Tribuna/Футбол/Блогі/Белфутбол вяртае ў мінулае: БАТЭ ўжо было балюча з «Нафтанам» (ледзь не прыбілі суддзю), і «Дынама» са «Смаргонню» ўжо забівалі з цэнтру поля (а прапусціў трэнер мінчукоў)

Белфутбол вяртае ў мінулае: БАТЭ ўжо было балюча з «Нафтанам» (ледзь не прыбілі суддзю), і «Дынама» са «Смаргонню» ўжо забівалі з цэнтру поля (а прапусціў трэнер мінчукоў)

Стыль рэтра.

Аўтар — bytribuna com
27 чэрвеня, 11:56
1
Белфутбол вяртае ў мінулае: БАТЭ ўжо было балюча з «Нафтанам» (ледзь не прыбілі суддзю), і «Дынама» са «Смаргонню» ўжо забівалі з цэнтру поля (а прапусціў трэнер мінчукоў)

25 чэрвеня БАТЭ ўпершыню ў 2023-м згуляў на «Барысаў-Арэне». Матч 13-га тура ЧБ бачыўся вельмі зручным, каб перапыніць няўдалую серыю каманды: яна не выйгравала шэсць матчаў запар, але гасцяваў у яе "Нафтан", які восем сустрэч запар прайграў. Гаспадары поля адкрылі лік - але ў выніку ўсё скончылася сумна для заўзятараў: госці хутка забілі ў адказ, а ў канцоўцы матча аформілі другі гол і павезлі рэдкую для Наваполацка перамогу.

А ў канцы матчу жарсці на поле распаліліся да мяжы - здарылася бойка. Праўда, арбітр Віктар Шымусік стаяў збоку і рабіў выгляд, што гэта яго не датычыцца (але дзве чырвоныя потым выдаў).

Усё гэта навеяла ўспаміны пра папярэдні матч БАТЭ - "Нафтан" на "Барысаў-Арэне" ў вышэйшай лізе. Быў ён ажно ў 2017 годзе. Новапалачане тады былі беспрасветнымі аўтсайдэрамі - у выніку вылецелі і да гэтага года ў Д1 не вярталіся. БАТЭ ж змагаўся за чарговае чэмпіёнства - тады было вельмі горача праз канкурэнцыю з боку мінскага "Дынама" і "Шахцёра", а яшчэ ад "справы Верамко", з якой барысаўцы выкараскаліся з вялікай цяжкасцю.

Гульня з «Нафтанам» адбылася ў 27-м туры, да яе БАТЭ падышоў, апярэджваючы на адзін бал «Шахцёр» і на чатыры - дынамаўцаў. Таксама ў барысаўцаў была серыя з чатырох перамог, прычым адна з іх была здабытая над мінчукамі, а другая - над "Кёльнам" у групе Лігі Еўропы. У "нафтавікоў" жа было ўсё далёка не так весела: у чатырох сустрэчах да Барысава набралі адно ачко, у дзесяці - шэсць. Напярэдадні ў Наваполацку каманда была разгромленая брэсцкім "Дынама" - 0:4.

Увогуле, была поўная ўпэўненасць, што БАТЭ пераможа. І да пары здавалася, што гаспадары давядуць матч да эканомнага набору трох пунктаў пасля гола Мірка Іваніча на 37-й хвіліне (хоць барысаўцы маглі забіць яшчэ, але не шанцавала).

 Аднак у канцоўцы матча здарылася нечаканае - гулец гаспадароў Віталь Гайдучык перапыніў навес у сваю штрафную, і суддзя Яўген Навумаў паказаў на 11-метровую пазнаку, угледзеўшы гульню рукой. Гэта было вельмі сумнеўнае рашэнне - у рэферы была не найлепшая пазіцыя, а паўтор паказваў, што абаронца да моманту сустрэчы з мячом адвёў руку назад.

Гайдучык ледзь не заштурхаў не самага дасведчанага рэферы, тое ж зрабіў Ігар Стасевіч - але Навумаў паказаў абодвум па жоўтай і застаўся непахісным. Да мяча падышоў не хто іншы, як Захар Волкаў - чалавек, які ў тым годзе ў складзе «Нафтана» згуляў дамоўны матч, а потым перайшоў у БАТЭ, дзе яго толькі ў 2020-м спасцігла дыскваліфікацыя. Абаронца, які ў 2017-м з чатырма мячамі стаў найлепшым бамбардзірам сваёй бядовай каманды ў «вышцы», прабіў туды, куды скокнуў яго будучы партнёр Дзяніс Шчарбіцкі, але брамнік не дацягнуўся да мяча (увесь эпізод з адзнакі 3:39).

Адразу ж пасля гэтага да суддзі спрабаваў прарвацца заўзятар - не дабег да цэнтральнага круга, куды паспеў сысці Навумаў, зусім няшмат.

БАТЭ мог за пару хвілін да канца забіць яшчэ, але зноў не пашанцавала - і фінальны свісток зафіксаваў нічыю 1:1. Гульцы барысаўцаў праз гэта ледзь не пабілі арбітра самі.

А цэнтральныя трыбуны зайшліся ў гневе - доўга і настойліва скандавалі на адрас арбітра абразлівае найменне гея.

Увага! Відэа ніжэй змяшчае мацюкі. Строга 18+!

Потым заўзятары яшчэ і знайшлі старонку Навумава ў сацсетцы - там, як аказалася, можна было пакідаць свае пасланні на ўсеагульны агляд. Пісалі жорстка.

Канкурэнты свае матчы выйгралі - так «Шахцёр» абагнаў БАТЭ, а «Дынама» наблізілася на адлегласць двух пунктаў. У выніку салігорскі клуб неяк ужо вельмі бяздарна зліўся, а вось мінчукі ледзь не забралі тытул - у апошнім для БАТЭ матчы таго чэмпіянату ў Гарадзеі здарылася адна з найгалоўнейшых драм у гісторыі вышэйшай лігі. Хэпі-энд у ёй аказаўся ўсё-такі барысаўскім.

У 13-м туры ЧБ-2023 можна было ўспомніць і больш старажытныя матчы. Падставу даў паядынак "Смаргоні" і мінскага "Дынама", у якім сталічныя госці нечакана прайгралі.

З іншага боку, "Смаргонь" прывучыла сваіх заўзятараў да таго, што здольная на вынік толькі з іх падтрымкай: усе 15 ачкоў у цяперашнім ЧБ каманда набрала дома. І на матч з «Дынама» ў райцэнтры сабралі вялікую для яго аўдыторыю - 2200 чалавек. У апошні раз як мінімум столькі людзей у Смаргоні на футболе збіралася ажно ў 2009-м - так, таксама на гульню з дынамаўцамі!

У сустрэчы другога туру «вышкі» 14-гадовай даўніны галоў забіта не было. А галоўныя жарсці кіпелі якраз на трыбунах. У сярэдзіне другога тайма група фанатаў гасцей накіравалася да смаргонскага сектара - пазней паведамлялася, што заўзятары гаспадароў пры падтрымцы ультрас з МТЗ-РІПА, ідэалагічных супернікаў дынамаўцаў, паводзілі сябе з выклікам. Пачалася бойка, да месца якой паспяшаліся сілавікі Лукашэнкі - некаторыя напрасткі праз поле, на якім працягваўся матч. У выніку дзея скончылася хвіліны праз тры - захапляла яна трыбуны куды больш, чым сама гульня.

Ну а яшчэ далей у гісторыю супрацьстаянняў «Смаргоні» і мінскага «Дынама» прымусіў паглыбіцца свежы гол-цуд Мацвея Дуксы. 20-гадовы гулец і да таго зарэкамендаваў сябе майстрам далёкіх удараў, але тут перасягнуў сябе - забіў з цэнтра поля, прычым у сітуацыі, калі варатар гасцей Дзяніс Шпакоўскі паспеў вярнуцца на лінію.

З цэнтра поля ў матчы дзвюх каманд мяч у вароты заляцеў таксама не ўпершыню - такое ўжо было ў 2008-м! Тады ў матчы 11-га тура ЧБ такі гол стаў пераможным для «Дынама» (2:1) - біў Алег Шкабара, а выйшаў далёка з варот і ўжо не паспеў вярнуцца Андрэй Дрозд. Цяпер ён трэніруе варатароў у мінскім «Дынама» - гэта значыць яго каманда зноў пацярпела ад такога ўдару праз аж 15 гадоў!

Ну так, беларускі футбол здольны вярнуць у мінулае - і, на жаль, усё больш адкочваецца туды ў цэлым.

Найлепшае ў блогахБольш цiкавых пастоў

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты