Tribuna/Футбол/Блогі/10 найлепшых футбалістаў моладзевага Еўра-2023

10 найлепшых футбалістаў моладзевага Еўра-2023

І ўсяго адзін украінец.

Аўтар — Бона Сфорца
10 ліпеня, 13:03
10 найлепшых футбалістаў моладзевага Еўра-2023

Моладзевае Еўра-2023 скончылася фіналам паміж Іспаніяй і Англіяй з драматычным развязкам. Мы гатовы падводзіць вынікі, таму сабралі дзясятку найлепшых гульцоў турніру.

Вось наш рэйтынг

10. Кастрыёт Імеры (Швецарыя)

У Швейцарыі на турніры было адразу некалькі гульцоў, якія прыцягнулі да сябе ўвагу: Дан Ндое з «Базеля» (належыць «Ніцы»), Зэкі Амдуні («Базель») і Фабіян Рыдэр («Янг Бойз»). Але больш за ўсё на сябе ўвагу звярнуў дзясяты нумар зборнай – Кастрыёт Імеры, які выбіў 2+1 і выдатна вёў гульню каманды.

Апісваючы гэтага футбаліста, вельмі цяжка абыйсціся без аналогій з Шакіры: абодва касавары, маюць невялікі рост, але моцны целасклад, магутны ўдар, выдатнае бачанне поля і шыкоўны пас. Свае найлепшыя матчы на турніры швейцарац правёў, стартуючы на левым фланзе, хаця ў цэлым ён дзейнічае па ўсім фронце атакі.

Абодва галы Імеры заляцелі пасля цудоўных далёкіх стрэлаў, асабліва вытанчаным атрымаўся ўдар у вароты італьянцаў.

9. Оскар Глух (Ізраіль)

Ізраіль даволі нечакана заскочыў ажно ў паўфінал Еўра. Галоўнай зоркай каманды стаў гулец «Зальцбурга» Оскар Глух, у якога дзве галявыя перадачы і забіты пенальці ў серыі з грузінамі.

У матчы з немцамі ён выйшаў на пазіцыі атакуючага паўабаронцы і выдаў бліскучы пас з глыбіні на Дора Тургемана, які вызначыўся трапным ударам. А ў ключавым матчы з чэхамі Оскар элегантна навесіў на Омры Гандэльмана, гол якога адправіў каманду ў плэй-оф, а футбаліст атрымаў званне найлепшага гульца матчу.

Хаця дзевятае месца ў рэйтынгу з Глухам цалкам можа падзяліць галкіпер Даніэль Перац, які тварыў цуды ў матчы з немцамі і перамог у серыі пенальці супраць грузінаў.

8. Георгій Цытаішвілі (Грузія)

Украінскія заўзятары ўжо даўно ведаюць патэнцыял Гіо – і на гэтым турніры ён яго момантамі паказваў ва ўсёй прыгажосці. Свае выніковыя дзеянні (1+2) Цытаішвілі змясціў у першыя два матчы, але і ў далейшым быў адным з самых вострых футбалістаў каманды. У дэбютнай гульні яго два асісты дапамаглі абгуляць Партугалію, а далей Гіо яшчэ і сам забіў у вароты Бельгіі.

У вырашальным матчы супраць Ізраіля ён быў заменены на 70-й хвіліне, але і да гэтага паспеў папіць крыві суперніка. Вядома, былі ў ягонай зборнай і іншыя героі: бліскучы галкіпер Мамардашвілі, які, праўда, не выратаваў у серыі пенальці, хуткі форвард Давіташвілі і Гачалейшвілі.

7. Брэдлі Барколя (Францыя)

Калі б Міхаіл Мудрык не выйшаў у чвэрцьфінале «згуляць у футбольчык», то хутканогі француз цалкам мог бы апынуцца значна вышэй. Форвард «Ліёна» забіў вырашальны гол у вароты Італіі, зрабіў 1+1 у матчы са швейцарцамі і добра памучыў украінцаў. Менавіта ён аддаў галявую перадачу і патрапіў у стойку пасля тэхнічнага ўдару па варотах Трубіна.

Брэдлі не здолеў вызначыцца выніковым дзеяннем толькі ў адным матчы – супраць Нарвегіі, тамака ён выйшаў толькі на замену на 65-й хвіліне матчу.

6. Абель Руіс (Іспанія)

Нягледзячы на тое, што ў гэтай зборнай Іспаніі вялізная колькасць зорак сабрана ў сярэдняй лініі, на Еўра больш за ўсё запалілі менавіта форварды. Абель Руіс можа лічыцца старэйшым дзядзькам-настаўнікам для сваёй каманды, нездарма ён капітаніць у U-21 яшчэ з 2021 года.

Руіс з'яўляецца прадстаўніком рэдкага для цяперашняга іспанскага футбола віду цэнтрфорвардаў, якія зараз для «Фурыі Рохі» выпускаюцца паштучна. Нападаючы за турнір мае 3+2, прычым асабліва Руісу ўдалося адарвацца на ўкраінцах – 2 галы і адзін асіст. Таксама ён забіваў харватам і асіставаў у матчы са Швейцарыяй. У цэлым на Еўра ён яшчэ раз даказаў, што яму даўно пара ў дарослую зборную, за якую Абель пакуль згуляў толькі два матчы.

Але пенальці усёткі трэба навучыцца біць лепш.

5. Арцём Бандарэнка (Украіна)

Хтосьці мог бы бачыць тут Георгія Судакова, аднаго з найлепшых бамбардзіраў турніру, ці Міхаіла Мудрыка, які вырашыў лёс чвэрцьфіналу з Францыяй. Але найбольш стабільным і важным гульцом украінскай зборнай бачыцца менавіта капітан Бандарэнка.

Ён з першага матча абазначыў свой клас, аддаўшы галявую перадачу на Кашчука, які разабраў абарону харватаў на шматкі. Ды і два галы ў плэй-оф гавораць на карысць Бандарэнкі як аднаго з найлепшых гульцоў турніру.

4. Энтані Гордан (Англія)

Каб атрымаць прыз найлепшаму гульцу турніру па версіі УЕФА, Гордану прыйшлося перакваліфікавацца з вінгера на класічнага форварда. Гулец «Ньюкасла» забіваў у вароты Ізраіля і Партугаліі, а таксама зрабіў асіст у матчы з чэхамі. У атацы Энтані сапраўды выглядаў вельмі нядрэнна, нягледзячы на тое, што ключавыя моманты стваралі Коўл Палмер і Морган Гібс-Уайт, у якіх па тры асісты.

Свае два галы Энтані правёў у стылі сапраўднага цэнтрфорварда, як быццам у яго ўсяліўся Хары Кейн, таму «сарокам» варта было б задумацца, як у далейшым выкарыстоўваць свайго гульца.

3. Серхіа Гомес (Іспанія)

Уладальнік «Залатой буцы» турніру правёў цудоўны месяц, нягледзячы на тое, што ў «Сіці» яму цяжка прабіцца ў аснову. Пеп нават выкарыстаў яго на пазіцыі левага абаронцы, але гэта Гвардыёла, а ў зборнай левы вінгер выдатна гуляе на атаку.

З усіх матчаў, у якіх ён удзельнічаў, Гомес застаўся без выніковага дзеяння толькі ў фінале. Выхаванец «Ла Масіі», які ў свой час не падышоў «Барусіі», проста разрываў супернікаў. Найлепшы матч Серхіа выдаў супраць Швейцарыі, дзе забіў гол і быў прызнаны найлепшым гульцом, але на фінал сіл не хапіла.

2. Керціс Джонс (Англія)

Калі глядзець выключна на статыстыку, то ў маладога скаўзэра толькі адзін гол у фінале, але яго ўплыў на гульню Англіі быў вызначальным. Душа каманды, сэрца каманды – Керціс Джонс. У яго 94% дакладных перадач на турніры – больш, чым у любога паўабаронцы на Еўра.

Гэта пры тым, што сярод іх былі вось такія геніяльныя пасы:

І магія ў стылі Раналдыньё:

Не забываймася, што Керціс прызнаваўся найлепшым гульцом паўфіналу і фіналу. Юрген Клопп можа толькі радавацца такому прагрэсу свайго гульца.

1. Джэймс Трафард (Англія)

Калі Керціс Джонс вёў гульню каманды, то Трафард здзейсніў галоўны перфоманс турніру – 6 «сухіх» матчаў. Варта прызнаць, што гэта важкая заяўка на тое, каб у Англіі нарэшце з’явіўся зорны галкіпер.

Проста некалькі лічбаў: 6 матчаў, 0 прапушчаных, 16 сэйваў і паказнік чаканых прапушчаных галоў 4,29.

Каб яшчэ раз усвядоміць эпічнасць моманту, проста пакінем галоўны хайлайт турніру: Трафард адбівае пенальці ў фінале на 99-й хвіліне.

Фота: Tamuna Kulumbegashvil/Global Look Press BEAUTIFUL SPORTS/Global Look Press

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты