Tribuna/Футбол/Блогі/134 млн за Кайседа, 121 – за Энца, 116,6 – за Райса. Чаму за апорнікаў багата плацяць

134 млн за Кайседа, 121 – за Энца, 116,6 – за Райса. Чаму за апорнікаў багата плацяць

Адзін з галоўных трэндаў апошніх трансферных вокнаў.

Аўтар — Бона Сфорца
4 верасня, 16:27
134 млн за Кайседа, 121 – за Энца, 116,6 – за Райса. Чаму за апорнікаў багата плацяць

Мінулым летам «Рэал» заплаціў за Арэльена Чуамені 80 млн еўра, 30-гадовы Каземіра перайшоў у «МЮ» за 70 млн еўра, «Ман Сіці» заплаціў за Кэлвіна Філіпса 50 млн еўра і нават «Эвертан» аддаў ажно 40 млн еўра за Амаду Анана, які на той час меў у сваім актыве толькі адзін сезон за «Ліль».

Зімой «Чэлсі» актываваў клаўсулу Энца Фернандэса ў памеры 121 млн еўра – і ўжо летам панеслася: 134 млн еўра за Мойсеса Кайседа, 116,6 млн еўра за Дэклана Райса, 62 млн еўра за 19-гадовага Рамэа Лавіа.

Чаму за апорнікаў так шмат плаціць, няўжо яны каштуюць усіх гэтых грошай?

Апорнік заўсёды быў адным з найважнейшых гульцоў каманды

Больш за ўсё ўвагі як для пахвалы, так і для крытыкі на футбольным полі атрымліваюць або гульцы абароны (разам з варатаром), або футбалісты атакі. У гэты ж час апорныя хаўбекі, якія выконваюць нямала чарнавой працы, часта застаюцца ў цені.

У эру Хаві і Іньесты мала хто казаў пра Бускетса, але з ім у складзе «Барселона» і зборная Іспаніі выйгралі ўсё, што толькі можна было выйграць. Эпоху «галактыкас» у «Рэале» звязваюць з Зіданам, Фігу, Бэкхэмам і Раналда, забываючыся, што ў той камандзе гуляў Клод Макелеле, як і ў «Чэлсі», у якім у той час уся ўвага даставалася Тэры, Лэмпарду і Драгба .

У каманд, якія ўвесь час знаходзяцца на вяршыні, абавязкова ў складзе ёсць топ-апорнік. Вышэйзгаданы «Манчэстэр Сіці», «Рэал» з Каземіра, «Ліверпуль» выйграў ЛЧ і чэмпіянат ужо пасля падпісання Фабіньi, у «ПСЖ» (іх можна лічыць тымі, хто «пастаянна на вяршыні»?) на працягу многіх гадоў незаменным быў Марка Вераці, а Н’Гало Кантэ быў адной з ключавых прычын поспеху «Чэлсі» і зборнай Францыі.

Олдскульны апорны хаўбек звычайна адказвае пераважна за разбурэнне атак супернікаў і пачатак атак уласнай каманды, але разуменне гульні футбалістаў на гэтай пазіцыі эвалюцыянавала.

Апорнікі сталі больш прасунутымі – таму за Энца, Райса і Кайседа заплацілі такія грошы

Адразу некалькі фактараў сур’ёзна паўплывалі на эвалюцыю пазіцыі шостага нумара.

Найважнейшы з іх — тактычны крок футбола наперад. Трэнеры пачалі масава адмаўляцца ад арыгінальных схем з чатырма абаронцамі 4-4-2 і 4-3-3 і пераходзіць на больш гнуткія размяшчэнні – напрыклад, з вінгбекамі. Так, пры гэтым пакутуюць наяўныя ў камандзе вінгеры-бегункі, але і роля апорнікаў змяняецца. Такая схема патрабуе ад іх большага перасоўвання па полі, актыўнага ўдзелу ў атаках і добрай працы з мячом, калі іх каманда кантралюе ход гульні.

Калі ж каманда адседжваецца ў абароне, спатрэбіцца набор уменняў звычайнага апорніка – выбар пазіцыi ў абарончых дзеяннях, здаровая агрэсія ў адборы і пачуццё гульні, якія дапамагаюць разбураць атакі супернікаў.

Энца Фернандэс – бліскучы прыклад сучаснага апорніка. На пераможным для Аргенцiны чэмпіянаце свету-2022 яго стыль гульні спачатку даў яму месца ў стартавым складзе (пачынаў турнір на лаўцы запасных), а потым стаў адным з найважнейшых аспектаў у гульні ўсёй каманды. Акрамя таго, што Энца паспяхова зладзіўся з задачамі арыгінальнага апорніка, ён увесь час быў на мячы — аддаваў перадачы направа і налева, падтрымліваў атакi, прабіваў па варотах і адрозніваўся выніковымі дзеяннямі.

Мойсес Кайседа на першы погляд здаецца гульцом больш абарончага плана, але, паглядзеўшы за яго гульнёй, можна смела зрабіць выснову, што эквадорац на працягу матча гуляе на пазіцыі шостага нумара, затым выконвае функцыю бокс-ту-бокса, а праз некаторы час, незалежна ад таго, атакуе яго каманда або спрабуе пабудаваць прэсінг, знаходзіцца ў зоне дзясяткі. І гэта не тактычная непісьменнасць, а тое, у чым ён надзвычай моцны.

Іншы стомільённік Дэклан Райс у гэтым трыа найбольш падобны менавіта на алдскульнага апорніка. Англiчанiн, валодаючы здольнасцю прадбачыць, дзе апынецца мяч ці як будзе дзейнічаць супернік у той ці іншы момант, літаральна «выядае» цэнтр поля за кошт агрэсіўных ахоўных дзеянняў, але ў той жа час з мячом ён таксама працуе добра – увесь час мае высокія паказчыкі дакладнасці як кароткіх, так і доўгіх перадач.

Зрэшты, «Арсенал» набыў Райса яшчэ за адзін паказчык. У адрозненне ад Энца і Кайседа, якія маюць паўсезона-сезон вопыту на сур“ёзным узроўні, 24-гадовы Дэклан згуляў 245 матчаў за аснову «Вест Хэма» і ўжо найграў больш за 40 матчаў за зборную. На працягу ўсяго гэтага часу Райс развіваўся, а потым заставаўся на надзвычай высокім узроўні.

Сучасных апорнікаў банальна няшмат

Мабыць, найважнейшая прычына, чаму за апорных паўабаронцаў плацяць такiя грошы: патрэбных гульцоў не так шмат у сусветным футболе.

Самы яскравы прыклад – пошук шасцёркі «Ліверпуля». Юрген Клоп страціў Хендэрсана і Фабінью, а зорнай замены так і не знайшоў. У вынiку клуб падпісаў 30-гадовага Ватара Энда.

Акрамя вышэйпералічаных футбалістаў, скаўты ў першую чаргу адзначаюць Бруна Гімараеса з «Ньюкасла» і Шэйка Дукурэ з «Крыстал Пэлас». Пасля мінулага сезона нямала гавораць пра Станіслава Лаботку з «Напалі», а Ёзуа Кіміх пастаянна падтрымлівае выступленні на высокім узроўні. Яшчэ адзін патэнцыйны гулец у гэты спіс – Эдсан Альварэс, які нядаўна перайшоў у «Вест Хэм».

Акрамя іх, успамінаюць яшчэ Саф’яна Амрабата і Ібрагіма Сангары – у іх, праўда, не заўважаюць такога атакуючага патэнцыялу і ўзроўня працы з мячом, хоць са сваімі абавязкамі арыгінальнага апорніка яны спраўляюцца вельмі нядрэнна.

Фота: Premier League, Anthony Bibard/FEP, Sebastian Frej/MB Media/Global Look Press

Найлепшае ў блогах
Больш цiкавых пастоў

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты