Tribuna/Футбол/Блогі/Алосу лепей прыгатавацца: у Беларусі яго дакладна будуць аб'юзіць за тое, што ён – замежнік (а тут яшчэ і вынікі)

Алосу лепей прыгатавацца: у Беларусі яго дакладна будуць аб'юзіць за тое, што ён – замежнік (а тут яшчэ і вынікі)

Па слядах Штанге.

Аўтар — bytribuna com
14 верасня, 19:00
9
Алосу лепей прыгатавацца: у Беларусі яго дакладна будуць аб'юзіць за тое, што ён – замежнік (а тут яшчэ і вынікі)

Карласу Алосу лепей прыгатавацца. Можа, босы АБФФ і пераконваюць яго ў талерантнасці беларусаў, але калі зборная пад ягоным кіраўніцтвам працягне гуляць гэтак жа і з такім жа поспехам, як цяпер, то яму, несумненна, прыляціць. І галоўнай прычынай для папрокаў стане не якасць футбола (тут, здаецца, ні ў кога не засталося ілюзій), а тое, што ён, Алос, – іспанец. Іншаземец, які займае месца беларускага спецыяліста, які мог бы ўсім запар прайграваць з такім жа поспехам.

Экс-галоўны трэнер зборнай Беларусі Юрый Пунтус ужо ўзгрувасціўся на гэтага канька:

- Калі коратка, то я не вельмі веру ў нашым беларускім футболе ў замежнага спецыяліста. Бачыў, што [у Алоса] няма паслужнога спісу, ён пагадзіўся прыехаць і ўзначаліць. Гэта не значыць, што няма поспехаў ці тут у яго не атрымаецца. Дай Бог, каб атрымалася. Але занадта ў гэта не веру, – адзначыў спецыяліст.

Прыкладна тое ж самае і ў тых жа словах у свой час Пунтус адрасаваў Бернду Штанге. Наогул, нямецкі трэнер, працуючы ў Беларусі з 2007-га па 2011-ы, рэгулярна падвяргаўся нападкам беларускага футбольнага бамонду. І якіх толькі прэтэнзій не чуў (цікава, ці набярэцца у Алоса столькі ж грахоў?)!

Анатоль Байдачны

Галоўны і самы бязлітасны крытык. Вінаваціў немца ў смерці Юрыя Курненіна: маўляў, Штанге баяўся, што поспехі сябра Байдачнага ў моладзевай зборнай пераканаюць кіраўнікоў АБФФ змяніць трэнера ў галоўнай камандзе краіны. І каб гэтага не дапусціць, Штанге нібыта выдзіраў гульцоў з «маладзёжкі» перад важнымі матчамі, у тым ліку перад стартам моладзевага Еўра-2009 (тады дарослая зборная праводзіла таварыскую сустрэчу з Малдовай, у ростар патрапіла некалькі гульцоў U-21).

- Мяне наогул не хвалюе пытанне наконт Штанге. Гэты чалавек для мяне проста не існуе – ні як спецыяліст, ні як асоба. Таму што ён непасрэдны ўдзельнік таго, што здарылася з Юрыем Анатольевічам Курненіным, – казаў Байдачны.

Таксама Байдачны называў Штанге «дылетантам» і прапаноўваў вучыць матчастку.

- Ці ёсць у Штанзе ідэі? Ды нічога ў яго няма. Ён выпадковы чалавек тут. У зборнай працавалі трэнеры, якія на галаву мацнейшыя за немца. Той жа Юры Пунтус. А Штанге трэба вучыць матчастку. <...&gt; Цягам тых гадоў, што кіруе гэты Штанге зборнай, у яго няма ні ідэй, ні гульні. Проста прыязджаюць людзі, нядрэнна падрыхтаваныя ў клубах, нават у беларускіх клубах – вунь БАТЭ ўзровень футбола падняў. За кошт гэтага зборная дабіваецца нейкіх лакальных вынікаў. Але на больш глабальным узроўні – пастаноўка гульні, тактычныя ідэі – нічога гэтага няма, – быў перакананы спецыяліст.

Наезды Байдачнага Штанге пракаментаваў праз пару гадоў пасля адʼезду з Беларусі.

- У Беларусі мне падабалася, што выпады амаль ніколі не былі асабістымі. Пасля маглі сустрэцца і разам паесці. Заставаліся адкрытымі адзін для аднаго. Выключэннем аказаўся толькі Байдачны. Гэта адзіны чалавек, пабачыўшы якога, перайду на іншы бок вуліцы. Ён казаў, што я замежнік і ў Беларусь прыехаў толькі дзеля грошай. Гэта ўжо персанальны напад. Мы ўсе ў гэтым свеце недзе аказваемся замежнікамі. Той жа Байдачны, калі адправіцца ў які-небудзь Кувейт, апынецца ў аналагічным статуце, – заявіў немец.

Анатоль Капскі

Бігбосу БАТЭ не спадабаўся стыль гульні зборнай і няўменне Штанге прызнаваць свае памылкі.

- Мне беларуская зборная часоў Штанге абсалютна не падабаецца. Перапас на сваім полі ў матчы з Англіяй – гэта сучасны футбол? <...>. Штанге не хоча прызнаваць памылкі і прысвойвае чужыя заслугі. Акрамя таго, ніколі такога не было, каб трэнеры дзялілі гульцоў на легіянераў і тых, хто выступае у нацыянальным чэмпіянаце. Магчыма, так усюды падлашчваюцца да лідараў, каб яны падтрымалі кандыдатуру на новы тэрмін? Гэтая памылка можа каштаваць нам другога цыклу. Я не ведаю, дзе пасля нездавальняльнай ацэнкі трэнер працягнуў бы працу, – сказаў Капскі.

Асабліва менеджара абурыла параўнанне Штанге зборнай Беларусі з маленькім сабачкам пасля паразы ад харватаў.

- Гэта зборная Штанге падобная да сабачкі, а не зборная Беларусі, – абурыўся Капскі.

Юрый Чыж

Ва ўласніка мінскага «Дынама» да Штанге былі свае рахункі. Бізнесмен быў перакананы, што немец адыграў важную ролю ў тым, што лідары ў свой час пакінулі клуб: Сяргей Кісляк, Антон Пуціла, Аляксандр Мартыновіч.

- Штанге так і не знайшоў патрэбнага падыходу да зборнай, не здолеў выбудаваць яе гульню. Таму ніякага кроку наперад мы не зрабілі. А мінскаму «Дынама» ён нашкодзіў яшчэ як – адчувальна ўплываў на продажы гульцоў, на іх замежныя трансферы. З Кісляком і Пуцілам мы вымушаны былі расстацца за мізэрныя сумы – і толькі праз падступнага трэнера зборнай. З Мартыновічам давялося развітацца хутка, хаця рабіць так спачатку не збіраліся – ніякай спешкі гэта не патрабавала, – адзначаў Чыж.

Юры Пунтус

На пасяджэнні выканкаму АБФФ па выніках адбору ЧС-2010, дзе зборная пад кіраўніцтвам Штанге заняла чацвёрты радок, абагнаўшы толькі Казахстан і Андора, паўстала пытанне аб змене галоўнага трэнера. Супраць кандыдатуры Штанге прагаласавалі трое: згаданыя Капскі і Чыж, а таксама былы галоўны трэнер зборнай Юры Пунтус. Алосу тлумачэнні могуць здацца вельмі знаёмымі.

- Не, я не хачу, каб Штанге заставаўся. Я не быў супраць прызначэнні канкрэтна Штанге на пасадзе галоўнага трэнера, а быў супраць прызначэнні замежнага спецыяліста і тады, і асабліва цяпер. Для Беларусі гэта ўвогуле нонсэнс, у гэтым няма патрэбы, – сказаў Пунтус.

Георгій Кандрацьеў

Змяніўшы Штанге ў зборнай, прайшоўся па ім і Кандрацьеў, пакрыўдзіўшыся на словы немца пасля аднаго з матчаў.

- Штанге за лепшае памаўчаць з заявамі пра тое, што ягоная каманда гуляла лепш. Яна згуляла больш удала, з гэтым пагаджуся, але ніяк не лепей. Удома з румынамі каманда Штанге наогул ніводнага ўдару ў створ варот не нанесла. Ці мне нагадаць загаловак двухгадовай даўніны? «Адзін удар – 4 пункты». І хай тыя, хто сёння пасля кожнага матчу (ды і напярэдадні) тэлефануюць Штанге ў Нямеччыну і робяць з ім вялізныя інтэрвʼю, адкрыюць свае ж справаздачы і перачытаюць іх!

Дасталася Штанзе і за прывоз у Мінск на таварыскі матч зборнай Аргенціны – на думку Кандрацьева, больш разумна гэтыя грошы было пусціць на развіццё дзіцячага футбола.

- Лепш бы дзеткі па ўсёй краіне атрымалі мячы і форму. Мы сёння можам зборную Бразіліі прывезці – плаці ім грошы, і яны прыедуць. Каго ён яшчэ прывёз за чатыры з паловай гады? А цяпер Штанзе тэлефануюць з любой нагоды, і ён пачынае нас вучыць. Знайшлі месію беларускага футбола… Я доўга маўчаў, і ніколі дрэннага пра трэнераў не казаў, але абставіны прымусілі. Таму што гэта будзе працягвацца бясконца, калі не спыніць, – быў суворы Кандрацьеў.

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты