Tribuna/Хакей/Блогі/Кубак Стэнлі – у «Вегаса»: ад узнiкнення да перамогi прайшло усяго шэсць гадоў

Кубак Стэнлі – у «Вегаса»: ад узнiкнення да перамогi прайшло усяго шэсць гадоў

Хуткая гiсторыя.

Аўтар — Бона Сфорца
14 чэрвеня, 05:30
Кубак Стэнлі – у «Вегаса»: ад узнiкнення да перамогi прайшло усяго шэсць гадоў

«Фларыда» прайграла і фінальную серыю НХЛ у пятым матчы. «Пантэры» выглядалi жаласна. 9:3 на карысць «Вегаса» у пятым матчы – анамалія, але яна пацвярджае вельмі вялікую перавагу «Голдэн Найтс» у фінале. Сумарны лік па шайбах не можа не ўразіць – 26:12. А таксама 6:0 па галах у большасці. Гэта пры тым, што спецбрыгады «Фларыды» лiчылiся лепшымi, чым у суперніка.

Увогуле, можна згадаць, што цяперашні плэй-оф быў адным з найгоршых у гісторыі. Усе крутыя сюжэты засталіся недзе каля першага раўнда. «Вегасу» не хапіла толькі спыніць фінальную серыю за чатыры матчы, каб назваць яе ідэальнай. Так і мусіла быць, але «Фларыда» нават зрабіла ласку – «Голдэн Найтс» атрымалі Кубак Стэнлі на вачах у сваіх заўзятараў.

Яўна асаблівыя пачуцці былі ў галоўнага трэнера «Вегаса» Бруса Кэсідзі. «Бостан», які звольніў яго ў міжсезонне, устанавiў гістарычныя рэкорды рэгуляркі, але плэй-оф для «мішак» скончыўся ў першым раундзе. Кэсідзі ж прадэманстраваў былой камандзе, як можна ўпэўнена прайсці рэгулярку (найлепшая каманда Захаду) і захаваць сілы на плэй-оф. «Вегас» выйграў Кубак Стэнлі з балансам 16-6, які далёкі ад рэкордаў, але намякае, што ніякіх сапраўды крызісных момантаў у гэтай каманды ў плэй-оф не было.

Можна і нават трэба сказаць пра асаблівыя пачуцці Джонатана Маршэсо, Райлі Сміта, Вільяма Карлсана, Уіла Кар’е, Шы Тэадора і Брэйдэна Макнэба. Яны прайгралі фінальную серыю пяць гадоў таму. Дадатковым прывітаннем для «Фларыды» стала ўручэнне «Кон Смайт Трофі» для найлепшага гульца плэф-оф Маршэсо, якога «пантэры» не абаранялі на драфце пашырэння і, лічыце, проста падаравалі «Вегасу» шэсць гадоў таму, калi каманда ўзнiкала. Цяпер хакеiст набраў 13+12, закінуў чатыры шайбы ў фінале і стаў найлепшым снайперам плэй-оф разам з Леонам Драйзайтлем.

Не менш за Маршэсо ўзнагароду MVP заслужылі капітан Марк Стоўн і Джэк Айкел. Стоўн – ужо на працягу некалькіх гадоў як адзін з найлепшых двухбаковых фарвардаў лігі, лідар распранальні, які набраў 11+13 у плэй-оф і зрабіў хэт-трык у пятым матчы фіналу. Айкел – другі нумар драфту-2015. Ён толькі цяпер дэбютаваў у плэй-оф і адразу паказаў, што па-за «Бафала» ён не капрызная прымадона, якая думае толькі пра асабістую статыстыку, а лідар атакі чэмпіёна. Айкел апынуўся найлепшым бамбардзірам плэй-оф (6+20), шмат працаваў і быў сапраўды сталёвым – працягваў гульню і пасля максімальна жорсткага хіта.

Як і год таму, пераможца Кубка Стэнлі даказаў, што для вялікіх дасягненняў не патрэбны моцны або зорны галкіпер. «Каларада»-2022 прайшоў плэй-оф з балансам 16-4 з Дарсі Кемперам, які гуляў на ўзроўні ніжэй сярэдняга. Эдзін Хіл у лепшым выпадку з’яўляецца трэцім рэйтынгавым брамнікам «Вегаса», які стаў стартарам толькі падчас серыі другога раўнда супраць «Эдмантана». Але партнёры таксама дапамаглі – у фінальнай серыі «Голдэн Найтс» заблакавалі ледзь не удвая больш кідкоў, чым супернік.

«Вегас» з упэўненасцю можна назваць унікумам. У першым жа сезоне каманда дайшла да фіналу і зразумела, што па Кубак трэба ісці ўжо цяпер. Былі памылкі, былі два прайграныя фіналы канферэнцыі, быў леташні сезон без плэй-оф і зорны Макс Пачыярэці, якога аддалі «Караліне» бясплатна ў міжсезонне-2022, бо трэба было ўкласціся ў столь заробкаў. Але вось ён – Кубак Стэнлі. За шэсць гадоў існавання «Вегаса» толькі «Тампа» была больш паспяховай за невадцаў. На Захадзе – нікога.

Уласнік «Вегаса» Біл Фолі ў жніўні 2017 года публічна заявіў, што хоча выйграць Кубак Стэнлі за шэсць гадоў. Мэта дасягнутая. Хутчэй за «Вегас» з каманд з драфтаў пашырэння Кубак Стэнлі выйграваў толькі «Эдмантан», якога вёў найвялікшы Уэйн Грэцкі – за 5 гадоў.

«Вегас» працягнуў тэндэнцыю новых уладальнікаў Кубка Стэнлі, якая з’явілася недзе пасля ўвядзення абмежавання па заробках у сезоне 2005/2006. Раней упершыню трафей здолелі заваяваць «Караліна» (2006), «Анахайм» (2007), «Лос-Анджэлес» (2012), «Вашынгтон» (2018) і «Сэнт-Луіс» (2019).

Фота: НХЛ

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты