Tribuna/Футбол/Блогі/Ух, як жа дубль мінскага «Дынама» прыніжае супернікаў. Такога адрыву ў чэмпіянаце яшчэ ніколі не было

Ух, як жа дубль мінскага «Дынама» прыніжае супернікаў. Такога адрыву ў чэмпіянаце яшчэ ніколі не было

Вось-вось стануць чэмпіёнамі.

Аўтар — bytribuna com
28 верасня, 12:17
7
Ух, як жа дубль мінскага «Дынама» прыніжае супернікаў. Такога адрыву ў чэмпіянаце яшчэ ніколі не было

Пакуль першая каманда мінскага «Дынама» вядзе чэмпіёнскія разборкі з «Нёманам», дублюючы склад «бела-блакітных» рыхтуецца аформіць датэрміновае чэмпіёнства. Гэты сезон дынамаўскага рэзерву дзіўны тым, што моладзь сталічнага клуба дамінуе так, як не дамінавала раней ніводная іншая камандзе ў чэмпіянаце дублёраў. 20 перамог у 20 матчах, запас у 22 пункты перад бліжэйшымі канкурэнтамі і больш за чатыры забітых мячы ў сярэднім за гульню.

Расказваем падрабязней пра непераможную моладзь.

Трэнуе былы памочнік Кучука і Альшэўскага

З пачатку мінулага года дубль «Дынама» ўзначальвае былы абаронца каманды Дзмітрый Лянцэвіч, якому сёлета споўнілася 40 гадоў. Як гулец ён заспеў апошняе чэмпіёнства мінчукоў у 2004-м, правёў 15 сустрэч за нацыянальную зборную і адгуляў шэсць гадоў у розных клубах Чэхіі. Скончыў карʼеру ў 30 у «Мінску» пасля сезона-2014.

Як трэнер Лянцэвіч паспеў папрацаваць у ролі памочніка Кірыла Альшэўскага ў юнацкай зборнай U-16, пасля сам яе некаторае ўзначальваў, а ў красавіку-2020 папоўніў штаб Леаніда Кучука, калі той узначаліў сталічнае «Дынама». Праўда, даволі хутка загаварылі, што асістэнт можа пакінуць клуб праз рознагалоссі з галоўным, але расстанне адбылося толькі пасля сезона-2020. У пачатку 2022-га Лянцэвіч вярнуўся ў «Дынама», каб трэнаваць рэзервовую каманду.

Дапамагаюць Лянцэвічу 57-гадовы экс-гулец мінскага «Дынама» і зборнай Беларусі Генадзій Лясун, пасаду трэнера па фізпадрыхтоўцы займае 32-гадовы Віктар Бабіч (не выступаў на прафесійным узроўні), а з галкіперамі працуе 53-гадовы Аляксандр Марцёшкін, які да прыходу Вадзіма Скрыпчанкі працаваў на той жа пазіцыі ў аснове.

Рэгулярна атрымліваюць дапамогу з асновы

За 20 матчаў чэмпіянату праз дубль дынамаўцаў прайшлі 37 футбалістаў. Час ад часу за рэзервовы склад выступаюць гульцы першай каманды. За практыкай спускаліся асноўныя ў гэтым сезоне галкіперы Фёдар Лапавухаў (2 матчы) і Дзяніс Шпакоўскі (3 матчы), абаронцы Аляксей Вакуліч (3 матчы, 1 гол), Максім Швяцоў (1 матч) і Уладзіслаў Калінін (1 матч), паўабаронцы Аляксандр Свірэпа (3 матчы, 2 галы), Андрэй Рылач (1 матч), Мікіта Дземчанка (1 матч, 2 галы) і расіянін Данііл Зорын (1 матч).

А афрыканскія паўабаронцы ад расійскага агента Дзмітрыя Селюка – Абдул Бандааго (2 матчы) і Джозэф Ада (7 матчаў, 5 галоў) – увогуле гулялі часцей за дубль, чым за аснову – менавіта гэта і стала прычынай гневу пасярэдніка на галоўнага трэнера мінчукоў Скрыпчанку.

Да асновы амаль не падпускаюць

А вось актыўнага адваротнага руху не назіраецца. У заяўку на матчы асновы з дубля траплялі шасцёра, і толькі двое – выйшлі на поле: 20-гадовага Івана Хавалку і 19-гадовага Іллю Дубінца выпускалі на замену ў двух матчах, агулам адвёўшы на дваіх прыкладна 25 хвілін. Пры гэтым Дубінец у летняе трансфернае акно на правах арэнды перайшоў у «Слуцк», дзе ўжо паспеў вызначыцца дэбютным галявым дзеяннем на дарослым узроўні: зрабіў асіст на Сяргея Русака ў матчы супраць «Энергетыка-БДУ» (1:1).

На галоўных бамбардзіраў аснова таксама не зважае

Два галоўныя бамбардзіры дубля гэтага сезону пакуль так і не атрымалі магчымасці дэбютаваць за першую каманду. У 19-гадовага Максіма Будзько ў 2023-м 13 забітых мячоў, ён трапляў у заяўку асновы на тры апошнія туры, але на поле не зʼяўляўся. У 18-гадовага Івана Арлова 12 галоў у чэмпіянаце дублёраў. Скрыпчанка яго паднімаў з рэзерву на матч супраць «Мінска» у канцы траўня (1:1), але шанцу таксама не даў.

Пры гэтым, што цікава, хоць дубль мінчукоў і лідаруе з вялікім адрывам па забітых мячах (81 супраць 52 у БАТЭ), але пры гэтым на вяршыні спісу бамбардзіраў знаходзіцца гулец барысаўцаў: у 18-гадовага Вадзіма Кісялёва 17 галоў і ён, як і маладыя забівалі са сталічнага клуба, за аснову сваёй каманды пакуль не гуляў.

Разгромамі скончылі 15 з 20 матчаў

Хоць «Дынама» і мае вялізарную перавагу над асноўнымі пераследнікамі і па пунктах, і па забітых мячах, розніца ў вочных матчах з імі не была каласальнай: у першым крузе мінчукі з мінімальнай розніцай абгулялі і БАТЭ (1:0), і «Тарпеда-БелАЗ» (1:0), і «Мінск» (2:1).

Затое адрываліся на калектывах з ніжняй паловы табліцы. Па сем мячоў атрымалі «Славія» (7:0), «Слуцк» (7:2) і «Нафтан» (7:0), па шэсць – «Шахцёр» (6:2) і брэсцкае «Дынама» (6: 0). Усяго разгромамі (з розніцай у тры галы і болей) скончыліся 15 з 20 матчаў «бела-блакітных».

Самым маладым ледзь споўнілася 16 гадоў

Самымі маладымі гульцамі каманды Лянцэвіча зʼяўляюцца два футбалісты 2007 года нараджэння – абодва справілі 16-годдзе незадоўга да пачатку сезону. І калі хаўбек Арцём Грабцэвіч правёў за гэты год толькі адзін матч у чэмпіянаце, то абаронца Павел Апацёнак – адзін з асноўных гульцоў дубля: у 2023-м ён запісаў на свой рахунак 3 галы ў 17 матчах.

Хутка гуляць у юнацкай ЛЧ

Перамога мінскага «Дынама» ў юнацкім першынстве U-18 забяспечыла ім удзел у юнацкай лізе УЕФА. Стартуюць мінчукі ўжо на наступным тыдні, супернікам па 1/32 шляху нацыянальных чэмпіёнаў стане балгарскі «Лудагорац» – абедзве гульні пройдуць пройдуць у Разградзе, на хатняй арэне «арлоў».

У сезоне-2020/21 лёсаванне ўжо зводзіла мінскае «Дынама» і «Лудагорац» на гэтай стадыі, але матч так і не быў згуляны, бо турнір скасавалі праз пандэмію.

P.S. У чацвер 28 верасня «Дынама» ўпершыню ў сезоне страціла пункты – толькі на 6-й дададзенай да матчу хвіліне змагло адгуляцца ў матчы з «Іслаччу». У выпадку перамогі мінчукі гарантавалі сабе чэмпіёнства, а так давядзецца яшчэ пачакаць (наўрад ці вельмі доўга).

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты