Tribuna/Футбол/Блогі/Галоўны лукашыст у спорце хоча глыбей сысціся з Зімбабвэ – што ж, гэта будзе цікава: там таксама катаюць дамоўныя матчы, жывуць пад санкцыямі, яшчэ горш выступаюць на Алімпіядах

Галоўны лукашыст у спорце хоча глыбей сысціся з Зімбабвэ – што ж, гэта будзе цікава: там таксама катаюць дамоўныя матчы, жывуць пад санкцыямі, яшчэ горш выступаюць на Алімпіядах

Зімбабвійская міністарка гатовая дапусціць Беларусь і Расію да Гульняў, нягледзячы ні на што.

Аўтар — bytribuna com
21 лютага 2023, 15:21
Галоўны лукашыст у спорце хоча глыбей сысціся з Зімбабвэ – што ж, гэта будзе цікава: там таксама катаюць дамоўныя матчы, жывуць пад санкцыямі, яшчэ горш выступаюць на Алімпіядах

Хутка год, як белспорт у большасці відаў знаходзіцца ў міжнародным бане, што ўведзены ў адказ на вайну, якую з 24 лютага працягвае Расія ва Украіне з выкарыстаннем тэрыторыі Беларусі. Але рэжымнае міністэрства спорту не думае маркоціцца - а яго кіраўнік Сяргей Кавальчук зноў і зноў спрабуе давесци, што адхіленне ніяк не паўплывала на сітуацыю ў галіне, колькі б яе прадстаўнікі ні сцвярджалі адваротнае. Нядаўна Кавальчук у чарговы раз даў зразумець, што свет яму не патрэбны - і прапанаваў узмацніць узаемадзеянне з тымі, хто гатовы ўзаемадзейнічаць, незалежна ад рэпутацыі.

- Трэба сябраваць і выбудоўваць стасункі з тымі краінамі, якія гэтага хочуць. Яркае таму пацвярджэнне - нядаўні візіт [Лукашэнка] у Зімбабвэ. Трэба актыўна ўзаемадзейнічаць з такімі краінамі не толькі ў эканоміцы, але і ў спорце, - заявіў былы ахоўнік Лукашэнкі.

Самога Лукашэнку сапраўды ў канцы студзеня прымалі (і нават падарылі пудзіла льва) у далёкай афрыканскай краіне, з якой у ягонага рэжыму даўняя і вельмі каламутная супраца. Нядзіўна, што ў Зімбабвэ добра разумеюць беларускага дыктатара - там 37 гадоў кіраваў адзін чалавек, Роберт Мугабэ, які ў сваёй аўтакратыі не цураўся крывавых метадаў, а яшчэ легендарна абваліў эканоміку краіны, з-за чаго зімбабвійскі долар дэнамінацыйна адкінуў 22 нулі, але нават так у кастрычніку 2008-га кошты ў краіне падвойваліся кожныя суткі, і неўзабаве пасля гэтага ўнутраную валюту проста забаранілі. Праўда, Мугабэ зрынулі ў 2017-м у выніку ваеннага перавароту - але гэта быў не апазіцыйны акт, а вынік жадання жонкі Роберта забраць статус пераемніка ў даўняга паплечніка правадыра Эмерсана Мнангагвы, які трапіў у няласку і пакінуў краіну, але літаральна праз тыдзень адпомсціў. Мнангагва атрымаў уладу, курс Зімбабвэ не памяняўся, а адносіны з Лукашэнкам і яго гаманцамі не пацярпелі.

Беларускаму рэжыму ў Зімбабвэ, паводле звестак мясцовых СМІ, зацікаўлены ў літыі - карысным ў розных тэхналагічных вытворчасцях метале, якога на тэрыторыі краіны хапае. Але ці можа Зімбабвэ неяк дапамагчы Беларусі ў спорце? Расказваем, як у афрыканцаў справы ў гэтай сферы (і атрымліваем даволі прадказальны адказ).

Самым папулярным відам спорту ў краіне застаецца футбол. Але калі вы вырашыце нешта пра яго трошкі пагугліць, то будзеце заваленыя дзіўнымі гісторыямі - напрыклад, як кіраўніка ZIFA, мясцовай футбольнай федэрацыі, адправілі ў турму за аўтамабільны крадзеж 17-гадовай даўніны або як у жабрацкай краіне хтосьці спадзяваўся праз 20 гадоў прыняць чэмпіянат свету. Але шэраг рэчаў проста родніць зімбабвійскі футбол з беларускім.

Як у нашай краіне катаюць «дагаворнякі», так і ў афрыканскай дзяржаве яны распаўсюджаныя, а ў 2012-м ZIFA адхіліла ад матчаў зборнай адразу 80 футбалістаў - усе яны былі абвінавачаныя ва ўдзеле ў несумленных гульнях, у тым ліку за «нацыяналку». Зрэшты, пры бліжэйшым разглядзе высветлілася, што ў арганізацыі дамоўных сустрэч за свой працэнт дапамагала нават былое кіраўніцтва федэрацыі.

А яшчэ прама зараз футбол Зімбабвэ таксама пад санкцыямі - і больш жорсткімі, чым беларускі: калі АБФФ, нягледзячы на вайну, удалося абыйсціся матчамі на нейтральным полі без адхіленняў, то сяброўства ZIFA у ФІФА ўжо год як прыпыненае, а гэта значыць, што ўсе каманды краіны засталіся без афіцыйных міжнародных турніраў Ды і прычына роўна такая ж, за якую даўно можна баніць футбол рэжыму Лукашэнкі - умяшанне дзяржавы ў справы федэрацыі, на якую ў беларускім выпадку чамусьці не рэагуюць, хаця сабраны падрабязны даклад.

У Зімбабвэ ж у канцы 2021-га дзяржаўная Камісія па адпачынку і спорце пад кіраўніцтвам Джэральда Млотшвы заявіла, што адхіляе ад пасад кіраўніка ZIFA Фелтана Камамбо і ўсё праўленне па абвінавачанні ў незаконным прысваенні сродкаў і сэксуальных дамаганнях. ФІФА запатрабавала вярнуць Камамбо на пасаду, а калі гэта ні да чаго не прывяло, адхіліла ZIFA. Гульцы зборнай і зімбабвійскіх клубаў з тых часоў не раз заклікалі Млотшву дамовіцца пра аднаўленне, але чыноўнік стаіць на сваім - прызначыў «правільнага» кіраўніка ZIFA Гіфта Банду, няхай яго і не прызнаюць па-за межамі краіны, і ў лістападзе заявіў, што «прыярытэт - не адмена адхілення, а ачыстка нашага футбола». Банда быў яшчэ больш пазітыўным - заявіў, што для аднаўлення ў ФІФА замест выканання патрабаванняў арганізацыі запушчаны "працэс рэформаў, які бесперапынны і можа перажыць нас".

Да адхілення зборная Зімбабвэ ніколі не прабівалася на ЧС - хоць на мундыяль у 2018-м не магла патрапіць нават тэарэтычна, бо перад стартам адбору нарвалася на часовы бан праз шматгадовы доўг ZIFA перад былым трэнерам каманды. А вось на ўзроўні кантынента паказвала сябе ў апошнія гады не так дрэнна - з 2017-га тройчы запар выходзіла ў фінальную частку Кубка афрыканскіх нацый (хоць там за гэты час атрымала толькі адну перамогу). Ды і ў плане прадстаўленасці ў топ-5 ліг краіна не жыве памяццю пра легенду «Ліверпуля» Бруса Грабеларэ - 23-гадовы абаронца Джордан Земура гуляе ў аснове «Борнмута» з АПЛ, 27-гадовы Ціна Кадэверы - форвард абоймы «Малёркі» Ла Лігі, 26-гадовы Маршал Мунецы рэгулярна выходзіць у паўабароне «Рэймса» з Лігі 1.

Апошнія двое і 29-гадовы апорнік Марвелус Накамба з «Лутона», які рвецца ў АПЛ з Чэмпіёншыпа, - самыя дарагія футбалісты Зімбабвэ па ацэнцы Transfermarkt з коштам па 5 мільёнаў еўра. Самы дарагі беларускі гулец Віталь Лісаковіч, на думку сайта, каштуе ўсяго 1,5 мільёна еўра - у зімбабвійцаў, акрамя згаданых чатырох гульцоў (Земуру ацэньваюць у 4 млн), даражэйшы яшчэ і Тынэйдж Хадэбе з амерыканскага «Х'юстан Дынама». А вось іх суайчыннік Мунашэ Гарананга, які ў міжсезонне змяніў брэсцкае "Дынама" на "Шэрыф" з Малдовы, ацэньваецца толькі ў 150 тысяч.

Другі па папулярнасці ў Зімбабвэ від спорту - зусім ужо чужы для Беларусі крыкет, гульня з бітай і мячом, дзіка папулярная ў Індыі, напрыклад. Вядомы, у прыватнасці, «Зімбабвійскі крыкетны крызіс» 2000-х, калі папулярныя гульцы спрабавалі пратэставаць супраць рэжыму Мугабэ, за што былі выціснутыя з краіны. Цяпер зімбабвійская каманда ўваходзіць у лік топавых, гуляючы ў сусветнай Суперлізе, праўда, у кваліфікацыі на ЧС-2019 раптоўна правалілася, чаго не здаралася з 1983-га (адбор на ЧС-2023 яшчэ наперадзе). Таксама ў краіне распаўсюджаныя не вельмі беларускія рэгбі, дзе мужчынская зборная ўвесь час у прызах на афрыканскім узроўні, і гольф - гэта, хутчэй, забава белай меншасці, але яна выдала некалькі рэальна вялікіх гульцоў па сусветных мерках.

Хапае ў Зімбабвэ гульцоў у хакей на траве (яго часта сумяшчаюць з крыкетам) - гэты спорт у Беларусі хаця б знаёмы, хай і малапапулярны (калі не браць зборніка-тыктокера Уладзіслава Белавусава). Праўда, на ЧС і АГ тамтэйшыя мужчынская і жаночая каманды даўно не выходзілі - у Афрыкі ўсяго адно месца, якое нікому не аддае ПАР. На кантыненце больш поспехаў у жаночай зборнай - трэцяе месца алімпійскага адбору ў 2019-м, чацвёртая пазіцыя на Кубку афрыканскіх нацый-2022.

Але галоўны поспех каманды застаўся ў 1980-м. Тады на АГ жанчыны ўпершыню праводзілі турнір па хакеі на траве, да гаспадарскай зборнай СССР па рэйтынгу павінны былі далучыцца Нідэрланды, ЗША, ФРГ, Новая Зеландыя і Вялікабрытанія - але ніхто не прыехаў з-за байкоту ў адказ на савецкае ўварванне ў Афганістан. У выніку на іх месца паклікалі тых, хто пагадзіўся - Польшчу, Аўстрыю, Чэхаславакію, Індыю і якраз Зімбабвэ. І афрыканскія госці, чый склад складаўся ў асноўным з нашчадкаў еўрапейцаў, вырвалі нічыю ў Чэхаславакіі, не прайгралі Індыі, перамаглі СССР, лёгка ўправіліся з Польшчай і Аўстрыяй - і сенсацыйна выйгралі кругавы турнір, а разам з ім золата АГ.

Астатнія сем алімпійскіх медалёў у гісторыі краіны належаць адной спартсменцы - таксама белай жанчыне Кірсці Ковентры. З ранняга дзяцінства яна паказвала выдатныя вынікі ў плаванні, а самых вялікіх поспехаў дасягнула пасля паступлення ў амерыканскі ўніверсітэт Оберна, дзе былі ўсе ўмовы для трэніровак. На АГ-2004 ва ўзросце 18 гадоў Ковентры ўзяла золата на кароннай дыстанцыі 200 метраў на спіне, якое абараніла на Гульнях-2008. Таксама на дзвюх гульнях дзяўчына забірала срэбра на 100 метрах на спіне, у Афінах ёй скарылася бронза на 200 метрах комплексам, а ў Пекіне - два «комплексныя» срэбра на дыстанцыях у 200 і 400 метраў. На рахунку Ковентры - тры залатых і пяць сярэбраных медаля на ЧС розных гадоў, яна чатырохразовая чэмпіёнка свету на кароткай вадзе і 14-разовая - Афрыканскіх гульняў. Але ў 2010-х кар'ера была ўжо не такой яркай - шостыя месцы як максімум на АГ прымусілі скончыць кар'еру пасля Рыа.

Ковентры пасля спорту не згубілася і таксама па цалкам беларускім прыкладзе (успомніце Вадзіма Дзевятоўскага і Аляксандра Багдановіча) стала чыноўнікам - у 2018-м узначаліла міністэрства моладзі, спорту, мастацтва і адпачынку Зімбабвэ. У тым жа годзе стала старшынёй камісіі спартоўцаў МАК. Цяпер 39-гадовую Ковентры называюць у ліку галоўных прэтэндэнтаў на змену кіраўніка МАК Томаса Баха. Пакуль жа зімбабвійка паспела заявіць, што зусім не супраць зняцця міжнароднага бана з расійскіх і беларускіх спартсменаў, бо, на яе думку, "алімпійскія каштоўнасці павінны быць адкрытымі і вітаць усіх".

У астатнім у Зімбабвэ вельмі мала спартовых поспехаў. На летнія АГ у нашым стагоддзі ад краіны толькі раз ездзіла больш за 13 атлетаў - якраз гэтая колькасць была дапоўнена яшчэ 18 футбалісткамі ў 2016-м (прайгралі ўсе тры матчы з агульным лікам 3:15). А ў 2021-м у Токіа змаглі прабіцца ўвогуле толькі пяць атлетаў - найлепшым стаў гальфіст Скот Вінцэнт на 16-м месцы, астатнія спартсмены занялі 20-ы, 34-ы, 42-ы і 48-ы радкі ў сваіх дысцыплінах.

На афрыканскім узроўні прама зараз таксама няма гучных дасягненняў. За ўвесь 2022-ы на чэмпіянатах Афрыкі па розных відах нам удалося знайсці ў Зімбабвэ толькі адзін медаль - у мужчынскай бегавой эстафеце 4х100 метраў. Відавочна няма пераемніцы ў Ковентры ў плаванні. Наогул не знайшлося ў краіны баксёраў, спартовых гімнастаў і цяжкаатлетаў на ЧА-2022. Незразумела, ці існуюць зборныя па гандболе і валейболе, а баскетбалісты і баскетбалісткі не могуць прайсці кваліфікацыю на афрыканскія турніры. Гулялі зімбабвійцы зборнай на нядаўнім ЧА-2023 па бадмінтоне - занялі 9-е месца пры 13 удзельніках. А ў тэнісе ў сёлетнім лютым прайгралі Уругваю і вылецелі ў Д4 Кубка Дэвіса. Лідэры каманды, браты Бенджамін і Джон Лок, займаюць месцы на стыку другой і трэцяй сотні рэйтынгу парнага разраду ATP.

Зразумела, што пра зімовыя віды ў краіне, дзе снегу не бывае, і казаць няма чаго. Але адзін прадстаўнік на зімовых АГ ў Зімбабвэ ўсё ж быў - Люк Штэйн з'ехаў з Афрыкі ў раннім узросце, жыў у Еўропе і ЗША, палюбіў горныя лыжы, а потым вырашыў паехаць на АГ-2014 ад гістарычнай Радзімы - у МАК любяць, калі федэрацыі даюць ільготныя квоты прадстаўнікам экзатычных для Гульняў краін. Абышлося без сюрпрызаў: у гіганцкім слаламе Сочы Штэйн стаў 57-м, а ў звычайным слаламе не дабраўся да фінішу.

Найлепшае ў блогах
Больш цiкавых пастоў

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты