Tribuna/Іншыя/Блогі/«За гэты год у мяне з'явілася некалькі новых народзінаў». Нашыя калегі ваююць за Украіну 💛💙

«За гэты год у мяне з'явілася некалькі новых народзінаў». Нашыя калегі ваююць за Украіну 💛💙

Найлепшыя супрацоўнікі Tribuna.com.

Аўтар — Бона Сфорца
2 студзеня 2023, 07:05
«За гэты год у мяне з'явілася некалькі новых народзінаў». Нашыя калегі ваююць за Украіну 💛💙

На другі дзень Новага году адзначаем найлепшых супрацоўнікаў міжнароднага праекта Tribuna.com. У 2022-м тры нашыя калегі - супрацоўнікі ўкраінскага офісу апранулі вайсковую форму і пішуць гісторыю ў шэрагах Узброеных сіл Украіны.

Хлопцы, мы дужа вамі ганарымся і чакаем вашага найхутчэйшага вяртання. Дзякуй, што абараняеце Украіну. Вы – сапраўдныя героі!

Максім Болдыраў

«Год стаў выпрабаваннем. Я пачаў рыхтавацца яшчэ са снежня 2021-га. Але і не адразу скокнуў у вір падзей лютага, напэўна, пабаяўся, чагосьці чакаў, і далучыўся да УСУ толькі ў канцы сакавіка.

Выконваў вайсковыя правілы і далей навучаўся. У маі як афіцэр выпадкова трапіў у новаствораную танкавую роту, праз пару тыдняў паехалі на Данбас.

Бачыў у чэрвені яшчэ спакойны і гарны Бахмут – хаб для вайсковых, якія былі крыніцай эканомікі гораду. Старую архітэктуру. Месца сустрэчы з валанцёрамі. Найбліжэйшы шпіталь, дзе процьма параненых рознай цяжкасці. Быў на нашых пазіцыях, якія ўжо ці пакуль не нашыя. Першыя абстрэлы і першыя страты. Змена напрамку. Былі і ўнутраныя канфлікты, і адчувальнае маральнае затуханне ў сярэдзіне лета. Новы подых увосень. Але з часам цалкам змірыўся з умовамі і трываласцю. Проста ведаю, што калісьці настане нашая перамога. Ацэньваю гэта як адрэзак нявызначанага часу, перыяд, ад дня паўнамасштабнай вайны і да іх капітуляцыі. Гэта азначае, што кожны пражыты дзень набліжае мяне да гэтага моманту. Так лягчэй думаць, чым загадваць, калі ўсё скончыцца. Застаецца толькі штодня набліжаць гэты момант. Дзякуй таксама людзям з Трыбуны, што былі побач, якія жылі што дня са мною, – сказаў Болдыраў.

«Чылі» (пазыўны)

«Гэта не год прайшоў. Гэта мы яго прайшлі. Цяжка, але годна.

Асабіста для мяне гэты год стаў прынцыпова новым. Да гэтага я жыў абсалютна іншым, немілітарным жыццём, і нават не мог уявіць сябе вайскоўцам. Але ў такі час не мог зрабіць інакш і пайшоў за поклічам сумлення. І ўжо сустрэў на фронце шмат такіх людзей, хто да 24 лютага быў бізнэсоўцам, прадаўцом, бухгалтарам і г.д. Тысячы прафесій і тысячы лёсаў, якія таксама змяніліся, узялі ў рукі зброю і пайшлі абараняць свой дом.

За гэты год у мяне зʼявілася некалькі новых народзінаў і шмат новых сапраўдных сяброў. Для мяне вялікі гонар знаходзіцца побач з такімі людзьмі. Вайна – гэта маркер, які паказвае, хто сапраўды чаго варты. Удзячны сваім сябрам-калегам з Трыбуны, якія з самага першага дня падтрымоўвалі як маральна, так і матэрыяльна, і заўжды гатовыя дапамагчы ва ўсім.

Спадзяюся, гэты год стаў фундаментальным для канчатковага фармавання ўкраінскай нацыі. Украінцы нарэшце зразумелі, пабачылі і пачалі цаніць сваю аўтэнтычнасць. Нават у тых, хто быў па-за палітыкай, «якая розніца», «не ўсё так адназначна» – і ў тых ужо прачнулася самасвядомасць. Дастаткова расстаўленыя ўсе кропкі над Ї. Украінцы – гэта тыя, каго ідэнтыфікуе, ведае і цэніць увесь цывілізаваны свет. А галоўнае – паважаць саміх сябе і адзін аднаго. Тое, што мы сёння маем магчымасць даваць інтэрвʼю – сведчыць пра тое, што не ўсё настолькі кепска. Але мусім памятаць, якой цаной усё гэта. Шанаваць і не забываць усіх тых, хто аддаў жыццё за цяпер і будучыню кожнага з нас. Спадзяюся, у новым годзе мы завяршым сваю справу і канчаткова вызвалім усе ўкраінскія землі. Усё будзе УСУ 🇺🇦», – сказаў Чылі.

Раман Цёмны

«З пачаткам поўнамаштабнай вайны я дакладна для сябе ўсвядоміў, што маю быць у шэрагах УСУ. Першыя спробы былі няўдалымі – у ваенкамаце казалі проста чакаць. Такія афіцэры запасу з вайсковай кафедрай і без любога досведу за плячыма былі малапатрэбнымі. У жніўні ўсё склалася – мяне адправілі ў навучальны лагер, а на пачатку верасня нарэшце мабілізаваўся і пачаў несці службу. Для мяне гэта быў цалкам новы свет, але ўсё як заўжды – усё залежыць ад людзей. І ў цэлым плане мне вельмі пашчасціла, бо на новай »працы« я трапіў у вельмі камфортныя ўмовы ў плане чалавечых узаемаадносінаў. Таму ніякай адаптацыі па паўгады і больш у традыцыях новапрыбылых «Дынама» мне не спатрэбілася. Усяго за месяц з пункту пастаяннай дыслакацыі нашае падраздзяленне адправілі на палігон, дзе я ўжо можа і не зусім цалкам (усё ж афіцэрскае званне дае пэўныя прывілеі), але ўжо змог адчуць усе асаблівасці вайсковага жыцця. Усё залежыць ад настрою, з якім ты прымаеш новыя для сябе ўмовы. Я дакладна разумею, для чаго я тут, і гэтая думка пераважае любыя моманты побытавых складанасцяў, адрыў ад звыклага ладу жыцця, любімай працы, хобі, сяброў і сямʼі. Нават больш, вельмі прыемна, калі сумленная праца не застаецца незаўважанай. Для мяне стала прыемным здзіўленнем, калі кіраўніцтва штаба батальёну вырашыла ўзнагародзіць адзнакай Галоўнакамандуючага УСУ «Стальны крыж». Успрымаю яе для сябе як узнагароду на перспектыву, якую яшчэ толькі маю заслужыць, але сам факт натхняе. Таму працуем далей і чакаем, калі ўжо давядзецца сапраўды дакрануцца да вайны і трапіць у зону баявых дзеянняў. Усіх віншую з Новым годам! Жадаю ўсім здароўя і нашай супольнай перамогі! Слава Украіне!», – сказаў Цёмны.

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты