Tribuna/Футбол/Блогі/Топы «Арсенала», КраСава, пажаданне перамогі для Украіны – і бабла з Расіі: жонка футбаліста з Беларусі сабрала яму мегакомба на ДН

Топы «Арсенала», КраСава, пажаданне перамогі для Украіны – і бабла з Расіі: жонка футбаліста з Беларусі сабрала яму мегакомба на ДН

Каханне без межаў.

Аўтар — bytribuna com
4 кастрычніка, 08:38
Топы «Арсенала», КраСава, пажаданне перамогі для Украіны – і бабла з Расіі: жонка футбаліста з Беларусі сабрала яму мегакомба на ДН

4 кастрычніка беларускаму футбалісту Усеваладу Садоўскаму спаўняецца 27 гадоў. Гэтае свята азмрочвае траўма – у верасні гулец зламаў ключыцу і перанёс аперацыю, з-за чаго не вельмі хутка вернецца на поле. З іншага боку, «Ардабасы», за які форвард у сезоне паспеў забіць восем мячоў, амаль стаў чэмпіёнам Казахстану – для гэтага дастаткова набраць адзін пункт у двух турах.

А ў сам дзень нараджэння Садоўскі атрымаў, як ён па-беларуску напісаў у Instagram, «найлепшае, што толькі можна ўявіць». Так ён адрэагаваў на падарунак ад сваёй жонкі Аліны, якім стала відэавіншаванне ад мноства розных людзей. Некаторыя з іх, відавочна, родныя і блізкія Усевалада, але сказалі некалькі слоў для гульца і шэраг калег, сярод якіх аказаліся і сапраўдныя зоркі футбола. А яшчэ шмат хто з гэтых людзей наўрад ці быў бы сумяшчальны ў адным роліку ў іншых умовах.

Відавочна асобна парадавала Садоўскага віншаванне з улюбёнага клуба – лонданскага «Арсенала». Прычым ад сапраўдных зорак – чэмпіёна Еўропы бразільскага італьянца Жаржыньё, капітана каманды нарвежца Марціна Эдэгора і ўкраінскага абаронцы Аляксандра Зінчанкі, які відавочна і папрасіў калегаў дапамагчы. Ва Украіне, магчыма, у ваенны час напружацца ад таго, што іх суайчыннік павіншаваў іграка з Беларусі, але нагадаем, што Садоўскі падпісаў антываенную дэкларацыю. «Сева, з днём нараджэння, мой сябар. Мы жадаем табе ўсяго найлепшага», – сказаў на відэа Зінчанка, а партнёры яго падтрымалі.

Быў у роліку і яшчэ адзін украінскі футбаліст – аднаклубнік Садоўскага па «Ардабасы» Яўген Макаранка, які перасякаўся з Зінчанкам у зборнай Украіны. «Жадаю табе поспехаў, перамог на ўсіх франтах, і самае галоўнае – каб Украіна перамагла, і ты прыехаў у Кіеў, і мы сустрэліся з табой на Крашчаціку», – сказаў Макаранка. У Беларусі такое пажаданне цалкам магло б прывесці за краты – нядаўна рэжым у чарговы раз пагражаў «крыміналкай» за падтрымку Украіны.

Коратка павіншаваў Садоўскага і вядомы расійскі блогер Яўген «КраСава» Савін – экс-футбаліст у 2022-м выступіў супраць вайны ва Украіне, з-за чаго быў вымушаны зʼехаць з Расіі (там у выніку завялі «крыміналку») і цяпер развівае свой футбольны клуб на Кіпры.

Зʼявіўся ў кадры і Ілля Шкурын – форвард, які адмовіўся гуляць за беларускія зборныя пры рэжыме Лукашэнкі. Гэта больш чаканы герой такога відэа: яны з Садоўскім калісьці разам гулялі ў «Энергетыку-БДУ». «Хачу табе пажадаць прыемна правесці адпачынак са сваёй сямʼёй і акрыяць да пачатку наступнага сезона, абняў-прыўзняў», – актуальныя словы Шкурына для калегі.

Удзельнічалі ў віншаванні і яшчэ сем беларускіх футбалістаў, з якімі Садоўскі перасякаўся ў клубнай карʼеры. Іх складана было ўявіць у адным роліку з Зінчанкам і Савіным – і не толькі таму, што вядомасць украінца і расіяніна значна вышэйшая. Проста Раман Юзапчук, Яўген Шаўчэнка, Арсень Канцадайлаў, Аляксей Харытановіч, Аляксей Анцілеўскі, Павел Паўлючэнка і Аляксей Наско ніяк не выказвалі сваю грамадзянскую пазіцыю – а тут апынуліся вельмі побач (хай і ў відэа) з людзьмі, якія адкрыта выступаюць на непажаданым беларускаму рэжыму баку. Юзапчук цяпер наогул зарабляе грошы ў Расіі – у маскоўскім «Тарпеда» з Д2. Даволі сімвалічна, што Раман пажадаў імянінніку «багацця, бабла, бабосікаў».

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты