Tribuna/Футбол/Блогі/Былы прэзідэнт кантактуе з іншапланетнікамі (не той, пра каго вы падумалі), а калісьці запрашаў гульцоў з Беларусі: адным прапанаваў застрэліцца, іншага зрабіў ганаровым жыхаром

Былы прэзідэнт кантактуе з іншапланетнікамі (не той, пра каго вы падумалі), а калісьці запрашаў гульцоў з Беларусі: адным прапанаваў застрэліцца, іншага зрабіў ганаровым жыхаром

Вясёлыя гісторыі.

Аўтар — bytribuna com
17 траўня, 19:00
Былы прэзідэнт кантактуе з іншапланетнікамі (не той, пра каго вы падумалі), а калісьці запрашаў гульцоў з Беларусі: адным прапанаваў застрэліцца, іншага зрабіў ганаровым жыхаром

Вясёлыя стэндапы ва ўзроставай катэгорыі 60+ выдае не толькі былы кіраўнік Нацыянальнага алімпійскага камітэта Беларусі. У суседняй Расіі ў яго хапае канкурэнтаў, а адзін з самых неардынарных персанажаў там таксама мае дачыненне да спорту. У свой час Кірсан Ілюмжынаў 13 гадоў узначальваў Міжнародную федэрацыю шахмат, ну а яшчэ ён быў прэзідэнтам Калмыкіі. На днях Ілюмжынаў распавёў не пра тое, адкуль рыхтаваўся напад, а пра свае кантакты з іншапланетнікамі, што таксама вельмі нядрэнна:

- Верасень 1997 года, Масква. Яны паклікалі на балкон. Я выйшаў і хутка апынуўся ў іх на караблі. Усё проста, - успамінаў ён у інтэрв'ю Sports.ru.

- Я пытаўся, чаму яны не раскрыюцца, не раскажуць усім пра сябе. Адзін з іх адказаў: «Ну, вы ж з мурашкамі не маеце зносіны. Узровень цывілізацыі ў вас яшчэ не дарос». Калі апынуўся дома, спачатку падумаў, што прыснілася. Але потым памочнік і кіроўца распавядалі, што гадзіну шукалі мяне ў кватэры - усё перакапалі. Паспелі запанікаваць. А потым раз - і я матэрыялізаваўся. Хутчэй за ўсё, версія пра сон быў іхні гіпноз - каб я з глузду не з'ехаў. Усе ж па-рознаму рэагуюць, - распавёў Ілюмжынаў.

Гутарка з іншапланетнымі істотамі (яны былі вышэй за сярэдні рост і ў жоўтых скафандрах) доўжылася восем гадзін. Гэта далёка не адзіная забаўная гісторыя ад функцыянера. Аказваецца, неаіндуісцкі рэлігійны лідар і гуру Саі Баба матэрыялізаваў Ілюмжынаву залаты пярсцёнак з паветра, ён сустракаўся са сляпой балгарскай варажбіткай Вангай па яе ж патрабаванні, бачыў, як левітаваў тыбецкі манах, а наогул пражывае 69-ю з 108 сваіх жыццяў.

Ёсць у Ілюмжынава і перасячэнні з беларускім спортам. У канцы 1990-х - пачатку 2000-х ён не толькі кіраваў Калмыкіяй, але і па сумяшчальніцтве з'яўляўся прэзідэнтам футбольнага «Уралана» з Элісты. Праз клуб прайшло некалькі беларускіх гульцоў - і ўсім ім ёсць што прыгадаць пра той перыяд.

Булыга пазнаёміўся з ім у перапынку матча

Экс-форвард зборнай Беларусі Віталь Булыга выступаў за «Уралан» у 2003-м і пасля згадваў гісторыю знаёмства з Ілюмжынавым у перапынку аднаго з матчаў.

- Памятаю, выпадак быў. Пасля першага тайма ляцім. У распранальню заходзіць чалавек, ніжэйшы за мяне ростам і пачынае на ўсіх крычаць. Я не разумею, спрабую ўстаць і растлумачыць яму, што так рабіць нельга. А Дзяніс Калодзін, сядзеў справа ад мяне: «Ты чаго? Гэта ж прэзідэнт!». Вось так я пазнаёміўся з Кірсанам Ілюмжынавым – кіраўніком Калмыкіі. Ён часта прыязджаў на трэнаванні, вітаўся, глядзеў як мы рыхтуемся да матчаў, - распавёў футбаліст.

Лухвіч стаў ганаровым жыхаром Калмыкіі, але, ад'язджаючы адтуль, атрымліваў пагрозы

Першымі беларусамі ў складзе калмыцкага клуба сталі Аляксандр Лухвіч і Юры Шуканаў. Яны прыехалі ў Элісту перад стартам сезона-1998, а ў жніўні таго года "Уралан" з нашымі суайчыннікамі ў складзе дома абгуляў дзейнага чэмпіёна маскоўскі "Спартак" 1:0. Неўзабаве пасля фінальнага свістка Ілюмжынаў падпісаў указ аб узнагароджанні ўсіх гульцоў, якія выходзілі супраць спартакаўцаў, найвышэйшым ордэнам Калмыкіі "Белы лотас", а яшчэ надаў званні ганаровых жыхароў рэспублікі. Наступны дзень пасля той перамогі быў аб'яўлены ў рэспубліцы выхадным.

Характэрна, што перад матчам першага круга паміж гэтымі камандамі Ілюмжынаў абяцаў падарыць "Мэрсэдэс" таму, хто заб'е "Спартаку". Вельмі блізкі да гэтага быў украінскі хаўбек Арцём Яшкін, але ён не рэалізаваў пенальці. Таксама пасля сезона-1997, калі элістынцы заваявалі павышэнне ў класе, функцыянер падарыў машыны ўсім футбалістам, а таксама, па словах самога Ілюмжынава, выдаў правы на кіраванне тым, у каго іх на той момант не было.

Тым не менш ганаровы жыхар Калмыкіі Лухвіч пакідаў "Уралан" не без прыгод: праз фінансавыя праблемы ён вырашыў перабрацца ў маскоўскае "Тарпеда", куды яго актыўна клікалі. Ужо падчас перадсезонных збораў з новай камандай жонцы футбаліста пачалі паступаць тэлефанаванні з пагрозамі.

- Жонцы ў Мінск пачалі тэлефанаваць нейкія людзі. Пагражалі, што, калі не раздумаюся і не вярнуся ў Элісту, мяне чакаюць буйныя непрыемнасці. Я, зразумела, адразу паведаміў пра гэта [галоўнаму трэнеру «Тарпеда»] Шаўчэнку і тарпедаўскаму начальству. «Не бойся, - запэўнілі, - ні з табой, ні з жонкай нічога не здарыцца. Усё вырашым». І неўзабаве званкі спыніліся, – успамінаў Лухвіч.

Даваў Скрыпчанку і Герашчанку кулі, каб тыя застрэліліся ў выпадку нявыхаду з Д2

У сезоне-2001 "Уралан" ізноў вылецеў у Д2, але кіраўнік жадаў як мага хутчэй вярнуць клуб у РПЛ. Ілюмжынаў высунуў незвычайны ультыматум: калі «Уралан» не атрымае павышэння, то сам ён сыдзе з пастоў кіраўніка Калмыкіі і кіраўніка ФІДЭ. Праўда, вырашыў, што рызыкаваць павінен не толькі ён, таму раздаў футбалістам кулі з прапановай: «Калі «Уралан» застанецца ў Д2, вы ў канцы сезона ідзяце ў стэп і страляецеся. І напішыце паперы, што ў вашай смерці ніхто не вінаваты».

Перад тым сезонам кантракты з клубам падпісалі Вадзім Скрыпчанка і Вячаслаў Гярашчанка, якія да таго гулялі ў Маскве за ЦСКА. Каманда з беларусамі ў складзе задачу выканала: заняла другое месца і дабілася павышэння. Ну а кулі футбалісты вярнулі Ілюмжынаву.

Хацеў запрасіць Марадону за 20 гадоў да таго, як гэта зрабіў Брэст

У 1996-м Ілюмжынаў заявіў, што выведзе каманду ў эліту расійскага футбола і прывязе ў якасці гуляючага трэнера Дыега Марадону. Першай задачы дзіваваты калмык даў рады, але легендарнага аргенцінца яго суайчыннікі так і не ўбачылі. Чыноўнік пазней казаў, што "Марадона недарэчы звязаўся з наркотыкамі".

Затое аналагічную задуму праз 20 з невялікім гадоў ажыццявілі ў Брэсце. У маі 2018-га чэмпіён свету-1986 стаў старшынёй праўлення «Дынама», а праз два месяцы прыбыў з візітам у абласны цэнтр - у першы і апошні раз.

У апошні год існавання каманда выходзіла з 9 гульцамі на поле, сярод іх быў экс-футбаліст зборнай Беларусі

Пік заняпаду "Уралана" прыйшоўся на сезон-2004, калі клуб ізноў выступаў у Д2. Фінансаванне было настолькі бедным, што на выязны матч супраць бранскага "Дынама" дабралася толькі дзевяць футбалістаў, прычым адразу двое з іх былі галкіперамі. У гэтую дзявятку ўваходзіў і экс-гулец зборнай Беларусі Аляксандр Арэшнікаў (у 1995-м правёў два матчы за нацыяналку, а цяпер працуе ў акадэміі «Крылаў Саветаў»). Усё скончылася знішчальнай паразай з лікам 0:6.

На другую частку сезона гульцоў усё ж набралі, у тым ліку падпісалі яшчэ аднаго былога беларускага зборніка Віталя Ланько, які праз 10 гадоў стане адным з арганізатараў дамоўных матчаў у ЧБ. Праўда, гэта не дапамагло захаваць прапіску ў другім дывізіёне, а неўзабаве пасля завяршэння сезона было абвешчана, што клуб спыняе існаванне. Характэрна, што той злашчасны сезон быў першым у якасці галоўнага трэнера дарослай каманды для вядомага расійскага спецыяліста Леаніда Слуцкага - таварыша Віктара Ганчарэнкі.

У 2015-м Ілюмжынаў нават думаў пра прэзідэнцтва ў ФІФА, праўда, з часам ад такіх амбіцый усё ж адмовіўся.

Магчыма, каб занятасць не перашкаджала кантакту з іншапланетнымі сусветамі.

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты