Tribuna/Футбол/Блогі/Гуляючы за мяжой, беларусы забівалі «Інтэру», «Рэалу», «Баварыі». Як жа файна гэта было!

Гуляючы за мяжой, беларусы забівалі «Інтэру», «Рэалу», «Баварыі». Як жа файна гэта было!

Праўда, вынік цешыў не заўсёды.

Аўтар — bytribuna com
6 верасня, 13:00
2
Гуляючы за мяжой, беларусы забівалі «Інтэру», «Рэалу», «Баварыі». Як жа файна гэта было!

Сёння беларускія футбалісты бачаць топ-клубы толькі па тэлевізары, а некалі яны ім забівалі. Няўдачы ў еўракубках і няздольнасць прабіцца ў вядучыя чэмпіянаты не дазваляюць спрычыніцца да высокага футбола. Што ж, жывем успамінамі. Сярод ахвяр – Ікер Касільяс, Олівер Кан і Енс Леман.

Аляксандр Хацкевіч, «Дынама» Кіеў

Калі і каму забіў: 14 сакавіка 2000 года ў вароты «Рэала» (2:2).

Сістэма розыгрышу ЛЧ-1999/00 адрознівалася ад той, па якой ён праводзіцца сёння: пасля першага групавога этапу ішоў другі групавы этап і толькі потым пачынаўся плэй-оф са стадыі чвэрцьфіналу. Першы этап кіяўляне з Аляксандрам Хацкевічам у складзе не без праблем, але прайшлі, выбраўшыся з квартэта з «Лацыё», «Баерам» і «Марыбарам», а вось далей чакалі «Баварыя» (фіналіст папярэдняга розыгрышу ЛЧ), «Рэал» і «Русенборг».

«Дынама» пачало з двух паражэнняў ад грандаў (па 1:2), але затым двойчы абгуляла нарвежцаў і да заключных тураў падыходзіла з шанцамі на 1/4 фіналу. Важна было абгуляць у гасцях «Рэал», які меў столькі ж пунктаў. За стартавыя 25 хвілін матчу на «Санцьяга Бернабеу» суддзя прызначыў ажно тры пенальці, але толькі адзін з якіх быў рэалізаваны: Рауль перайграў Аляксандра Шаўкоўскага, а следам ні Сяргей Рэбраў, ні зноў Рауль з «кропкі» не забілі. У канцы тайма госці адгуляліся: падачу з кутняга Валянціна Бялькевіча яго сябар-аднаклубнік Аляксандр Хацкевіч ператварыў у гол – яшчэ малады Ікер Касільяс уцёк закрываць бліжэйшую штангу, і беларускі хаўбек адпраўляў мяч у пустыя вароты (адзнака 6:00).

У пачатку другога тайма кіяўляне дзякуючы самастрэлу Фернанда Ера выйшлі наперад, але Раберта Карлас гарматным ударам са штрафнога зраўняў лік, і ў апошнім туры «Дынама» трэба было абгульваць «Баварыю» (тая ўжо выйшла ў плэй-оф) і чакаць, што «Русенборг» адбярэ пункты ў «Рэала». Украінскі клуб са сваёй задачай справіўся (2:0), але ў Тронхейме цуду не здарылася – «Рэал» перамог з мінімальным лікам дзякуючы голу Рауля і прайшоў далей, прабраўся да фіналу, а там не пакінуў шанцаў «Валенсіі» (3:0).

Васіль Баранаў, «Спартак» Масква

Калі і каму забіў: 25 верасня 2001 года ў вароты «Баварыі» (1:3).

Заўзятары «Спартака» са стажам да гэтага часу з болем успамінаюць групавы этап ЛЧ-2002/03, калі іх каманда прайграла ўсе шэсць матчаў з агульным лікам 1:18. Але не надта лепшым быў і папярэдні еўракубкавы год. У квартэце з «Баварыяй», «Феенордам» і «Спартай» масквічы ўзялі толькі два балы.

Асабліва «Спартак» пацярпеў ад нямецкага гранда, прапусціўшы за два матчы восем мячоў. Затое ў «Лужніках» (1:3) вызначыўся адзіным лігачэмпіёнскім голам за карʼеру беларускі хаўбек Васіль Баранаў. На 64-й хвіліне пры ліку 0:2 гаспадары зарабілі штрафны блізу варот Олівера Кана – Баранаў прашыў сценку і не пакінуў шанцаў галкіперу (адзнака 2:45).

«Баварыя» ў тым розыгрышы дайшла да чвэрцьфіналу, дзе саступіла будучаму пераможцу турніру «Рэалу».

Сяргей Гурэнка, «Пʼячэнца»

Калі і каму забіў: 19 студзеня 2003 года ў вароты «Мілана» (1:2).

Не здолеўшы замацавацца ў «Парме», перад стартам сезона-2002/03 беларускі абаронца перайшоў на правах арэнды ў «Пʼячэнцу», дзе нарэшце пачаў атрымліваць гульнявы час. У складзе «ваўкоў» Гурэнка і забіў свой адзіны мяч у Еўропе. У 17-м туры аўтсайдэр прыехаў да лідара чэмпіянату «Мілану». У першым тайме мячоў забіта не было, затое другі пачаўся з гола: беларус прыбег у штрафную Дзіды і замкнуў на далёкай штанзе навес Віторы Тоста (адзнака 4:42).

Аднак пунктаў камандзе гол Гурэнка не прынёс: ужо праз хвіліну Андрэа Пірла зраўняў лік, а праз 15 хвілін Рывалда прынёс гаспадарам перамогу. «Пʼячэнца» скончыла сезон 16-й і вылецела, «Мілан» жа не змог утрымаць лідарства і стаў толькі трэцім, затое ўзяў ЛЧ. Сам Гурэнка пасля сезону вярнуўся ў маскоўскі «Лакаматыў» і ў еўрапейскіх чэмпіянатах больш не гуляў.

Валянцін Бялькевіч, «Дынама» Кіеў

Калі і каму забіў: 21 кастрычніка 2003 года ў вароты «Арсенала» (2:1).

А ўжо праз паўгода пасля гала «Мілану» Гурэнка гуляў у групавым раўндзе ЛЧ, дзе апроч яго «Лакаматыва» квартэт В складалі «Арсенал», «Інтэр» і кіеўскае «Дынама». Каманды ўвесь этап прайшлі ў роўным тэмпе і перад заключным турам шанцы на плей-оф мелі ўсе чатыры калектывы. Па выніку, «Інтэр» і «Дынама» згулялі ўнічыю і праляцелі міма 1/8 фіналу, а «Арсенал» і «Лакаматыў» пайшлі далей.

Кіяўлянам не дапамагла ні перамога над масквічамі ў першым туры, ні перамога над лонданцамі ў трэцім туры. «Кананіраў» украінцы абгулялі дзякуючы дакладным ударам Максіма Шацкіх і Валянціна Бялькевіча, які скарыстаўся памылкай Енса Лемана (адзнака 3:04).

«Арсенал» у тым сезоне дайшоў да чвэрцьфіналу ЛЧ, дзе прайграў «Чэлсі», затое выдаў гістарычны сезон у АПЛ – там наогул абышоўся без параз.

Віталь Кутузаў, «Сампдорыя»

Калі і каму забіў: 9 студзеня 2005 года ў вароты «Інтэра» (2:3).

Перад стартам сезона-2004/05 «Сампдорыя» выкупіла беларускага форварда ў «Мілана» за 1,5 мільёна еўра. За першыя 15 тураў Кутузаў не забіў ні разу, але за снежань-студзень вызначыўся адразу трыма галамі. Спачатку вызначыўся ў матчы з «Лечэ» (4:1), а праз тур ужо забіў на «Сан-Сіра» «Інтэру». Пінчук выйшаў на замену на 73-й хвіліне, а на 83-й павялічыў перавагу сваёй каманды да двух мячоў, засмуціўшы Франчэска Тольда (адзнака 0:15). Класны ўдар форвард адсвяткаваў, стоячы на рэкламным шчыце.

Праўда, з 88-й па 93-ю хвіліны гаспадары забілі тройчы і з ног на галаву перавярнулі ход сустрэчы, забраўшы тры пункты. Той сезон «Інтэр» скончыў трэцім у чэмпіянаце і дайшоў да чвэрцьфіналу ЛЧ.

Віталь Кутузаў, «Бары»

Калі і каму забіў: 23 жніўня 2009 года ў вароты «Інтэра» (1:1).

Праз чатыры з паловай гады Кутузаў зноў забіў на «Сан-Сіра» «Інтэру», але ўжо як гулец «Бары». У першым туры сезона-2009/10 ён дакладным ударам па варотах Жуліё Сезара прынёс камандзе нічыю (1:1), праўда, той гол для яго так і застаўся адзіным у сезоне (адзнака 2:28).

Для «Інтэра» той сезон стаў адным з лепшых у гісторыі: падапечныя Жазэ Маўрынью аформілі трэбл, узяўшы і ЛЧ, і чэмпіянат, і Кубак.

Віталь Кутузаў, «Бары»

Калі і каму забіў: 7 лістапада 2010 года ў вароты «Мілана» (2:3).

Ну а апошні гол у сваёй карʼеры форвард аформіў у вароты «Мілана» у сезоне-2010/11, але не на «Сан-Сіра», а ў Бары. Як і з першым голам у вароты «Інтэра», гэтага не хапіла для перамогі: «расанэры» былі мацнейшымі 3:2, а ў выніку выйгралі і чэмпіянат (адзнака 2:01).

Аляксандр Глеб, «Вольфсбург»

Калі і каму забіў: 5 лістапада 2011 года ў вароты дортмундскай «Барусіі» (1:5).

Дзіўна, але адзінай топ-камандай, якой забіваў адзін з найлепшых футбалістаў у гісторыі Беларусі – дортмундская «Барусія», прычым здарылася гэта ўжо не ў праймавыя гады Глеба. Перад стартам сезона-2011/12 хаўбека ў арэнду ўзяў «Вольфсбург» – і апёкся: усяго чатыры матчы за паўгода.

Адзін з іх прыпаў на выезд у Дортмунд. Каманда Юргена Клопа была найлепшай на той момант у Нямеччыне і без праблем раскатала Глеба і кампанію, хоць беларус і забіў – 5:1 (адзнака 2:00).

БОНУС. Арцём Мілеўскі, «Дынама» Кіеў

Ураджэнец Мінска, выступаючы за кіеўскае «Дынама», паспеў забіць адразу двум грандам іспанскага/сусветнага футбола: «Рэалу» ў 2006-м і «Барселоне» ў 2009-м. Абодва матчы кіяўляне прайгралі і занялі ў сваіх групах ЛЧ апошняе месца.

На «Санцьяга Бернабеу» былі балючыя 1:5, якія злёгку падсаладзіў гол Мілеўскага ў вароты Касільяса (адзнака 0:53).

А з «Барселонай» у Кіеве Мілеўскі адкрыў лік на другой хвіліне ўдарам са штрафнога (дапамагла памылка Віктара Вальдэса), але госці адказалі галамі Хаві і Ліянэля Месі (адзнака 3:25).

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты