Tribuna/Футбол/Блогі/Змена юрасобы – звыклы фінт у белфутболе: так заставаліся ў «вышцы», ратаваліся ад даўгоў і спрабавалі падмануць сістэму

Змена юрасобы – звыклы фінт у белфутболе: так заставаліся ў «вышцы», ратаваліся ад даўгоў і спрабавалі падмануць сістэму

А «Крумкачы» проста выжылі.

Аўтар — bytribuna com
24 верасня, 07:56
Змена юрасобы – звыклы фінт у белфутболе: так заставаліся ў «вышцы», ратаваліся ад даўгоў і спрабавалі падмануць сістэму

У чэмпіёна Беларусі апошніх гадоў салігорскага «Шахцёра» ясныя праблемы: зняцце 35 ачкоў пасля абвінавачанняў у дагаварняку і стымуляванні іншых каманд апусціла клуб на дно табліцы, улетку сышоў шэраг асноўных гульцоў, зараз здарылася найбуйнейшае з 1997-га паражэнне ад мiнскага «Дынама». Ну а на фоне вылезлі праблемы з клубнымі даўгамі – агульная іх сума, паводле інфармацыі «Трыбуны», склала ўжо 8 мільёнаў долараў, таму ў Салігорску сур'ёзна разглядаюць варыянт банкруцтва клуба ў канцы года.

Што ж, знікненне адной юрасобы для стварэння «чыстай» другой – не навіна ў белфутболе. Успомнім іншыя вядомыя выпадкі такіх зусім не гульнявых фінтоў.

«Дняпро» -> «Дняпро-МГЗ»

Што адбылося. Сезон-2018 вышэйшай лігі скончыўся вельмі дрэнна для «Дняпра»: грошай бракавала, гульцоў пад высокiя задачы, адпаведна, таксама – вынiкам стаў апошні радок у табліцы. Тым не менш у 2019-м у Д1 усё роўна згуляў магiлёўскi клуб – фармальна iншы, з афiцыйнай назвай «Дняпро-МГЗ».

У чым справа? У сiтуацыю ўлез «Прамень» – у яго было месца ў «вышцы», а бос Уладзiмiр Цяльпук якраз заяўляў пра жаданне ўвезцi клуб з Мiнска (хаця больш гэта было падобна да пошуку бюджэтных сродкаў, якіх у сталіцы выбіць было цяжэй). У Магілёве пагадзіліся на аб'яднанне «Дняпра» з «Праменем» дзеля месца ў вышцы, мінчане пераехалі ў аблцэнтр – вось толькі дабро ад імя рэжыму на гэта даваў тагачасны кіраўнік выканкама Лукашэнкi па Магілёўскай вобласці Уладзімір Даманеўскі, а яго прыбралі з пасады пасля гісторыі з «абасранымі каровамі». Аказалася, што без Даманеўскага заканчваць працэс дэ-юрэ ніхто ў Магілёве не хоча – так «Дняпро-МГЗ» застаўся амаль без дзяржгрошай, а Цяльпук быў да гэтага не гатовы.

Да чаго прывяло? У выніку гульцы каманды ў 2019-м амаль не бачылі грошай, у канцы года вылецелі з Д1 у стыках з «Рухам», на чым гісторыя «аб'яднанай каманды» скончылася. Цяльпук быў гатовы аддаць юрыдычную асобу, але на ёй павісла некалькі сотняў тысяч долараў даўгоў – таму магілёўскія «вертыкальнікі» на пачатку 2020-га проста стварылі «Дзяржаўную ўстанову «Футбольны клуб «Дняпро-Магілёў». Ён быў заяўлены ў Д3, з якога і пачаў паднімацца назад – на 2022-й каманду ўзялі ў эліту з пятага месца Д2, але з «вышкі» зноў здарыўся хуткі вылет.

«Ведрыч» -> «Рэчыца-2014»

Што адбылося. Сезон-2013 у першай лізе ад раённага цэнтру Гомельскай вобласці заканчваў клуб пад назвай «Ведрыч», а наступны сезон у тым жа турніры распачала каманда «Рэчыца-2014». I гэта быў не проста «рэбрэндынг».

У чым справа? У тыя часы лукашэнкаўскія чыноўнікі ламалі галаву над тым, як прымусіць беларускі футбол зарабляць. У выніку прыйшлі да такой формулы: клуб мусіць зарабіць 20 адсоткаў ад свайго бюджэту, і тады ён можа з дазволу так званага «міністэрства спорту» атрымаць 80 адсоткаў «дзяржаўных» грошай. «Ведрыч» у сезоне-2013 дасягнуць патрэбнага паказніка не змог, таму там вырашылі зарэгістраваць новую юрыдычную асобу, змяніць назву каманды, эмблему і колеры, перааформіць супрацоўнікаў і ўсё пачаць нібыта з чыстай старонкі. Калі падыходзіць фармальна, то цалкам новая юрыдычная асоба павінна пачынаць ад самага пачатку – спускацца ў найніжэйшы дывізіён і адтуль ісці наверх. Але ў рэальнасцi «Рэчыца-2014» без праблем змяніла «Ведрыч» у першай лізе – і пасля таго, як больш-менш наладзіла гаспадарчую дзейнасць, звярнулася па дзяржпадтрымку.

Да чаго прывяло? У рэжымным «міністэрстве» фокус раскусілі i грошай «Рэчыцы-2014» не далі, заявіўшы, што гэтая тая ж самая каманда, што і «Ведрыч», а значыць, крытэрыi не выкананыя. Вынік – праз два гады вялікі футбол у райцэнтры загнуўся. Пасля было адраджэнне ў выглядзе «Спадарожніка», але i на яго грошы скончылiся хутка (ды яшчэ i пасярод сезона). Сёння ад Рэчыцы выступае каманда толькi ў Д3 – мясцовая ДЮСШ-2 зʼяўляецца серадняком у зоне Гомельскай вобласці.

ГА «ФК Дынама-Брэст» -> ТАА «ФК «Дынама-Брэст»

Што адбылося. У 2016 годзе брэсцкі клуб ледзь трымаўся на нагах: меў вялікія фінансавыя праблемы, якія ніяк не вырашаліся некалькі гадоў. Але здарыўся, як здавалася, цуд – знянацку пачалiся залатыя часы клуба. Толькi ўжо з новай юрасобай – ТАА «ФК «Дынама-Брэст».

У чым справа? Стварылi структуру з прыходам у клуб нібыта «шэйхаў» з Аб'яднаных Арабскіх Эміратаў (пазней высветлілася, што гэта быў манёўр «гаманца Лукашэнкi» Аляксандра Зайцава) – так было, вiдаць, зручней кантраляваць новы актыў. Папярэдні клуб перадаў новаму правы на ўдзел у чэмпіянаце, а таксама здаў у арэнду базу і офіс. АБФФ прызнала новы клуб правапераемнікам папярэдняга «Дынама» і дазволiла працягваць гуляць у вышэйшай лізе.

Да чаго прывяло? Адзiная праблема ўзнiкла ў траўні 2017-га – «Дынама» ўзяло Кубак Беларусi, а ва УЕФА не хацелі даваць еўраліцэнзію клубу, якi фармальна існаваў менш за ўстаноўлены тэрмiн у тры гады. Але АБФФ змагла запэўніць, што клуб пераняў у папярэдніка не толькі правы, але і абавязкі – і ў Лiзе Еўропы клуб усё ж згуляў. А увогуле рэжымнiк Зайцаў, паходжанне грошай якога, мякка кажучы, вызывае пытаннi, змог зрабiць з клуба з'яву белфутбола – «Дынама» падпісала топавых гульцоў, запрасіла Марадону, пагуляла ў еўракубках і ўзяла чэмпіёнства.

Пазней у Зайцава стала горш i з жаданне займацца клубам, i з грашыма. Вынiк – у пачатку 2021-га права на ўдзел у «вышцы» i таварныя знакi вярнулiся да ГА «ФК Дынама-Брэст», а тое ўсё передало свежастворанай «Установе фізічнай культуры і спорту «Дзяржаўны футбольны клуб «Дынама-Брэст», якi зараз i гуляе ў Д1. Да поспехаў зайцаўскай эпохi цяперашняму клубу далёка.

«Крумкачы» -> НФК «Крумкачы»

Што адбылося. Сезон вышэйшай лігі 2017 года «Крумкачы», нягледзячы на праблемы з грашыма, скончыла на 13-м месцы, захаваўшы месца ў элiце. Аднак 2018-ы каманда пачала з другой назвай i толькi ў Д3.

У чым справа? АБФФ не дапусціла «Крумкачоў» да ліцэнзавання на наступны год – фармальна за тое, што клуб не падаў патрэбныя дакументы ў тэрмін. Фактычнай прычынай стала жаданне прапхнуць у Д1 мiнскае «Тарпеда», якое там пагуляла, але хутка развалiлася.

Каб клуб з вялiкай падтрымкай заўзятараў не знік поўнасцю, самыя ініцыятыўныя з iх заявiлi ў Д3 фармальна новую каманду – НФК «Крумкачы».

Да чаго прывяло? Каманда за сезон паднялася ў Д2, дзе АБФФ забараніла выкарыстоўваць слова «Крумкачы» з-за існавання ранейшай юрыдычнай асобы – на год назва стала проста НФК, потым сітуацыю ўсё ж такі ўрэгулявалі.

Пра тое, як АБФФ не пускала клуб у «вышку», паднімаючы туды каманды з ніжэйшых месцаў першай лігі, можна ўспамінаць доўга. Ну а потым і ў Д2 «Крумкачы» сталі непажаданымі – занадта ўжо іх любілі ў народзе. Пад ціскам каманда зноў не па спартыўным прынцыпе апусцілася ў Д3, у 2022-м па выніках атрымала права вярнуцца ў Д2, але ўжо проста туды не пайшла.

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты