Tribuna/Футбол/Блогі/«Крумкачы» прабіліся ў фінальны этап Д3. У вырашальным матчы было 6 галоў, а заўзятараў – больш, чым на некаторых гульнях вышэйшай лігі

«Крумкачы» прабіліся ў фінальны этап Д3. У вырашальным матчы было 6 галоў, а заўзятараў – больш, чым на некаторых гульнях вышэйшай лігі

Перамога сапраўды народнай каманды

Аўтар — Замір Закіеў
24 верасня, 19:09
«Крумкачы» прабіліся ў фінальны этап Д3. У вырашальным матчы было 6 галоў, а заўзятараў – больш, чым на некаторых гульнях вышэйшай лігі

У суботу НФК «Крумкачы» сустракаліся з «Юні Мінск». Гэта быў заключны матч рэгіянальнага этапу другой лігі. «Крумкачы» з 32 ачкамі ішлі на другім радку (які дазваляе прайсці ў наступны раўнд), а «Юні» – на трэцім (з 30 ачкамі).

У першым коле рэгулярнага сезона «Крумкачы» набралі за 8 матчаў усяго 13 ачкоў (4 перамогі, 1 нічыя і 3 паражэнні). Тады народная каманда саступіла «Юні» 2:5 і пачала губляць надзею на паўтор выніку мінулага года (другое месца ў цэлым Д3). Але перад другім колам «Крумкачы» ўзмацніліся і выдалі бяспройгрышную серыю з 7 матчаў (6 перамог і 1 нічыя).

Цяпер экс-клубу Аляксандра Івуліна хапала б для выхаду ў фінальны этап нічыёй, але са старту падапечныя Сяргея Казекі вырашылі змагацца за перамогу. Першы гол заўзятары ўбачылі ўжо на другой хвіліне.

Але за першы тайм «Юні» паспеў зрабіць лік 1:1 – скарысталіся памылкай абаронцы.

Другі тайм таксама пачаўся з хуткага гола «Крумкачоў».

А праз 17 хвілін «Юні» прапусціў і трэці мяч.

За 10 хвілін да канца асноўнага часу «Крумкачы» канчаткова вырашылі, хто пераможа і пакрочыць у наступны раўнд другой лігі.

Аднак футбалісты «Юні» са штрафнога паспелі трохі скараціць адставанне.

Па ходзе гульні ўзнікалі сутычкі паміж футбалістамі. Дзесьці суддзя паказваў карткі за неспартыўныя паводзіны, дзесьці – стрымліваўся.

Але ж вынік застаўся нязменным – «Крумкачы» ўпэўнена перамаглі, і дапамаглі ім у гэтым заўзятары. Проста паглядзіце, якая падтрымка была на стадыёне РЦАР-БДУ! Столькі заўзятараў не могуць сабраць і некаторыя клубы Д1.

Далей мінскую каманду чакае фінальны этап. Ён будзе складацца з наступных стадый: групавы этап (4 групы па 4 каманды, адно кола па прынцыпе «кожны з кожным»), чвэрцьфіналы, вызначэнне выніковых месцаў з пятага па восьмае, паўфіналы, матч за трэцяе месца і фінал.

Фота і відэа: НФК «Крумкачы»

Найлепшае ў блогах
Больш цiкавых пастоў

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты