Tribuna/Тэніс/Блогі/Ураджэнка Адэсы прайграла Сабаленцы апошні матч у кар'еры, затое сышла з чыстымі рукамі

Ураджэнка Адэсы прайграла Сабаленцы апошні матч у кар'еры, затое сышла з чыстымі рукамі

Развітанне з тэнісам атрымалася няпоўным.

Аўтар — Замір Закіеў
30 жніўня, 15:00
Ураджэнка Адэсы прайграла Сабаленцы апошні матч у кар'еры, затое сышла з чыстымі рукамі

У першым коле US Open суперніцай Арыны Сабаленкі (№2 WTA) стала ўкраінка, якая ад 2016 года прадстаўляе Бельгію, - Марына Занеўская (№112 WTA). Беларуска атрымала перамогу ў двух сэтах (3:6, 2:6) і прайшла ў наступны раўнд, дзе згуляе з брытанкай Джодзі Бёрэдж (№96 WTA).

Але матч запомніўся не толькі перамогай прарэжымнай (ці ўжо не?) тэнісісткі. Для ўкраінкі гэта гульня стала апошняй у прафесійным тэнісе. Занеўская яшчэ перад турнірам заявіла, што пасля US Open завершае кар'еру.

«Прыйшоў час развітацца з тэнісам. Апошнія чатыры гады я пакутавала ад боляў у спіне, і, на жаль, я прыйшла да таго, што больш не магу аддаваць тэнісу тое, што трэба для таго, каб гуляць на топавым узроўні. Я вырашыла згуляць US Open як мой фінальны турнір перад тым, як пасунуць у бок маю кар'еру», – напісала Марына ў сваім Instagram.

30-гадовая тэнісістка з'яўляецца пераможцай двух турніраў WTA ў адзіночным разрадзе і двух юніорскіх турніраў Вялікага шлема ў парным разрадзе (Адкрыты чэмпіянат ЗША-2009, Адкрыты чэмпіянат Францыі-2011).

Перамогі ў парным разрадзе Занеўская здабывала разам з расіянкай Ірынай Храмачовай. Пасля падзей 2014 года дзяўчыны працягвалі гуляць разам, але цяпер шляхі партнёрак разышліся. Храмачова пасля пачатку вайны не выступала з асуджэннем дзеянняў кіраўніцтва сваёй краіны, а проста працягвала гуляць у тэніс. Апошнім часам яна выступала ў пары з беларускай Ірынай Шымановіч і нават украінкай Валерыяй Страхавай (якая таксама не выказвалася з нагоды вайны, а кіраўніцтва Украінскай федэрацыі тэніса заявіла, што ў Страхавай прарасійскія погляды).

Занеўская ж тым часам падтрымлівала людзей на сваёй Радзіме, крытычна выказвалася адносна тых сітуацый, дзе міжнародныя спартыўныя структуры выгароджвалі расіян і беларусаў.

Апошнім у кар'еры жэстам для ўраджэнкі Адэсы стала канцоўка гульні з Сабаленкай. Пасля таго, як беларуска рэалізавала матч-пойнт, Занеўская адмовілася рукацца з ёй. Сышла з прафесійнага тэніса з паражэннем, але з чыстымі рукамі.

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты