сумнае. Але ён ужо гуляе ў футбол, правёў матчы з хлопцамі. Тут людзі, якія сядзяць за тое ж злачынства. Ён харошы хлопец, вельмі спакойны. У яго просяць аўтографы».

Спачатку паведамлялася, што Алвес не мае прывілеяў у турме – жыве ў камеры плошчай 6 квадратных метраў і мае такі ж распарадак, як і іншыя (пад'ём – у 8 раніцы, адбой – у 22). А затым з'явіліся паказанні аднаго з наведвальнікаў турмы, які сцвярджаў, што былога футбаліста зборнай Бразіліі ахоўваюць і абслугоўваюць чатыры супрацоўнікі, а сам Алвес знаходзіцца асобна ад іншых зняволеных.

Увогуле, вядома, што зараз бразілец трымаецца стойка, хоць у першыя дні ён быў вельмі прыгнечаны, амаль не еў і не размаўляў, нікому не тэлефанаваў. «Я прыму ўсё, што адбудзецца. Я пакінуў дом, калі мне было ўсяго 15 год. У жыцці я спраўляўся са складанымі сітуацыямі. Гэта будзе яшчэ адна з такіх, і яна таксама пройдзе. Я нічога не баюся», – такую прамову футбаліст нібыта агучыў у турме, паведамляе газета La Vanguardia.

Жонка спачатку абараняла, але зараз мае намер развесціся, хаця нядаўна наведвала Дані ў турме

Але журналісты зараз не толькі шукаюць інсайды пра турэмнае жыццё Дані Алвеса, але і сочаць за дзеяннямі яго жонкі. Бразілец больш за пяць гадоў жанаты на мадэлі Жаане Санс. Менавіта нежаданнем засмуціць яе ён тлумачыў такую частую змену паказанняў у судзе.

Спачатку яна падтрымала мужчыну, заявіўшы, што не раз бачыла, як іншыя жанчыны спрабавалі спакусіць Дані ў яе на вачах. Аднак чым далей, тым менш упэўненымі станавіліся выказванні Жааны: «Я прашу журналістаў, якія зараз знаходзяцца ля майго дома, паважаць маю асабістую прастору ў гэты час. Мая маці памерла тыдзень таму. Я толькі пачала ўсведамляць, што яе больш няма побач, а зараз мучаюся праз сітуацыю з маім мужам. Я страціла дзве найважнейшыя апоры ў сваім жыцці. Праявіце крыху эмпатыі замест таго, каб шукаць навіны ў чужым болі». Сапраўды цяжкі перыяд у жыцці жанчыны.

Затым яна выдаліла агульныя фатаграфіі з Алвесам са свайго інстаграма. А ў канцы студзеня стала вядома, што Санс зараз ужо не сумняваецца ў паказаннях ахвяры, таму прыняла рашэнне аб разводзе. 30-гадовая жанчына падала хадайніцтва праз адвакатаў, бо 39-гадовы бразілец адмаўляўся ад сустрэч з жонкай у турме. І ўсё ж ён пагаварыў з ёй, праўда, спачатку па тэлефоне. Размова доўжылася нядоўга, а Алвес сказаў жонцы, што ведае пра яе намер растацца, і заявіў, што не хоча яе губляць і вельмі кахае. Санс у адказ сказала яму, што хацела б пагаварыць з ім пра здарэнне, каб даць яму магчымасць знайсці агульную мову.

Жывая сустрэча паміж імі ўсё ж прайшла не так даўно. Жаана наведала Дані ў турме, яны пагутарылі. Нягледзячы на гэта, паведамлялася, што Санс усё яшчэ захоўвае цвёрдасць у рашэнні растацца з Алвесам, хоць і заявіла, што не кіне мужчыну ў «найгоршы момант яго жыцця».

У футбольным свеце амаль ніхто не каментуе справу Алвеса. Хаві паспрабаваў – і пашкадаваў

Бразільскія футбалісты часта становяцца сцяной сябар за сябра з дапамогай пастоў у сацсетках або жэстамі на поле, аднак гэта відавочна не пра наш выпадак. Ніводзін з былых партнёраў Алвеса па зборнай не выказаўся ў падтрымку, і наогул прадстаўнікі футбольнага свету спрабуюць ігнараваць гэтую тэму ў публічных выказваннях.

Асабліва пасля таго, як у галоўнага трэнера «Барселоны» Хаві была неасцярожнасць усё ж узняць гэтае пытанне: «Цяжка каментаваць такую сітуацыю, гэта першае. Я здзіўлены, уражаны і шакаваны навінамі пра Дані Алвеса. Гэта пытанне правасуддзя, яно будзе дыктаваць далейшую плынь падзеяў. Мне вельмі шкада яго. Я здзіўлены», – сказаў былы партнёр бразільца.

Гэтым іспанец выклікаў неўхваляльную рэакцыю з боку прадстаўніцы ўрада Іспаніі па барацьбе з гендэрным гвалтам Вікторыі Росель: «Магчыма, рэакцыя Хаві тыповая для іспанскага грамадства. Спачатку яны не вераць, падтрымліваюць і спачуваюць агрэсару, а потым гавораць пра тое, як мы прасунуліся наперад як грамадства».

Таму на наступны дзень пасля свайго выказвання Хаві вырашыў дадаць: «Я хацеў бы ўдакладніць, што я сказаў учора пра Алвеса. Мяне няправільна зразумелі. Гэта вельмі педантычнае і важнае пытанне. Мы павінны асудзіць усе гэтыя дзеянні, хто б гэта ні рабіў. Я прыношу прабачэнні ахвяры і ахвярам сэксуальнага гвалту. Я здзіўлены, што Дані мог здзейсніць нешта падобнае. Разумею крытыку і прашу прабачэння».

Фота: Mutsu Kawamori/Global Look Press, Rafa Huerta/Global Look Press, інстаграм Дані Алвеса, Wikipedia, The Sutton Club

Найлепшае ў блогах
Больш цiкавых пастоў

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты