Tribuna/Футбол/Блогі/Легіянер-няўдака за паўгода ў Салігорску нагуляў усяго 160 секунд. Атрымліваў 2,5 тысячы еўра ў месяц, а «Шахцёр», здаецца, за яго яшчэ і заплаціў (і ўжо адпусціў)

Легіянер-няўдака за паўгода ў Салігорску нагуляў усяго 160 секунд. Атрымліваў 2,5 тысячы еўра ў месяц, а «Шахцёр», здаецца, за яго яшчэ і заплаціў (і ўжо адпусціў)

Магутны бізнес.

Аўтар — bytribuna com
3 жніўня, 13:31
Легіянер-няўдака за паўгода ў Салігорску нагуляў усяго 160 секунд. Атрымліваў 2,5 тысячы еўра ў месяц, а «Шахцёр», здаецца, за яго яшчэ і заплаціў (і ўжо адпусціў)

«Шахцёр» за летняе трансфернае акно страціў ужо дзевяцярых футбалістаў. Сярод іх ёсць вельмі важныя гульцы – напрыклад, Ягор Карпіцкі (найлепшы бамбардзір першай паловы ЧБ), Глеб Шаўчэнка, Павел Забелін, Дамінік Дынга або Антон Шрамчанка. Але ёсць і тыя, хто ўвогуле не паспеў сябе ніяк паказаць. Па выніку іх знаходжання ў клубе так і хочацца пацікавіцца: а што гэта было?

24-гадовы цэнтральны абаронца з Чарнагорыі Мілаш Дрынчыч прыехаў у Беларусь у пачатку студзеня гэтага года: да «Шахцёра» на працягу паўтара гадоў ён выступаў у адным з наймацнейшых клубаў Чарнагорыі «Суцьеске», з якой выйграў чэмпіёнскі тытул у сезоне-2021/22. Прычым усе паўтара гады ў клубе Мілаш быў гульцом стартавага складу. Да пераезду ў Салігорск футбаліст атрымаў і міжнародны досвед: правёў 10 матчаў у кваліфікацыях еўракубкаў (прычым паўдзельнічаў ва ўсіх трох еўратурнірах) і 16 матчаў за моладзевую зборную. Прывёз абаронцу ў «Шахцёр» добра знаёмы клубу агент – албанец Фларын Біба, які да гэтага прапанаваў Дэмба Дарба, Заіма Дыванавіча і Ардыта Крумі. Як паведамляе Transfermarkt, беларускі клуб заплаціў чарнагорцам за гульца каля 80 тысяч еўра. Акрамя таго, паводле інфармацыі «Трыбуны», легіянер атрымліваў у Салігорску каля 2,5 тысяч еўра на месяц. То-бок толькі на трансфер і заробак гульца (унізе на фота справа) «гарнякі» выдаткавалі 95 тысяч еўра.

Не пайшло ў балканца ў клубе ад самага пачатку. Падчас кантрольнага спарынгу супраць дзяржынскага «Арсенала» 1 лютага Дрынчыч упершыню выйшаў у жоўта-чорнай футболцы на поле, замяніўшы Мікіту Баранка на 56-й хвіліне, але ўжо праз пяць хвілін на роўным месцы атрымаў траўму: знаходзячыся ў цэнтральным крузе, аддаў недакладную перадачу на фланг і праз імгненне паслізнуўся. Абаронца хутка ўстаў і пабег у абарону, але ўжо накульгваючы, а менш чым праз хвіліну пайшоў да краю поля – замест яго на полі зʼявіўся Ілля Лукашэвіч.

Траўма аказалася сурʼёзнай: Дрынчыч лячыўся амаль пяць месяцаў і прапусціў усю перадсезонку. Ізноў на поле ён выйшаў у таварыскім матчы супраць «Іслачы» (0:0) 17 чэрвеня падчас паўзы на міжнародныя матчы. Тады на 73-й хвіліне ён замяніў Сямёна Шасцілоўскага.

А ўпершыню ў заяўку клуба на афіцыйны матч легіянер патрапіў 30 чэрвеня, калі «Шахцёр» прымаў «Слуцк» (1:0), але ні ў той гульні, ні ў апошнім туры першага круга супраць БАТЭ (0:2) на поле не выйшаў.

Дэбют жа ў афіцыйнай сустрэчы адбыўся толькі ў канцы ліпеня ў кубкавым матчы супраць брэсцкага «Дынама». Аляксей Бага ў самым канцы імкнуўся утрымаць мінімальную перавагу (салігорцы вялі 2:1) і на 92-й хвіліне выпусціў дадатковага абаронцу замест хаўбека Мікіты Корзуна. Дрынчыч выйшаў на поле, калі на секундамеры было 91:53.

Ужо праз 26 секунд чарнагорцу прыйшлося ўступіць у верхавую барацьбу з гульцом гасцей Дзмітрыем Зіновічам (рост абодвух 195 см). Нават пасля паўтору цяжка сказаць, хто тут выйшаў пераможцам.

А на 80-й секундзе свайго знаходжання на полі Дрынчыч «з першага раду» назіраў за ўдарам галавой у выкананні форварда брэстаўчан Седрыка Куадыё па варотах Салігорска. Гэты эпізод мог падоўжыць знаходжанне чарнагорца на полі, адправіўшы каманды ў дадатковыя таймы, але афрыканец з выгоднай пазіцыі прабіў вышэй.

На 94:33 Віктар Шымусік даў фінальны свісток: тое адзінаборства з Зіновічам так і засталося для Дрынчыча адзіным дзеяннем на полі.

А ўжо праз чатыры дні пасля матчу «Шахцёр» абвясціў, што расстаецца з футбалістам. Такім чынам легіянер, на якога патрацілі як мінімум 95 тысяч еўра, правёў на полі ў афіцыйных сустрэчах 160 секунд.

Найлепшае ў блогахБольш цiкавых пастоў

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты