Tribuna/Футбол/Блогі/Адна з інтрыг лета – хто будзе трэніраваць «ПСЖ»: 4 варыянты з нечаканым фаварытам

Адна з інтрыг лета – хто будзе трэніраваць «ПСЖ»: 4 варыянты з нечаканым фаварытам

У Парыжы надыходзiць перабудова.

Аўтар — Бона Сфорца
14 траўня, 14:30
Адна з інтрыг лета – хто будзе трэніраваць «ПСЖ»: 4 варыянты з нечаканым фаварытам

Шэсць паражэнняў у чэмпіянаце, датэрміновае выбыццё з Кубка Францыі і Лігі чэмпіёнаў, далёка не топ-гульня, сумнеўныя трансферы і канфлікты з лідарамі каманды – вось так выглядае вынік першага сезона Крыстофа Галцье ў «ПСЖ», калі глядзець на сітуацыю павярхоўна.

Пры больш дэталёвым аналізе можна ўспомніць эфект чэмпіянату свету ў сярэдзіне сезона, траўмы лідараў абароны і прагрэс маладых гульцоў. Так, Гальцье кіраваў Парыжам далёка не ў найлепшыя часы. Ды і плюсы за амаль год працы, безумоўна, ёсць. Але ці хопіць гэтага кіраўніцтву «ПСЖ»?

Разгледзім усе асноўныя варыянты адносна галоўнага трэнера парыжан на наступны сезон.

Крыстоф Галцье, 56 гадоў, «ПСЖ»

11 кастрычніка паўабаронца «Бенфікі» Жаау Марыу рэалізаваў пенальці ў браму «ПСЖ» на 60-й хвіліне. На гэтым цікавыя моманты ў матчы 4-га тура групавога этапу Лігі чэмпіёнаў скончыліся: каманды, пагадзіўшыся на нічыю і роўнасць ачкоў у табліцы, дагулялі без асаблівага жадання выйграць. А потым «Бенфіка» не страцiла балы нi з «Ювентусам», нi «Макабі» – i «ПСЖ» завяршыў групавы этап на другім месцы, таму трапіў на «Баварыю», якая выкiнула парыжан з Лігі чэмпіёнаў.

У тым кастрычніцкі матчы – уся сутнасць Крыстофа Галцье як трэнера. Ён не той чалавек, які будзе рызыкаваць без патрэбы. Ён не летуценнік, не дагматык і не вынаходнік – ён інжынер, які ведае, як стварыць просты, але эфектыўны механізм. Галоўнае дасягненне Галцье – «Ліль»: да жаху прамалінейная каманда, якая прапусціла менш за ўсё ў Еўропе, забіла столькі, колькі магла, і таму сенсацыйна стала чэмпіёнам.

Абрысы такога механізму пачалі вымалёўвацца ў «ПСЖ» восенню. Галцье перавёў парыжан на рэйкі асноўнай схемы 3-4-3, што дазволіла змясціць усіх зорак на поле і захаваць кампактнасць пры страце мяча. ПСЖ правёў амаль ідэальную восень, не прайграўшы ніводнага матча.

Усё перавярнулі ЧС і траўмы. Яшчэ да перапынку на некалькі месяцаў выбыў асноўны цэнтральны абаронца Прэснель Кімпембэ. Пасля паездкі ў Катар выпалі з лепшай формы Віцiнья, Марка Вераці і Ашраф Хакімі – гульцы, надзвычай важныя для сістэмы Гальцье.

У другой палове сезона быў толькі адзін выпадак, у якім ПСЖ перамог матываванага і моцнага суперніка – разгромная перамога над «Марселем» дазволіла з камфортным адрывам замацавацца на першым месцы. Перамога ў Лізе 1 застанецца адзіным дасягненнем Парыжа ў сезоне.

Зараз здаецца, што Галцье ўсё ж не застанецца на другі сезон. Парыжу, акрамя змен у складзе, патрэбныя новыя трэнерскія ідэі.

Жазэ Маўрынью, 60 гадоў, «Рома»

Глядзець на Жазэ ў «Роме» – гэта кайф. Нарэшце партугалец знайшоў каманду, якая гатовая змагацца за свайго трэнера з першай да апошняй хвіліны, i вібрацыі выдатна сінхранізуюцца з гонарам, амбіцыямі і настроем трэнера. Але ж усё больш і больш крыніц кажуць, што Жазэ можа зноў атрымаць шанц трэніраваць каманду, амбіцыі якой значна вышэй, чым выхад у чацвёрку найлепшых у чэмпіянаце.

Больш за ўсіх у ПСЖ за Маўрынью выступае спартыўны дырэктар клуба Луіш Кампуш – партугалец, з якім Жазэ ўжо працаваў у «Рэале» і які спрабаваў перацягнуць Маўрынью нават у «Манака». Па чутках, Кампуш спрабуе данесці да кіраўніцтва «ПСЖ», што менавіта Жазэ дасць камандзе неабходны імпульс для перамогі ва ўсіх спаборніцтвах.

Са стратэгічнага пункту гледжання Жазэ – сапраўды добры варыянт на некаторы час. Ён умее працаваць як з маладымі, так і з вопытнымі гульцамі. Яго досвед гульні ў кубкавых спаборніцтвах, бадай, самы вялікі ў сучасным футболе. А ўменне матываваць гульцоў на важныя матчы – гэта тое, чаго не хапае, напрыклад, таму ж Галцье.

Слабыя бакі гэтага выбару таксама відавочныя. З часу знаходжання ў Манчэстэры Жазэ не выглядае трэнерам, здольным даць, а не проста намеціць барацьбу за найвышэйшы вынік. А адносна паспяховая праца ў «Роме» – гэта ўсё ж толькі барацьба за верхнюю частку турнірнай табліцы далёка не наймацнейшага чэмпіянату.

Але дзякуючы заступніцтву Кампуша менавіта Маўрынью выглядае найбольш верагодным варыянтам на пасаду наступнага трэнера ПСЖ.

Зінедзін Зідан, 50 гадоў, без працы

Магчыма, перавабіць Зідана ў «ПСЖ» – запаветная мара большасці заўзятараў Парыжа. Гісторыя пра тое, як найлепшы французскі трэнер сучаснасці бярэцца за самы амбіцыйны праект краіны, гучыць вельмі горача.

Футбольная частка таксама добрая. Зідан ведае, як максымізаваць моцныя бакі топ-гульцоў, а таксама матываваць іх на дасягненне самых высокіх вяршынь. Асаблівай перавагай Зінедзіна з'яўляюцца яго адносіны з Кіліянам Мбапэ. Галоўная зорка «ПСЖ» ставіцца да легенды з выключнай павагай. Напрыклад, у канфлікце Зідана з Федэрацыяй футбола Францыі Мбапэ падтрымаў трэнера.

Нягледзячы на ​​ўсю ідэальнасць такога саюза, ён не вельмi рэальны. Некаторыя французскія СМІ тлумачаць нежаданне Зідана працаваць у Парыжы яго паходжаннем: ураджэнцу Марселя лепш не працаваць у клубе, які з“яўляецца гістарычным супернікам. А па словах інсайдэраў, «Ювентус» – адзіны клуб, якi разглядае Зідан у бліжэйшы час.

Тыяга Мота, 40 гадоў, «Балоння»

Калі вы не можаце перавабіць Зідана, вам трэба стварыць свайго. Па такой логіцы Тыяга Мота можа апынуцца ў ПСЖ.

Мота ў «Балонні» паказвае вельмі добрую працу. Каманда пад яго кіраўніцтвам знаходзіцца ў сярэдзіне табліцы, набірае ў сярэднім 1,45 ачка за гульню ў Серыі А, перамагла «Інтэр» і «Аталанту», якія прэтэндуюць на выхад у зону Лігі чэмпіёнаў.

Па чутках, Луіш Кампуш згодны на прызначэнне Тыягi, але ўсё ж гэта дакладна не першы выбар пры пошуку новага трэнера.

***

Розныя крыніцы таксама называюць Юлiяна Нагельсмана, Мікеля Артэту і Антоніа Контэ. Гэта нармальна, калі побач з назвай топ-клуба, які шукае новага спецыяліста, стаіць прозвішча вольных або паспяховых топ-трэнераў. Але верагоднасць таго, што адзін з іх узначаліць парыжан, яшчэ ніжэй.

Хто б ні прыйшоў у «ПСЖ», праца там будзе няпростай. З вялікай верагоднасцю Месі пакіне каманду летам, будучыня Неймара пад пытаннем. Асобная праблема – паўабарона каманды, куды летам пад кіраўніцтвам Галцье прыйшлі чатыры гульцы, але толькі Віцінья апраўдаў надзеі.

«ПСЖ» абавязкова зменіцца. За дзесяць гадоў кіравання камандай катарцы зразумелі, што сабраць у адну каманду найлепшых гульцоў свету недастаткова для вялікіх перамог – яшчэ патрэбныя трэнер і сістэма, якая дазваляе камандзе развівацца.

Фота: Mutsu Kawamori/Global Look Press, Fabrizio Corradetti/Global Look Press

Найлепшае ў блогах
Больш цiкавых пастоў

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты