Tribuna/Футбол/Блогі/У зборнай Беларусі няма плану ў атацы, але ў матчы з румынамі нешта атрымалася і нават былі героі (у тым ліку адзін нечаканы)

У зборнай Беларусі няма плану ў атацы, але ў матчы з румынамі нешта атрымалася і нават былі героі (у тым ліку адзін нечаканы)

Нічога сабе не прывезлі – ужо добра!

Аўтар — bytribuna com
13 кастрычніка, 13:22
3
У зборнай Беларусі няма плану ў атацы, але ў матчы з румынамі нешта атрымалася і нават былі героі (у тым ліку адзін нечаканы)

Зборная Беларусі ўсё яшчэ не можа перамагчы і ўсё яшчэ не можа забіць пры новым галоўным трэнеры: у трох матчах кваліфікацыі Еўра-2024 пры Карласе Алосе ў «нацыяналкі» два набраныя пункты, 0 забітых мячоў і 1 прапушчаны. Праўда, нічыйны матч супраць зборнай Румыніі можна ўсё ж занесці камандзе ў актыў: супернік перад гэтым турам ішоў на другім месцы без паражэнняў у шасці матчах і ўсяго ў двух пунктах ад лідараў-швейцарцаў. Да таго ж гульня праходзіла пад поўным кантролем гасцей: двухразовая перавага ў валоданні мячом (67,5% супраць 32,5%), па ўдарах наогул (17 супраць 8) і ў створ (4 супраць 2), а таксама чатырохразовая перавага па чаканым галам (xG) (1,86 супраць 0,45) – такія лічбы сведчаць, што беларусы былі блізкія да паразы.

Расказваем пра тых, хто збярог каманду ад няўдачы і хто ўвогуле быў у складзе найлепшым, а таксама пра тое, за што Карласа Алоса можна пахваліць і папракнуць.

Найлепшыя – Корзун і Волкаў

Вылучыць у чацвяровым складзе зборнай можна дваіх: правага цэнтральнага абаронцу Захара Волкава і апорніка Мікіту Корзуна – пры іспанскім спецыялісты абодва становяцца асноўнымі і практычна незаменнымі.

Волкаў у тройцы цэнтральных абаронцаў адказвае за пачатак атак, і ў матчы з румынамі з гэтымі функцыямі справіўся выдатна, узяўшы на сябе прасоўванне мяча: 30 з 34 перадач ураджэнца Віцебску аказаліся дакладнымі, а па доўгіх перадачах увогуле дакладнасць 100-працэнтная – 5 з 5. Няма нараканняў да гульца расійскіх «Хімак» і па абароне, дзе ён часта дзейнічаў на апярэджанні (7 перахопаў) у сітуацыях, калі прадстаўнікам атакі суперніка даводзілася дзейнічаць спінай да брамы Сяргея Ігнатовіча. Акрамя таго, падпісант за Лукашэнку часта дапамагаў на правым флангу Раману Юзэпчуку стрымліваць Дзяніса Дрэгуша і Дзяніса Алібека, які звальваўся да яго – менавіта праз свой левы фланг спрабавалі будаваць атакі падапечныя Эдварда Іарданеску ў першым тайме.

Корзун жа пачынаў сустрэчу не ў ролі ніжняга апорніка, дзе яго абвыклі бачыць, а на месцы правага інсайда, ніжэй жа ў тройцы цэнтральных паўабаронцаў размясціўся Макс Эбонг. Праз гэта Корзун часта аказваўся з мячом і, па сутнасці, стаў галоўным плэймэйкерам каманды ў першай палове: у яго 41 перадача за матч (31 дакладная) – больш, чым у каго з партнёраў. Пасля 30-й хвіліны Алос, відаць, усё ж прызнаў эксперымент няўдалым (прычынай таму дзеянні хаўбека «Астаны», пра што ніжэй) і памяняў Корзуна і Эбонга месцамі. На роднай пазіцыі капітан «Шахцёра» дзейнічаў вельмі добра (13 перахопаў і 19 адбораў), не даючы шмат прасторы для стварэння галоўным крэатыўшчыкам суперніка – Рэзвану Марыну і Нікушору Станчу. Акрамя таго хаўбек умела здзяйсняў дробныя фолы (да жоўтай карткі справа так і не дайшло), чым збіваў тэмпы румынскага наступу.

Па сутнасці, Корзун і Волкаў стварылі адзіны небяспечны момант ля варот гасцей у першым тайме. Салігорац у цэнтры поля пазмагаўся з Дрэгушам (арбітр не ўбачыў парушэнне правілаў), а хімчанін, падхапіўшы мяч, працягнуў яго 25-30 метраў і аддаў на Уладзіслава Клімовіча, які з-за межаў штрафной прабіў побач са штангай (адзнака 1:40).

Выдатна характарызуе байцоўскія якасці Корзуна на полі момант на 90-й хвіліне, калі ён, абараніўшыся, пабег падтрымліваць контратаку, выдаўшы спрынт на ўзроўні тых, хто толькі выйшаў на поле.

Абарона згуляла амаль без памылак

Ды і ў цэлым да абароны пытанняў па гэтым матчы няма. Дзяніс Палякоў і Сяргей Паліцевіч добра дзейнічалі ў падстрахоўцы, заблакавалі некалькі небяспечных спроб зборнай Румыніі прабіць. Мабыць, тут варта вылучыць момант у другім тайме: Юзэпчук не паспеў за Алібекам пасля кроса з супрацьлеглага флангу, і той, прыняўшы мяч, другім дотыкам выкочваў пад удар Станчу, які набягаў, – Паліцевіч паспеў накрыць патэнцыйна галявы стрэл (адзнака 3:43).

Таксама варта адзначыць гульню на стандартах ля сваіх варот: румыны нічога не здолелі стварыць ні з кутніх (выканалі ажно 9 штук), ні са штрафных.

Ігнатовіч правёў добры матч, але ў яго праблемы пры гульні нагамі

Сяргей Ігнатовіч замяніў у варотах траўмаванага Максіма Плотнікава і таксама правёў нядрэнны матч: зрабіў некалькі сэйваў (праўда, да зусім ужо галявых момантаў не дайшло) і ў цэлым упэўнена дзейнічаў на лініі. У канцоўцы некалькі разоў пісьменна пацягнуў час, хоць усё ж злавіў папярэджанне.

Але, здаецца, асноўным пры Алосе ўсё ж застанецца Плотнікаў (праўда, яму яшчэ аднаўляцца не адзін месяц): Ігнатовіч заўважна горш гуляе нагамі, што ў чарговы раз і прадэманстраваў матч. Амаль кожны эпізод, дзе галкіперу «Шахцёра» трэба было дзейнічаць без дапамогі рук (не лічачы вольных удараў ад варот), сканчаліся стратай мяча для зборнай, а ў дзеяннях Ігнатовіча адчувалася нервовасць.

Адзіны план у атацы – крэатыў Канцавога

І калі за гульню ў абароне зборную можна пахваліць, то з атакай поўная бяда, і справа не толькі ў адсутнасці галоў трэцюю сустрэчу запар. Па сутнасці, што ў матчы з Ізраілем, што ў матчы з Румыніяй галоўнай надзеяй каманды было тое, што Уладзіслаў Марозаў і Арцём Канцавы (Алос не мяняў звязку пасля ізраільцян) змогуць зачапіцца за сярэднія і доўгія перадачы на чужой палове поля (першы за кошт добрых навыкаў у адзінаборствах, другі за кошт тэхнікі) і ў хуткіх выпадах нешта прыдумаюць ля чужых варот.

У крэатыве не дапамог ні выхад у старце больш умелага ў атацы Юзэпчука замест Сяргея Карповіча (хоць краёк маскоўскага «Тарпеда» выглядаў месцамі вельмі нядрэнна), ні змены ў цэнтры поля: больш нацэленыя на стварэнне Эбонг і Клімовіч замянілі ў параўнанні з матчам супраць Ізраілю Кірыла Капленку і Валерыя Бачарова.

Па сутнасці, усе небяспечныя моманты зборнай Алоса (калі не лічыць удар Клімовіча ў пачатку матчу) – персанальны крэатыў Канцавога, здольнага на дрыблінгу ствараць перавагу ў нападзе (3 з 7 спроб абвесці ў гэтым матчы былі паспяховымі). На 56-й хвіліне гулец БАТЭ атрымаў мяч з флангу ад Юзэпчука пад апекай дваіх супернікаў, развярнуўся і з межаў штрафной прабіў ушчыльную са штангай (адзнака 5:30).

Праз 10 хвілін зноў атрымаў мяч з флангу Юзэпчука на мяжы штрафной, крыху лявей за створ варот, падпрацаваў сабе мяч і ударам у абвод прабіў у далёкі кут – Харацыу Малдаван пацягнуў (адзнака 6:30).

А на 86-й хвіліне у хуткай атацы пасля перадачы Паліцевіча ўвайшоў у штрафную з левага флангу, крыху сышоў пад левую нагу ад Андрэя Рацыу, які сустракаў яго, і прабіў у блізкі верхні кут – галкіпер справіўся і з гэтым стрэлам (адзнака 7:55).

Алос запазніўся з заменай Марозава, у якога гульня не пайшла

Марозаў, у адрозненне ад Канцавога, быў зусім незаўважны: часцяком змагацца за мяч прыходзілася з абаронцам італьянскага «Джэноа» Раду Дрэгушынам – і найлепшы бамбардзір ЧБ ушчэнт прайграў гэты двубой: за дынамаўцам засталося толькі 9 з 25 адзінаборстваў.

Пры гэтым Алос замяніў форварда толькі на 73-й хвіліне, хаця рашэнне напрошвалася ад пачатку другога тайма, а з 60-й хвіліны Марозаў выглядаў зусім ужо цяжка і не быў памочнікам ні ў атацы, ні ў абароне. Ён наогул не здзейсніў ніводнага ўдару па варотах, а 6 з 15 ягоных пасоў аказаліся недакладнымі.

Не найлепшы матч правёў Эбонг: на пазіцыі апорніка ён не паспяваў за паўабаронцамі атакі суперніка (праз гэта Станчу ў першым тайме дапамог стварыць небяспечны момант) і прывёз некалькі момантаў тэхнічнымі памылкамі пры выхадзе з абароны. 6 з 6 страт хаўбек «Астаны» дапусціў на сваёй палове поля. А пасля пераводу на пазіцыю інсайда запомніўся хіба што добрай пяціхвілінкай перад заменай (яго таксама замянілі на 73-й хвіліне), калі некалькі разоў добра прасоўваў мяч праз забегі з дрыблінгам.

Затое своечасова Алос выпусціў Карпавіча. Юзэпчук ужо не заўсёды паспяваў за свежым Янісам Хаджы, які выйшаў на 62-й хвіліне, а вось Карповіч здолеў спыніць вінгера іспанскага «Алавеса» – у заключнай 20-хвілінцы небяспека з правага флангу абароны беларусаў браме Ігнатовіча не сыходзіла.

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты