Tribuna/Баскетбол/Блогі/Беларус патрапіў у фарм клуба НБА. Вось хто і што гэта значыць

Беларус патрапіў у фарм клуба НБА. Вось хто і што гэта значыць

Год не гуляў праз траўму, супраць вайны і за сумленныя выбары.

Аўтар — bytribuna com
19 кастрычніка, 19:12
1
Беларус патрапіў у фарм клуба НБА. Вось хто і што гэта значыць

Яшчэ ніколі ў галоўнай баскетбольнай лізе свету не гулялі беларусы, хаця пара чалавек была блізкая да гэтага. Пераможцы моладзевага Еўра-1994 Ягор Мешчаракоў і Аляксандр Куль былі на добрым рахунку ў амерыканскім студэнцкім баскетболе, але на драфце іх не выбралі, а вось Уладзімір Верамеенка ў 2006-м пад 48-м нумарам быў задрафтаваны «Вашынгтонам», але сам форвард тады быў нарасхват у Расіі і ў НБА не асабліва рваўся – заакіянскі баскетбол для яго скончыўся двума паездкамі ў Летнюю лігу.

Вермеенка пакуль застаецца адзіным беларусам з драфту НБА. Прарвацца туды яшчэ мог Арцём Парахоўскі, але цэнтравога, хоць ён і ўражваў скаўтаў гульнёй у NCAA, у 2010-м не абралі. Вярнуўшыся ў Еўропу, баскетбаліст сваёй гульнёй здолеў прыцягнуць увагу амерыканскіх клубаў, але пра нешта дамовіцца з «Мемфісам» і «Сан-Антоніа» не атрымалася.

Сярод гульцоў маладога пакалення ў амерыканскіх студэнцкіх лігах выступалі Яўген Масальскі і Дзмітрый Рыўны. Абодва таксама праляцелі міма драфта, але калі Рыўны ўжо пакінуў Штаты і гуляе цяпер ў чэмпіянаце Партугаліі за «Віторыю» Гімарайнш, то Масальскі, скончыўшы ўніверсітэт, застаецца ў Амерыцы і на днях падпісаў кантракт з прадстаўніком амерыканскай G-лігі «Остынам Спёрс» – фарм -клубам «Сан-Антоніа Спёрс» з НБА. Вось што гэта значыць.

У 16 зʼехаў з Беларусі

Па юнаках Масальскі выступаў у сістэме мінскіх «Цмокаў», але даволі рана зʼехаў за мяжу: у 16 стаў гульцом «Летувас Рытас» – аднаго з наймацнейшых клубаў Літвы. Праўда, там на працягу двух сезонаў форвард гуляў выключна за малодшыя каманды: спачатку за юнацкія калектывы і другую каманду ў трэцім дывізіёне, а затым ужо за «Перлас МРУ» у другім дывізіёне, дзе двойчы даходзіў да чвэрцьфіналу лігі.

Паралельна Масальскі выклікаўся ў юнацкую зборную Беларусі, дзе быў адным з лідараў. Праўда, каманда выступала не лепшым чынам: у 2016-м на чэмпіянаце Еўропе U-18 у дывізіёне B заняла 11-е месца (цэнтравы/цяжкі форвард набіраў у сярэднім за матч 9,3 пункты і здзяйсняў 9,6 падбораў), а ў 2017-м стала 20-й (13,6 пунктаў і 10 падбораў у сярэднім).

Гуляў пры 13 тысячах гледачоў

Улетку 2017-га, пасля другога сезону ў Літве і паездкі на юнацкае Еўра ў Талін, 18-гадовы мінчук перабраўся за акіян, стаўшы гульцом каманды ўніверсітэта Сан-Дыега, якая выступае ў галоўнай студэнцкай паўночнаамерыканскай лізе NCAA. Каманда, праўда, асаблівымі поспехамі не вылучалася і толькі чатыры разы ў сваёй гісторыі (у апошні ў 2008-м) трапляла ў «Сакавіцкае варʼяцтва» – штогадовы турнір пад эгідай NCAA, дзе выступаюць 64 найлепшыя студэнцкія каманды краіны. Гэта адна з найбуйнейшых штогадовых спартыўных падзей у ЗША. Для разумення, фінал «Сакавіцкага варʼяцтва» ў 2023-м паміж «Сан-Дыега Стэйт» (не той «Сан-Дыега», дзе гуляў Масальскі) і «Канэктыкута» сабраў на трыбунах 72 тысячы заўзятараў і амаль 15 мільёнаў гледачоў ля тэлеэкранаў.

Пры такой аўдыторыі Масальскаму гуляць не даводзілася, але некалькі матчаў з ягоным ўдзелам збіралі больш за 10 тысяч. Напрыклад, аўдыторыя выязнога для «Сан-Дыега» матчу супраць універсітэту імя Брыгама Янга ў 2019-м склала 13 тысяч чалавек.

Асабістая статыстыка баскетбаліста ў «Сан-Дыега» расла год ад года: калі ў першым сезоне ён праводзіў на пляцоўцы ў сярэднім 12 хвілін, набіраючы 4,2 пункты і робячы 3,6 падбораў, то ўжо ў чацвёрты свой сезон гуляў 22 хвіліны, набіраў 9,6 пункты і рабіў 8,3 падбору.

Гуляў супраць і разам з іншым беларусам з NCAA

Пасля чатырох гадоў у «Сан-Дыега» Масальскі перабраўся ва ўніверсітэт Сан-Францыска, дзе правёў свой апошні год на студэнцкім узроўні. Да таго моманту за «Донс» выступаў іншы беларус Дзмітрый Рыўны. Цікава, што за пару месяцаў да гэтага Рыўны і Масальскі згулялі адзін супраць аднаго, а адзін з эпізодаў супрацьстаяння скончыўся відовішчным хайлайтам: Рыўны атрымаў мяч на дузе, фэйкавым рухам прыбраў абаронцу, прайшоў пад кольца і паставіў эфектны данк праз Масальскага.

Сезон-2021/22 яны ўжо правялі як партнёры, прычым Масальскі быў гульцом стартавай пяцёркі. Гэты год для цэнтравага стаў найлепшым у плане і вынікаў каманды, і асабістых статыстычных паказнікаў: праводзіў у сярэднім на пляцоўцы 27 хвілін, набіраў 13,5 пунктаў, рабіў 9,4 падборы, здзяйсняў 2,2 блакшоты. Напрыклад, вось так беларус забіваў праз цэнтравога «Ганзагі» Чата Холмгрэна, які праз пару месяцаў быў абраны пад другім нумарам на драфце НБА «Аклахомай Тандэр» (адзнака 2:31).

Па выніках года Яўген патрапіў у першую сімвалічную зборную канферэнцыі Заходняга ўзбярэжжа NCAA.

Прапусціў год праз траўму

Не без дапамогі Масальскага «Донс» дабраліся і да «Сакавіцкага варʼяцтва» у 2022-м, дзе патрапілі на «Мюрэй Стэйт». Але засвяціцца ў самым папулярным студэнцкім турніры беларусу не ўдалося: за пару дзён да гульні на трэнаванні ён парваў крыжападобныя звязкі.

«Донс» без аднаго са сваіх лідараў пры амаль 17 тысячах гледачоў саступілі ў авертайме (87:92) і вылецелі ў першым жа раўндзе, а аднаўленне Масальскага выйшла доўгім: праз няўдалую першую аперацыю ён прапусціў увесь наступны год.

Падпісаў ліст сумленных спартоўцаў і падтрымаў Украіну пасля пачатку вайны

Ужо шмат гадоў жывучы за акіянам, Масальскі цікавіцца падзеямі на Радзіме і пасля прэзідэнцкіх выбараў-2020 пакінуў подпіс пад лістом спартоўцаў за сумленныя выбары. А ў першыя дні расійскага ўварвання ва Украіну ў сваім Instagram выклаў ролік са сваімі аднаклубнікамі беларусам Рыўным і ўкраінцам Уладзімірам Маркавецкім з заклікам спыніць вайну.

Яго параўноўваюць з зоркай літоўскага баскетбола з НБА

Амерыканскі паблік cbbnextup, дзе распавядаецца пра баскетбалістаў са студэнцкіх ліг, даў Масальскаму (206 см, 109 кг) такую характарыстыку: здольны згуляць як цяжкага форварда, так і цэнтравога, добра выглядае не толькі як гулец атакі, з якім цяжка змагацца ў «фарбе», але і як якасны выканаўца ў абароне.

У якасці гульца НБА, да якога па гульнявых якасцях падобны прадстаўнік Беларусі, быў абраны форвард «Сакрамэнта Кінгз» і зборнай Літвы Дамантас Сабоніс. Амерыканскі партал ESPN перад сезонам-2023/24, які вось-вось стартуе, ставіць Сабоніса на 22-е месца ў спісе найлепшых гульцоў лігі.

Быў запрошаны ў Летнюю лігу НБА

Нягледзячы на год прастою, Масальскага запрасілі ў Летнюю лігу НБА, дзе ён далучыўся да сістэмы «Юты Джаз» (таксама мог апынуцца ў «Кліўлендзе» і «Маямі»). Праўда, беларус не паўдзельнічаў ні ў адным спарынгу і неўзабаве лагер каманды з Солт-Лэйк-Сіці пакінуў.

Новая каманда ідзе ў аўтсайдэрах лігі

Застацца гуляць у Штатах было прыярытэтам для Масальскага, і гэта яму ўдалося: перад самым пачаткам сезону спартсмен падпісаў кантракт з клубам «Остын Спёрс» з G-лігі – гэта баскетбольны аналаг АХЛ з паўночнаамерыканскай хакейнай сістэмы. «Остын Спёрс» з 2005 года мае статус фарм-клуба «Сан-Антоніа Спёрс». У 2018-м каманда станавілася чэмпіёнам Лігі развіцця НБА (гэта яшчэ адна назва турніру), але ў апошнія пяць сезонаў толькі раз выйшла ў плэй-оф. У мінулай «рэгулярцы» «Остын» заняў 14-е месца з 15 у сваёй канферэнцыі, выйграўшы толькі 8 з 32 матчаў.

Не найлепшым чынам апошнія гады складаюцца справы і ў пяціразовага чэмпіёна НБА «Сан-Антоніа». У мінулым сезоне «Спёрс» выйгралі толькі 22 матчы з 82 і сталі другой найгоршай камандай лігі па гэтым паказніку (у «Дэтройта» было ўсяго 17 перамог). Праўда, гэта дапамагло клубу выйграць латарэю драфта НБА і ўзяць пад першым пікам француза Віктара Вембаньяму, які, не правёўшы яшчэ ніводнага матчу ў лізе, ужо зʼяўляецца адной з галоўных яе суперзорак.

19-гадовы талент з ростам 222 сантыметры, які ў мінулым сезоне стаў найлепшым гульцом чэмпіянату Францыі, выступае на той жа пазіцыі, што і Масальскі – беларусу ў выпадку, калі яго падымуць у першую каманду, за месца ў складзе давядзецца змагацца менавіта з Вембаньямам.

У цэлым, каманды, якія не змагаюцца за выхад у плэй-оф, звяртаюцца па паслугі маладых гульцоў з фарм-клубаў, нават тых, хто не знаходзіцца на двухбаковым кантракце. Таго ж Масальскага пры неабходнасці могуць падпісаць на 10-дзённы кантракт і даць яму дэбютаваць у НБА.

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты